Габрыэ́ль Гру́бер (ням. Gabriel Gruber, 6 мая 1740, Вена — 26 сакавіка 1805, Санкт-Пецярбург[5]) — буйны дзяч каталіцкага касёла і Ордэна езуітаў, вучоны і педагог; генерал Таварыства Ісуса ў Расіі (1802—1805).

Габрыэль Грубер
ням.: Gabriel Gruber
Дата нараджэння 4 мая 1740(1740-05-04)[1][2]
Месца нараджэння
Дата смерці 7 красавіка 1805(1805-04-07) (64 гады) ці 26 сакавіка 1805(1805-03-26)[2] (64 гады)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці астраном, інжынер, архітэктар, багаслоў
Месца працы
Альма-матар
Навуковы кіраўнік Nikolaus Poda von Neuhaus[d][4]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Аўстрыя правіць

Габрыэль Грубер нарадзіўся ў Вене 6 мая 1740 г. (ёсць меркаванне, што гэта дзень хрышчэння, а датай яго нараджэння трэба лічыць 4 мая[6]) у сям'і збройніка. Ва ўзросце 15 гадоў уступіў у Таварыства Ісуса. Трое малодшых братоў Грубера паследавалі яго прыкладу і таксама сталі езуітамі. З 1757 па 1758 гг. вывучаў лацінскую і грэчаскую мовы ў Леабене, Аўстрыя. Потым у Грацы (1757 - 1760) займаўся філасофіяй, а ў Трнаве (1761 - 1762) - матэматыкай. Пад час вывучэння тэалогіі ў Грацы (1763-1767) быў высвечаны на ксяндза (1766).

Грубер быў высакакласным інжынерам, спецыялістам у галіне механікі і гідрадынамікі, разбіраўся ў архітэктуры, матэматыцы і навігацыі. У 1769 г. ён быў прызначаны прафесарам механікі і гідраўлікі ў Вышэйшай інжынернай школе ў Любляне. Некаторыя мадэлі караблёў яго работы можна ўбачыць у Марскім музеі горада Піран (Славенія). Пасля роспуску Ордэна езуітаў у 1773 г. папам Кліментам XIV Грубер стаў працаваць інжынерам пры двары аўстрыйскага імператара Іосіфа II. Па яго праекце быў пабудаваны Палац Грубера (зараз будынак Архіва Славеніі) у Любляне, які выкарыстоўваўся ім у якасці лабараторыі па вывучэнні механікі і гідраўлікі. Пад кіраўніцтвам прафесара быў створаны так званы Грубераў канал (ням.: Gruberkanal, славенск.: Gruberjev kanal).

Расійская імперыя правіць

У 1784 г. Грубер прыехаў у Беларусь, бо ў межах Расійскай імперыі (пераважна на тэрыторыі Беларусі) структуры Ордэна езуітаў, як і раней, працягвалі дзейнічаць са згоды ўладаў. Працаваў выкладчыкам механікі і архітэктуры (1784-1799) і эксперыментальнай фізікі (1799-1800) у Полацкім езуіцкім калегіуме. Яго высілкамі калегіум пашырыў сваю навуковую базу і ператварыўся ў буйны тэхнічны цэнтр. Створаныя ім альбо пад яго кіраўніцтвам машыны і механізмы не толькі актыўна выкарыстоўваліся ў навучальным працэсе, але таксама з поспехам дэманстраваліся гасцям полацкай альма-матэр. Адным з самых вядомых тварэнняў майстра была механічная галава. Згодна з апісаннямі, высока ў сцяне, амаль пад столлю, была ўсталявана галава старога з доўгімі сівым валасамі. Механічная канструкцыя з рухомымі дэталямі «размаўляла» на ўсіх распаўюджаных у той час мовах і адказвала на любыя пытанні наведвальнікаў: «Голова немедленно отвечала внятно, громко, логично, с полным знанием обстоятельств и обстановки спрашивавшего, так что тот приходил просто в ужас. Какова должна была быть вера в мудрость и почти сверхъестественную силу иезуитов, когда никому не приходило на мысль, что за стеною сидел опытный механик, приводивший в движение глаза и все лицо головы и отвечавший за нее. Все верили, никто не смел сомневаться, а если у кого и являлись подозрения, тот не смел и пикнуть»[7].

 
Праект рэканструкцыі Полацкай езуіцкай акадэміі, малюнак Г. Грубера

Грубер распрацаваў праект спецыяльнага музейнага будынка і актыўна ўключыўся ў стварэнне музею, адкрыццё якога адбылося ў 1788 г., калі быў дабудаваны новы трохпавярховы корпус калегіума. Таленавіты езуіт таксама прыклаў сваю руку да мастацкага афармлення інтэр’ераў музейнага корпуса калегіума. Сцены ў будынку былі распісаны яго фрэскамі, была абсталявана зала для заняткаў маляваннем, жывапісам і архітэктурай. Там жа знаходзілася вялікая колькасць кніг, малюнкаў і гравюр, былі прадстаўлены мадэлі ўсіх архітэктурных стыляў з узорамі кладкі і дахаў, мадэлі мастоў і мадэль карабля. Педагагічны і мастацкі талент Грубера зрабіў моцны ўплыў на творчае станаўленне медальера, скульптара, жывапісца, гравёра, аднаго з найбольш уплывовых дзеячаў рускага мастацтва ХІХ ст. графа Фёдара Пятровіча Талстога (1783—1873), у будучым віцэ-прэзідэнта Імператарскай Акадэміі мастацтваў. Нягледзячы на арыстакратычнае паходжанне і высокую пасаду бацькі, дзевяцігадовы Фёдар быў адпраўлены ў Полацкі езуіцкі калегіум, дзе пад кіраўніцтвам Грубера пачаў прафесійна займацца жывапісам.

Дзейнасць Грубера атрымала ўхваленне імператрыцы Кацярыны II і імператара Паўла I, які пазнаёміўся з Груберам у 1797 г. пад час наведвання Полацка. У чэрвені 1799 г. Грубер сустрэўся ў Санкт-Пецярбургу з імператарам, які запэўніў яго ў сваім намеры падтрымліваць Таварыства Ісуса, бачачы ў езуіцкім ордэне сродак барацьбы з уплывам Французскай рэвалюцыі. Грубер увайшоў у асаблівы давер да імператара, бо здолеў вылечыць яго жонку ад хранічных зубных боляў; давер да езуіта быў настолькі вялікім, што ён атрымаў права ўваходу да імператара без дакладу. У 1800 г. ён быў прызначаны настаяцелем касёла Св. Кацярыны ў Санкт-Пецярбургу і стаў рэктарам сталічнага езуіцкага калегіума. У кастрычніку 1800 г. Павел І выдаў указ, згодна якому езуіты атрымлівалі права кіраваць сістэмай адукацыі ў былых землях Вялікага Княства Літоўскага. Сам Грубер быў прызначаны асістэнтам генеральнага вікарыя Таварыства Ісуса ў Расійскай імперыі.

В чэрвені 1799 г. Грубер прадставіў Паўлу I просьбу, каб імператар звярнуўся да рымскага пантыфіка з нагоды фармальнага прызнання існавання Ордэна езуітаў у межах Расійскай імперыі. Як адзначаў Грубер, папскае прызнанне Таварыства Ісуса на тэрыторыі Расіі паспрыяла б прытоку былых членаў ордэна ў краіну, дзе яны былі б карысныя ў справе выхавання і адукацыі. Грубер заклікаў Паўла I стаць «адноўнікам і анёлам-захавальнікам Таварыства Ісуса». У жніўні 1800 г. Павел I накіраваў папу Пію VII ліст з просьбай прызнаць езуіцкі ордэн у Расіі. Адпаведнае папскае брэвэ (Catholicae fidei) было выдана 7 сакавіка 1801 г. У ім пантыфік прызнаваў кананічнасць езуіцкіх структур у Расіі і пагаджаўся на тое, каб генеральны вікарый Таварыства Ісуса ў Расіі і яго пераемнікі насілі тытул «Генерал ордэна ў Расіі». Пасля смерці Францішка Караў 22 кастрычніка 1802 г. генералам і быў абраны Грубер[8].

Пры імператары Аляксандры I прывілеі езуітаў былі зменшаны. Намаганнямі Грубера былі створаны езуіцкія місіі ў Саратаве (1803), Адэсе (1804) і Астрахані (1805), а таксама шматлікія місіянерскія пункты. Грубер падтрымліваў сувязі з многімі былымі членамі езуіцкага ордэна, запрашаючы іх для місіі ў Беларусь. Ён дамогся ад рымскага папы аднаўлення езуіцкіх структур у Неапалітанскім каралеўстве са статусам філіяла Таварыства Ісуса ў Санкт-Пецярбургу. Гады знаходжання Грубера ў Расіі адзначаюцца распаўсюджаннем каталіцкіх ідэй сярод рускай інтэлігенцыі. Габрыэль Грубер загінуў у ноч на 26 сакавіка (7 красавіка старога стылю) 1805 г. пад час пажару ў сваёй рэзідэнцыі. Яго пераемнікам на пасадзе Генерала ордэна стаў Тадэвуш Бжазоўскі. Трагічнае здарэнне адбылося літаральна за 2 тыдні да заключэння ў Пецярбургу антынапалеонаўскага саюза паміж Англіяй і Расіяй, таму яго гібель не ўсе лічылі «выпадковай».

Ушанаванне памяці Габрыэля Грубера ў Полацкім дзяржаўным універсітэце правіць

У 2014 г. ва ўнутраным дворыку адроджанага Полацкага калегіума адбылася цырымонія адкрыцця мемарыяльнай дошкі ў гонар Грубера. Пасля ўрачыстага мерапрыемства гасцям прапанавалі пакаштаваць гарачы шакалад, прыгатаваны згодна з рэцэптам Грубера. Частаванне гэтым напоем ужо паспела стаць добрай універсітэцкай традыцыяй у Полацку[9]. У 2015 г. атрымала новае жыццё знакамітая механічная галава. Выкарыстоўваючы сучасныя тэхналогіі і матэрыялы, выкладчыкі і супрацоўнікі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта[10] стварылі экспазіцыю "Рэканструкцыя праекта Габрыэля Грубера «Механічная галава»". Сёння аб’ект стаў папулярнай турыстычнай кропкай комплексу будынкаў Полацкага калегіума і месцам правядзення ўніверсітэцкіх ўрачыстых цырымоній[11].

Зноскі

  1. Gabriel Gruber // Benezit Dictionary of ArtistsOUP, 2006. — ISBN 978-0-19-977378-7 Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. а б в Dr. Constant v. Wurzbach Gruber, Gabriel // Biographisches Lexikon des Kaiserthums Oesterreich: enthaltend die Lebensskizzen der denkwürdigen Personen, welche seit 1750 in den österreichischen Kronländern geboren wurden oder darin gelebt und gewirkt habenWien: 1856. — Т. 5. — S. 382.
  3. а б Матэматычная генеалогія — 1997.
  4. Матэматычная генеалогія — 1997. Праверана 8 жніўня 2016.
  5. Grzebień, L. (Ed.), Encyklopedia Wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy, 1996.
  6. Инглот, М. Общество Иисуса в Российской Империи (1772–1820 гг.) и его роль в повсеместном восстановлении Ордена во всем мире / М. Инглот ; пер. А.Н. Коваля. – М. : Институт философии, теологии и истории св. Фомы, 2004. – С. 146.
  7. Живописная Россия : Отечество наше в его земельном, историческом, племенном, экономическом и бытовом значении / под общ. ред. П. П. Семенова. - СПб. : [Тип.] М. О. Вольф, 1881-1901. Т. 3. Ч. 1 : Литовское полесье ; Ч. 2 : Белорусское полесье. — СПб. ; М., 1882. — 490, VI с. : ил., 23 л. ил.
  8. Инглот, М. Общество Иисуса в Российской Империи (1772—1820 гг.) и его роль в повсеместном восстановлении Ордена во всём мире. М., 2004.
  9. Открытие мемориальной доски Габриэлю Груберу Архівавана 17 жніўня 2018.
  10. Открытие выставочной композиции «Реконструкция проекта Габриэля Грубера „Механическая голова“» Архівавана 17 жніўня 2018.
  11. Торжественная церемония регистрации студентов первого курса в Полоцком коллегиуме Архівавана 25 студзеня 2021.

Літаратура і спасылкі правіць

  • Г. Грубер на сайте иезуитов в России
  • Инглот, М. Общество Иисуса в Российской Империи (1772–1820 гг.) и его роль в повсеместном восстановлении Ордена во всем мире / М. Инглот ; пер. А.Н. Коваля. – М. : Институт философии, теологии и истории св. Фомы, 2004. – 632 с.
  • Католическая энциклопедия. Изд. францисканцев. — М.: 2002.
  • Морошкин, М.Я. (свящ.). Иезуиты в России, с царствования Екатерины ІІ-й и до нашего времени (в 2-х ч.) Ч. 1. : обнимающая историю иезуитов в царствование Екатерины Великой и Павла І-го / Михаил Яковлевич Морошкин. – СПб. : В Тип. Второго Отд-ния Собственной Е. И. В. Канцелярии, 1867. – XV, 301, ХІІ, ІІ с. – 22 см.
  • о. К. Симон. Иезуиты в России
  • Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy 1564–1995 / oprac. L. Grzebień  (польск.). – Kraków : Wyd-wo WAM, 1996. – 882 s.
  • Pierling, P. G.Gruber et les jésuites réfugiés en Russie. — Meudon, 1999. (фр.)
  • Załęski, S. Jezuici w Polsce. T. 5, Jezuici w Polsce porozbiorowej 1773–1905. Cz. 1 : 1773–1820. – Kraków: W.L. Anczyc i sp, 1907. – 517 s.