Ганцавіцкі раённы краязнаўчы музей

(Пасля перасылкі з Ганцавіцкі краязнаўчы музей)

Ганцавіцкі раённы краязнаўчы музей — музей, створаны ў г.Ганцавічы 1 студзеня 1997 года паводле рашэння Ганцавіцкага райвыканкама. Адкрыты для наведвальнікаў 20 кастрычніка 2002 года да 120-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. Музеем кіравалі Іван Іванавіч Караленка, Сцяпан Львовіч Разумец. З 2004 дырэктар Ала Васілеўна Занька.

Асноўны фонд музея (на 01.01.2009 г.) налічвае 2083 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны — 2501 адзінак. Плошча экспазіцыі 146 м². Фонды музея складаюць калекцыі археалагічных знаходак з раскопак помнікаў каменнага і бронзавага вякоў на тэрыторыі раёна, рэчавая калекцыя, нумізматыкі, фотаматэрыялаў пра жыццё і побыт гараджан, жывапісу і дэкаратыўна-прыкладному мастацтву, дакументаў. У ліку найбольш цікавых экспанатаў насценны гадзіннік, падараваны асабіста імператарам Аляксандрам III К. А. Крупенічу, былому майстру чыгуначнай станцыі Малькавічы, шкляныя шары — прадукцыя шклозавода Краеўскага і Столе, праваслаўныя абразы 18—20 ст. Асноўная экспазіцыя размешчана ў 4 экспазіцыйных і выставачнай залах.

Зала «Прырода» знаёміць з разнастайнымі ландшафтамі Ганцавіцкага раёна, яго лясамі, рэкамі і азёрамі, раслінным і жывёльным светам, карыснымі выкапнямі, таксама прадстаўлена дыярама «Возера Чырвонае». У зале «Археалогія» зберагаюцца калекцыі каменных сякер нёманскай культуры і культуры лейкападобных кубкаў эпохі неаліту, свідраваных сякер эпохі бронзы. У зале «Гісторыя» экспануюцца матэрыялы аб сацыяльна-эканамічным і культурным развіцці Ганцаўшчыны ў 1910—30-я г. У экспазіцыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва прадстаўлены калекцыі ручнікоў, паясоў, посцілак, беларускага адзення. Прадметы побытавага і гаспадарчага прызначэння беларускіх сялян дэманструюцца ў экспазіцыі «Сялянская хата». Асобная экспазіцыя прысвечана жыццю і творчасці Якубу Коласа, які ў 1902—04 пачынаў педагагічную дзейнасць у школе ў в. Люсіна. Подзвігу беларускага народа ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі прысвечана экспазіцыя «Вялікая Айчынная вайна». Зала «Ганцаўшчына пасляваенная» знаёміць з матэрыяламі аб узнаўленні і развіцці прадпрыемстваў г. Ганцавічы, сацыяльна-эканамічным і культурным развіцці Ганцавіцкага раёна ў пасляваенны час. У гэтай зале размешчаны экспазіцыі «Гісторыя пажарнай часці», «Прадпрыемствы горада», «Ганцаўшчына культурная, літаратурная, спартыўная».

У выставачнай зале праводзяцца мастацкія і гісторыка-пазнавальныя выстаўкі: «Абразы 18—20 ст.», «Ганцавічы: гісторыя і людзі», «Традыцыйныя народныя промыслы», «Прыродная спадчына Ганцаўшчыны», «Ганцаўшчына 1941—45 гг.» і інш., а таксама музейна-педагагічныя гадзіны, заняткі, вечары-партрэты.