Галарктыка
Гала́рктыка, альбо галаркты́чная во́бласць (ад стар.-грэч.: ὅλος — увесь, цэлы і ἄρκτος — поўнач) — біягеаграфічны рэгіён, які вылучаецца ў фларыстычным і фаўністычным раянаваннях. Ахоплівае большую частку Паўночнага паўшар’я і з’яўляецца найбуйнейшым з усіх біягеаграфічных рэгіёнаў. Паўднёвая мяжа Галарктыкі праходзіць па поўначы Мексікі, уключае астравы Каба-Вердэ, праходзіць далей па паўночным боку Сахары, Аравійскаму паўвостраву, Гімалаям, поўдні Кітая, уключае Тайвань і Японію.
У фларыстычным раянаванні
правіцьУ фларыстычным раянаванні Галарктыка мае статут царства, якое дзеліцца на некалькі падцарстваў. Існуюць розныя версіі яго дзялення.
Характэрнымі прадстаўнікамі расліннага свету Галарктыкі з’яўляюцца роды сямействаў Хваёвыя (Pinaceae), Бярозавыя (Betulaceae), Букавыя (Fagaceae), Вярбовыя (Salicaceae), а таксама Казяльцовыя (Ranunculaceae) і Ружавыя (Rosaceae). Пераважна ў Галарктыцы сустракаюцца Капуставыя (Brassicaceae), Гваздзіковыя (Caryophyllaceae), Сітнікавыя (Juncaceae) і Асаковыя (Cyperaceae).
Зьледзяненні плейстацэну прывялі да збяднення флоры Еўропы. Вялікая частка флоры, якая сустракалася тут у пліяцэне, вымерла. Некаторыя сямействы, такія як Магноліевыя (Magnoliaceae), Гамамелісавыя (Hamamelidaceae) і Стыраксавыя (Styracaceae) засталіся толькі ў Паўночнай Амерыцы і ў Азіі.
У фаўністычным раянаванні
правіцьУ фаўністычным раянаванні Галарктыка падзяляецца на два рэгіёны: Неарктыку і Палеарктыку. Выразнай мяжы на поўдні не існуе, але маецца пераходная зона да іншых біягеаграфічных рэгіёнаў. На амерыканскім кантыненце да яе адносіцца Цэнтральная Амерыка, на афрыканскім — Сахара. У заходняй Азіі пераходнай зонай з’яўляецца Аравійскі паўвостраў, не лічачы яго паўднёвай часткі.
Характэрнымі сысунамі Галарктыкі з’яўляюцца ласі (Alcinae), алені (Cervinae), рысі (Lynx), козы (Caprinae), бабровыя (Castoridae), краты (Talpidae), землярыйкавыя (Soricidae), тушканчыкавыя (Zapodinae) і палёўкавыя (Arvicolinae). Тыповымі сямействамі птушак з’яўляюцца цецеруковыя (Tetraoninae), чысцікавыя (Alcidae) і амялушкі (Bombycillidae). Сярод насякомых у Галарктыцы сустракаюцца сямействы матылёў тоўстагалоўкі, блакітніцы, соўкі, хахлаткі, німфаліды, бялянкі, аксамітніцы і бражнікі.
Літаратура
правіць- Тахтаджян А. Л. Флористические области Земли / АН СССР. Бот. ин-т им. В. Л. Комарова. — Л.: Наука, Лен. отд, 1978. — 247 с. (руск.)
- Голарктическая область // Словарь ботанических терминов / Под общ. ред. И. А. Дудки. — Киев: Наукова думка, 1984. (руск.)