Васіль Цяпінскі

вялікалітоўскі гуманіст-асветнік, пісьменнік, кнігавыдавец, перакладчык
(Пасля перасылкі з В. Цяпінскі)

Васіль Мікалаевіч Цяпінскі-Амельяновіч (1530-1540-я, Цяпіна, Полацкае ваяводства, цяпер Чашніцкі раён — 1603) — гуманіст-асветнік, пісьменнік, кнігавыдавец, перакладчык.

Васіль Цяпінскі
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння каля 1540
Месца нараджэння
Дата смерці 1604
Месца смерці
Грамадзянства
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці перакладчык, пісьменнік, друкар, перакладчык Бібліі, гуманіст, выдавец
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Паходжанне

правіць

Цяпінскія вядомыя ў актах Вялікага княства Літоўскага з XVI ст. як «кроўнародасныя» (блізка пародненыя) са Слушкамі. Слушкі былі ўплывовым родам у 2-й палове XVI—XVII стст., займалі важныя дзяржаўныя ўрады, удзельнічалі ў соймах і ўсіх вялікіх войнах. Паводле некаторых пазнейшых гербоўнікаў, якія часта пры апісанні каранёў арыстакратычных родаў трымаліся легендарных версій, Слушкі атрымалі шляхецтва пры вялікім князю Вітаўце разам з маёнткамі. Актамі гэта не пацверджана, але пэўныя сведчанні пра гэта ёсць. У 1547 годзе спадчынныя дакументы кіеўскага гараднічага Івана Грыгор’евіча Слушкі загінулі падчас пажару ў Мінску. Па хадайніцтве Слушкі Канцылярыя выдала яму пацвярджэнне на спадчынныя маёнткі. У акце пацвярджэння ўпершыню, з вядомых цяпер крыніц, згадана Цяпіна. Кіеўскі гараднічы паведаміў пра сваё права на Цяпіна: «Напервей што ему от брата его рожоного Павла Григоревича Служчича досталос(ь) на ровном делу именье их отчизное и дедизное на имя Тяпино» і на тое маюцца лісты і «твердасці» Вітаўта і іншых вялікіх князёў літоўскіх. Невядома хто быў яго першым ўладальнікам, сам Слушка згадвае пра правы на Цяпіна толькі свайго бацькі Грыгорыя і дзеда — «именье отчизное и дедизное». Такім чынам, гэтыя звесткі кажуць пра рэальных заснавальнікаў родаў Слушак і Цяпінскіх. Грыгорый Слушка — бацька кіеўскага гараднічага. Імя дзеда выяўляецца па іншых крыніцах. У судовым акце ад 14 чэрвеня 1514 года згаданы ліст, засведчаны слугамі навагародскага ваяводы, у тым ліку Грыгорыем Амельянавічам Слушкам. Амельян, імаверна, належаў да баярскага службовага стану, бо валодаў зямельнай маёмасцю. З нашчадкаў двух яго сыноў адзіны род Слушак раздзяліўся на два роднасных — Слушак (ад Грыгорыя) і Цяпінскіх (ад Івана). Імя агульнага пачынальніка роду працяглы час заставалася ў поўных родавых прозвішчах Слушак і Цяпінскіх. Нават судовы акт ад 28 ліпеня 1604 года называе аднаго з сыноў Васіля Цяпінскага, зямяніна Полацкага ваяводства — Цяпінскім-Амельяновічам.

Сыны Івана Амельянавіча, «рожоныя» (родныя) браты Мікалай (бацька Васіля) і Мацей Цяпінскія, упершыню названыя ў Попісе 1528 года. У беларускай гістарыяграфіяй гэтая згадка была не заўважана, магчыма, недагляд тлумачыцца запісам іх без прозвішча Цяпінскія. Попісы (перапісы шляхецкага паспалітага рушэння Вялікага княства Літоўскага) праводзілі нерэгулярна, звычайна, падчас збору войска для ваенных дзеянняў або пры пагрозе вайны, і змяшчалі агульныя звесткі пра сацыяльны і маёмасны стан шляхты і колькасці выстаўляных ёю «коней» (узброеных вершнікаў), пастановы вольных соймаў вызначылі адпаведныя нормы — 1 «конь» з 8 сялянскіх службаў у 1528 годзе, з 10 службаў ў 1567 годзе.

Біяграфія

правіць

Нарадзіўся ў сям’і баярына гаспадарскага Полацкага павета Мікалая Амельяновіча. Імя Васіля Цяпінскага разам з братамі Жданам і Іванам-Войнай ўпершыню згадана ў крыніцах 1560-х гадоў (тастамент маці 1563 года, працэс 1564 года з Юрыем Осцікавічам, які напаў на маёнтак Цяпінскіх — Свіраны). Жыццё Васіля Цяпінскага амаль не асветлена крыніцамі. Год нараджэння невядомы. Традыцыйна (без значнага абгрунтавання) лічыцца, што ён нарадзіўся недзе ў 1540-х гадах. Датаваны 1578 годам партрэт Цяпінскага выклікае сумненні датычна свайго паходжання. Няма звестак пра вучобу Васіля Цяпінскага ў замежных універсітэтах. Паводле дакументаў, у канцы 1550-х — пачатку 1560-х гадоў бацькі Васіля Цяпінскага былі вельмі сталага ўзросту (тастамент маці напісаны ў 1563 годзе, бацька памёр раней). Таму можна даследчыкі дапускаюць, што Васіль Цяпінскі нарадзіўся ў 1530-я — пачатку 1540-х гадоў. У 1550-х гадах ён самастойна ўдзельнічаў у судовых працэсах і не быў малодшым сынам падчас складання тастаменту маці. У тастаменце названы яшчэ два сыны Матроны Мікалаеўны — Ждан і Іван Война, якому на пачатку 1560-х гадоў яшчэ трэба было апякунства, а таксама даволі дарослая ўнучка Марына.

Жонка Васіля Цяпінскага — Соф’я Данілаўна, паходзіла з княжацкага роду Жыжэмскіх. Васіль Цяпінскі меў родавы маёнтак Цяпіна (каля Лепеля), спадчынныя і набытыя ўладанні ў Менскім, Лідскім, Ашмянскім, Віленскім паветах.

У 1567 годзе служыў таварышам коннай роты аршанскага старосты Філона Кміты-Чарнабыльскага. Браў удзел у Інфлянцкай вайне 1558—1563 гадоў. Служыў падканцлеру літоўскаму Астафію Валовічу, апекуну рэфармацыйнага руху, які падтрымліваў кнігавыдавецкую і асветніцкую дзейнасць у ВКЛ. Некаторыя даследчыкі лічаць, што ў пачатку 1570-х гадоў Васіль Цяпінскі жыў на Валыні.

У канцы жыцця Цяпінскі, відаць, не захаваў за сабой усіх маёнткаў, бо ў студзені 1604 года полацкі гродскі суд разглядаў справу паміж ягонымі сынамі і жонкай пра падзел толькі Цяпіна. Астатнія маёнткі, магчыма, былі прададзеныя ім на пакрыццё выдаткаў, звязаных з кнігадрукаваннем.

У актавай кнізе менскага гродскага суда за 1600 год (захоўваецца у Цэнтральным гістарычным архіве) знойдзена скарга баяраў Полацкага павета Канстанціна і Абрама Цяпінскіх на зямяніна К. Гурына з маёнтка Юнцаўскі за напад і збіццё іх у стадоле маёнтка Крайскі.

«…по справе своей, которую мети маем за позвы гродскими… перед судом… з земяны господарскими воеводства Полоцкого с паном Иваном и Василием Матеевичами Тяпинскими о забите через них отцу нашого пана Василя Цяпинского..»

Такім чынам, запіс паведамляе пра забойства Васіля Цяпінскага яго стрыечнымі братамі ў 1599 або ў пачатку 1600 года, матывы невядомыя, магчыма, так скончылася даўняя варожасць Васіля і яго дзядзькі Мацея Цяпінскага, пра якую згадвае запіс у Метрыцы. Пра шматлікіх нядобразычліўцаў і ворагаў Цяпінскі піша ў сваёй прадмове да Евангелля.

Дзейнасць

правіць

Васіль Цяпінскі працягваў гуманістычныя і культурна-асветніцкія традыцыі Францыска Скарыны, быў асабіста і ідэйна звязаны з Сымонам Будным, падзяляў яго грамадска-палітычныя і рэлігійныя погляды. Як і Сымон Будны, прыйшоў ад кальвінізму да антытрынітарызму. У кнізе «Пра найважнейшыя артыкулы хрысціянскай веры» Сымон Будны паведамляў, што ў 1574 годзе у доме «брата мілага Васіля Цяпінскага» адбыўся сінод антытрынітарыяў. У другой сваёй кнізе ён пісаў пра сінод 1578 года, на якім Цяпінскі адстойваў пазіцыю, што валодаць маёнткамі і зямлёй, а таксама ўдзельнічаць у справядлівых войнах супраць нашэсцяў і пагрозы тыраніі — не грэх і не супярэчыць Бібліі, як даводзілі крайне левыя антытрынітарыі. Такія погляды Цяпінскага супадалі з поглядамі шляхецкага крыла пратэстанцкага руху.

У 1570-я гады Васіль Цяпінскі на свае сродкі арганізаваў друкарню (якая знаходзілася, відаць, у Цяпіне) з намерам выдаваць кнігі на старабеларускай мове. У яго была добрая бібліятэка, неабходная для выдавецкай дзейнасці. Наважыўшыся надрукаваць Евангелле на дзвюх мовах — царкоўнаславянскай і старабеларускай — Цяпінскі распачаў цяжкую і складаную па тым часе работу па яе перакладзе. Зараз вядома толькі адно яго выданне Евангелле, якое выйшла каля 1570 года і змяшчае Евангеллі ад Матфея, Марка і часткова ад Лукі (захоўваецца ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу). Гэта частка выдання выяўлена ў XIX стагоддзе ў рукапісным зборніку, куды былі ўплецены 62 друкаваныя аркушы Евангелля Васіля Цяпінскага. Кніга мае арыгінальную будову: тэкст надрукаваны ў два слупкі (на царкоўнаславянскай і старабеларускай мовах) са шматлікімі спасылкамі на літаратурныя крыніцы. Прадмова да гэтага выдання на 6 аркушах напісана ім жа. Пры перакладзе Евангелля на старабеларускую мову Васіль Цяпінскі абапіраўся на стараславянскія пераклады Бібліі асветнікамі Кірылам і Мяфодзіем. Выданне ўпрыгожана наборным арнаментам. Прадмова да «Евангелля» адрозніваецца ад іншых прадмоў у старадруках публіцыстычнай страснасцю, вастрынёй пастаўленых пытанняў. Васіль Цяпінскі асуджае царкоўную і свецкую знаць, якая абыякава ставіцца да будучыні Айчыны.

Уся перакладчыцкая і друкарская дзейнасць вялася ім з патрыятычных пачуццяў да Радзімы. Пра сваё высокае прызначэнне служыць народу Васіль Цяпінскі пісаў у рукапіснай прадмове да Евангелля. Ён высока цаніў свой «зацный, славный, острий, довстипный» народ, да якога адносіў і сябе. Занепакоены заняпадам нацыянальнай культуры і асветы, духоўнасці існуючага грамадства, ён звязваў яго з агульным заняпадам навукі і маралі, заклікаў паноў і духавенства дапамагчы паспалітаму люду, адкрыць школы і ўзняць навуку «занедбаную». Васіль Цяпінскі імкнуўся даказаць вялікую карысць чытання Евангелля на роднай мове як «сумы закону божиего», якое дае магчымасць лепш разумець рэлігію. Такім чынам асветніцкая праграма Васіля Цяпінскага была разлічана на ўздым нацыянальнай культуры, школьнай справы, пісьменства, кнігадрукавання, умацаванне пазіцый старабеларускай мовы, абуджэнне грамадзянскай актыўнасці народа, яго гістарычнай і нацыянальнай свядомасці. У яго творчасці прысутнічаюць выразныя дэмакратычныя тэндэнцыі.

Яго падыход да рэлігіі быў рацыяналістычны, талерантны. Рэлігійную адукацыю ён звязваў з асветай наогул. Евангелле адрасаваў і дарослым, і дзецям, і кальвіністам, і праваслаўным, і ўсім, хто хоча чытаць гэту частку Бібліі. У сваёй прадмове да Евангелля Цяпінскі пісаў, што з-за цяжкага матэрыяльнага становішча процідзеяння непрыяцеляў, якія здзекаваліся з яго шчырага імкнення надрукаваць кнігу, яму давялося выпусціць толькі пісанні святых Матфея, Марка і пачатак з Евангелля Лукі. Выданнем Евангелля Васіль Цяпінскі ставіў за мэту не толькі спрыяць рэлігійнаму выхаванню, але ўзняць асвету і нацыянальную самасвядомасць народа. Асноўную прычыну цяжкага становішча і заняпаду сваёй айчыны ён бачыў у афіцыйнай палітыцы паланізацыі і акаталічвання, у падтрымцы гэтай палітыкі мясцовымі феадаламі, якія не толькі не дапамагалі народу развіваць сваю культуру, але і самі адракліся ад таго, што калісьці было зроблена іх «фалебными предками», саромеюцца свайго паходжання і мовы. Таму, паводле Цяпінскага, «за такою неволею» замест «мудрости и цвичения» «оплаканая неумеетность пришла, же вжо некоторые и писмо се своим… встыдают». Даўно наспелай справай ён лічыў адкрыццё школ, у якіх выкладанне вялося б не на лацінскай ці польскай, а на русінскай мове, дастаткова багатай для выкарыстання яе ў навучальных установах. Такія школы і вывучаемыя ў іх прадметы, на яго думку, павінны адпавядаць усебаковаму развіццю адукацыі на роднай мове і, значыць, усебаковаму развіццю чалавека «для лепшого розсудку», каб у іх «детки смыслы свои неяко готовали, острили и в вере прицвичали». У сваім выданні Евангелля Васіль Цяпінскі змясціў 210 глос (слоў-перакладаў), якія тлумачылі на палях кнігі незразумелыя ці малазразумелыя словы.

У 1560—1570-я гады ў Вялікім Княстве Літоўскім было цяжкае становішча. Не скончылася яшчэ Інфлянцкая вайна, няпростымі былі адносіны паміж Польшчай і Вялікім княствам Літоўскім у новым дзяржаўным фарміраванні — Рэчы Паспалітай. Люблінская унія 1569 года закранула дзяржаўныя інтарэсы Вялікага княства Літоўскага, у склад Кароны былі інкарпараваны былыя яго землі — Валынь, Кіеўскае ваяводства, Падляшша. Умацаваліся пазіцыі каталіцкай царквы, відавочнымі сталі першыя поспехі езуіцкага ордэна. У асяроддзі прывілеяваных пластоў грамадства, князёў, паноў і магнатаў, высокіх дзяржаўных ураднікаў Вялікага Княства Літоўскага сталі развівацца не столькі паланафільскія, колькі паланізацыйныя тэндэнцыі. Усё часцей у бытавым і грамадскім жыцці мясцовай знаці старабеларуская мова саступала сваё месца польскай, а часткова і лацінскай мовам, пашыралася рэлігійная канверсія (пераход шляхты ў каталіцызм), у крызісным становішчы апынулася праваслаўная царква. Пад уплывам новых дзяржаўна-палітычных умоў і ўнутраных супярэчнасцяў пачаўся імклівы адыход ад Рэфармацыі найбольш знатных і ўплывовых родаў. Гэтыя працэсы па-рознаму адбіваліся на духоўным жыцці народа, але ў цэлым яны вялі да выразнага духоўнага і культурнага размежавання пануючых пластоў Вялікага княства Літоўскага з простым, паспалітым, людам, значнай часткай гарадскога насельніцтва, дробнай шляхты, сялянамі. На былое сацыяльнае адасабленне напластоўвалася і чужая мова, звычаі і традыцыі, чужая канфесія. Агульнае пагаршэнне становішча, паборы і іншыя беды ваеннага часу ў свядомасці паспалітага люду нярэдка звязваліся з узмацненнем польскіх уплываў, а польскамоўная каталіцкая мясцовая шляхта і магнаты нярэдка атаясняліся з «ляхамі». Некаторыя асветнікі-рэфарматары ў Вялікім Княстве Літоўскім, у тым ліку прыроджаныя палякі, з гуманістычных пазіцый выказваліся за пашырэнне і рэфармаванне занядбанай школьнай справы, высока ацэньвалі прыгажосць і духоўныя магчымасці старабеларускай і царкоўнаславянскай моў, выказваліся за мірнае сужыццё розных, пагатоў суседніх народаў.

Прыкметы неадназначных палітычных, духоўных і культурна-моўных працэсаў усведамлялі Васіль Цяпінскі, Сымон Будны і іх паплечнікі. Мяркуюць, што ў 1562 годзе Васіль Цяпінскі надрукаваў у Нясвіжы 2 творы Сымона Буднага: «Катэхізіс» і «Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам». Але толькі ў творчасці самога Цяпінскага асветніцкія і духоўныя тэндэнцыі знайшлі найбольш моцнае і ўзвышанае ўвасабленне, сталі асноўнай духоўнай справай яго жыцця і дзейнасці. Цяпінскі, мабыць, не вучыўся ў замежных універсітэтах, бо ўсё папярэдняе жыццё яго было павязана з вайсковымі, грамадскімі і складанымі хатнімі абавязкамі, ды і каштавалі замежныя падарожжы нямала. Але ж пераклады Бібліі былі пад сілу толькі людзям вельмі адукаваным, таленавітым, са значнымі гістарычнымі, лінгвістычнымі, тэалагічнымі, літаратурнымі ведамі. Безумоўна, пашырэнню яго інтарэсаў, кругагляду, грамадскай і духоўнай актыўнасці, зацікаўленасці біблейскімі перакладамі спрыяла сяброўства з Сымонам Будным і яго паплечнікамі, удзел у рэфармацыйным руху, знаёмства з дзейнасцю Францыска Скарыны і нясвіжскай друкарні.

У Супрасльскім зборніку XVI ст. перад прадмовай да Евангелля Цяпінскага, змешчаны «Катэхизисъ, або Соума Науки детей въ Христе Исусе», магчыма, тэкст падрыхтаваны Цяпінскім.

Прадмовы

правіць

«Обычиване речей жалосных гвалтом слова до уст гонит». Уражвае шчырасць гэтай прадмовы, яе эмацыянальнасць, мастацтва, з якім Цяпінскі ў невялікім адносна творы сціплымі словамі акрэслівае духоўны заняпад грамадства, асабліва яго пастыраў, занядбанне боскіх запаведзяў, пагоню за матэрыяльнымі здабыткамі, пашырэнне невуцтва, недастатковую развітасць школьнай і кніжнай справы, «трапенасць» і «заведзенасць» народу простага, беднага, паспалітага. Нават калі спісаць некаторыя з гэтых абвінавачанняў на палемічную завостранасць твора, рэфармацыйныя погляды аўтара, карціна атрымоўваецца надзвычай драматычная.

«3 убогое своее маетности». Для асветніцкіх і талерантных поглядаў Цяпінскага вельмі характэрным быў яго заклік да духоўных іерархаў і свецкіх вучоных асоб, выпускнікоў еўрапейскіх універсітэтаў, магістраў і дактароў навук, якія павінны б былі актыўна займацца школьнымі, кніжнымі і іншымі патрэбнымі рэчамі. На жаль, гэтыя яго чаканні не спраўдзіліся. Адчуваючы вострыя патрэбы Айчыны і свайго народа, ён вымушаны быў сам узяцца за гэту высакародную справу. Лепей сказаць яго ўласнымі словамі:

«И о тое маючи пана (бога) на помочи, не смысленым або красомовным выводом, не залецаными ани часу угажаючими словы, але яко сприязливый, простый и щирий правдиве, верне а отвористе з зычливости ку моей отчизне, — поневаж, которым бы то властней учинити пристоило митрополитове, владыки и нихто з учоных через так многий час не хотели…»

Па сціслых словах прадмовы бачна, як цяжка прыйшлося небагатаму шляхціцу Васілю Цяпінскаму ў ажыццяўленні складанай справы па перакладу евангельскіх кніг, наладжванні ўласнай друкарні, якія фінансавыя і іншыя перашкоды прыйшлося пераадольваць.

«3 убогое своее маетности народу моему услугую, на которой, и теж при ней и на именечку, хотя ж то было невеликое вжо для накладу, а злаща книг старих, давних на розных и неблизких месца[х] доставаючи, надто еще в минулые лета тяжкие дороги, дле друку и потреб, тому належачих, подымаючи, а праве все до того зачинаючи знову, ач вельмим стол[ь] предсе и должачисе»

Памяць

правіць

У 2000 годзе ва ўнутраным дворыку БДУ ўстаноўлена кампазіцыя «Дыспут: Цяпінскі і Будны» скульптара Ігара Голубева[1].

Крыніцы

правіць

Літаратура

правіць
  • Асветнікі зямлі беларускай, X — пачатак XX ст. Энц. даведнік. — Мн.: «Беларуская энцыклапедыя», 2001. — С. 154—156.
  • Бабкова В. Васіль Цяпінскі : новыя дакументы // Спадчына. — 1991. — № 3. — С. 15-19.
  • Клімаў І. П. Нарыс бібліяграфіі аб Васілю Цяпінскім // Здабыткі : дакументальныя помнікі на Беларусі / Нацыянальная бібліятэка Беларусі; [рэд. І. А. Прылішч, Т. І. Рошчына]. — Мн., 1995. — С. 60-114.
  • Коршунаў А. Ф. Васіль Цяпінскі // Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. — Мн., 1968.
  • Славутыя імёны бацькаўшчыны // Выпуск першы. — Мн.: Беларускі фонд культуры, 2000.
  • Чарняўскі Ф. Уводзіны ў генеалогію рода Служкаў-Амельяновічаў // Герольд LITHERLAND № 21, 2020. — С. 15-23.

Спасылкі

правіць