Вішчынскі замак
Вішчынскі замак — колішні раннефеадальны замак XII-XIII стст. каля в. Вішчын (Рагачоўскі раён), на тэрыторыі якога выяўлены адзін з найбольш выдатных па мастацкай каштоўнасці манетна-рэчавых скарбаў[1].
Апісанне
правіцьВішчынскі замак займае плошчу 0,63 га і размешчаны на высокай правабярэжнай тэрасе Дняпра, чый круты абрыў абараняў замак з боку ракі. Акрамя таго ўмацаваны трыма паралельнымі паўкруглымі валамі і равамі вышынёй да 3 м[2].
Гісторыя
правіцьВішчынскі замак узнік у сярэдзіне XII ст. Матэрыялы раскопак сведчаць аб развіцці сельскай гаспадаркі, палявання, апрацоўцы металу і дрэва. Найбольш поўна матэрыялы раскопак адлюстроўваюць ювелірную справу.
Раскопкі
правіцьПадчас раскопак, якія праводзіліся доктарам гістарычных навук Э. М. Загарульскім у 1976—1984 гг., была вывучана значная плошча помніка. На вяршыні ўнутранага вала знойдзены абгарэлыя рэшткі драўлянай сцяны і 6 драўляных аднакамерных пабудоў, якія размяшчаліся ўздоўж вала на адлегласці 10-15 м адзін ад другога. Выяўлены два зрубавыя жылыя дамы з драўлянымі падлогамі і разваламі пячэй, майстэрня ювеліра і свіран. На месцы былой майстэрні ювеліра знойдзены льячка, запоўненая бронзай, матрыцы для вырабу падвесак, бляшак, колтаў, свінцовых пласцін, якія выкарыстоўваліся для вырабу эмалей. Шэраг ювелірных вырабаў, як бранзалеты, пярсцёнкі, бразготкі, крыжы-цельнікі, прывескі, знойдзены па-за межамі майстэрні.
Падчас раскопак на валу сярод камянёў выяўлены манетна-рэчавы скарб мяжы XII-XIII стст., які, відавочна, быў схаваны ў апошнія гадзіны існавання замка. Былі адкапаны высокамастацкія срэбраныя вырабы, сярод якіх колты, пласціначны і кручаны бранзалеты, крыжападобныя прывескі, пацеркі, ланцужкі, і 18 плацёжных грывень розных тыпаў. Два колты і прывескі пазалочаны. Рэчы маюць дакладныя аналагі ў скарбах, зарытых падчас татара-мангольскага нашэсця і датуюцца другой паловай ХІІ — першай трэццю ХІІІ стст. Знаходка свінцовай пячаткі Мсціслава Расціславіча Храбрага сведчыць пра сувязь замка з дынастыяй смаленскіх князёў.
Гл. таксама
правіцьЗноскі
Літаратура
правіць- Загорульский Э.М. Исследования Вищинского замка // Древнерусское государство и славяне. Мн., 1983. С. 86-90.
- Вішчын (гарадзішча) // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 4. С. 242.
Спасылкі
правіць- Сельская абшчына і вёска ў IX—XIII стст.
- Вішчынскі замак на сайце «Архіварта»