Гальштацкая культура

Гальшта́цкая культу́ра — археалагічная культура жалезнага веку, якая развівалася 500 гадоў, прыкладна з 900 да 400 да н.э., на аснове культуры палёў пахавальных урнаў у Цэнтральнай Еўропе і на Балканах. Названа па могільніку каля г. Гальштат (ням.: Hallstatt), які даследаваў у 1846 г. аўстрыйскі гарняк Іаган Георг Рамзаўэр. Асноўнымі носьбітамі гальштацкай культуры былі кельты, на Балканах — таксама ілірыйцы і фракійцы[1].

Гальштацкая культура
Жалезны век

Гальштацкая культура (жоўтая) на карце Еўропы як ядро кельцкага рассялення
У складзе Гава-галіградская культура
Лакалізацыя Аўстрыя
Датаванне 900 - 400 да н.э.
Носьбіты кельты, ілірыйцы
Пераемнасць
Палёў пахавальных урнаў латэнская
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Генетычныя сувязі

правіць

Развілася на аснове культуры палёў пахавальных урнаў, выцесніўшы шэраг аўтахтонных культур — элпскую і інш.

Бліжэй да IV ст. да н.э. гальштацкая культура распадаецца, паступова змяняючыся ў заходніх раёнах латэнскай культурай. Калі гальштацкая культура па сваім складзе была кельта-ілірыйскай, то латэнская — кельта-дака-фракійскай, а кельта-ілірыйскае адзінства захавалася толькі ў атэстынскай культуры, якая займала адносна невялікую тэрыторыю у Італіі.

Геаграфія

правіць
 
Прадметы гальштацкай культуры

Можна вылучыць дзве асноўныя вобласці распаўсюджання гальштацкай культуры:

Гальштацкая культура была распаўсюджана таксама ва ўсходняй частцы даліны ракі По ў Італіі. У Венгрыі і частцы Заходняй Украіны існаваў мясцовы варыянт — Гава-галіградская культура, якая, верагодна, належала фракійцам.

Гандаль

правіць

Вырабы гальштацкіх майстроў былі прадметам гандлю, напрыклад, іх знаходзяць у Прыбалтыцы. Шматлікія скарбы, знойдзеныя ў прыбярэжнай зоне паміж Одэрам і Земландам, утрымліваюць такую ж зброю, конскую збрую і ўпрыгожванні, як на паўночным захадзе і ў цэнтры Еўропы. Першыя жалезныя прадметы паступалі ў Прыбалтыку (знаходкі ў Памераніі, Усходняй Прусіі і Заходняй Літве) дзякуючы пасрэдніцтву плямёнаў лужыцкай культуры. Знаходкі з металу VIII і VI стагоддзяў да н.э. паказваюць на працягванне сувязяў з гэтымі плямёнамі і іх суседзямі. Назад ішлі вырабы з бурштыну.

Культура

правіць
 
Кінжал гальштацкага тыпу

Для кожнага з лакальных тыпаў Гальштацкай культуры характэрны асаблівыя формы пахавальнага абраду. Пераход ад бронзы да жалеза адбываўся паступова, прычым на пачатковым этапе гальштацкай культуры (900—700 да н.э.) суіснавалі бронзавыя і жалезныя інструменты пры ўсё большай перавазе апошніх. У гаспадарцы ўсё большае значэнне набывала земляробства. Распаўсюджвалася плужнае земляробства. У грамадскіх адносінах адбывалася разлажэнне роду і пераход да адносін класавага грамадства. Жыллё гальштацкай культуры — драўляныя слупавыя дамы, а таксама паўзямлянкі і палевыя дамы. Найбольш распаўсюджаны тып паселішча — слаба ўмацаванае сяло з правільнай планіроўкай вуліц. Добра даследаваны саляныя шахты, медныя рудні, жалезаплавільныя майстэрні і кузні.

Характэрныя прадметы: бронзавыя і жалезныя мячы з дзяржаннем у выглядзе звана ці ў выглядзе дугі, павернутай угару (т.зв. антэна), кінжалы, сякеры, нажы, жалезныя і медныя наканечнікі дзід, бронзавыя канічныя шлемы з шырокімі плоскімі палямі і з грабянямі, панцыры з асобных бронзавых пласцінак, якія нашываліся на скуру, рознай формы бронзавы посуд, асаблівага тыпу фібулы, ляпная кераміка, каралі з непразрыстага шкла. Мастацтва плямёнаў гальштацкай культуры было пераважна прыкладным і арнаментальным і імкнулася да багатага роспісу, раскошы — былі характэрны разнастайныя ўпрыгожванні з бронзы, золата, шкла, косці, фібулы з фігуркамі звяроў, бронзавыя паясныя бляхі з выбітым узорам. Керамічны посуд — жоўты ці чырвоны, з паліхромным, разным ці штампаваным геаметрычным арнаментам.

Выкарыстоўваўся ганчарны круг[2]. З'явілася і вобразатворчае мастацтва: надмагільныя стэлы, статуэткі з гліны і бронзы, якія ўпрыгожвалі посуд ці складалі кампазіцыю (каменная статуя хіршландэнскага воіна, бронзавая калясніца са Штрэтвега ў Аўстрыі са сцэнай ахвярапрынашэння); гравіраваныя ці ціснёныя фрызы на гліняным посудзе, паясах і цэбарах (сітулах) адлюстроўваюць банкеты, святы, воінаў і хлебаробаў, часам людзей ці звярэй, паядынкі, сцэны вайны і палявання, рэлігійныя рытуалы.

Пахаванні гальштацкай культуры сведчаць пра значнае сацыяльнае расслаенне і вылучэнне племянной знаці.

Зноскі

  1. Альтэрнатыўную традыцыйнай пункт гледжання гл.: W. Megaw. The European Iron Age with . and without — Celts: a bibliographical essay // European Journal of Archaeology. Vol. 8. P. 65-78.
  2. Паўднёвая Еўропа ў першай палове I тысячагоддзі да н.э.

Гл. таксама

правіць

Спасылкі

правіць