Вінцэнт Гадлеўскі
Вінцэнт Гадлеўскі (16 лістапада 1888, в. Шурычы, Ваўкавыскі павет — снежань 1942, канцлагер Трасцянец) — каталіцкі святар, беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст.
Вінцэнт Гадлеўскі | |
---|---|
![]() | |
Дата нараджэння | 16 лістапада 1888 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 24 снежня 1942 (54 гады) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Адукацыя | |
Веравызнанне | каталіцтва і Каталіцкая Царква[1] |
Партыя | |
Член у | |
Род дзейнасці | публіцыст, палітык, каталіцкі святар |
Месца працы | |
![]() |
БіяграфіяПравіць
Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю (1912) і Пецярбургскую каталіцкую духоўную акадэмію (1916). Пасвячоны ў святары 3.6.1914 года. У гады вучобы ў духоўнай акадэміі быў сябрам культурна-асветнага гуртка беларускіх студэнтаў.
Душпастырскую дзейнасць распачаў у 1916 годзе. Служыў вікарыем пры кафедральным касцёле ў Мінску. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года браў удзел у дзейнасці беларускіх культурна-адраджэнскіх, рэлігійных і палітычных арганізацый.
У сакавіку 1917 года абраны ў Беларускі нацыянальны камітэт, удзельнік Усебеларускага з’езда. Пасля абвяшчэння БНР (сакавік 1918) уваходзіў у склад яе Рады. Да 26.5.1918 года працаваў асобаўпаўнаважаным у камісіі па бежанскіх справах пры Радзе БНР.
Адзін з заснавальнікаў і лідараў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, рэдагаваў газету «Крыніца». Выкладаў у Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. На пачатку 1920-х гадоў пераехаў на Віленшчыну, дзе ў міжваеннае дваццацігоддзе шырока займаўся нацыянальна-рэлігійнай і культурна-асветнай дзейнасцю. З 1924 года пробашч касцёла ў мястэчку Жодзішкі Свянцянскага павета. У 1925 і 1927 гадах арыштаваны польскімі ўладамі, у 1927 годзе асуджаны на 2 гады турмы.
З 1929 года жыў у Вільні. Служыў капеланам у шпіталі, выконваў абавязкі прэфекта ў школе пры кляштары бернардзінак. Адзін з заснавальнікаў Беларускага каталіцкага выдавецтва ў Вільні (кастрычнік 1928). У 1930 годзе пераклаў на беларускую мову Новы запавет (Вільня, 1939). У 1936 годзе выйшаў з Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, не пагадзіўшыся на яе рэарганізацыю ў Беларускае народнае аб’яднанне. Арганізаваў і ўзначаліў выданне газеты «Беларускі фронт», у якой шырока выступаў як публіцыст.
Другая сусветная вайнаПравіць
З пачаткам II сусветнай вайны пераехаў у Каўнас. Пад канец 1939 года ў Вільні разам з іншымі беларускімі дзеячамі заснаваў Беларускую незалежніцкую партыю. З чэрвеня 1940 года ў Варшаве. У чэрвені 1941 года ўвайшоў у створаны ў Берліне «Беларускі нацыянальны цэнтр».
З верасня 1941 года ў Мінску. Падчас нямецкай акупацыі прызначаны галоўным школьным інспектарам пры генеральным камісарыяце Беларусі (кастрычнік 1941), кіраваў працай па падрыхтоўцы праграм навучання для беларускіх пачатковых школ, адначасова быў сябрам Цэнтралі Беларускай народнай самапомачы. Правіў службу ў Чырвоным касцёле ў Мінску.
Ад пачатку быў вялікім прыхільнікам немцаў, лічыў, што па сканчэнні вайны немцы аддадуць беларусам усё кіраўніцтва на Беларусі, спрабаваў выкарыстаць супрацоўніцтва з немцамі для мабілізацыі беларускіх патрыятычных сіл.[2] Гадлеўскі разам з Янам Станкевічам спрабаваў наладзіць у Беларусі культурна-асветную працу, але іх планы былі перапынены нямецкім кіраўніцтвам, генеральны камісарыят нават забараніў ксяндзу зносіцца непасрэдна са школьнымі аддзеламі акругі.[3] Быў адным з падпісантаў вядомай адозвы да беларускага народа, якая заклікала беларусаў змагацца супраць бальшавіцкай Расіі.[4]
Неўзабаве Гадлеўскі пачаў крытыкаваць нямецкую палітыку ў дачыненні беларускага народа. Быў арыштаваны нямецкай паліцыяй у Мінску ў ноч на 24 снежня 1942 года. Акупанты прапанавалі працу ў Рызе, але ён адмовіўся[5]. Неўзабаве загінуў у канцлагеры Трасцянец.
Зноскі
ЛітаратураПравіць
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — С. 447. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
- Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны / Аўтар-укладальнік: Ю. Гарбінскі. — Мн.-Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999. ISBN 985-6318-65-3
- Вашкевіч А. Навуковая спадчына ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага // Białoruskie Zeszyty Historyczne, nr 26, 2006, s. 218—235;
- Язэп Найдзюк, Іван Касяк. Беларусь учора і сяньня. – Менск: Навука і тэхніка, 1993. – 416 с. ISBN 5-343-01458-5. С.273-298.
СпасылкіПравіць
Вінцэнт Гадлеўскі ў Вікікрыніцах | |
Вінцэнт Гадлеўскі на Вікісховішчы |