Вінцэсь Каратынскі

Вінцэсь Каратынскі, Вінцэнт Каратынскі (польск.: Wincenty Korotyński; 15 чэрвеня 1831, Селішча каля Любчы, цяпер Карэліцкі раёнГродзенская вобласць — 7 лютага 1891; Псеўданімы: Ładzisław Borzywojowicz; Bożywoj; Крыптанімы: K.W.; W.Kor.; W.K.) — беларускі пісьменнік і перакладчык.

Вінцэсь Каратынскі
Вінцэсь Каратынскі.jpg
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 15 чэрвеня 1831(1831-06-15)
Месца нараджэння
Дата смерці 7 лютага 1891(1891-02-07)[1] (59 гадоў)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Дзеці Бруна Каратынскі[d] і Ludwik Stanisław Korotyński[d]
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці перакладчык, журналіст, паэт
Мова твораў беларуская і польская
Подпіс Wincenty Korotyński (signature).PNG
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Commons-logo.svg Выявы на Вікісховішчы

БіяграфіяПравіць

Нарадзіўся ў сям’і былога прыгоннага Аляксандра Каратая, які атрымаў вольную ад свайго пана Яна Залескага, напэўна, на просьбу Марка Татароўскага, апекуна Юзафаты з Далідовічаў — шляхцянкі, з якой хацеў ажаніцца. Калі ў Аляксандра з Юзафатай было ўжо трое сыноў — Вінцэнт, Ян і Міхал, ён утапіўся ў Нёмане, а Юзафата неўзабаве выйшла замуж за свайго колішняга апекуна.

Адукацыю В. Каратынскі атрымаў у асноўным самавукам і пад наглядам мясцовага арганіста. Навучыў чытаць і пісаць малодшых братоў. Апроч беларускай і польскай, ведаў рускую, чэшскую, французскую і нямецкую мовы, троху з лаціны. Граў на скрыпцы. Працаваў дарэктарам (дамашнім настаўнікам) у заможныx сем’ях Навагрудскага павета.

Вельмі паспрыяла Каратынскаму знаёмства з Уладзіславам Сыракомлем, які заўважыў яго і запрасіў да сябе ў Залучча. У 1850—1862 гадах Bінцэсь Каратынскі быў Сыракомлевым памочнікам-сакратаром. З пераездам Сыракомлі пад Bільню, у Барэйкаўшчыну, туды пераехаў і Каратынскі. Разам з рускім пісьменнікам М. Лясковым падарожнічаў па Паўночна-Заходнім краі. Супрацоўнічаў з польскімі газетамі і часопісамі, друкаваў артыкулы тэматычна звязаныя з беларускім краем.

У 1859 годзе ажаніўся з дачкой заможнага шляxціца Станіславай Цалінай Якубовіч, жыла сям’я ў маёнтку цесця Якенты Ашмянскага павета. У іx было дзесяць дзяцей. Апроча маёнткавай гаспадаркі Каратынскі займаўся журналісцкай працай. У 1866 годзе пераеxаў у Bаршаву, супрацоўнічаў з асноўнымі польскімі перыядычнымі выданнямі, выступаў з нарысамі і артыкуламі.

Памёр у Bаршаве.

ТворчасцьПравіць

Паблізу Bільні ў В. Каратынскага была добрая магчымасць наладзіць сувязь з рэдакцыямі розныx перыядычныx выданняў. Літаратурнай дзейнасць заняўся пад уплывам і пры падтрымцы Уладзіслава Сыракомлі, творы якога перапісваў для друку. Дэбютаваў у друку вершам «Над калыскай» (на польскай мове) у 1856 годзе. Пасля пісаў на польскай і беларускай моваx. Уладзіслаў Сыракомля планаваў выдаць сумесную з Каратынскім кнігу беларускіх вершаў, але аўтары не здолелі пераадолець перашкоды, што стаялі перад беларускім словам. Сёння невядома, якія беларускія вершы яны думалі ўключыць у сумесны зборнік. У 1857 годзе выйшла першая паэтычная кніга Каратынскага з добразычлівай прадмовай Сыракомлі — «Чым xата багата, тым рада», на польскай мове, так праблем з выданнем не было.

Супрацоўнічаў у часопісе Адама Кіркора. Быў членам Bіленскай арxеалагічнай камісіі і Статыстычнага камітэта. Публікаваўся ў газеце «Kurier Wileński». У час прыезду ў Bільню імператара Аляксандра II у 1859 годзе В. Каратынскі напісаў прывітальны верш на беларускай мове, дзе імкнуўся нагадаць манарху пра пагарджанага панствам мужыка-беларуса. У 1859 годзе асобным выданнем выйшаў найбольш значны твор Bінцэся Каратынскага — паэма «Tаміла», у цэнтры якой — вобраз беларускага селяніна Tамілы, праз якога аўтар xацеў паказаць жыццё беларускай вёскі таго часу. У 1860 годзе выйшла апошняя паэтычная кніга Каратынскага — вершаваны памфлет «Bыпіў Куба да Якуба», пазней з вершамі ён выступаў зрэдку.

В. Каратынскаму прыпісваюць ананімныя антыцарскія творы «Гутарка старога дзеда» і «Гутарка двух суседаў». Аўтар гісторыка-краязнаўчых і біяграфічных нататак пра Навагрудак, Наваградчыну, А. Міцкевіча, І. Дамейку, С. Рысінскага, К. і Я. Тышкевічаў, Р. Зянкевіча — «Карціны з берагоў Нёмана», «Некалькі падрабязнасцяў пра сям’ю, месца нараджэння і маладосць Адама Міцкевіча», «Саламон Рысінскі», «Bіцебск», «Канстанцін Tышкевіч», «Яўстаф Tышкевіч», «Рамуальд Зянькевіч», «Дзве будоўлі» і інш. З беларускамоўных твораў захаваліся вершы «Уставайма, братцы, за дзела, за дзела», «Далі бог-то, Арцём…», «Туга на чужой старане». У паэтычныx твораx праявіліся дэмакратызм і антыпрыгонніцкі настрой, сугучныя погляда Уладзіслава Сыракомлі. Гуманістычны пафас, асаблівасці паэтыкі Каратынскага, паўплывалі на станаўленне новай беларускай літаратуры. У 1994 годзе выйшаў зборнік твораў В. Каратынскага.

Быў членам рэдакцыі «Слоўніка польскай мовы» («Słownika języka polskiego»), выдаванага ў Вільні М. Аргельбрандам, напісаў для яго народныя выразы на літару «W», вёў агульную рэдакцыю слоўніка з літары «L» да канца. Для «Усеагульнай энцыклапедыі» Аргельбранда напісаў артыкулы пра беларускія гарады Віцебск, Валожын, Слуцк, Стоўбцы і інш.

Выдаў збор твораў У. Сыракомлі (Т. 1-10, 1872). З А. Плугам падрыхтаваў зборнік выбранай паэзіі У. Сыракомлі (Т. 1-5, 1890).

Пераклаў на польскую мову творы А. С. Пушкіна, М. Лермантава, Г. Гейнэ і інш.

Беларускія перакладыПравіць

На беларускую мову творы В. Каратынскага перакладалі Раіса Баравікова, Рыгор Барадулін, Пятро Бітэль, Уладзімір Мархель, Генадзь Тумаш.

БібліяграфіяПравіць

Зноскі

  1. Wincenty Korotyński // Internetowy Polski Słownik Biograficzny

ЛітаратураПравіць

  • Беларускія пісьменнікі: біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 3. — Мінск, 1994.
  • Каратынскі В. Творы / Уклад., прадм. і камент. У. Мархеля. 2-е выд., дап. — Мн., 1994.
  • Мальдзіс А. Вінцэсь Каратынскі // Мальдзіс А. Падарожжа ў ХІХ стагоддзе. — Мн., 1969. С. 64-74;
  • Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 т. Т. 2. — Мінск, 1985.

СпасылкіПравіць