Гарадзельская унія

Гарадзе́льская унія (2 кастрычніка 1413, Гародла) — дамова вялікага князя літоўскага Вітаўта са сваім стрыечным братам, польскім каралём Уладзіславам Ягайлам.

Перадумовы правіць

Перамога ў Вялікай вайне з Тэўтонскім ордэнам, што скончылася падпісаннем Торунскага мірнага дагавору (1411), не стала канчатковым вырашэннем пагрозы для ВКЛ і Польшчы з боку крыжакоў. Торунскі дагавор быў кампрамісам, які не задавальняў ні адзін з бакоў, а новы Вялікі магістр Ордэна Генрых Плаўэн энергічна ўзяўся за адбудову былое велічы рыцарскай дзяржавы. Гэта азначала магчымасць новай вайны. У дадзенай сітуацыі Вітаўт і Ягайла палічылі неабходным падпісаць новую унію. Да таго ж, вялікі гаспадар літоўскі Вітаўт імкнуўся замацаваць незалежнасць ВКЛ і пазбавіцца залежнасці ад Польскага каралеўства.

Час і месца правіць

Заключана 2 кастрычніка 1413 (праз тры гады пасля Грунвальдскай бітвы) у вёсцы Гародлі на Заходнім Бугу (цяпер Польшча).

Асноўныя палажэнні уніі правіць

Паводле артыкулаў уніі, Вітаўт прызнаваў вярхоўную ўладу Ягайла; частка вотчынных правоў Ягайлы на землі ВКЛ пераходзіла польскай Кароне, а тытул вярхоўнага князя літоўскага рабіўся часткай польскага каралеўскага тытулу. Адначасова ўводзіўся інстытут спадчыннасці стальца і тытула вялікага князя літоўскага, што скасоўвала вызначанае Віленска-Радамскім актам аднаўлення простага ўладарання польскім каралём ВКЛ пасля смерці Вітаўта. Польскія магнаты абвясцілі Вітаўта апекуном малалетняй дачкі Ягайла. Вітаўт заняў першае месца ў кароннай радзе і другой па значнасці асобай ва ўладнай сістэме злучанай дзяржавы.

Акрамя таго, у Літве ўводзілася аднолькавае з Польшчай адміністрацыйнае дзяленне на ваяводствы і кашталяніі (уводзіліся і адпаведныя пасады - віленскіх і троцкіх ваявод і кашталянаў); літоўскія баяры-каталікі атрымлівалі правы польскай шляхты, а таксама польскія гербы. Гэтыя змены закранулі 47 родаў. Агульныя шляхетныя соймы вырашалася склікаць у Любліне, або ў Парчаве.

Прыняцце гербаў правіць

Няпоўны спіс гербаў, прынятых літоўскімі родамі ў Гародле.

Герб Назва Польскі бок Літоўскі бок
  Абданк Пётр з Відавы,
Якуб з Рагозна
Ян Гаштаўт
  Багорыя Марэк з Накола Станіслаў Вышыгін
  Геральт Мікалай з Гажкова, біскуп віленскі Сургут з Рэчынак
  Грыф ? Бутаўт
  Даліва Мацей Кот,
Януш Фурман,
Пётр з Фалькова
Начка Гінвілавіч
  Дэмбна Дабеслаў з Алясніцы Альбрэхт Карэйва
  Дзялоша ? Воўчка Ракутовіч
  Задора Збігнеў з Бжэзя Яўнут Валімонтавіч
  Зарэмба Ян з Кролікава,
Марцін з Каліновы
Гінет Кончавіч
  Лебедзь Дзерслаў (са Скжына?) Андрэй Галігунт
  Ліс Крысцін, кашталян сандэцкі Ян Сунігайла
  Ляліва Ян з Тарнова,
Ядвіга з Ляжэніц
Войцех Манівід
  Памян Ян Пэля, біскуп уроцлаўскі Станіслаў Сак
  Порай Міхал з Міхалова,
Яка
Мікалай Былімін
  Равіч Крыстын з Астрова, кашталян кракаўскі,
Грот з Янковіч
Мінігайла Гедыгольдавіч
  Трубы Мікалай Тромба, архібіскуп Гнезненскі Крысцін Осцік
  Цёлак Станіслаў з Бжэжа (?) Ян Эвілд
  Ястрабец Войцех, біскуп кракаўскі,
Марцін з Любніцы
Ян Няміра

Значэнне правіць

Падпісаныя акты рэгулявалі адносіны Літвы і Польскага каралеўства.

У параўнанні з невыразным тэрмінам «злучэнне (прымыканне)», якім аперыраваў Крэўскі акт, «далучэнне» азначала відавочнае прыгнятанне літоўскай дзяржаўнасці, а для вышэйшай літоўскай арыстакратыі, што толькі пачала палітычна сябе выяўляць, гэта азначала ўключэнне яго ў польскія саслоўныя інстытуты.[1]

Права займаць важныя пасады ў Віленскім і Троцкім ваяводствах, а таксама прывілеі, гарантаваныя Гарадзельскай уніяю, датычылі толькі каталіцкай магнатэрыі і шляхты, якая прыхільна паставілася да уніі. Выразны пракаталіцкі характар уніі вынікаў з імкнення Вітаўта здабыць падтрымку Свяшчэннай Рымскай імперыі і тым самым пазбавіць Тэўтонскі ордэн т.зв. хрысціянска-асветніцкай місіі - галоўнага аргументу, што абгрунтоўваў экспансію на ўсход. Праваслаўныя князі і магнаты з Полацкага, Віцебскага, Смаленскага княстваў не ўдзельнічалі ў з'ездзе ў Гародлі, таму акты уніі іх не датычылі, а згаданыя княствы ў межах ВКЛ захоўвалі шырокую аўтаномію.

Гарадзельская унія зрабіла каталіцтва прывілеяваным веравызнаннем, што значна абвастрыла ўнутраную сітуацыю ў ВКЛ. Нягледзячы на тое, што забарона праваслаўным займаць дзяржаўныя пасады выконвалася далёка не заўсёды, гэта стала нагодаю для ўзнікнення падстаў для дыскрымінацыі большасці насельніцтва.

Зноскі

  1. Гудавичюс Э. История Литвы... С. 226.

Літаратура правіць

  • Гудавичюс Э. История Литвы с древнейших времен до 1569 года. Том I. Перевод Г. И. Ефромова. Москва: Фонд имени И. Д. Сытина, Batrus, 2005. ISBN 5-94953-029-2. С. 225—229.

Спасылкі правіць