Адкрыць галоўнае меню

Вінцэнт Аляксандр Корвін-Гасеўскі (каля 1620, Воўчын Берасцейскага павета — 29 лістапада 1662, Астрына Лідскага павета[1]) — дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Стольнік (1646—1652) і падскарбі вялікі літоўскі (1652—1654), гетман польны літоўскі (з 1654). Генерал артылерыі літоўскай (1651).

Вінцэнт Корвін-Гасеўскі
Vincent Korvin-Gasieŭski. Вінцэнт Корвін-Гасеўскі (D. Schultz, 1650).jpg
Вінцэнт Корвін-Гасеўскі. Мастак Даніэль Шульц малодшы, XVII ст.
Slepowron.svg
Герб «Слепаўрон»
 
Адукацыя:
Дзейнасць: дыпламат
Нараджэнне: 1620(1620)
Смерць: 29 лістапада 1662(1662-11-29)
Пахаванне:
Род: Корвін-Гасеўскія
Бацька: Аляксандр Корвін-Гасеўскі
Маці: Эва з Пацаў
Жонка: Магдалена з Канапацкіх
Дзеці: Тэрэза, Соф'я, Багуслаў

БіяграфіяПравіць

Прадстаўнік шляхецкага роду Корвін-Гасеўскіх герба «Слепаўрон», сын Аляксандра, ваяводы смаленскага і Эвы з Пацаў. Пераемнік бацькі на пасадах старосты маркаўскага і пуньскага, брата Крыштафа на пасадзе старосты веліжскага; староста ашмянскі, лаздзейскі, пашырвінцкі, адміністратар Алыцкай і Магілёўскай эканоміяў[2].

Навучаўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі, потым у Рыме, Падуі і Вене[1].

Па вяртанні на Бацькаўшчыну атрымаў ад караля і вялікага князя Уладзіслава Вазы пасаду стольніка вялікага літоўскага (1646). У 1648 падпісваў элекцыю Яну Казіміру, якога падтрымліваў яшчэ да абрання на прастол.

У час антыфеадальнай вайны 1648—1651 гадоў служыў у войску пад камандай Януша Радзівіла, які вёў барацьбу з казакамі. Удзельнічаў ва ўзяцці Пінска, аблозе Бабруйска, бітве пад Лоевам (1649). З 1651 — генерал артылерыі, таго ж года ў бітве пад Чарнобылем разбіў казацкае войска палкоўнікаў Антонава і Адамовіча.

У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 вёў ваенныя дзеянні супраць рускіх войск у няўдалых кампаніях 1654 і 1655 гг., падчас якіх канфліктаваў з вялікім гетманам Янушам Радзівілам[3]. У 1654 атрымаў булаву гетмана польнага літоўскага ад Януша Радзівіла, якога папярэдне прызначылі гетманам вялікім літоўскім. Гэтым прызначэннем кароль польскі і вялікі князь літоўскі Ян Казімір хацеў абмежаваць уплыў Януша Радзівіла ў войску, прызначыўшы на пасаду яго даўняга непрыяцеля[4]. Калі Януш Радзівіл перайшоў на бок шведаў, захаваў вернасць каралю Рэчы Паспалітай Яну Казіміру[5].

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай падпісаў у Кейданах шведска-літоўскую унію. Аднак неўзабаве зрабіўся прыхільнікам прымірэння Рэчы Паспалітай і Маскоўскай дзяржавы для супольнай барацьбы супраць Швецыі. Выступіў за захаванне уніі Вялікага Княства Літоўскага з Каралеўствам Польскім.

У выніку канфлікту з Янушам Радзівілам В. Корвін-Гасеўскага арыштавалі ў Кейданах і як палоннага перавезлі да Караляўца. У няволі здолеў атрымаць ад Карла Х Густава пісьмовае пацверджанне намеру нападу на Маскоўскую дзяржаву, якое па вызваленні перадаў маскоўскаму цару Аляксею Міхайлавічу.

Увесну 1656 уцёк з няволі на Літву, дзе ўласным коштам сабраў некалькі харугваў. У змаганні са шведамі дайшоў да Варшавы. Удзельнік аблогі Тыкоціна і няўдалай бітвы пад Варшавай (1656), пасля якой шведы ізноў занялі сталіцу Каралеўства Польскага.

На загад Яна Казіміра са сваімі харугвамі накіраваўся ва Усходнюю Прусію і Вялікае Княства Літоўскае. Меў канфлікт з гетманам вялікім літоўскім Паўлам Янам Сапегам. 8 кастрычніка 1656 пад Просткамі дашчэнту разбіў брадэнбургскае і шведскае войска. Узяў у палон князя Багуслава Радзівіла. Тую бітву ў рамане «Патоп» апісаў Генрык Сянкевіч.

Наступная бітва пад Філіпавам (22 кастрычніка 1656) скончылася перамогай войскаў фельдмаршала Густава Атона Стэнбака. У час хаосу бітвы Багуславу Радзівілу пашчасціла ўцячы. У 1658 змагаўся са шведамі на Інфлянтах і Жамойці.

Увосень 1658 у бітве з маскоўскім войскам пад Вільняй трапіў у палон — у суперніцтве з Паўлам Янам Сапегам, не чакаючы дапамогі, напаў на маскоўскае войска і быў разбіты. Спробы П. Я. Сапегі вызваліць В. Корвін-Гасеўскага былі безвыніковымі. Больш за тры гады правёў у няволі ў Маскве, аднак умовы яго ўтрымання не былі цяжкімі: у зняволенні працаваў з літаратурай, рабіў пераклады з французскай мовы, пісаў. У красавіку 1662 яго выменялі на пяць маскоўскіх ваяводаў. Атрымаў за службу Кейданы.

У лістападзе 1662 В. Корвін-Гасеўскага накіравалі да Вільні на размову з узбунтаваным літоўскім войскам. Тамака яго арыштаваў віцэ-маршалак Канстанцін Катоўскі. 29 лістапада 1662 салдаты сканфедэраванага войска злачынна забілі В. Корвін-Гасеўскага пад Астрыном у Лідскім павеце[6].

Пахавалі гетмана ў віленскім касцёле Святога Казіміра, выканаўцаў забойства пакаралі смерцю. У другой палове 1860-х гадоў пры перабудове касцёла пад праваслаўную царкву паводле (арх. М. М. Чагін) быў знішчаны надмагільны помнік Вінцэнта Гасеўскага з белага мармуру ў выглядзе фігуры рыцара, які ляжыць.

ГалерэяПравіць

НашчадкіПравіць

 
Тэрэза Корвін-Гасеўская

У шлюбе з Магдаленай Канапацкай меў сына і 2 дачок:

Па смерці В. Корвін-Гасеўскага ўдава выйшла замуж за князя Януша Караля Чартарыйскага, падкаморыя кракаўскага.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Гасеўскі Вінцэнт Корвін // Г. Сагановіч. Невядомая вайна: 1654—1667 / Генадзь Сагановіч. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995.
  2. Вячаслаў Насевіч. Гасеўскія // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 516.
  3. Генадзь Сагановіч. Невядомая вайна: 1654—1667. Менск, Навука і тэхніка, 1995.
  4. Прыбытка, Барацьба магнацкіх груповак у другой палове XVII — пачатку XVIII ст. // Спадчына. — Мн.: Полымя, 1995. — № 5. — С. 38—39.
  5. Генадзь Сагановіч. Невядомая вайна: 1654—1667. Менск, Навука і тэхніка, 1995.
  6. Генадзь Сагановіч. Невядомая вайна: 1654—1667. Менск, Навука і тэхніка, 1995.

ЛітаратураПравіць