Віленскія кансерватары
Ві́ленскія кансерва́тары («зубры́», «ві́ленскія зубры́», «крэ́савыя зубры́») (польск.: Żubry, Konserwatyści wileńscy, Żubry wileńscy, Żubry Kresowe) — палітычная групоўка канстытуцыйна-манархічнага і кансерватыўнага характару ў Польшчы ў 1918—1939 гг., прадстаўленая галоўным чынам, карэнным каталіцкім і польскамоўным сярэднезаможным і заможным дваранствам Заходняй Беларусі і звязанай з ім інтэлігенцыяй[1]. Віленскія кансерватары лічылі сябе нашчадкамі гісторыі і традыцый Вялікага Княства Літоўскага, выказваліся за аднаўленне манархічнай і федэрацыйнай Рэчы Паспалітай у межах 1772 года, за далучэнне да Польшчы тэрыторый былых Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў і стварэння пасля таго польска-беларускай федэрацыі. Яны выступалі праціўнікамі польскіх сацыялістаў і «эндэкаў»; патрабавалі павагі права прыватнай уласнасці, павагі каталіцызма і іншых веравызнанняў; выказваліся за дэцэнтралізацыю кіравання дзяржавай і развіццё мясцовага самакіравання; за стымуляванне эканамічнага развіцця Заходняй Беларусі і доступ беларусам на дзяржаўныя пасады, за падтрымку праваслаўнай царквы і ўвядзенне беларускай мовы ў праваслаўнае набажэнства; прыхільна-нейтральна ставіліся да фармавання беларускай нацыянальнай свядомасці ў беларускамоўных сялян Польшчы, аднак самі канчаткова паланізаваліся і ўключаліся ў склад польскага этнасу[2]. Падтрымалі «майскі пераварот» (1926), мелі пэўны час двух міністраў ва ўрадзе, а таксама былі прадстаўлены ў сейме і сенаце Польшчы, дзе ўваходзілі ў склад Беспартыйнага блока супрацоўніцтва з урадам (BBWR), які падтрымліваў Юзафа Пілсудскага. У 1935 г. з-за слабеючых палітычных пазіцый былі вымушаны пайсці на саюз з польскімі «эндэкамі». З пачаткам Другой сусветнай вайны ў 1939 г. перасталі існаваць як палітычная групоўка.
Сацыяльнае паходжанне і складванне групоўкі (1918—1926)
правіць«Віленскія кансерватары» Другой Рэчы Паспалітай (Польшчы) у пэўнай ступені сталі пераемнікамі ліберальна-кансерватыўнай плыні краёўцаў. Па сацыяльным паходжанні яны былі, як правіла, заможнымі і сярэднезаможнымі каталіцкімі дваранамі-маянткоўцамі з былых паўночна-заходніх губерняў Расійскай імперыі, хоць матэрыяльнае становішча многіх з іх было падарвана ў выніку папярэдніх трагічных падзей[заўв 1]. Віленскія кансерватары атрымалі ў Другой Рэчы Паспалітай неафіцыйную мянушку «зубры» — з-за таго, што мясцовыя заможныя і сярэднезаможныя маянткоўцы Беларусі і самі сябе так называлі ў часы Расійскай імперыі[4]. Некаторыя з іх былі раней членамі мясцовых таварыстваў сельскай гаспадаркі, займалі пасады ў Дзяржаўнай Думе і Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі і з’яўляліся дзеячамі ліберальна-кансерватыўнай плыні «краёвасці». Разам з тым у склад віленскіх кансерватараў увайшло і новае пакаленне землеўласнікаў (князь Яўстах Сапега, князь Януш Радзівіл, князь Альбрыхт Радзівіл, граф Ян Тышкевіч і інш.), мала звязаных з памяцю аб рэаліях жыцця мясцовага каталіцкага дваранства ў часы Расійскай імперыі.
У 1918—1921 гг. прадстаўнікі старога пакалення кансерватараў (граф Іпаліт Корвін-Мілеўскі, Эдвард Вайніловіч, Аляксандр Мяйштовіч, Раман Скірмунт, граф Марыян Плятэр, Станіслаў Ваньковіч, Станіслаў Горват, Станіслаў Лапацінскі і інш.) спрабавалі паўплываць на тое, каб усходнюю мяжу Польшчы (Другой Рэчы Паспалітай) правялі як мага далей наўсход (да ўсходніх меж былой Рэчы Паспалітай — да часу першага падзелу ў 1772 г.) і была заключана федэрацыйная ўнія паміж Польшчай і літоўска-беларускімі землямі (тэрыторыямі былога Вялікага Княства Літоўскага). Аднак, як паказалі пункты Рыжскага дагавора (1921), па розным прычынам ніводны іх намер не сустрэў ніякай падтрымкі ў Варшавы (сярод польскіх «эндэкаў») і замежных урадаў[5][заўв 2]. Гэта расцэньвалася мясцовым дваранствам як трагедыя і здрада былым традыцыям і супольнай гісторыі[7][заўв 3]. Дзяржаўнай мовай у Польшчы стала толькі польская мова. Да «майскага перавароту» (1926) віленскія кансерватары адыгрывалі нязначную ролю ў палітычным жыцці дзяржавы і шукалі саюзу з іншымі палітычнымі групоўкамі кансерватыўнай накіраванасці, адмовіўшыся ад сувязі з польскімі «эндэкамі».
У 1919 г. віленскія кансерватары ўвайшлі ў склад кансерватыўнай па ідэалогіі Партыі канстытуцыйнай працы (Stronnictwo Pracy Konstytucyjnej), перайменавай у 1920 г. у Правую нацыянальную партыю (Stronnictwo Prawicy Narodowej), і стварылі ў Вільні ў 1920 г. адзел партыі, у якім яны згрупаваліся. Яны таксама звярталіся да традыцый «рэалістаў» (членаў былой варшаўскай кансерватыўнай па ідэалогіі Партыі рэальнай палітыкі); падтрымлівалі ідэі аднаўлення Рэчы Паспалітай у межах 1772 года і манархічнага ладу дзяржавы, а таксама лічылі сябе нашчадкамі гісторыі і традыцый Вялікага Княства Літоўскага. На чале віленскіх кансерватараў сталі князь Яўстах Сапега (1881—1963)[заўв 4], Аляксандр Мяйштовіч (1864—1943), Шыман Мяйштовіч[заўв 5], князь Януш Радзівіл (1880—1967), князь Альбрэхт Радзівіл (1885—1935), граф Ян Тышкевіч (1896—1939), граф Артур Патоцкі, граф Марыян Броель-Плятэр, граф Эмерык Чапскі (1897—1979), граф Ежы Чапскі (1861—1930), Аляксандр Хамінскі (1859—1937), Людвік Хамінскі (1890—1953)[заўв 6], Станіслаў Мацкевіч (1896—1966), Марыян Здзяхоўскі (1861—1938), Станіслаў Ваньковіч (1860—1937), Тадэвуш Дамбоўскі і інш.[9] З часу, калі ўплыў Правай нацыянальнай партыі (Stronnictwo Prawicy Narodowej) стаў слабець, віленскія кансерватары ў 1924 г. далучыліся да Хрысціянска-нацыянальнай партыі сельскай гаспадаркі (Chrześcijańsko-Narodowe Stronnictwo Rolnicze) і актыўна ўдзельнічалі ў распрацоўцы аграрнай рэформы і з’ездах манархістаў Польшчы[10].
Свая перыёдыка — газета «Słowo»
правіцьУ 1922 г. віленскія кансерватары заснавалі сваю газету «Słowo» (1922—1939), галоўным рэдактарам якой стаў малады журналіст Станіслаў Мацкевіч (1896—1966). Газета «Słowo» стала як бы працягам газеты краёўцаў-кансерватараў «Kurier Litewski» (1905—1915) і супраціўніцай газеты «Dziennik Wileński», выдаванай у Вільні прыхільнікамі Польскай нацыянальна-дэмакратычнай партыі («эндэкамі», «эндэцыяй») з іх ідэямі польскага нацыяналізму — фарміравання монаэтнічнай дзяржавы і палітыкі асіміляцыі (паланізацыі) іншых этнічных груп у дзяржаве. Акрамя таго, «эндэкі» былі антыманархістамі. «Słowo» фінансавалася за кошт асігнавання мясцовых арыстакратаў (князь Яўстах Сапега, князь Альбрыхт Радзівіл, граф Ян Тышкевіч, граф Артур Патоцкі, граф Марыян Броель-Плятэр, Станіслаў Ваньковіч і г.д.), Віленскага зямельнага банка (на чале якога стаяў яго старшыня Аляксандр Мяйштовіч) і іншых ахвяраванняў. У газеце стала друкавалі свае артыкулы не толькі былыя вядомыя аўтары газеты «Kurier Litewski» (Чэслаў Янкоўскі, Тадэвуш Дамбоўскі, Станіслаў Ваньковіч, Марыян Здзяхоўскі, Аляксандр Хамінскі і г.д.), але і новае пакаленне мясцовых публіцыстаў-кансерватараў — Станіслаў Мацкевіч, Ксаверый Прушынскі, Казіміра Ілляковіч і г.д. Часам прысылалі свае артыкулы вядомыя публіцысты-кансерватары з іншых куткоў дзяржавы — Адольф Банчэўскі, Аляксандр Бахенскі, Альфонс Парчэўскі[заўв 7], Казімір Галчынскі, Уладзіслаў Студніцкі[9].
Падтрымка Юзафа Пілсудскага і «санацыі»
правіцьКансерватары міжваеннай Польшчы не стваралі адзінай плыні. Віленскія кансерватары, у адрозненне ад кракаўскіх, варшаўскіх і пазнаньскіх кансерватараў[заўв 9], рашуча падтрымалі «майскі пераварот» (1926), у выніках якога бачылі гарантыю захавання дзяржаўнага ладу без усеўладдзя сейма (парламента); гарантыю ўзмацнення ролі прадстаўнічай улады; гарантыю цэласці дзяржавы (без партыкулярызма грамадства — па шматлікім партыям, якія ставілі партыйныя інтарэсы вышэй дзяржаўных); гарантыю ад звад, карупцыі і прыватных спраў дэпутатаў («паслоў»)[заўв 10]; гарантыю ад сацыялістычных эксперыментаў «левых» партый; гарантыю захавання права прыватнай уласнасці, сямейных каштоўнасцей, рэлігійнасці. Акрамя таго, асаджэнне і перамога над «эндэкамі» былі галоўнай мэтай у час майскага перавароту Юзафа Пілсудскага і першага перыяда «санацыі» у Польшчы[12][13]. Пілсудскі адразу хацеў наладзіць з асобнымі кансерватарамі супрацоўніцтва і прапанаваў ужо 5 чэрвеня 1926 г. князю Янушу Радзівілу пасаду міністра замежных спраў, а Марыяну Здзяхоўскаму (ці князю Здзіславу Любамірскаму) — пасаду прэзідэнта, але тыя адмовіліся.
У той час віленскія кансерватары вырашылі стварыць асобную кансерватыўную арганізацыю, чым актыўна заняліся іх лідары — князь Яўстах Сапега, граф Ян Тышкевіч і Станіслаў Мацкевіч. 4 ліпеня 1926 г. у Вільні на сходзе 100 асоб (пасля зачытання дакладаў прафесара Марыяна Здзяхоўскага і князя Яўстаха Сапегі) была створана Кансерватыўная арганізацыя дзяржаўнай працы (Organizacja Zachowawcza Pracy Państwowej), якая аб’яўлялася як грамадскае аб’яднанне, а не партыя. Старшынёй яе Галоўнай рады быў выбраны Аляксандр Мяйштовіч, а яго намеснікамі — Іпаліт Гечэвіч (1854—1935)[заўв 11] і Марыян Здзяхоўскі; на чале Галоўнага кіраўніцтва арганізацыі сталі князь Яўстах Сапега, граф Ян Тышкевіч, Станіслаў Ваньковіч, Станіслаў Мацкевіч, прафесар Уладзіслаў Завадскі, Уладзіслаў Худзінскі і Міхал Абязерскі. Сход ухваліў рэзалюцыю, якая заклікала да сканчэння ў дзяржаве спрэчак адносна «майскага пераварота» (1926) і падтрымала пастулаты «санацыі» наконт паляпшэння ладу дзяржавы, гаспадарчых і грамадскіх адносін. У верасні 1926 г. арганізацыя ўжо налічвала каля 3000 членаў (у тым ліку, далучыліся магілёўскі арцыбіскуп (1917—1931) Эдвард Роп (1851—1939), князь Юзаф Друцкі-Любецкі (1897—1943), князь Людвік Святаполк-Чацвярцінскі (1877—1941), граф Ян Красіцкі, Альгерд Крычынскі, Вітальд Свіда і інш.) і мела аддзелы ў Віленскім, Палескім і Навагрудскім ваяводствах, а яе праграма 3 снежня 1926 г. была надрукавана ў газеце «Słowo» (№ 282, 1926 г.): падкрэслівалася павага да права прыватнай уласнасці, каталіцызма і іншых веравызнанняў; аб’яўлялася аб праве няпольскага насельніцтва (у тым ліку — яўрэяў) на ўласнае развіццё, калі іх інтарэсы не будуць супярэчыць з інтарэсамі польскага народа і дзяржавы; патрабавалася пераглядзець канстытуцыю ў кірунку абмежавання ўсеўладдзя сейма; аб’яўлялася аб неабходнасці эвалюцыйнага пераходу да манархічнага ладу дзяржавы, яе дэцэнтралізацыі і развіцця мясцовага самакіравання, і інш.[13]
Падтрымка планаў «санацыі» і агульнае паразуменне стала прычынай таго, што Юзаф Пілсудскі 2 кастрычніка 1926 г. увёў двух «віленскіх кансерватараў» у новы ўрад, у якім маршал вырашыў гарманізаваць інтарэсы ўсіх сацыяльных груп, прымаючы з праграмы цэнтрыстаў і правых ідэю грамадскай салідарнасці[12]. Так, Караль Незабытоўскі (1865—1952), ураджэнец Гродзенскага павета, член Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, член Краёвай партыі Літвы і Беларусі, дэпутат (1911—1912) ад Мінскай губерні ў Дзяржаўны Савет Расійскай імперыі (замест Рамана Скірмунта), член камітэта Польскай рады Мінскай зямлі (чэрвень 1918 г.), стаў у міністрам сельскай гаспадаркі і дзяржаўных маёмасцей Польшчы (1926—1927), а пасля (па прычыне перайменавання пасады) міністрам сельскай гаспадаркі (1927—1929) і сенатарам (1928—1930) ад Палескага ваяводства. А Аляксандр Мяйштовіч (1864—1943), былы віцэ-старшыня Ковенскага таварыства сельскай гаспадаркі (1900—1904) і дэпутат (1909—1917) ад Ковенскай губерні ў Дзяржаўны Савет Расійскай імперыі, (ад імя Юзафа Пілсудскага) старшыня (1921—1922) Часовай урадавай камісіі Сярэдняй Літвы і шматгадовы старшыня Віленскага зямельнага банка, стаў міністрам юстыцыі Польшчы (1926—1928) у кабінетах Юзафа Пілсудкага і Казімежа Бартэля.
25 кастрычніка 1926 г. Юзаф Пілсудскі, з намерам атрымаць саюзнікаў супраць польскіх «эндэкаў», зрабіў візіт у Нясвіж — у сядзібу князёў Радзівілаў, куды спецыяльна (у ліку каля 200 асоб) з’ехаліся для сустрэчы з маршалам мясцовыя кансерватыўныя арыстакраты і заможныя маянткоўцы (з паўночна-усходніх ваяводстваў Польшчы — былых Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губерняў Расійскай імперыі)[12]. Эдвард Вайніловіч быў таксама запрошаны сваімі добрымі сябрамі нясвіжскімі Радзівіламі на сустрэчу з Юзафам Пілсудскім, але Вайніловіч не паехаў, бо адышоў ад палітычнай дзейнасці і не ўступаў у палітычныя партыі. Ад імя сабраных князь Яўстах Сапега (1881—1963) павітаў Пілсудскага, падкрэсліваючы ў сваёй прамове, што прадстаўляе як мясцовых землеўладальнікаў, так і іх арганізацыю — Кансерватыўную арганізацыю дзяржаўнай працы. Князь Яўстах Сапега з асаблівым задавальненнем адзначыў, што ім імпануе і мясцовае паходжанне маршалка: «Стасунак наш да цябе, пане маршалу, узмацняе той факт, што ты з крыві і косці ёсць адным з нас, з нас вырас і носіш на сябе, нягледзячы на дзіўныя змены лёсу твайго, кляймо шляхціца крэсавага[заўв 12] і кляйма таго не хаваеш, а, наадварот, яўна яго паказваеш». Сам Юзаф Пілсудскі ў адказ на ўвагу, цёплы прыём і ўхвалу прамовіў тост у гонар «дому Радзівілаў». Візіт у Нясвіж меў вялікае значэнне для неабходнага росту падтрымкі Пілсудскага з боку землеўладальнікаў усёй дзяржавы. Рэдактар газеты «Słowo» Станіслаў Мацкевіч апалагезаваў Юзафа Пілсудскага, рэзка выступаў супраць камунізму і лічыў СССР вялікай пагрозай для Польшчы[14].
-
Адлюстраванне на старонках газеты «Słowo» (№251, 1926 г.) візіта Юзафа Пілсудскага ў Нясвіж у ходзе з'езду віленскіх кансерватараў 25 кастрычніка 1926 г. Старонка 1.
-
Адлюстраванне на старонках газеты «Słowo» (№251, 1926 г.) візіта Юзафа Пілсудскага ў Нясвіж у ходзе з'езду віленскіх кансерватараў 25 кастрычніка 1926 г. Старонка 2.
-
Адлюстраванне на старонках газеты «Słowo» (№251, 1926 г.) візіта Юзафа Пілсудскага ў Нясвіж у ходзе з'езду віленскіх кансерватараў 25 кастрычніка 1926 г. Старонка 3.
Польская кансерватыўная арганізацыя дзяржаўнай працы
правіць8 студзеня 1927 г. у Варшаве адбылося аб’яднанне Кансерватыўнай арганізацыі дзяржаўнай працы і Польскай кансерватыўнай арганізацыі ў Польскую кансерватыўную арганізацыю дзяржаўнай працы, старшынёй якой быў выбраны князь Яўстах Сапега, а віцэ-старшынёй — князь Здзіслаў Любамірскі (у той час — старшыня Польскай кансерватыўнай арганізацыі). Аднак самі арганізацыі, захаваныя як асобныя аддзелы, толькі аб’ядноўваліся пад агульным кіраўніцтвам — без поўнага зліцця[15].
Удзел у разгроме Беларускай сялянска-работніцкай грамады
правіцьУ час сваёй службы міністрам юстыцыі Аляксандр Мяйштовіч прыняў актыўныя рэпрэсіўныя захады ў студзені 1927 г. супраць пракамуністычнай арганізацыі Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ, «Грамада») на чале з Браніславам Тарашкевічам (членам Камуністычнай партыі Польшчы (КПП) з 1925 г.), бо дзейнасць Грамады ў Польшчы з 1925 г. была накіравана не толькі на абарону праў сялян-беларусаў («Грамадой» засноўваліся структуры Таварыства беларускай мовы, чытальні, бібліятэкі, сельскагаспадарчыя кааператывы, пазыковыя касы, выказваліся патрабаванні беларускай аўтаноміі і г.д.), але і на змяненне прынцыповых падмуркаў капіталістычнага грамадства і дзяржавы («Грамада» патрабавала канфіскацыйнай зямельнай рэформы). «Грамада» таксама фінансавалася і кіравалася інструкцыямі з-за мяжы — камуністычнымі ўладамі СССР. Юзаф Пілсудскі спачатку не хацеў даваць згоду на ліквідацыю «Грамады», але пасля даў Мяйштовічу сябе пераканаць. Афіцыйныя ўлады аб’явілі, што «Грамада» наладзіла масавую шпіёнскую сетку (у тым ліку ў вайсковых адзінках) і рыхтавала ўзброенныя выступленні беларускіх сялян, жадаючы адарваць беларускія ваяводствы ад Польшчы і далучыць іх да БССР[16].
Ідэі ўнутранай нацыянальнай палітыкі
правіцьІдэя шматэтнічнасці Польшчы і «дзяржаўнай асіміляцыі»
правіцьСябе віленскія кансерватары называлі «палякамі», «крэсавай шляхтай», «крэсаўцамі» і звязвалі гэта з сацыяльным статусам (землеўладальнікі) і шляхецкай культурай, але лічылі спадчыннікамі гісторыі і традыцый ВКЛ і выступалі за федэралізм[1]. Другую Рэч Паспалітую (г.зн. міжваенную Польшчу) лічылі за сваю дзяржаву, якую яны адбудавалі пасля «150 год няволі»[1]. У часы Расійскай імперыі карэннае каталіцкае і польскамоўнае сярэднезаможнае і заможнае дваранства літоўска-беларускіх губерняў і звязаная з ім інтэлігенцыя называлі сябе і «літоўцамі» (ці па-польску «літвінамі»), і «палякамі» (у палітанімічным значэнні). Пасля Рыжскага мірнага дагавора (1921) і стварэння літоўскай і польскай дзяржаў новае, маладое пакаленне кансерватараў перастала вызначаць сябе ў прыватнай сферы як «літоўцы», пачало менаваць сябе толькі як «палякі» і ўцягвацца ў склад польскага этнасу, а слова «палякі» перастала быць палітонімам і пачало набываць у Заходняй Беларусі выключна этнічны змест[17]. Гэта тлумачыцца тым, што са стварэннем літоўскай дзяржавы слова «літоўцы» ужо канчаткова стала адносіцца выключна ў адносінах да балтамоўнага насельніцтва міжваеннай Літвы, а новае пакаленне не захацела адносіць сябе да балтаў[заўв 13].
Віленскія кансерватары адназначна выказваліся супраць стварэння монаэтнічнай (польскай) дзяржавы і супраць дыскрымінацыі няпольскіх этнічных груп у Польшчы, бо ім імпанавала ідэя былой шматэтнічнай і манархічнай ягелонскай Рэчы Паспалітай, бо толькі вялікая (а таму — федэрацыйная) дзяржава здольна ўтрымацца паміж моцнай Германіяй і бальшавіцкім СССР[1][19]. Замест гэтага ўцэлым прапаноўвалася палітыка т.зв. «дзяржаўнай асіміляцыі» — палітыка павышэння грамадзянскай лаяльнасці розных этнічных супольнасцей да Польшчы (Другой Рэчы Паспалітай)[1][заўв 14].
У той жа час існавала таксама палеміка адносна канкрэтных прынцыпаў і метадаў унутранай нацыянальнай палітыкі, бо стаўленне віленскіх кансерватараў было розным да розных этнічных супольнасцей, вагалася (асабліва ў адносінах да яўрэяў — пачаткова ад сегрэгацыі, а пазней — да дэпартацыі яўрэяў) і ў многім залежала ад знешнепалітычнай сітуацыі (у першую чаргу, пагрозы ад СССР і Германіі)[1][20]. Віленскія кансерватары былі супраць паланізацыі яўрэяў, а таксама і літоўцаў, бо асноўны масіў рассялення літоўцаў уваходзіў у склад самастойнай Літвы (са сталіцай у Каўнасе) і з гэтай дзяржавай (у намерах віленскіх кансерватараў) планавалася стварыць федэрацыю. Адносна ўкраінцаў пачаткова прапаноўвалі лібералізацыю ўрадавай палітыкі, а пасля контррэакцыю ўкраінскаму ірэдэнтызму. Немцаў і рускіх (як супольнасцей, не маючых адносін да былой Рэчы Паспалітай) прапаноўвалі разумна і паступова паланізаваць, бо, да таго ж, самі немцы і рускія ў Польшчы лёгка паланізаваліся[21][22]. Большасць рускіх у міжваеннай Польшчы былі прадстаўлены бежанцамі (дваранамі і антыбальшавістамі), таму небяспеку віленскія кансерватары бачылі толькі ў тых рускіх, якія падтрымлівалі сувязі з бальшавікамі, і ў тых, якія выдаюць сябе за беларусаў[22][23].
Стаўленне да беларускага насельніцтва
правіцьСамым разгорнутым у праграме і поглядах віленскіх кансерватараў было стаўленне да беларусаў. З аднаго боку, самавызначэнне «беларусы» не стала папулярным у віленскіх кансерватараў. Пад уплывам ранейшай шматдзесяцігадовай прапаганды ў Расійскай імперыі (праз сістэму адукацыі і друк) замацаваўся погляд на сялян-беларусаў як на частку «адзінага рускага народа» — галоўным чынам, нешляхецкіх слаёў насельніцтва (у абсалютнай большасці — сялян) з несфармаванай ці паслабленай этнічнай самасвядомасцю[22]. Калі ў другой палове XIX — пачатку XX ст. у Расійскай імперыі многія мясцовыя землеўласнікі заяўлялі, што адчуваюць «супольнасць крыві» з мясцовым беларускамоўным сялянствам (Эдвард Вайніловіч, Раман Скірмунт, князь Геранім Друцкі-Любецкі і інш.), то з 1920-х гг. у Польшчы лаяльнае і прыхільнае стаўленне да паноў-«палякаў» з боку беларускамоўных сялян некаторымі прадстаўнікамі ўжо новага пакалення мясцовых сярэдніх і буйных землеўласнікаў пачало разглядацца як адвечная пасіўнасць і недахоп беларусаў, якія нічога не стварылі ў гісторыі[22][24]</ref>[25][заўв 15]. Аляксандр Мяйштовіч задаваўся пытаннем, ці можа беларускі рух па фарміраванні нацыянальнай свядомасці развіцца, колькі на тое патрэбна часу і ці не скончыцца ўздым беларускага руху ўсё роўна ў канечным выніку паланізацыяй. Ад адказаў на гэтыя пытанні, на думку Мяйштовіча, павінна фарміравацца стаўленне да беларусаў, але Мяйштовіч быў перакананы ў адным, што беларускае сялянства і інтэлігенцыю трэба абараняць ад бальшавіцкіх уплываў і ўлываў Літвы[27]. Многія прадстаўнікі віленскіх кансерватараў таксама не мелі поўнай яснасці, ці з’яўляецца беларуская мова асобнай мовай, альбо не хацелі прызнаваць гэтую асобнасць[28].
З другога боку, побач з Польшчай існавала Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (БССР) як складовая частка агромнага, моцнага і цэнтралісцкага СССР, які праводзіў агрэсіўную знешнюю палітыку. Само існаванне БССР і ўмовы ў ёй для нацыянальнага развіцця беларусаў, на думку віленскіх кансерватараў, мелі дэкларатыўны характар. Актыўнасць «Грамады» разглядалася як праява дзеяння знешніх фактараў (пад уплывам і дырэктывамі «бальшавікоў»), а не ўласнабеларускіх[28].
Праграма ўрадавай палітыкі адносна беларусаў у Польшчы, якая ў многім была адлюстраваннем поглядаў Станіслава Мацкевіча, Аляксандра Мяйштовіча, Яўстаха Сапегі і Яна Тышкевіча і якая была апублікавана 22 сакавіка 1927 г. Мацкевічам у газеце «Słowo» (№ 66, 1927 г.) ад свайго імя амаль адразу пасля разгрому «Грамады» у артыкуле «Паўтараем пастаянна», на думку віленскіх кансерватараў, павінна была быць наступнай: не ставіць перашкод у паланізацыі тым беларусам, якія цягнуцца да паланізавання; адкрыццё беларусам доступу на пасады органаў кіравання і атрымання вышэйшай адукацыі (ва ўмовах дзяржаўнай польскай мовай), што таксама было б спрыяльнай глебай асіміляцыі беларусаў; прыцягненне шырокіх матэрыяльных інвестыцый і годны падбор адміністрацыі ў беларускія ваяводствы; саюз з беларускімі антыкамуністамі; пасіўнае, назіральнае і прыхільна-нейтральнае стаўленне да працэса фармавання беларускай нацыянальнай свядомасці і развіцця беларускай культуры; увядзенне беларускай мовы ў праваслаўнае набажэнства (замест царкоўнаславянскай і рускай); адмова ад урадавага стаўлення да праваслаўнай царквы толькі як да інструмента беларусізацыі («царква — не дама ў танцы; не можна ёй круціць і яе нагінаць да сваіх палітычных мэт»), а хрысціянская павага і падтрымка праваслаўнай царквы[заўв 16] як фактара, які можа абараніць ад маральнай дэградацыі, дэстабілізацыі ў грамадстве, распаўсюджання сацыялістычных поглядаў сярод беларусаў і можа быць прываблівым прыкладам для беларусаў у БССР[заўв 17]; падбор маральна годных іерархаў на пасады праваслаўнай царквы; прызнанне Заходняга Палесся як асобнай ад Беларусі тэрыторыі, своеасаблівасць якой трэба захоўваць. Беларускамоўная праваслаўная царква разглядалася як важны фактар узмацнення грамадзянскай лаяльнасці беларусаў да польскай дзяржавы, дэрусіфікацыі і пераняцця беларусамі заходнеўрапейскай культуры, а не ідэй бальшавізму (г. зн. адмаўленне манархізму, прыватнай уласнасці, рэлігіі, індывідуалізму, прыватнасці жыцця і г.д.)[29][30].
Рэалізацыя праграмы, на думку Мацкевіча, павінна была зрабіць немажлівым стварэнне з БССР прывабнага цэнтра, да якога б імкнуліся беларусы Польшчы; а з беларускіх зямель Польшчы дазволіла б стварыць прастору, якая б паказвала, што Польшча выказвае сімпатыю надзеям беларусаў Польшчы на стварэнне сваёй дзяржаўнасці ў будучым[заўв 18]. Віленскія кансерватары былі супраць стварэння ў рамках Польшчы беларускай аўтаноміі (што магло б выклікаць у беларускіх сялян і інтэлігенцыі надзеі на злучэнне гэтай аўтаноміі з БССР і быць падставай для вайны з СССР), аднак лічылі, што ператварэнне Польшчы ў польска-беларускую федэрацыю і шырокае вырашэнне пытанняў «беларускай справы» мажліва ў выпадку атрымання Польшчай тэрыторый былых Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў (г.зн. часткі тагачаснай тэрыторыі СССР)[29][30].
Палеміка Станіслава Мацкевіча з Эдвардам Вайніловічам
правіцьНекаторыя пазіцыі з палітычных поглядаў Мацкевіча адносна беларускага сялянства і інтэлігенцыі выклікалі нязгоду 79-гадовага Эдварда Вайніловіча (1847—1928), якому заставалася жыць 13 месяцаў. Неўзабаве Вайніловіч надрукаваў у газеце «Słowo» свой артыкул «Граніцы Польшчы ў 1771-м і 1920-м годзе» (№ 96 і № 97, 1927 г.), дзе выказаў сваё меркаванне наконт праблемы, што па сутнасці было палемікай з Аляксандрам Мяйштовічам, Янам Тышкевічам і Яўстахам Сапегам[31][32].
Вайніловіч выказаўся катэгарычна супраць паланізацыі беларускамоўнага насельніцтва Заходняй Беларусі і ўказаў, што ў Рэчы Паспалітай шляхта ВКЛ ніколі не паланізавала беларускамоўных сялян. Ён нагадаў, што ў адрозненне ад украінскіх зямель Польскага каралеўства, куды шляхта перасялілася з карэннай Польшчы, у Беларусі мясцовая шляхта Вялікага Княства Літоўскага была пераважна карэннага паходжання і з той прычыны блізкая па крыві мясцоваму сялянству і дробнай шляхце, якая ў паўсядзённым жыцці карысталася беларускай мовай[33]. Вайніловіч адзначыў, што сам паходзіць ад «беларускіх баяр» і што паланізацыя шляхты мела павярхоўны характар — беларуская мова не забывалася, а існавала побач з польскай, якая дапамагала засвойваць набыткі заходнееўрапейскай культуры для сваёй карысці, што, напрыклад, рабілі нават зацятыя прыхільнікі праваслаўя (князі Астрожскія і Алелькавічы)[33]. Указаў, што Статут ВКЛ («векапомны твор Льва Сапегі»), шмат старадаўніх і пазнейшых дакументаў у ВКЛ былі напісаны на беларускай мове, а піянерамі беларускамоўнай літаратуры ў XIX ст. былі менавіта мясцовыя шляхціцы (Зарыян Даленга-Хадакоўскі, Ян Чачот, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Уладзіслаў Сыракомля, Аляксандр Ельскі і інш.), а не сяляне[32][33]. Вайніловіч даказваў, што адраджэнне беларускамоўнай культуры і літаратуры (нягледзячы на пэўнае яе згасанне з канца XVII ст. па сярэдзіну XIX ст. і рост узамен уплыва польскай мовы ў культуры) з пачатка XIX ст. толькі нарастала і было падтрымана і прадоўжана ў канцы XIX ст. літаратарамі ўжо з беларускамоўнага сялянства[33][заўв 19]. Вайніловіч сказаў, што сам у пачатку XX ст. прымаў удзел у падтрымцы таварыстваў па адраджэнні беларускай мовы і культуры, але адхіліўся ад іх, калі яны пачалі ўзнімаць сацыялістычныя ідэі, і пачаў падтрымліваць больш кансерватыўныя беларускія арганізацыі, а ў 1919 г. разам з Львом Вітан-Дубейкаўскім вызваліў з лагероў ваеннапалонных шмат беларусаў, якія не па ўласнай волі ваявалі на Вісле супраць польскіх войск.
Вайніловіч аспрэчыў, што саюз Польшчы і Беларусі (як унія «роўных з роўнымі, вольных з вольнымі») напярэдадні Рыжскага мірнага дагавора (1921) быў немагчымы і што не ўдалося б утрымаць усе беларускія землі ў складзе Другой Рэчы Паспалітай, бо, працуючы ў земстве Мінскай губерні з 1911 г., адчуваў поўную падтрымку і спачуванне з боку беларускіх сялян, якія бачылі, што мясцовыя землеўласнікі стараюцца (у адрозненне ад рускай губернскай адміністрацыі) дзеля дабрабыта края і ўсіх. На думку Вайніловіча, менавіта адмова польскіх «эндэкаў» стварыць польска-беларускую дзяржаўную ўнію і ўключэнне толькі часткі Беларусі ў склад Польшчы з’яўляюцца прычынамі заходнебеларускага ірэдэнтызма і таму штурхае заходнебеларускае сялянства ў пракамуністычныя арганізацыі («грамады»)[32]. Ён адзначыў, што саюз дзвюх дзяржаў (Польшчы і Беларусі) быў бы аптымальным і ўзаемакарысным, даваў бы Беларусі выхад да мора. І дадаў, што тая павярхоўная паланізаванасць не азначала, што нельга вярнуць ранейшую сітуацыю (status quo ante), калі шляхта Беларусі вярнулася б да пастаяннага выкарыстання беларускай мовы. Вайніловіч прывёў у прыклад Чэхію, дзе дэнацыяналізацыя арыстакратычных радоў («wynarodawianie się rodów możnowładczych») не была непаваротнай стратай і дзе са стварэннем самастойнай чэшскай дзяржавы (у 1918 г.) адбываецца працэс дэгерманізацыі панямечанага дваранства, і лічыў, што тое самае магло б адбыцца ў беларускай дзяржаве — дэпаланізацыя і беларусізацыя мясцовага дваранства і інтэлігенцыі (т.зв. «палякаў»)[32][35][36].
Вайніловіч таксама выказаўся за змяншэнне падаткаў у Заходняй Беларусі, што давала б, на яго думку, магчымасць гаспадаркам мясцовых сялян і бедных дваран (засцянкоўцаў) праз куплю пустуючых абшараў зямлі павялічваць свае зямельныя ўладанні, а не выстаўляць на вымушаны продаж з-за разарэння. Прапанаваў таксама, што ваенныя асаднікі-перасяленцы павінны набываць зямлю толькі за грошы, а не бясплатна[36][37].
У адказ Станіслаў Мацкевіч напісаў у газеце, што артыкулы такіх паважаных «зуброў» як Эдвард Вайніловіч павінны ўважліва разглядацца з лупай у руках як найкаштоўнейшыя дакументы найцікавейшых архіваў; згадзіўся з заклікамі яго артыкула, аднак дазволіў сабе зрабіць некалькі заўваг[32]. Ён адзначыў, што Эдвард Вайніловіч паўтарае старую ідэю паразумення землеўласнікаў з сялянамі і не прапануе канкрэтных планаў на будучае, а дзяржава жыве ў рэаліях, акрэсленых Рыжскім мірным дагаворам, хоць газета «Słowo» з’яўляецца адзіным перыядычным выданнем, якое выступае за вяртанне граніц 1772-га года і федэралізм[32]. Мацкевіч паўтарыў свае довады, пашырана аргументуючы, што побач існуе БССР у складзе СССР, дзе пануе «лозунг кнута сацыяльнай барацьбы»; што палітыку ў БССР вызначае не мясцовае сялянства, а сацыялістычная партыйная эліта, у якой пераважаюць яўрэі, рускія і палякі; што дзейнасць Камінтэрна ў Польшчы з’яўляецца пагрозай для тэрытарыяльнай цэласці дзяржавы, а лозунгі сацыяльнай барацьбы, якія былі ўзняты «Грамадой», не могуць быць ні цэментам паміж сялянствам і землеўласнікамі, ні мастом паміж Польшчай і Беларуссю; што ўласная прапанаваная праграма адносна беларускага сялянства з’яўляецца адзіна мажлівай, бо мясцовыя землеўласнікі ніколі не адмаўляліся ад выказаных Вайніловічам поглядаў і прынцыпаў, але для ўтрымання заходнебеларускіх зямель у спакоі ім не хапае сіл і ўраду прыходзіцца нават карыстацца тут ваеннымі асаднікамі[38][39]. За традыцыйныя ідэі феадальнага патэрналізму ў адносінах да сялян і прабеларускія погляды Эдвард Вайніловіч атрымаў ад Станіслава Мацкевіча тытул «апошні беларускі баярын»[40][заўв 20]. Смерць Эдварда Вайніловіча ў 1928 г. у Быдгашчы па сутнасці азнаменавала змену пакаленняў і прадстаўленняў у асяроддзі мясцовых землеўласнікаў-кансерватараў[41].
Цікава, што паводле сведчанняў Эльжбеты Сапегі-Руфенер (1921—2008) — дачкі князя Яўстаха Сапегі (1881—1963) — узаемаадносіны паміж яе бацькамі і мясцовымі сялянамі былі цудоўныя, а маці Эльжбеты княгіня Тэрэза Сапега (з роду Любамірскіх) у Польшчы 15 год абіралася сялянамі (галоўным чынам, беларусамі) на пасаду члена гміннай рады вёскі Камёнка (пад Гроднам) і прадстаўніцай (на выбар сялян) ад гмінных рад у Навагрудак[40][42][заўв 21]. На думку гісторыка Аляксандра Смаленчука, у Заходняй Беларусі ў міжваенны час сацыяльнае мела больш значнасці, чым нацыянальнае[44].
Палеміка з краёўцамі-дэмакратамі
правіцьВіленскія кансерватары адхілялі папрокі краёўца-дэмакрата Людвіка Абрамовіча (1879—1939) у свой адрас, што менавіта яны (мясцовая землеўладальная шляхта) былі прычынай нерэалізацыі праекта адраджэння Вялікага Княства Літоўскага, бо пачалі пад канец Першай сусветнай вайны, паводле слоў Абрамовіча, «аглядацца на Варшаву»[40]. Станіслаў Мацкевіч, адлюстроўваючы погляды маянткоўцаў, у артыкуле «Вялікае Княства Літоўскае», апублікаваным у сваёй газеце «Słowo» (№ 228, 1928 г.), адказаў Абрамовічу, што ў шмат большай ступені ў гэтым вінавата «нацыянальна-дэмакратычная прапаганда» літоўскага і беларускага сялянскіх рухаў[40]. У ацэнцы віленскіх кансерватараў менавіта мясцовая землеўладальная шляхта (дваранства) была той групай, якая стварала гісторыю Вялікага Княства Літоўскага і знітоўвала сабой яго рэгіёны, а ў Расійскай імперыі на землях былога Вялікага Княства Літоўскага выказвала яго (Княства) ідэалогію і захоўвала яго адвечныя традыцыі, што было магчымым дзякуючы валоданню зямлёй: «Вялікае Княства Літоўскае існавала так доўга, як доўга існавала матэрыяльная сіла шляхты». А пасля Першай сусветнай вайны, на думку Мацкевіча, дзяржаўнасць Вялікага Княства Літоўскага не адрадзілася таму, што «шляхта, з-за дамінуючага нацыяналістычна-дэмакратычнага фактара, была вынесена за дужкі»[45][11][46].
Парламенцкая дзейнасць
правіцьПрадстаўнікі віленскіх кансерватараў выбіраліся дэпутатамі («пасламі») і сенатарамі Польшчы (князь Яўстах Сапега, князь Януш Радзівіл, граф Ян Тышкевіч, граф Эмерык Чапскі, Станіслаў Ваньковіч і інш.), як правіла, уваходзячы ў склад Беспартыйнага блока супрацоўніцтва з урадам (BBWR), які дамінаваў у парламенце да смерці Пілсудскага, і крытыкуючы ненармальныя праявы грамадскага жыцця («брэсцкі працэс», лагер у Бярозе-Картузскай, узмацненне цэнзуры, паланізацыю няпольскага насельніцтва і інш.). Часам у іх коле раздавалася крытыка — не столькі адносна мэт, а метадаў і стыля кіравання Юзафа Пілсудскага, якімі часам «не падымае духа народа», а спецыяльна «абурае і раздражняе»[41]. Раман Скірмунт (1868—1939), які пасля няўдачы ўмацаваць дзяржаўнасць БНР ці стварыць польска-беларускую федэрацыю, адышоў, як і Эдвард Вайніловіч, ад палітыкі, займаўся гаспадаркай ва ўласным маёнтку Парэчча (у Палескім ваяводстве), прысвяціў сябе літаратуразнаўству і займаў у 1923—1928 гг. выбарную пасаду суддзі Пінскага акруговага суда. Толькі пасля «майскага пераварота» (1926) у яго вярнулася цікавасць да палітыкі, бо ён меў надзеі, што нешта можа змяніцца ў лепшы бок па «беларускім пытанні»: у 1929 г. Раман Скірмунт увайшоў у склад Рады Кансерватыўнай арганізацыі дзяржаўнай працы, а ў 1930 г. быў выбраны сенатарам, далучыўшыся да Беспартыйнага блока супрацоўніцтва з урадам. Аднак надзеі не апраўдаліся і Скірмунт займаў назіральную і пасіўную пазіцыю ў палітычным жыцці Польшчы. З 1930 г. кансерватары (у тым ліку — віленскія) паступова пачалі адыгрываць усё меншую палітычную ролю ў лагеры «санацыі», бо яны не здолелі стаць важным саюзнікам для Пілсудскага ў барацьбе з «эндэкамі» і левымі партыямі на выбарах, чаму прычынай быў, у тым ліку, і сусветны эканамічны крызіс (1929—1933), які ў Польшчы моцна закрануў сельскую гаспадарку і працягваўся аж да 1935 г.[47]
Віленскія кансерватары (князь Яўстах Сапега і Станіслаў Мацкевіч) таксама прынялі актыўны ўдзел у распрацоўцы новай канстытуцыі Польшчы (прынятай 23 красавіка 1935 г.). 28 жніўня 1933 г. у Вільні ў будынку Віленскага зямельнага банка адбыўся сход, скліканы Кансерватыўнай арганізацыяй дзяржаўнай працы, на якім князь Яўстах Сапега (1881—1963), які яшчэ ў 1930 г. напісаў трактат «Канстытуцыя дзяржаўных інтарэсаў» («Konstytucja racji stanu»), зачытаў даклад аб юрыдычных рашэннях, прапануемых у новую канстытуцыю. Узначальваў і кіраваў сходам сенатар Раман Скірмунт (1868—1939). У дыскусіі, якая падсумоўвала даклад Сапегі, прынялі ўдзел дэпутат граф Ян Тышкевіч (1896—1939), дэпутат граф Эмерык Чапскі (1897—1979), Станіслаў Ваньковіч (1860—1937) і дэпутат Станіслаў Мацкевіч (1896—1966)[48].
Паслабленне палітычных пазіцый
правіцьЗ-за слабеючых пазіцый у палітычным жыцці дзяржавы кансерватары пачалі шукаць мажлівасць хоць яшчэ і не саюзу, але ўжо дыялога з польскімі «эндэкамі». З сярэдзіны 1930-х гг. сярод «зуброў» пачалі дамінаваць тэндэнцыі, адзначаныя ў прынятай 30 мая 1934 г. палітычнай праграме кансерватараў Польшчы (у тым ліку — віленскіх), аб жаданні прыняцця няпольскімі этнічнымі групамі прыярытэта польскіх нацыянальных і дзяржаўных інтарэсаў, узамен чаго гарантаваўся ўлік інтарэсаў і патрэб няпольскага насельніцтва[46][49].
У 1934 г. 66-гадовы Раман Скірмунт у артыкуле-некралоге «Панны з Муру» у газеце «Słowo» (№ 127, 1934 г.) аб Канстанцыі Скірмунт і Юзэфе Куржанеўскай напісаў, аналізуючы наступствы сувязі Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага ў супольнай федэрацыйнай і талерантнай для народаў і рэлігій Рэчы Паспалітай, што польская культура нясе гуманістычныя ідэалы, а саюз з Польшчай ратуе ад Германіі і бальшавікоў: «Ягайла выбраў і злучыў нас з той культурай, якая найбольш яшчэ магла захаваць нашу індывідуальнасць і выратаваць на будучае народную душу. Германская культура, як цяпер, так і тады, прыносілася ў жалезнай руцэ і пры крывавым мячы. <…> Хмурны свет усходняй культуры, сапсаваны ў глыбіні духа „візантызмам“, авеяны маровым подыхам знішчаючай мангольскай расы, скажаў у зародку развіццё чалавечай душы і ламаў народы пад уладай дэспатаў. Польская культура — чыста славянская і найбольш хрысціянская — звязвала таксама народы ў адну дзяржаву, але дзялілася з імі дабром чалавечнасці, прызнавала роўнасць і свабоду народаў, несла людзям грамадзянскія правы. Ягайла, злучаючы Літву з Польшчай, увёў нас у сферу цывілізацыі, трымаючай неаспрэчнае першынства па духоўным каштоўнасцям сярод еўрапейскіх народаў, у сферы каталіцкай і лацінскай цывілізацыі»[46][50][заўв 22]. І, ацэньваючы сучасную сітуацыю незацікаўленасці беларускай мовай і адасаблення мясцовай польскамоўнай эліты ад інтарэсаў беларускага сялянства і інтэлігенцыі, Скірмунт выказаў вялікае шкадаванне: «Ці добра, калі эліта, аднога з простым народам паходжання, хоць мовячая іначай, адмяжоўваецца ад яго, як бы належачая да асобнага народа? Ці не лепей, калі, творачы з ім адну еднасць, пабуджаць яго да культурнай эвалюцыі, у якой сама на працягу вякоў знаходзілася?»[50][51].
Шкадаванні Скірмунта былі выкліканы назіраннямі за зменамі ў грамадскім жыцці Заходняй Беларусі. У міжваенны перыяд адбывалася канчатковая этнічная асіміляцыя (паланізацыя) мясцовых польскамоўных землеўласнікаў і інтэлігенцыі — уключэнне ў склад польскага этнаса, а таксама аддаленне ад інтарэсаў беларускамоўнага сялянства[52]. Гэтаму, сярод іншага, спрыяў не толькі суб’ектыўны погляд на беларускае сялянства як непрывабную частку рускага народа, адзінага ў трох галінах (вялікарусах, маларусах і беларусах), якія не маюць дачынення да стварэння Вялікага Княства Літоўскага і яго гісторыі, але і заключэнне шлюбаў прадстаўнікамі новых пакаленняў мясцовых землеўласнікаў і інтэлігенцыі з прадстаўнікамі ўласна польскага дваранства і інтэлігенцыі[52]. Так, напрыклад, з дзяцей лідара віленскіх кансерватараў князя Яўстаха Сапегі (1881—1963), які сам быў з 1909 г. жанаты з князёўнай Тэрэзай Любамірскай, Ян Сапега ўзяў шлюб з Марыяй Здзяхоўскай (з польскай галіны роду)[заўв 23], Элеанора — з Крыштафам Чарнецкім (нашчадкам вядомага кароннага вялікага гетмана Стэфана Чарнецкага), Леў — з польскай графіняй Сафіяй Шэмбек, Яўстах — з полькай Антанінай Сяменскай[52][заўв 24]. Іх дзеці пачалі лічыць сябе этнічнымі палякамі і нават у сваіх мемуарах ці ў нарысах пра сябе пісаць і адзначаць, што і іх продкі таксама былі этнічнымі палякамі[56].
Саюз з польскімі «эндэкамі» (1935) і заняпад
правіцьПасля смерці Юзафа Пілсудскага 12 мая 1935 г. пазіцыі віленскіх кансерватараў пачалі яшчэ больш слабець з-за разгорнутай барацьбы ўнутры «санацыйнага лагеру». На выбарах у верасні 1935 г. ад віленскіх кансерватараў толькі граф Эмерык Чапскі атрымаў дэпутацкі мандат, а сенатарам стаў толькі Канстанцін Рдултоўскі (1880—1953)[57]. Граф Ян Тышкевіч, хоць і атрымаў абсалютную большасць галасоў у найбліжэйшых акругах вакол свайго маёнтка Вака[заўв 25] (пад Вільняй), але іх не хапіла для атрымання мандата[57].
Таму ў 1935—1937 гг. віленскія кансерватары далучыліся да апазіцыі, шукаючы кампраміс з былымі апанентамі — з «эндэкамі» (членамі Польскай нацыянальна-дэмакратычнай партыі). Як палітычная плынь віленскія кансерватары перасталі існаваць з пачаткам Другой сусветнай вайны і ліквідацыяй Другой Рэчы Паспалітай[58].
З-за вайны значная частка мясцовага заможнага і сярэднезаможнага дваранства (Радзівілы, Сапегі, Тышкевічы, Ваньковічы і інш.) вымушна была пакінуць Заходнюю Беларусь і Польшчу, асесці ў іншых краінах свету (Велікабрытанія, Францыя, ЗША і інш.) і адаптавацца да новых умоў[52].
Заўвагі
правіць- ↑ Напрыклад, адзін з лідараў віленскіх кансерватараў князь Яўстах Сапега (1881—1963) па рашэнні суда Польшчы толькі ў 1934 г. канчаткова атрымаў правы на зямлю (палі і лясы) без палацаў у Гродзенскім ваяводстве, якая была канфіскавана расійскім імператарам Мікалаем I (1796—1855) у князёў Сапег, што прынялі ўдзел у паўстанні 1830—1831 гадоў[3].
- ↑ Аўтарам афіцыйнага мемарыялу віленскіх кансерватараў аб дзяржаўнай уніі (федэрацыі) быў граф Іпаліт Корвін-Мілеўскі, які ў сваіх мемуарах аб сваім мемарыяле, паданым Юзафу Пілсудскаму, напісаў: «Як аказалася з тэксту Рыжскага дагавора, ніводнага ўплыву на лёсы справы не аказаў»[6]</ref>. Эдвард Вайніловіч таксама выказаўся тады за дзяржаўную ўнію Польшчы і Беларусі і ад свайго імя спрабаваў у студзені 1921 г. паслаць у Рыгу Рамана Скірмунта і Ігната Парэмбскага прадстаўляць інтарэсы Беларусі, што скончылася безвынікова. Вырашыла справу пагадненняў Рыжскага мірнага дагавора пазіцыя Станіслава Грабскага, неафіцыйнага лідара польскіх прадстаўнікоў у Рызе, які выказаўся за адмову ад зусім рэальнай польска-беларускай федэрацыі і прадастаўлення канцэсій беларусам, што здзівіла нават прадстаўніка савецкай Расіі Адольфа Іофе. Цікава, што ў час Мірнай канферэнцыі ў Рызе адбылося пэўнае змяненне планаў дзвюх супярэчных адна адной даваенных канцэпцый стварэння дзяржавы: менавіта Раман Дмоўскі, які выступаў да Першай сусветнай вайны за стварэнне ўнітарнай Польшчы выключна ў этнічных польскіх граніцах, дабіваўся для Польшчы прызнання ўсходніх меж часоў другога падзела Рэчы Паспалітай (1793) і, як вынік, далучэння мільёнаў няпольскага насельніцтва Заходняй і Цэнтральнай Беларусі і Заходняй Украіны; менавіта Юзаф Пілсудскі, які змагаўся за адраджэнне федэрацыйнай польска-літоўскай Рэчы Паспалітай як шматнацыянальнай супольнасці ў межах да першага падзелу (1772), прыняў (пасля пэўных ваганняў) межы новай унітарнай дзяржавы паводле Рыжскага мірнага дагавора, падзяляўшага Беларусь і Украіну. Міжваенная Другая Рэч Паспалітая не была гамагеннай у этнічнай сферы, як марыў Дмоўскі, і не была федэрацыяй свабодных народаў, як хацеў Пілсудскі, аднак у канечным выніку паступова перамагала (асабліва пасля смерці Пілсудскага) гамагенізуючая (монаэтнічная) канцэпцыя Дмоўскага, якая была прынята і камуністычнымі ўладамі Польшчы пасля Другой сусветнай вайны.
- ↑ Марыян Здзяхоўскі (1861—1938), ураджэнец бацькоўскага маёнтка Ракаў, вядомы навуковец і ў будучым рэктар (1925—1927) віленскага ўніверсітэта, у рэфераце, чытаным ў Вільні ў 1923 г. у часы Другой Рэчы Паспалітай, адзначыў: «Разнастайны этнічна наш край з’яўляецца часткай гістарычнай Літвы, і нас — людзей майго пакалення — выхоўвалі як літоўцаў, вядома, у тым значэнні, у якім быў ім Міцкевіч, калі казаў „Літва, мая айчына“. У дзяцінстве мяне вучылі, разам з гісторыяй Польшчы, таксама і гісторыі Літвы. Дзякуючы гэтаму я лічыў нацыянальнымі героямі не толькі тых, якія будавалі Польшчу, але і таго, хто імкнуўся адарваць Літву ад Польшчы — вялікага князя Вітаўта. Але хто ж тады задумваўся над гэтай непаслядоўнасцю? І калі б мяне сёння запыталі, кім я сябе адчуваю ў глыбіні душы, адказаў бы, што адчуваю сябе грамадзянінам Вялікага Княства Літоўскага, непарыўнай уніяй звязанага з Польшчай. Калі я бачу сцяг з Арлом, але без Пагоні, які развіваецца тут з вышыні Замкавай гары, то ўспрымаю гэта як нанесеную мне крыўду»[8].
- ↑ Яўстах Сапега (1881—1963) быў старшынёй Гродзенскага таварыства сельскай гаспадаркі ў часы Расійскай імперыі; у 1915—1916 гг. быў прэзідэнтам Гродна пры нямецкай акупацыі; вясной 1919 г. ваяваў у польскіх палках (побач з графам Янам Тышкевічам (1896—1939), князем Вітальдам Святаполк-Чацвярцінскім, Вітальдам Ваньковічам і Тадэвушам Сяменскім) на Гродзеншчыне; з 1920 г. быў міністрам замежных спраў Польшчы і падпісантам Рыжскага мірнага дагавора (1921); у Другой Рэчы Паспалітай быў таксама членам Гродзенскага і Віленскага таварыстваў сельскай гаспадаркі.
- ↑ Жонкай Шымана Мяйштовіча была Марыя-Алівія Корвін-Мілеўская (1847—1934) — сястра графа Іпаліта Оскаравіча Корвін-Мілеўскага.
- ↑ Сын Аляксандра Станіслававіча Хамінскага (1859—1937) і яго жонкі Ядвігі Аляксандраўны Горват.
- ↑ У 1922—1924 гг. Альфонс Парчэўскі быў рэктарам Віленскага ўніверсітэта.
- ↑ На фота злева — направа: міністр сельскай гаспадаркі і дзяржаўных маёмасцей Караль Незабытоўскі (Karol Niezabytowski), міністр грамадскіх работ Анджэй Марачэўскі (Jędrzej Moraczewski), міністр камунікацый Павел Рамоцкі (Paweł Romocki), міністр прамысловасці і гандлю Яўгеніуш Квяткоўскі (Eugeniusz Kwiatkowski), міністр скарбу (фінансаў) Габрыэль Чаховіч (Gabriel Czechowicz), міністр працы і грамадскай апекі Станіслаў Юркевіч (Stanisław Jurkiewicz), міністр рэформ сельскай гаспадаркі Вітальд Станевіч (Witold Staniewicz), міністр унутраных спраў Феліцыян Славой-Складкоўскі (Felicjan Sławoj Składkowski), міністр юстыцыі Аляксандр Мяйштовіч (Aleksander Meysztowicz).
- ↑ У адрозненне ад віленскіх кансерватараў, якія свой кансерватызм выводзілі з ідэалогіі і традыцый землеўладальніцкага дваранства (у першую чаргу, з зямель былога Вялікага Княства Літоўскага) і адстойвалі ў першую чаргу інтарэсы землеўладальнікаў, погляды кракаўскіх кансерватараў прадстаўлялі сабой сумесь поглядаў і інтарэсаў прафесійнай і навуковай інтэлігенцыі, чыноўнікаў і часткова землеўладальнікаў[11].
- ↑ «Пасламі» ў польскай палітычнай традыцыі называюцца дэпутаты парламента, а паслы ў замежныя дзяржавы — «амбасадарамі».
- ↑ Іпаліт Гечэвіч у 1900—1906 гг. быў першым віцэ-старшынёй Віленскага таварыства сельскай гаспадаркі, а пазней на працягу 10 год узначальваў Саюз землеўладальнікаў Віленскай зямлі. Быў праўнукам мінскага губернатара (1818—1831) Вінцэнта Янавіча Гечэвіча (1770—1840).
- ↑ «Крэсамі» ў Другой Рэчы Паспалітай пачалі пазываць Галіцыю і тыя тэрыторыі былога Заходняга края Расійскай імперыі, якія ўвайшлі ў яе склад у выніку Рыжскага дагавора.
- ↑ Калі Марыян Здзяхоўскі (1861—1938), прадстаўнік старога пакалення кансерватараў, чытаў у Вільні ў 1923 г. свой рэферат «Польская ідэя на крэсах» і казаў, што людзей яго пакалення выхоўвалі як «літоўцаў» (у тым значэнні, у якім быў ім Адам Міцкевіч, калі казаў «Літва, мая айчына»), то ў залі сярод сабраных землеўладальнікаў чулася выразнае незадаволенне карыстацца вызначэннем «літоўцы»[18].
- ↑ Палітыка «дзяржаўнай асіміляцыі» ў адносінах да няпольскага насельніцтва дзяржавы прапаноўвалася і іншымі палітычнымі групамі міжваеннай Польшчы, таму такая палітыка стала дамінуючай у часы кіравання Юзафа Пілсудскага.
- ↑ Напрыклад, у артыкуле «Русь» у вядомай «Старапольскай энцыклапедыі» (пад рэд. А. Брукнера) пісалася, што ў Рэчы Паспалітай саюз польска-рускай культуры не вытрымаў выпрабоўкі часам, бо стварылася такая самая ці яшчэ большая, чым у Польскім Каралеўстве, розніца паміж шляхтай і сялянствам, а роды рускай шляхты вымерлі альбо зліліся з польскай яшчэ ў XVII ст. [26]
- ↑ Віленскімі кансерватарамі прызнавалася, што сяляне-каталікі таксама могуць з’яўляцца беларусамі[27].
- ↑ У БССР, як і ўцэлым у СССР, у міжваенны перыяд была барацьба з рэлігійнасцю і прапаганда атэізму.
- ↑ Цікава, што, шукаючы мажлівасці паўплываць на Польшчу на аснове этнічнага фактару, кіраўнікі СССР дэманстратыўна стварылі ў 1932 г. на базе Дзяржынскага раёна БССР (гэты раён непасрэдна межаваў з тэрыторыяй Польшчы) штучную польскую аўтаномію ў складзе БССР — Польскі нацыянальны раён імя Фелікса Дзяржынскага са сталіцай у Дзяржынску (каля Мінска). Кіраванне ў гэтым раёне ажыццяўлялася Польскім бюро пры ЦК КПСС. Жыхары аўтаноміі атрымалі магчымасць развіваць культуру і асвету, у тым ліку засноўваць школы, на польскай мове. Пасля сканчэння палітычнай патрэбы ў паказной польскай аўтаноміі польскі раён быў скасаваны савецкімі ўладамі ў 1938 г., а яе кіраўнікі — рэпрэсаваны.
- ↑ Некаторыя гістарычныя схемы і падыходы, якія ў сваім артыкуле выкарыстоўвае Вайніловіч (напрыклад, што беларусы прынялі хрысціянства за 500 год да хросту Літвы (у канцы XIV ст.) вялікім князем літоўскім Ягайлам і інш.), сугучны з тымі гістарычнымі схемамі і канцэпцыямі, якія былі выпрацаваны ідэолагамі беларускага нацыянальна-дэмакратычнага (сацыялістычнага) руху, што ўказвае на знаёмства Вайніловіча з ідэалагічнымі падыходамі і гістарычнымі ўяўленнямі дзеячоў беларускага нацыянальна-дэмакратычнага (сацыялістычнага) руху[34]. Сучасныя беларускія этнолагі адносяць фарміраванне беларускага этнасу не раней XIII ст. і ўказваюць на ўдзел у працэсе этнаўтварэння беларусаў не толькі славянскага кампанента, але, у тым ліку, і балцкага насельніцтва.
- ↑ Выраз «апошні беларускі баярын» ужыты Мацкевічам па аналогіі з выразам «апошні грамадзянін Вялікага Княства Літоўскага», які меў ужытак пасля Рыжскага мірнага дагавора (1921) і абазначаў выміраючую і адыходзіўшую ў гісторыю катэгорыю людзей, звязаных з традыцыяй і гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага.
- ↑ З пачаткам нападу немцаў у верасні 1939 г. на Польшчу князі Сапегі вырашылі пакінуць краіну, але перад выездам пастанавілі, што не могуць ад’ехаць, не развітаўшыся абавязкова з сялянамі, якія са слязьмі ўпрашалі князёў не пакідаць маёнткі[43].
- ↑ Раман Скірмунт пад гуманізмам польскай культуры, якая стала карыснай і плённай для грамадства ВКЛ, найперш меў на ўвазе абмежаванне вярхоўнай дзяржаўнай улады канстытуцыяй, талерантнасць да розных народаў, рэлігій і моў, традыцыі самакіравання, павага да асобы, каштоўнасць чалавечага жыцця і годнасці, індывідуалізм і прыватнасць жыцця, сямейныя каштоўнасці, ахова прыватнай уласнасці, рэлігійнасць і іншае, што выгодна адрознівала лад жыцця Рэчы Паспалітай ад самадзяржаўнай Расійскай імперыі ў мінулым, а Другую Рэч Паспалітую ад таталітарных і рэпрэсіўных рэжымаў фашысцкай Германіі і СССР з 1930-х гг.
- ↑ Марыя Сапега (з польскай галіны роду Здзяхоўскіх) у інтэрв’ю 2008 г. адкрыта адмежавалася ад беларускасці Сапег, заяўляючы, што яе сям’я польская з польска-літоўскімі каранямі; а пра свайго мужа Яна Сапегу (1910—1989) у мемуарах напісала, што ён быў адкрытым «неаматарам простага народу»[53][54].
- ↑ Яўстах Севярын Сапега (1916—2004), сын Яўстаха Каятана Сапегі (1881—1963), у інтэрв’ю 1999 г. Міхасю Скоблу на пытанне пра этнічную прыналежанасць цяперашніх Сапег адказаў: «Усе мы, Сапегі, і я ў тым ліку, былі грамадзянамі Вялікага Княства Літоўскага, што ўваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай. І я адчуваю сябе грамадзянінам Рэчы Паспалітай, але, бясспрэчна, паходжаннем з Вялікага Княства Літоўскага. Цяпер тут Літва, Беларусь, Украіна… Мы ж былі грамадзянамі Вялікага Княства Літоўскага. І потым, заўважце, мы, Сапегі, 400 гадоў змагаліся за незалежнасць свайго Краю, мы не хацелі быць жыхарамі Польскага Каралеўства»[55]. Князь Яўстах Севярын Сапега дадаў, што хацеў бы, каб у Беларусі вярнулася права прыватнай уласнасці на зямлю: «Раней мы не ведалі, што такое „калхозы“, іх не было. Я хацеў бы бачыць вольных людзей, якія працуюць на сваёй зямлі, а не працаўнікоў калгасаў»[55].
- ↑ Маёнтак Вака цяпер з’яўляецца складовай часткай горада Вільнюс і даў назву адпаведнаму раёну горада.
Крыніцы
правіць- ↑ а б в г д е Раюк 2023, с. 296.
- ↑ Раюк 2023, с. 304.
- ↑ Sapieha 2008, s. 89.
- ↑ Woyniłłowicz 1931, s. 287.
- ↑ Szpoper 1999, s. 219—222.
- ↑ Szpoper 1999, s. 221.
- ↑ Szpoper 1999, s. 147—148.
- ↑ Zdziechowski 1939, s. 3.
- ↑ а б Szpoper 1999, s. 152—154.
- ↑ Szpoper 1999, s. 155, 170—172.
- ↑ а б Szpoper 1999, s. 179.
- ↑ а б в Samsonowicz 2006, s. 576.
- ↑ а б Szpoper 1999, s. 171—172.
- ↑ Szpoper 1999, s. 281—282.
- ↑ Szpoper 1999, s. 174.
- ↑ Szpoper 1999, s. 201—204.
- ↑ Смалянчук 2004, с. 115—124, 360, 361—366.
- ↑ Zdziechowski 1939, s. 1.
- ↑ Szpoper 1999, s. 226—227.
- ↑ Szpoper 1999, s. 237.
- ↑ Szpoper 1999, s. 232—234, 237—238.
- ↑ а б в г Раюк 2023, с. 297.
- ↑ Szpoper 1999, s. 232—234.
- ↑ Woyniłłowicz 1931, s. 210.
- ↑ Szpoper 2009, s. 310—314.
- ↑ Ruś // Encyklopedia staropolska. — 1939. — Т.2. — С. 386—392.
- ↑ а б Szpoper 1999, s. 233.
- ↑ а б Раюк 2023, с. 298.
- ↑ а б Раюк 2023, с. 299.
- ↑ а б Szpoper 1999, s. 232—234, 237.
- ↑ Woyniłłowicz 1927. Гэтыя ж погляды Эдвард Вайніловіч перанясе на старонкі сваіх мемуараў, рукапіс якіх быў скончаны 8 чэрвеня 1928 г. — за 8 дзён да смерці.
- ↑ а б в г д е Раюк 2023, с. 300.
- ↑ а б в г Раюк 2019, с. 310.
- ↑ Цвикевич 1919.
- ↑ Раюк 2019, с. 310—311.
- ↑ а б Woyniłłowicz 1927.
- ↑ Раюк 2019, с. 311.
- ↑ Раюк 2023, с. 300—301.
- ↑ Падрабязней гл.: Mackiewicz 1927, s. 1.
- ↑ а б в г Раюк 2023, с. 301.
- ↑ а б Szpoper 1999, s. 176—177.
- ↑ Sapieha 2008, s. 553.
- ↑ Sapieha 2008, s. 554.
- ↑ Мінулае і сучаснасць у межах адной «гісторыі». Гутарка напярэдадні публічнай лекцыі «Палессе і Скірмунты» з Алесем Смаленчуком пра вусную гісторыю, яе спецыфіку і месца ў сучаснай гістарыяграфіі Архівавана 5 жніўня 2014..
- ↑ Падрабязней гл.: Mackiewicz 1928, s. 1.
- ↑ а б в Раюк 2023, с. 302.
- ↑ Szpoper 1999, s. 250.
- ↑ Szpoper 1999, s. 299.
- ↑ Szpoper 1999, s. 238.
- ↑ а б Skirmuntt 1934, s. 3.
- ↑ Раюк 2023, с. 302—303.
- ↑ а б в г Раюк 2023, с. 303.
- ↑ Sapieha 2008, s. 329.
- ↑ Князёўна Марыя Сапега: «Я б з радасцю вярнулася ў Ружаны» Архівавана 29 лістапада 2014. // Абажур.
- ↑ а б Сапега 1999.
- ↑ Гл., напрыклад, мемуары Сапег, Тышкевічаў, Святаполк-Чацвярцінскіх і іншых арыстакратаў і нарысы аб іх:
- Czetwertyński, A. Czetwertyńscy : na wozie i pod wozem / Albert Czetwertyński. — Warszawa : Twój Styl, 2004. — 308 s.;
- Narkowicz, L. Tyszkiewiczowie z Waki / Liliana Narkowicz. — Warszawa : DiG, 2010. — 476 s.;
- Sapieha, M. Moje życie, mój czas / M. Sapieha. — Kraków : Wydawnictwo Literackie, 2008. — 575 s.;
- ↑ а б Szpoper 1999, s. 306.
- ↑ Szpoper 1999, s. 308—309, 320.
Літаратура
правіць- Вяртанне Сапегаў / Сапега Яўстах Северын; гутарыў Міхась Скобла // ЛіМ. — 1999. — 12 лістап. — С. 14—15.
- Ладысеў, У. Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці (1917—1920 гг.) / У. Ф. Ладысеў, П. І. Брыгадзін. — Мінск : БДУ, 1999. — 128 с.
- Раюк, А. Р. Чэшскі вопыт адраджэння ў асэнсаванні каталіцкіх дваран-кансерватараў Беларусі ў канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. / А. Р. Раюк // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А. І. Лакотка. — Мінск : Права і эканоміка, 2019. — Вып. 26. — С. 307—312.
- Раюк, А. Р. Этнакультурныя працэсы і палітыка ў Заходняй Беларусі ў 1921—1939 гг. у праграмах і рэаліях «віленскіх кансерватаў» / А. Р. Раюк // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А. І. Лакотка. — Мінск : Права і эканоміка, 2023. — Вып. 33. — С. 296—306.
- Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. / А. Ф. Смалянчук. — СПб. : Неўскі прасцяг, 2004. — 406 с.
- Смалянчук, А. Ф. Разгром «Грамады»: за кулісамі палітычнага скандалу / А. Ф. Смалянчук // Гістарычны альманах / пад. рэд. А. К. Краўцэвіча. — Гродна: Беларускае Гістарычнае Таварыства, 2003. — Т. 8. — С. 214—227.
- Смалянчук, А. Беларускае пытанне і польскі рух / А. Смалянчук // Полымя. — 1994. — № 6.
- Смалянчук, А. Ф. Краёвая ідэя і беларускі нацыянальны рух у Заходняй Беларусі ў 1920—1930-я гг. / А. Ф. Смалянчук // Homo Historicus 2012. Гадавік антрапалагічнай гісторыі / пад. рэд. А. Ф. Смаленчука. — Вільня: ЕГУ, 2012. — С. 380—405.
- Смалянчук, А. Ф. Разгром «Грамады» на старонках польскага віленскага друку («Пшэглёнд Віленьскі», «Кур’ер Віленьскі», «Слова») / А. Ф. Смалянчук // Гістарычны альманах / пад. рэд. А. К. Краўцэвіча. — Гродна: Беларускае Гістарычнае Таварыства, 2006. — Т. 12. — С. 79—86.
- Тарашкевіч, Б. Выбранае: Крытыка, публіцыстыка, пераклады / Б. Тарашкевіч; укладанне, уступ, камент. А. Ліса. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1991. — 319 с.
- Цвикевич, А. Беларусь: политический очерк (перевод с белорусского) / А. Цвикевич. — Берлин : Издание Чрезвычайной дипломатической миссии БНР, 1919. — 33 с.
- Шчэрбік, Д. В. Палітычныя ідэі ў праекце статута Сярэдняй Літвы Станіслава Мацкевіча Архівавана 5 сакавіка 2016. / Д. В. Шчэрбік // Białoruskie Zeszyty Historyczne. — 2011. — № 12. — С. 157—164.
- Шчэрбік, Д. Перад абліччам краху / Д.Шчэрбік // Беларуская думка. — № 4, красавік 2016.
- Шчэрбік, Д. В. Кансерватызм як альтэрнатыва бальшавізму, нацыяналізму, і дэмакратыі ў творах Марыяна Здзяхоўскага / Д. В. Шчэрбік // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия D. Экономические и юридические науки. — 2014. — № 14. — С.28-31.
- Шчэрбік, Д. В. Эвалюцыя поглядаў кансерватыўнай шляхты земляў Вялікага княства Літоўскага у пачатку і першай трэці ХХ стагоддзя па пытаннях дэцэнтралізацыі і мясцовага самакіравання /Д. В. Шчэрбік // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия D. Экономические и юридические науки. — 2011. — № 6.- С.105-108.
- Buchowski, K. Litwomani i polonizatorzy : mity, wzajemne postrzeganie i stereotypy w stosunkach polsko-litewskich w pierwszej połowie XX wieku / K. Buchowski. — Białystok : Biblioteka Uniwersytecka im. Jerzego Giedroycia w Białymstoku, 2006. — 430 s.
- Cat (Stanisław Mackiewicz). Ostatni bojar białoruski / Cat // Słowo. — 1927. — № 96. — S. 1.
- Cat (Stanisław Mackiewicz). Powtarzamy stale / Cat // Słowo. — 1927. — № 66. — S. 1.
- Cat (Stanisław Mackiewicz). Wielkie Księstwo Litewskie / Cat // Słowo. — 1928. — № 228. — S. 1.
- Czetwertyński, A. Czetwertyńscy : na wozie i pod wozem / Albert Czetwertyński. — Warszawa : Twój Styl, 2004. — 308 s.
- Gierowska-Kałłaur, J. Zarząd cywilny Ziem Wschodnich (19 lutego 1919 — 9 września 1920) / J. Gierowska-Kałłaur. — Warszawa : Neriton, 2003. — 455 s.
- Narkowicz, L. Tyszkiewiczowie z Waki / Liliana Narkowicz. — Warszawa : DiG, 2010. — 476 s.
- Polska na przestrzeni wieków / H. Samsonowicz [i in.]; redactor wydania J. Tazbir. — 2-e wyd. — Warszawa : WPN, 2006. — 803 s.
- Sapieha, J.S. Dom Sapieżyński / Eustachy Seweryn Sapieha. — Warszawa : PWN, 1995. — Cz. 1. — 804 s.
- Sapieha, J.S. Dom Sapieżyński / Eustachy Seweryn Sapieha. — Warszawa : PWN, 2008. — Cz. 2, Ikonografia. — 447 s.
- Sapieha, J.S. Tak było: Niedemokratyczne wspomnienia Eustachego Sapiehy / Eustachy Seweryn Sapieha. — Warszawa : Świat Książki, 2012. — 416 s.
- Sapieha, M. Moje życie, mój czas / M. Sapieha. — Kraków : Wydawnictwo Literackie, 2008. — 575 s.
- Skirmuntt, R. Panie z Muru / R. Skirmuntt // Słowo. — 1934. — № 127. — S. 3.
- Szpoper, D. Gente Lithuana, Natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmuntt (1851—1934) / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 2009. — 487 s.
- Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa. Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich na ziemiach litewsko-białoruskich w latach 1904—1939 / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 1999. — 357 s.
- Woyniłłowicz, E. Granice Polski w 1771-m i w 1920-m roku / Edward Woyniłłowicz // Słowo. — 1927. — № 96, 97.
- Частка I (№ 96) (не вельмі якасны пераклад на беларускую мову: «Межы Польшчы ў 1771 і 1920 гадах»)
- Частка II (№ 97)
- Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Woyniłłowicz. — Wilno : Józef Zawadzki, 1931. — Cz. 1. — 368 s.
- Zdziechowski, M. Idea polska na kresach / M. Zdziechowski // Widmo przyszłości : szkice historyczno-publicystyczne / M. Zdziechowski. — Wilno : Grafika, 1939. — S. 1—17.
Спасылкі
правіць- Smaliańczuk, A. Białorusini w gronie krajowców — інтэрнэт-версія артыкула Аляксандра Смаленчука са сборніка «Ostatni obywatele Wielkiego Księstwa Litewskiego» (red. Tadeusz Bujnicki i Krzysztof Stępnik. Wyd. Uniwersytetu Marii Curie-Składowskiej, Lublin, 2005)
- Zygmunt Jasłowski. Rozważania na temat możliwości restytucji monarchii w Polsce w świetle publicystyki Imci Pana Stanisława Cata-Mackiewicza i jemu podobnych kresowych szlagonów // budujemydwor.pl