Віленскі Верхні замак
Віленскі Верхні замак (Горны) — замак, які знаходзіцца ў комплексе віленскіх замкаў на замкавай гары ў Вільні. У нашы дні вышыня Замкавай гары складае 48 метраў. Даўжыня сцен Верхняга замка складае 320 метраў, сам замак займае пляцоўку памерам 110—120 на 50—60 метраў. Ад замка засталіся толькі парэшткі, за выключэннем вежы Гедзіміна, якая з’яўляецца адным з сімвалаў сучаснай Літвы.
Гісторыя Верхняга замка
правіцьПагорак, на якім быў пабудаваны Верхні замак, вядомы як гара Гедыміна, ён складае каля 40 метраў у вышыню і каля 160 метраў у даўжыню.
Археалагічны дадзеныя паказваюць, што месца замку было абжытае яшчэ часоў з неаліту. Пагорак быў умацаваны абарончымі драўлянымі сценамі, якія былі ўмацаваныя каменем у IX стагоддзі. Прыкладна ў X стагоддзі быў пабудаваны драўляны замак, і прыкладна з XIII стагоддзя вяршыня ўзгорка была акружана каменнымі сценамі з вежамі. Падчас праўлення Гедыміна Вільня стала сталіцай; ў 1323 годзе замак быў удасканалены і пашыраны.
Паганская Літва вяла вайну з крыжацкай навалай на працягу больш чым двух стагоддзяў. Крыжакі імкнуліся захапіць Літву, заяўляючы, што іх мэта — пераварочванне язычнікаў у каталіцтва. Вільня стала адным з самых важных гарадоў у дзяржаве і асноўным ваенным аб’ектам. Замак быў атакаваны Тэўтонскім ордэнам ў 1365, 1375, 1377, 1383, 1390, 1392, 1394 і 1402 гг., але ніколі не быў цалкам захоплены. Найбольш разбуральнымі былі напады на чале з маршаламі Тэўтонскага ордэна Энхельдам фон Вільдштэйнам і Конрадам фон Валенродам у 1390 годзе падчас грамадзянскай вайны 1389—1392 паміж Вітаўтам Вялікім і яго стрыечным братам Ягайлам. Многія дваране з Заходняй Еўропы ўдзельнічалі ў гэтай ваеннай кампаніі, у тым ліку будучы англійскі кароль Генрых IV з 300 рыцарамі і лівонскія рыцары, якім камандаваў Вялікі магістр. Падчас грамадзянскай вайны Вітаўт падтрымліваў крыжакоў, уступіўшы з імі ў саюз у сваёй барацьбе за тытул вялікага князя Літоўскага.
У 1390 годзе Віленскі замкавы комплекс складаўся з трох частак — Верхняга, Ніжняга і Крывога Замка. Тэўтонскія рыцары здолелі ўзяць і знішчыць Крывы замак, размешчаны на Лысай гары (літ.: Plikasis kalnas, цяпер Трохкрыжовая гара), але не змаглі захапіць іншыя. Падчас нападу 1394 года замак аблажылі на працягу трох тыдняў, і адна з абарончых вежаў была пашкоджана і звалілася ў раку Вілію.
Грамадзянская вайна паміж Вітаўтам і Ягайлам скончылася Востраўскім пагадненнем (1392), паводле якога Вітаўт здабыў тытул вялікага князя. Падчас яго ўладання Верхні замак падвергнуўся найбольш прыкметнай рэканструкцыі. Пасля буйнога пажару ў 1419 годзе Вітаўт ініцыяваў рэканструкцыю Верхняга замка, разам з умацаваннем іншых будынкаў у замкавым комплексе. Сучасныя рэшткі Верхняга замка належаць да той эпохі. Вітаўт правёў каля чатырох гадоў у Тэўтонскім ордэне падчас грамадзянскай вайны. Ён меў магчымасць вывучаць архітэктуру замкаў Тэўтонскага ордэна і прыняў некаторыя з крыжацкіх элементаў у сваёй рэзідэнцыі ў Вільні.
Верхні замак быў перабудаваны ў гатычным стылі з зашклёнай зялёнай чарапіцай на даху. Верхні замак на другім паверсе меў вялікую залу (10 х 30 м), што было крыху менш, чым залы Палаца Вялікага Магістра (15 х 30 м) у Марыенбурзе, і значна больш, чым зала ў палацы вялікага князя ў Тракайскім замку (10 х 21 м). Рэканструкцыя замка скончылася ў 1422 годзе. У замку планавалася правесці каранацыю Вітаўта, што, аднак, не адбылося з-за яго заўчаснай смерці.
Пасля XVI стагоддзя Верхні замак не выкарыстоўваўся, што пагаршала ягоны стан. Да пачатку XVII стагоддзя ў замку знаходзілася палітычная турма для дваран. Апошні раз ён выкарыстоўваўся як крэпасць падчас уварвання рускіх войскаў у 1655 годзе, калі ўпершыню ў гісторыі замежная армія захапіла ўвесь замкавы комплекс. Праз шэсць гадоў польска-літоўскія войскі здолелі вярнуць Вільню і замкі. Пасля Верхні замак стаяў пакінуты і ўжо не быў рэканструяваны.
Комплекс панёс сур’ёзны ўрон падчас сусветных войнаў. У наш час захавалася толькі заходняя вежа, вядомая як Вежа Гедзіміна. Яна стала сімвалам Вільні і Літвы. Акрамя таго, захаваліся толькі рэшткі сцен і іншых вежаў замка.