Віцебская дыяцэзія
Ві́цебская дыяцэ́зія — каталіцкая дыяцэзія (епархія) у Беларусі. Створана загадам Яна Паўла II па просьбе кардынала Казіміра Свёнтка 13 кастрычніка 1999 года, уваходзіць у склад Мінска-Магілёўскай мітраполіі. Першым біскупам прызначаны Уладзіслаў Блін. Віцебская дыяцэзія супадае па межах з Віцебскай вобласцю. Да ўтварэння Віцебскай дыяцэзіі гэтая тэрыторыя ўваходзіла ў Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію. Віцебская дыяцэзія аб’ядноўвае Аршанскі, Браслаўскі, Віцебскі, Докшыцкі, Глыбоцкі, Лепельскі, Мёрскі, Полацкі і Пастаўскі дэканаты.
Віцебская дыяцэзія | |
---|---|
лац.: Dioecesis Vitebscensis | |
лацінскі абрад | |
Галоўны горад | Віцебск |
Краіна | Беларусь |
Дата заснавання | 1999 |
Кафедральны сабор | Кафедральны касцёл Ісуса Міласэрнага (Віцебск) |
Мітраполія | Мінска-Магілёўская |
Парафій | 94 |
Іерарх | Алег Буткевіч (з 2013) |
Плошча дыяцэзіі | 40.100 км² |
Насельніцтва дыяцэзіі | 1.448.000 чал. |
Колькасць каталікоў | 170.000 |
Доля каталікоў | 11.7 % |
Афіцыйны сайт | catholicvitebsk.by |
Карта | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіць13 мая 2000 года у віцебскім кафедральным касцёле св. Барбары адбыліся першыя з моманту стварэння Віцебскай дыяцэзіі прэзбітарскія пасвячэнні, якія атрымалі пяцёра дыяканаў — Марат Казлоўскі, Вячаслаў Барок, Ян Пугачоў, Валянцін Станкевіч і Алег Буткевіч, будучы ардынарый Віцебскай дыяцэзіі. На святой Імшы з гэтай нагоды прысутнічаў і Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Дамінік Грушоўскі.
У 2004 годзе заснаваныя дыяцэзіяльныя структуры, створаны дыяцэзіяльная курыя Віцебскай капітулы, дыяцэзіяльны суд.
У 2001 годзе біскуп Уладзіслаў Блін здзейсніў першую кананічную візітацыю парафій у новастворанай Віцебскай дыяцэзіі. Наступныя візітацыі праходзілі ў 2006—2007 гадах і 2010—2012 гадах.
У 2004 годзе ў дыяцэзіі налічалася 83 парафіі ў дзевяці дэканатах. Сваё пастырскае служэнне няслі 93 святары і 75 законных сясцёр; у дыяцэзіяльных і законных семінарыях вучылася 42 клерыка.
На 2019 год у Віцебскай дыяцэзіі налічваецца 94 парафіі ў 11 дэканатах, у якіх служэнне нясуць 51 дыяцэзіяльны і 37 законных святароў і 1 дыякан, а таксама 47 законных сясцёр і 2 законныя браты; у дыяцэзіяльных семінарыях навучаецца 3 клерыкі. Колькасць вернікаў Віцебскай дыяцэзіі складае прыкладна 170 тысяч чалавек.
Біскупы
правіць- Уладзіслаў Блін (да 25.02.2013)
- (адміністратар — прэлат Францішак Кісель) (з 25.02.2013)
- Алег Буткевіч (з 29.11.2013)