Касцёл Святога Духа і кляштар дамініканцаў (Вільнюс)
Касцёл Святога Духа і кляштар дамініканцаў — рымска-каталіцкі культавы комплекс у Вільнюсе. Размяшчаецца ў Старым горадзе, па адрасе вуліца Дамінікону (Дамініканская), 8 (Dominikonų g. 8), працягнуўшыся ўздоўж гэтай вуліцы бакавым фасадам і заднім фасадам выходзячы на вуліцу Ігнота (Святога Ігната; Šv. Ignoto g.). Адносіцца да Вільнюскага дэканата Вільнюскай архідыяцэзіі. Штодзённыя набажэнствы на польскай мове.
Славутасць | |
Касцёл Святога Духа і кляштар дамініканцаў | |
---|---|
54°40′52″ пн. ш. 25°17′04″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Літва |
Месцазнаходжанне | |
Канфесія | каталіцтва |
Епархія | Архідыяцэзія Вільнюса |
Благачынне | Вільнюскі дэканат I |
Архітэктурны стыль | архітэктура барока[d] |
Архітэктар | Іаган Крыштоф Глаўбіц |
Дата заснавання | 1408 |
Матэрыял | цэгла |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьУ 1408 годзе будаўніцтва касцёла Святога Духа фундаваў вялікі князь Вітаўт. Асноўны аб’ём касцёла меў план прамавугольнай формы, заканчваўся прэсбітэрыем з гранёнай апсідай. 3 паўночнага боку да вімы прымыкала сакрыстыя. У другой чвэрці XV ст. касцёл павялічаны ў даўжыню. У 1501 годзе паводле загаду вялікага князя Аляксандра касцёл з забудовай вакол яго перададзены запрошаным з Польшчы дамініканцам. Яны часткова перабудавалі касцёл і ўзвялі каля паўднёва-заходняга вугла квадаратную ў плане вежу. Быў пабудаваны кляштар (прымыкае да галоўнага і паўночнага фасадаў). Пашкоджаны ў час пажараў 1655, 1748 і 1749 гадоў[1]. За параўнальна кароткі тэрмін стараннямі дамініканцаў, магната Людвіка Паца, Брыгіты Салагуб з Радзівілаў і іншых мецэнатаў да 1770 года храм і кляштар былі адбудаваны.
У яго аб’ёмную кампазіцыю ўключаны грамадзянскія пабудовы, размешчаныя на паўночны захад ад касцёла. У сярэдзіне другой паловы XVI ст. недалёка ад паўднёвага прасла галоўнага фасада ўзведзена вежа-званіца, прыстасаваная для абароны[1].
У 1655 годзе касцёл і кляштар моцна пашкоджаны маскоўскім войскам. Адноўлены на сродкі М. Вайніловіча. Асвячоны ў 1688 годзе. У XVII—XVIII стст. касцёлу і кляштару нададзены барочныя рысы[1].
У 1812 годзе храм пацярпеў ад французскіх салдат і рамантаваўся ў 1813—1815 гадах. У 1818 годзе бурай сарвала дах і яго прыйшлося нанова перакрываць. У 1844 годзе расійскія ўлады скасавалі кляштар. Са скасаваннем манастыра касцёл ізноў стаў парафіяльным і дзейнічаў на ўсім працягу XIX і XX стагоддзяў.
У 1849 корпус кляштара ператвораны ў турму. У яго памяшканнях па распараджэнні генерал-губернатара М. М. Мураўёва трымаліся ў няволі ўдзельнікі паўстання 1863 года, у т. л. Якуб Гейштар, Кастусь Каліноўскі, ягоны найбліжэйшы паплечнік Цітус Далеўскі, ягоны брат, адзін з заснавальнікаў Братняга саюза літоўскай моладзі Францішак Далеўскі і іншыя. У 1993 годзе на будынку па вуліцы Ігнота (Švento Ignoto g. 11) была адкрыта мемарыяльная дошта ў гонар Кастуся Каліноўскага[2].
Набажэнствы традыцыйна адбываюцца на польскай мове. 5 верасня 1993 года тут адбылася сустрэча Папы Рымскага Яна Паўла II з вернікамі польскага паходжання (пры ўдзеле архібіскупа Аўдрыса Юозаса Бачкіса, які вітаў пантыфіка, і ў прысутнасці прымаса Польшчы кардынала Юзафа Глемпа, віцэ-прэм’ера Польшчы ў 1992—1993 гадах Генрыка Гарышэўскага, архібіскупаў Тадэвуша Кандрусевіча і Казіміра Свёнтака)[3][4]. Выкарыстаны Памам ў прамове абарот «літоўцы польскага паходжання» выклікаў незадаволенасць часткі польскай грамадскасці Літвы.[5]
Архітэктура
правіцьШматлікія рамонты і перабудовы парушылі яго першапачатковую архітэктуру. Цяпер касцёл Св. Духа — тыповая двухвежавая познабарочная 3-нефавая базіліка з купалам над сяродкрыжжам. Галоўны фасад двухвежавы, падзелены карнізамі на ярусы, раскрапаваныя пілястрамі на асобныя праслы. Галоўны ўваход зроблены з боку паўднёвага фасада, аформлены парталам з дарычнымі калонамі, пілястрамі і рэльефным картушам[1].
Інтэр’ер аздоблены ў стылі ракако і позняга барока. Галоўны дэкаратыўныя акцэнты — 16 вялікіх алтароў арыгінальнай кампазіцыі і амбон. Купал і скляпенні размаляваны фрэскамі на тэмы з жыцій святых[1].
Зноскі
- ↑ а б в г д ЭнцВКЛ 2005.
- ↑ Лявон Луцкевіч. Вандроўкі па Вільні. Вільня: Рунь, 1998. ISBN 9986-9228-2-8. С. 59. (бел.)
- ↑ Jan Paweł II. Polacy i Litwini są powołani do współpracy (польск.)]
- ↑ Šventojo Tėvo kalba Lietuvos lenkams Šventosios Dvasios bažnyčioje (літ.)
- ↑ Artur Domosławski. Papież i mury Europy (польск.)
Літаратура
правіць- Віленскі кляштар дамініканцаў // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Касцёл Святога Духа і кляштар дамініканцаў (Вільнюс)