Гарадзельскі прывілей

У гэтай старонкі няма правераных версій, хутчэй за ўсё, яе якасць не ацэньвалася на адпаведнасць стандартам.

Гарадзельскі прывілей — заканадаўчы акт, які юрыдычна замацоўваў Гарадзельскую унію, выдадзены ад імя караля Польшчы Ягайлы і вялікага князя літоўскага Вітаўта.

Меў на меце ўмацаванне і пашырэнне каталіцызму ў ВКЛ. У прывілеі канстатавалася, што з прыняцем каталіцтва ВКЛ «далучаецца, злучаецца, уключаецца, перадаецца» Польскаму Каралеўству. Усе касцёлы і каталіцкі клір забяспечваюцца ўсімі правамі і свабодамі згодна са звычаямі Польскага Каралеўства. Паны, шляхта і баяры ВКЛ, якія прымуць каталіцкую веру і атрымаюць гербы, могуць карыстацца прывілеямі і пажалаваннямі, як і польскія паны і шляхта, пацвярджаліся іх правы на свабоднае распаражэнне сваёй маёмасці і атрымання спадчыны. Гарантаваліся правы жанчын на валоданне ўласных маёнткаў. Паны і шляхта ВКЛ павінны былі захоўваць вернасць і пастаянасць каралю Ягайлу і вялікаму князю Вітаўту. Гарадзельскі прывілей прадугледжваў увядзенне пасад ваяводы і кашталяна ў Вільні, Троках і інш. месцах. Асабліва важнае значэнне меў артыкул, у якім замацоўвалася правіла, што пасля смерці Вітаўта паны і шляхта ВКЛ не павінны былі выбіраць сабе новага князя без згоды Ягайлы і польскіх феадалаў, а тыя пасля смерці Ягайлы не павінны былі выбіраць новага караля без згоды Вітаўта, паноў і шляхты ВКЛ. Гэты артыкул, які ўпершыню заканадаўча замацоўваў выбранне вялікага князя, супярэчыў і абвяргаў першы артыкул, у якім пацвярджалася зліццё ВКЛ і Польшчы, бо калі выбіраўся асобны князь, то захоўвалася самастойнасць дзяржавы. А канстатацыя факта, што караля Польшчы павінны былі выбіраць са згоды Вітаўта і шляхты, сведчыць аб раўнапраўным становішчы абедзвюх дзяржаў. Прывілей прадугледжываў магчымасць склікання агульных соймаў феадалаў вялікага княства Літоўскага і Польскага Каралеўства. Сцвярджэнне, што ўсе некатолікі, у асноўным праваслаўныя (а яны складалі большасць насельніцтва княства), не павінны былі дапускацца на дзяржаўныя пасады і засядаць у панскай радзе, мела ідэалагічны, а не практычны характар, бо большасць мясцовага кіраўцтва і значная частка паноў-рады належалі да праваслаўнай веры.