Гальфстрым
Гальфстры́м (ад англ. gulf stream — цячэнне з заліва) — цёплае марское цячэнне ў Атлантычным акіяне. Працягам Гальфстрыма з'яўляецца Паўночна-Атлантычнае цячэнне. З-за Гальфстрыма краіны Еўропы, што прылягаюць да Атлантычнага акіяна, адрозніваюцца больш лагодным кліматам, у адрозненні ад рэгіёнаў на аналагічнай геаграфічнай шыраце: масы цёплай вады грэюць паветра, што праходзіць над імі, а заходнія ветры пераносяць яго на Еўропу.


Апісанне Правіць
Гальфстрым цягнецца на 10 тысяч кіламетраў ад паўвострава Фларыда да Вялікай Ньюфаўндлендскай банкі (уласна гальфстрым) і далей да астравоў Шпіцберген і Новая Зямля (Паўночна-Атлантычнае цячэнне).
Фарміруецца ў паўночнай частцы Фларыдскага праліва як сцёкавае цячэнне Мексіканскага заліва, рухаецца на поўнач уздоўж узбярэжжа Паўночнай Амерыкі, жывіцца водамі Паўночнага Пасатнага і Гвіянскага цячэнняў. На поўдзень (у Фларыдскім праліве) Гальфстрым мае шырыню 75 км, таўшчыню патоку 700-800 м, скорасць да 10 км/гадз, тэмпература вады на паверхні ад 24 да 28°С, расход вады каля 25 мільёнаў м³/с (у 20 разоў перавышае расход усіх рэк зямнога шара). У акіяне Гальфстрым злучаецца з Антыльскім цячэннем і на 38° паўночнай шыраты яго ягі расход дасягае 82 мільёнаў м³/с. Каля Вялікай Ньюфаўндлендскай банкі шырыня складае 200 км, тэмпература вады на паверхні ад 10 да 20°С; скорасць да 4 км/гадз, каля берагоў Еўропы — 0,4-0,7 км/гадз. Сярэднегадавая салёнасць — 36-36,4%, максімальная - 36,5% на глыбіні 200 м. Да паўднёвай ускраіны Вялікай Ньюфаўндлендскай банкі да Гальфстрыма падыходзіць з поўначы халоднае Лабрадорскае цячэнне, на мяжы з якім адбываецца перамешванне і апусканне паверхневых вод. У сістэму Гальфстрыма ўваходзяць адгалінаванні Паўночна-Атлантычнага цячэння - Нарвежскае цячэнне, Ірмінгера цячэнне і Нардкапскае цячэнне.
Гальфстрым аказвае значны ацяпляльны ўплыў на клімат, гідралагічныя і біялагічныя ўмовы паўночнай часцы Атлантычнага акіяну і Паўночны Ледавіты акіян, а таксама на клімат Еўропы.
Гісторыя адкрыцця і даследаванняў Правіць
Гальфстрым выяўлены ў 1513 годзе іспанскай экспедыцыяй пад камандаваннем Хуана Понсе дэ Леона. У 1770-я гг. Бенджамін Франклін нанёс напрамкі руху цячэння на геаграфічныя карты. З 1996 года Акіянаграфічнае ўпраўленне ВМС ЗША выдае штомесячную зводку па Гальфстрыму, у якой апісваецца яго стан у Паўночнай Атлантыцы і яго фізічныя якасці.[1]
Гл. таксама Правіць
Зноскі
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.4: Варанецкі - Гальфстрым / Рэдкал.: Г.П.Пашкоў і інш. - Мн.: БелЭн, 1997. - 480 с.: іл.