Віленскі край
Віленскі край або Віленшчына, (літ.: Vilniaus kraštas, польск.: Wileńszczyzna) — усходняя і паўднёва-ўсходняя частка сучаснай Літвы з Вільняй, а таксама прылеглыя да яе раёны Беларусі, якія з 1920 да 1939 года належалі Польшчы, і адрознівалася асаблівасцямі нацыянальнага складу насельніцтва, культуры, палітычнымі арыентацыямі. Тэрыторыя Віленскага краю дэ-юрэ належала Беларускай Народнай Рэспубліцы, планавалася ўключэнне ў склад БССР (верасень-кастрычнік 1939 года).
Гісторыя
правіцьДа 1917 года Віленскі край уваходзіў у склад Віленскай губерні Расійскай імперыі. Гэта Свянцянскі, Віленскі і Троцкі паветы. Палову насельніцтва складалі беларусы, за імі — літоўцы, асаблівае месца займаў горад Вільня.
Згодна з Усерасійскім перапісам насельніцтва 1897 года нацыянальны (моўны) склад губерні быў наступны[1]:
Павет | беларусы | літоўцы | яўрэі | палякі | вялікаросы |
---|---|---|---|---|---|
Губерня цалкам | 59,1 % | 17,6 % | 12,7 % | 8,2 % | 4,9 % |
Вілейскі | 86,9 % | … | 9,5 % | 2,5 % | … |
Віленскі | 59,8 % | 17,9 % | 12,3 % | 10,1 % | 10,4 % |
Дзісненскі | 81,1 % | … | 10,1 % | 2,4 % | 5,9 % |
Лідскі | 73,2 % | 8,7 % | 12,0 % | 4,7 % | 1,2 % |
Ашмянскі | 80,0 % | 3,7 % | 12,1 % | 1,7 % | 2,3 % |
Свянцянскі | 49,5 % | 20,8 % | 17,1 % | 6,0 % | 5,4 % |
Троцкі | 17,7 % | 49,1 % | 9,5 % | 11,3 % | 4,6 % |
-
Першая па колькасці нацыянальнасць. Зялёным — беларусы, жоўтым — літоўцы
-
Доля беларусаў
-
Доля літоўцаў
-
Доля яўрэяў
-
Доля палякаў
-
Доля вялікарусаў (рускіх)
Падчас Першай сусветнай вайны і паводле Брэсцкага мірнага дагавора тэрыторыя была занята нямецкімі войскамі. Пад канец снежня 1918 года немцы пакінулі Вільню і яе ваколіцы.
У пачатку студзеня 1919 года Віленскі край (Вільню 5 студзеня), заняла Чырвоная Армія, супраціўленне якой мясцовыя польскія ўзброеныя фарміраванні аказаць не змаглі. Падчас савецка-польскай вайны польская армія заняла Вільню 19—21 красавіка 1919 года. У выніку наступу арміі Савецкай Расіі ў ліпені 1920 года палякі адступілі ад Вільні.
Падчас савецка-літоўскіх перамоў у маі 1920 года асноўным пытаннем, якое вызначала межы Літвы, было ваеннае супрацоўніцтва супраць Польшчы, потым, пры пагаршэнні ваеннай сітуацыі, — нейтралітэт Літвы. 12 ліпеня 1920 года ў Маскве быў падпісаны дагавор паміж РСФСР і Літвой, які прызнаваў незалежнасць Літвы ў межах былой Ковенскай губерні, часткі Віленскай, Гродзенскай, Сувалкаўскай губерняў, уключаючы Відзы, Вільню, Ашмяны, Ліду, Шчучын, Гродна. Дагавор набываў юрыдычную моц 14 кастрычніка. 26 жніўня 1920 года Вільня была перададзена пад кантроль Літвы. Іншыя тэрыторыі, якія адыходзілі згодна з савецка-літоўскім дагаворам Літве, таксама перадаваліся пад кіраўніцтва літоўскай адміністрацыі падчас польскага наступу пасля «Цуду на Вісле».
З уварваннем у жніўні 1920 года польскіх войскаў на тэрыторыі, на якія прэтэндавала Літва, яны сутыкнуліся з літоўскім супрацівам. Савет Лігі Нацый 20 верасня прыняў рэкамендацыю, якая пацвярджае ў якасці ўсходняй мяжы Польшчы «лінію Керзана», на захад ад якой ляжалі землі з «перавагай польскага насельніцтва» (на самай справе этнічна польскімі былі толькі заходнія воласці Беластоцкага і Бельскага паветаў), на ўсход — тэрыторыі з перавагай беларускага, украінскага, літоўскага насельніцтва, і прапанаваў Польшчы лічыцца з нейтралітэтам Літвы з усходняга боку лініі. Літва і Польшча афіцыйна прынялі гэтую рэкамендацыю. Пад ціскам Лігі Нацый пад канец верасня 1920 года ў Сувалках пачаліся польска-літоўскія перамовы. 7 кастрычніка быў падпісаны дагавор, які размяжоўваў польскую і літоўскую зоны (План Гіманса). У адпаведнасці з дамовай Вільня і прылеглыя тэрыторыі адыходзілі да Літвы. Дагавор павінен быў уступіць у дзеянне 10 кастрычніка 1920 года.
За два дні да ўступлення Сувалкаўскага дагавора ў сілу па сакрэтным распараджэнні Юзафа Пілсудскага часткі польскай арміі (1-я Літоўска-Беларуская дывізія) пад камандаваннем генерала Люцыяна Жалігоўскага, імітуючы непадпарадкаванне вярхоўнаму камандаванню, пачалі наступ і занялі Вільню (9 кастрычніка) і Віленскі край. Занятыя тэрыторыі былі абвешчаны дзяржавай Сярэдняя Літва, пад часовым кіраваннем Вярхоўнага галоўнакамандуючага і Часовай кіруючай камісіі. Выбары, праведзеныя 8 студзеня 1922 года, сфарміравалі прадстаўнічы орган насельніцтва Сярэдняй Літвы — Віленскі сойм. Сойм 20 лютага 1922 года большасцю галасоў прыняў рэзалюцыю аб уключэнні Віленскага края ў склад Польшчы. 22 сакавіка 1922 года Устаноўчы сойм у Варшаве прыняў Акт уз'яднання Віленскага краю з Польскай Рэспублікай. У красавіку 1922 года Віленскі край увайшоў у склад Польшчы. У 1926 годзе на тэрыторыі края было сфарміравана Віленскае ваяводства.
Аднак Літва не адмаўлялася ад правоў на Віленскі край і вяла за яго актыўную прапагандысцкую і дыпламатычную барацьбу. Толькі ў 1938 годзе, калі пасля ўзброеных інцыдэнтаў на мяжы і ўльтыматуму Польшчы, Літва была вымушана пагадзіцца з аднаўленнем дыпламатычных адносін, былі адкрыты межы.
У выніку ўварвання ў верасні 1939 года савецкіх войскаў на тэрыторыю Польшчы Віленскі край адышоў пад кантроль Савецкага Саюза. Згодна з «Дамовай аб перадачы Літоўскай Рэспубліцы горада Вільня і Віленскай вобласці і аб узаемадапамозе паміж Савецкім Саюзам і Літвой» ад 10 кастрычніка 1939 года частка Віленскага краю была перададзена Літве. Гэтая частка складала тэрыторыю ў 6909 км² з 490 тыс. чалавек. Пасля акупацыі краін Прыбалтыкі СССР і з'яўлення Літоўскай ССР да новастворанай савецкай рэспублікі ў кастрычніку 1940 года дадаткова адышла тэрыторыя Беларусі плошчай 2637 км².