Вілі (саманазва: Bavili) — народ у Цэнтральнай Афрыцы. Жывуць пераважна ў Рэспубліцы Конга, Габоне і Кабіндзе (Ангола).

Вілі
(Bavili)
Вёска ў Лаонга, каля 1910 г.
Агульная колькасць 22 000 (2020 г.)
Рэгіёны пражывання Цэнтральная Афрыка:

 Ангола
 Рэспубліка Конга 
 Габон

Мова чывілі
Рэлігія хрысціянства, фетышызм
Блізкія этнічныя групы конга

Дакладнае вызначэнне колькасці прадстаўнікоў вілі зацяжарана тым, што ў Рэспубліцы Конга і Габоне яны разглядаюцца толькі як моўныя групы. У 2020 г. колькасць тых, хто стала размаўляў на мове вілі, складала каля 22 000 чалавек. У Анголе яны лічацца часткай народа конга, а таму самастойна не падлічваюцца. Агульная колькасць вілі можа ў выніку дасягаць 100 000 чалавек.

Паходжанне

правіць

Народы банту насялілі рэгіён вусця Конга паміж сярэдзінай 1 тысячагоддзя да н. э. і 1 тысячагоддзя н. э. У XIV — XVI стст. адбываўся працэс раскладання традыцыйных племянных аб’яднанняў і міграцый пэўных груп насельніцтва ў суседнія раёны. Часам такія міграцыі прыводзілі да падпарадкавання мясцовага насельніцтва мігрантамі і стварэння дзяржаўных фарміраванняў. Найбольш жыццяздольныя з іх узніклі на ўзбярэжжы Атлантычнага акіяна. Так, да канца XVII ст. на поўнач ад вусця Конга склаліся дзяржавы Лаонга, Нгоё і Каконга. Іх эліты мелі супольную вусную гістарычную версію свайго паходжання ад Нгулі-іва-мабінэ, міфічнай жанчыны з 9 грудзьмі. Існаванне гэтых дзяржаў спрыяла распаўсюджанню адзінай культуры і агульнай мовы, блізкай да мовы конга. На апошнім назва вілі выкарыстоўваецца ў дачыненні да ўсіх жыхароў узбярэжжа на поўнач ад вусця Конга, якія яе разумеюць. Пры гэтым існуе падзел на сапраўдных вілі або вілі-лаонга, ёмбэ і ваё, што адпавядае даўнейшаму падзелу на 3 дзяржавы.

Культура

правіць

Раней традыцыйныя заняткі вілі звычайна мелі выразнае гендарнае размежаванне. Так, ручным земляробствам і даглядам сямейнай гаспадаркі займаліся жанчыны. Вырошчвалі проса, клубневыя культуры, гародніну і садавіну. Аднак землі, занятыя вілі, ніколі не славіліся ўрадлівасцю, многія прадукты купляліся звонку. Болей значную ролю адыгрывала рыбалоўства — выключна мужчынскі занятак. Рыбу лавілі з дапамогай гарпуноў і сетак у акіяне, але часцей — у рэках і азёрах. Паляванне адыгрывала толькі дапаможную ролю. Некаторыя сем’і трымалі свінняў і курэй, але жывёлагадоўля марудна развівалася з-за недахопу пашаў, нападаў дзікіх драпежнікаў і распаўсюджанасці трыпанасамозаў.

Вілі здаўна былі вядомы як цудоўныя рамеснікі. Яны выраблялі тонкія тканіны з раслінных валокнаў, займаліся ганчарствам і апрацоўкай драўніны. Асобна вылучалася прафесія каваля, які займаўся здабычай і апрацоўкай жалеза і медзі. Некаторыя кіруючыя дынастыі вялі свой род менавіта ад кавалёў. Але ў перыяд XVIII — XIX стст. традыцыйныя рамёствы паступова прыйшлі ў заняпад. Вілі былі вымушаны займацца пасрэдніцкім гандлем, у тым ліку рабамі, наймацца на працу або ваенную службу. У каланіяльны перыяд многія атрымоўвалі адукацыю і працавалі ў адміністрацыйных органах. Пасля атрымання незалежнасці краінамі Афрыкі з шэрагаў вілі вылучыліся асобныя групы прафесійных чыноўнікаў, палітыкаў і рабочых. У XX ст. адбывалася міграцыя з сельскай мясцовасці ў гарады.

Фармальна ўся зямля, на якой жывуць вілі, належыць буйным родам. У рэчаіснасці, частка зямель занята нядаўнімі мігрантамі або выкарыстоўваецца для здабычы карысных выкапняў. Вёскі вілі маюць лінейную планіроўку, будуюцца ўздоўж дарог, рэк, каля марскога ўзбярэжжа. Традыцыйным матэрыялам для будаўніцтва з’яўляецца трыснёг, таму хаціны часта рамантуюцца, аднаўляюцца і нават пераносяцца на іншыя месцы. Жылыя хаціны падзяляюцца на спальныя і кухні. У кожнай вёсцы ёсць мужчынская хаціна-гасцёўна маандза.

Сацыяльная арганізацыя традыцыйнага грамадства абапіраецца на буйныя роды, якія вядуць паходжанне ад адзінай жанчыны-продка. Адлік сваяцтва бывае як па мужчынскай, так і па жаночай лініі. Аднак сваяцтва па жаночай лічыцца найбольш важным, паколькі зямля знаходзіцца ў маёмасці жаночых родаў. Кожны род мае свой статус паміж іншымі. Найбольш уплывовымі з’яўляюцца роды, што маюць паходжанне ад манархаў або ад набліжанай да валадароў шляхты. Прастаўнікі родаў жывуць не кампактна. На месцах яны ўтвараюць драбнейшыя аддзелы. У мінулым старэйшыны буйных родаў прадстаўлялі сваіх сваякоў падчас выбараў манархаў, а правадыры драбнейшых аддзелаў кантралявалі эканамічнае і палітычнае жыццё. У каланіяльны перыяд правадыры афіцыйна выконвалі адміністрацыйныя функцыі і з’яўляліся прадстаўнікамі каланіяльных улад. У нашы дні іх уплыў на суродзічаў значна скараціўся.

Нягледзячы на тое, што большасць сучасных вернікаў належаць да Рымска-Каталіцкага Касцёла, вілі захоўваюць веру ў духаў зямлі нкісі, што берагуць іх родавыя арганізацыі. Хрысціянскі бог часцяком атаесамляецца са старым паганскім бажаством Нзамбі Мпхунгу, якое быццам бы стварыла сусвет, але пазней перастала цікавіцца светам людзей. З шанаваннем нкісі шчыльна звязана прыкладное мастацтва, у тым ліку выраб скульптур і масак, разьба па слановай косці.

Прыклады скульптуры:

Прыклады масак:

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць