Віцебская ратуша

Віцебская ратушабудынак другой паловы XVIII ст. ў стылі віленскага барока і класіцызму, сімвал самастойнасці і заможнасці Віцебска.

Славутасць
Віцебская гарадская ратуша
Віцебская ратуша, 2005 год
Віцебская ратуша, 2005 год
55°11′46″ пн. ш. 30°12′22″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Віцебск
Тып будынка Ратуша
Архітэктурны стыль віленскае барока і класіцызм
Будаўніцтва 1775
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000051шыфр 212Г000051
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць

Па атрыманні Віцебскам Магдэбургскага права ў 1597 на тэрыторыі Узгорскага пасаду пачалося ўзвядзенне першай драўлянай ратушы. Аднак за ўдзел гараджан у паўстанні (1623)[1] 22 студзеня 1624[2] Віцебск пазбавілі Магдэбургскага права, а будынак ратушы разабралі. Па вяртанні гарадскіх правоў у 1644 ратушу адбудавалі. Выява гэтага будынка змяшчаецца на «Чарцяжы горада Віцебска» (1664) часоў маскоўскай акупацыі.

 
Ратуша з «Чарцяжа...», 1664

Драўляная ратуша неаднаразова знішчалася пажарамі (1708, 1733, 1752). Пасля апошняга з іх пачалося ўзвядзенне мураванага будынка ў стылі віленскага барока, які скончылі ў 1775.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у будынку ратушы размяшчаліся паліцыя, суд, 2-і дэпартамент, гаўптвахта, пажарны двор. У 1833 улады Расійскай імперыі замянілі высокі шатровы дах вежы на назіральную пляцоўку з невялікай ратондай, адначасна на ёй усталявалі гадзіннік. У 18731875 адбылося змяненне ўнутранай планіроўкі будынка ў сувязі з пераездам сюды гарадской думы і паліцэйскай управы.

У 1911 на асноўны аб'ём ратушы надбудавалі трэці паверх (арх. Ціхан Васілевіч Кібардзін), у выніку чаго закрыўся ніжні ярус вежы і парушыліся прапорцыі[3]. У 1984 у будынку праводзіліся рамонтныя працы, зорка на шпілі заменена на вятрак у форме карабля. У выніку праведзеных у гэты час археалагічных даследаванняў на тэрыторыі ратушы выявілі экзэмпляры каляровай кафлі, посуду, курыльныя люлькі, фрагмент пішчалі, мініяцюрную гармату-салютаўку (XVII ст.), выстралам якой суправаджаліся гарадскія ўрачыстасці[4]. У 2005 годзе вежа была адкрыта ад пазнейшых надбудоў на ўзроўні трэцяга паверха. У наш час у будынку ратушы размяшчаецца Віцебскі абласны краязнаўчы музей.

Архітэктура

правіць

Першы драўляны будынак ратушы быў закладзены на тэрыторыі Узгорскага пасаду Віцебска перад рыначнай плошчай і выконваў ролю грамадскага цэнтра гандлёва-рамеснага горада. Драўляныя гандлёвыя крамы і гасцінны двор акольвалі рынак і далучаліся да ратушы, галоўны фасад якой быў зарыентаваны ў бок рынка. Драўляны аб’ём ратушы меў мураваны падмурак, якія быў выяўлены ў выніку археалагічных раскопак.[5]. Найбольш ранняя выява ратушы вядома па «Чарцяжы места Віцебска 1664 г.» Гэта двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак, пакрыты чатырохсхільным дахам і завершаны васьміграннай назіральнай вежай з купалам і шпілем[6].

 
Краявід Ратушнай плошчы на акварэлі Ю. Пешкі

Новая мураваная ратуша раздзяліла былую рыначнай плошчу на дзве паловы, у бок якіх былі звернуты адпаведна пярэдні і задні фасады. З боку тыльнага фасада цягам канца XVIII — першай паловы XIX стст. былі дабудаваны двухпавярховыя жылыя дамы з крамамі на першым паверсе.

Стыль віленскага барока праявіўся найперш у аздабленні вежы ратушы, у той час як яго агульная кампазіцыя адпавядае прынцыпам класіцызму.

Герб Беларусі на будынку выкананы ў 1997 годзе скульптарам В. Магучым[7].

Археалагічнае даследаванне

правіць

Даследаванні на тэрыторыі ратушы праводзіла ў сярэдзіне 1980-х гадоў В. М. Ляўко, архітэктурна-археалагічныя назіранні ў ходзе рамонтных работ помніка — І. М. Чарняўскі і І. А. Цішкін. У падвале ратушы XVIII ст. выяўлены рэшткі муроўкі 2-й паловы XVII ст., якая, верагодна, з'яўляецца фрагментам галоўнага фасада будынка, паказанага на «Чарцяжы...». У муроўцы выкарыстана цэгла-пальчатка памерам 28,5—29х13,5—14,5х5—5,5 см, а таксама невялікія камяні. Ёсць падставы меркаваць, што мураванымі ў будынку былі сцены паўпадвала і 1-га паверха. На фрагменце фасада помніка XVII ст. захаваліся аконныя праёмы паўпадвала шырынёй 0,98 і 0,85 м, аконны (1,03 м) і дзвярны (0,7 м) праёмы 1-га паверха; дзвярны праём шырынёй 1,25 м вёў у памяшканне паўпадвала. Верхні абрэз аконных праёмаў паўпадвала знаходзіўся на вышыні 1,5—1,7 м ад паверхні брукоўкі гандлёвай плошчы. Каля ратушы знойдзены абломкі і цэлыя экзэмпляры зялёнапаліванай кафлі, з якой маглі быць выкладзены печы будынка. У XVIII ст. яны аблямоўваліся «галандскай» кафляй з выявамі расліннага характару ў складанай геаметрычнай рамцы. У малюнку кафлі выкарыстаны ультрамарынавы, зялёны і карычневы колеры[8][9].

Зноскі

  1. Ігар Чарняўскі. Віцебская ратуша // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. С. 326.
  2. Тамара Чарняўская, Ігар Чарняўскі. Віцебская ратуша // к // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5. С. 121.
  3. Тамара Чарняўская, Ігар Чарняўскі. Віцебская ратуша // к // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5. С. 122.
  4. Ігар Чарняўскі. Віцебская ратуша // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. С. 327.
  5. Чарняўскі, І., Цішкін, І. Віцебская ратуша. — С. 19
  6. Трусаў, А. А. Музеефікацыя беларускіх ратуш / А. А. Трусаў // 90 год Віцебскаму абласному краязнаўчаму музею: Матэр. навук. канф., Віцебск, 30—31 кастрычніка 2008 г. / Упраўленне культуры Віцебскага аблвыканкома, УК «Віцебскі абласны краязнаўчы музей»; [Рэдкал.: Г. У. Савіцкі і інш.]. — Мн.: Медысонт, 2009. — 424 с. — С. 10. — ISBN 978-985-6887-40-9.
  7. Л. Ф. Салавей. Мінскае мастацкае прадпрыемства «Скульптурны камбінат» // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).
  8. Чарняўскі, І. М. Віцебская ратуша // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Беларуская энцыклапедыя; [Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш.]. — Мн.: БелЭн, 1993. — С. 132. — 702 с.: іл., каляр. іл. — ISBN 5-85700-077-7.
  9. Віцебская ратуша // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя. У 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — Т. 1: А―К. — 496 с. — ISBN 978-985-11-0354-2.

Літаратура

правіць
  • Чарняўскі, І., Цішкін, І. Віцебская ратуша // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі — 2/1987
  • Гісторыка-дакументальная хроніка горада Віцебска: У 2-х кн. Кн. 2-я / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2003. — стор. 465-470. — 680 стор. — 5000 прим. — ISBN 985-11-0257-1
  • Витебск: Энциклопедический справочник / Гл. редактор И. П. Шамякин. — Мн.: БелСЭ им. П. Бровки, 1988. — 408 стор. — 60 000 прим. (руск.)

Спасылкі

правіць