Гальшаны
Гальша́ны[1] (трансліт.: Haĺšany, руск.: Гольшаны) — аграгарадок у Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці, на левым беразе р. Гальшанка. Адміністрацыйны цэнтр Гальшанскага сельсавета.
Аграгарадок
Гальшаны
| ||||||||||||||||||||||||||||
Размешчаны за 20 км ад Ашмян, 12 км ад чыгуначнай станцыі Багданаў; на шашы Ашмяны — Валожын, 1277 жыхароў, 487 двароў (1993).
Назва
правіцьВядомае літоўскае прозвішча (былое імя) Galšys, у ім аснова Gal- і антрапанімічны суфікс -š-. Тая ж аснова у былых імёнах, ад якога тапонімы Галімшчына, Гальгінішкі.
Гісторыя
правіцьУпершыню згадваецца з 13 ст. Паводле Хронікі ВКЛ і Хронікі Быхаўца, Гольша заклаў горад на р. Карабель, пачаў там княжыць і назваўся князем Гальшанскім. Гісторыкі 19 ст. лічылі, што гэта адбылося каля 1280 года. Гальшаны згадваюцца таксама ў «Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай», у «Наўгародскім летапісе» пад 1387 і 1406 гадамі. Да сяр. 16 ст. уладанне князёў Гальшанскіх. Адсюль паходзіць Соф’я Гальшанская, жонка вял.кн. і караля Ягайлы — родапачынальніца Ягелонаў.
У кан. 14 — пач. 15 ст. вядомы як горад, цэнтр гандлю і рамёстваў, у т.л. вырабу з мясцовай гліны кафлі. 3 15 ст. у Гальшанах быў касцёл, з 1536 згадваецца праваслаўная царква, у 16 ст. дзейнічаў кальвінскі збор. 3 16 ст. уладанне Сапегаў. Пры іх у 1618 пабудаваны новы будынак касцёла францысканцаў, у 17 ст. жылы корпус кляштара, у канцы 16 ст.— пач. 17 ст. Гальшанскі замак, паперня (існавала да кан. 17 ст.), якая выпускала вялікую колькасць паперы высокай якасці. Падчас Паўночнай вайны (1700—1721) у выніку баявых дзеянняў мястэчка спалена.
3 1795 у складзе Расійскай імперыі, цэнтр воласці Ашмянскага павета. У вайну 1812 года тут адбыліся баі расійскіх і напалеонаўскіх войскаў. Пасля паўстання 1830—1831 гадоў у 1832 закрыты кляштар францысканцаў, у яго будынках размясціўся расійскі ваенны гарнізон. Падчас паўстання 1863—1864 гадоў адзін з арганізатараў паўстанняў З. Мінейка планаваў зрабіць Гальшаны цэнтрам паўстання ў павеце. У 1871 адбылося выступленне сялян супраць мясцовага памешчыка і царскіх улад. У 1897 у Гальшанах 2883 жыхары. У кан. 19 — пач. 20 ст. у мястэчку 4 невялікія заводы, некалькі майстэрняў, гандлёвыя крамы, млыны, касцёл, праваслаўная царква, 2 капліцы, сінагога, 4 яўрэйскія малітоўныя дамы. Акрамя штотыднёвых таргоў, некалькі разоў на год праводзіліся буйныя гальшанскія кірмашы. Спецыфічным заняткам местачкоўцаў было вязанне рукавіц, панчох, «гальшанскіх каптаноў».
Падчас Першай сусветнай вайны ў 1915—1918 гады Гальшаны акупаваны германскім войскам. На пач. 1919 заняты Чырвонай Арміяй. У ваколіцах дзейнічалі антыбальшавіцкія ўзброеныя фарміраванні. У канцы красавіка 1919 года Гальшаны заняла польскае войска, летам 1920 — Чырвоная Армія, пазней зноў палякі. З 1920 у складзе Сярэдняй Літвы, з 1922 — Польшчы, цэнтр гміны Ашмянскага павета. Дзейнічалі суд, польская і 2 яўрэйскія школы, касцёл, царква, сінагога, крэдытна-ашчадная каса, пастаялы двор, карчма, пошта, тэлефонная станцыя на 10 абанентаў, аптэка, паліцэйскі ўчастак, банк. Быў развіты гандаль. На пачатку 1920-х гадоў у ваколіцах Гальшанаў дзейнічалі партызаны. У 1926 — 1702 жыхары. З 1939 года Гальшаны ў складзе БССР. У 1941 — 1944 акупаваны. У 1970 — 1945 жыхароў, 425 двароў.
Культура
правіцьРаней у будынку кляштара размяшчаўся філіял Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, але філіял быў зачынены, а будынак кляштара перададзены касцёлу.
Славутасці
правіць- гарадзішча і селішча 12—14 ст. — за 1,5 км да ўсходу ад вёскі
- селішча 15—18 ст. — у вёсцы, на левым беразе р. Гальшанка
- Гальшанскі касцёл і кляштар францысканцаў
- Гальшанскі замак (руіны)
- Гальшанская Георгіеўская царква (пач. 20 ст.)
- Капліца з драўлянай скульптурай (1897)
Вядомыя асобы
правіць- Янка Вярсоцкі (1888—1937) — беларускі грамадскі дзеяч, каталіцкі святар.
- Язэп Германовіч (Вінцук Адважны) (1890—1978) — паэт, рэлігійны і грамадскі дзеяч.
- Бен Цыён Гольдберг (1895—1972) — яўрэйскі журналіст, псіхолаг.
- Рубен Кац
- Анастаз Людвік Керсніцкі (1678—1733) — педагог, каталіцкі публіцыст.
- Аляксандр Міхайлавіч Крот (нар. 1960) — беларускі вучоны ў галіне тэхнічнай кібернетыкі і інфарматыкі.
- Віктар Паўлавіч Сазонаў (нар. 1963) — беларускі грамадскі дзеяч, палітык, журналіст і літаратар.
- Канстанцін Канстанцінавіч Стрыеўскі (1885—1938) — рэвалюцыйны і дзяржаўны дзеяч.
- Сара Львоўна Фібіх (1895—1947) — яўрэйская тэатральная актрыса.
- Меір Шэлі
Галерэя
правіць-
Адна з замкавых вежаў - від з нутры
-
Сцены замка - від з нутры
-
Вуліца ў Гальшанах
-
Руіны замка ў Гальшанах на выяве В. І. Дмахоўскага.1853
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
Літаратура
правіць- Корзун Э. С. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 2. — Мн.: «Беларуская Энцыклапедыя», 1994.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Гальшаны
- Здымкі на Radzima.org