Гарадоцкае ўзвышша

Гарадоцкае ўзвышша — фізіка-геаграфічны раён Беларуска-Валдайскай правінцыі. Знаходзіцца на паўночным усходзе Беларусі.

Гарадоцкае ўзвышша

Уваходзіць у склад Беларускага Паазер’я. Прымеркавана да паўночна-заходняй часткі Аршанскай упадзіны. Займае тэрыторыю амаль усяго Гарадоцкага раёна, частку Віцёбскага і Шумілінскага раёнаў Віцебскай вобласці. На ўсходзе мяжуе з Суражскай нізінай, на поўдні — па даліне Заходняй Дзвіны з Віцебскім узвышшам, на захадзе — з Полацкай нізінай, на поўначы адгор’і ўзвышша пераходзяць у межы Расіі і зліваюцца з Невельскім узвышшам. 3 поўначы на поўдзень узвышша працягнулася на 60—70 км, з захаду на ўсход — на 40—45 км, плошча 3,3 тыс. км². Вышыні над узроўнем мора ад 135 (урэз ракі Заходняя Дзвіна ля вёскі Курына ў Віцебскім раёне) да 263 метраў (ля вёскі Загараны Гарадоцкага раёна)[1]. Узвышша прыўзнята над суседнімі нізінамі на 100 м.

Краявід. Возера Лугавое

У фарміраванні рэльефу ўдзельнічалі ледавікі ўсіх зледзяненняў, канчаткова аформлена ў час адступання паазерскага ледавіка (браслаўская стадыя). У асадкавай тоўшчы вылучаны адклады верхняга пратэразою, перакрытыя пародамі дэвону. У аснове ўзвышша падняцце з верхнедэвонскіх вапнякоў і даламітаў. Антрапагенавая тоўшча (магутнасць 40—170 м) складзена з комплексаў ледавіковых утварэнняў, якія адпавядаюць ніжне-. сярэдне- і верхнеплейстацэнавым эпохам зледзяненняў. Фарміраванне рэльефу звязана з нераўнамерным намнажэннем ледавіковых тоўшчаў, абумоўленых асаблівасцямі даледавіковага ложа.

Сучасная паверхня — сістэма канцова-марэнных град даўжынёй 8—10 км і шырынёй 2—3 км, падзеленых глыбокімі (да 40 метраў) рачнымі далінамі, упадзінамі і лагчынамі. На поўнач ад Гарадка вылучаецца ўнутраны клінападобны канцова-марэнны пояс (даўжыня 20—22 км, шырыня 6—10 км), складзены з валунных суглінкаў. На ўскраінах узвышша знешні пояс канцовамарэнных град і ўзгоркаў дугападобнай формы. Трапляюцца адзінкава і ў групах камавыя ўзгоркі вышынёй да 20 м са стромкімі (да 30°) схіламі. Зандры пераважна далінныя. На паўднёвым усходзе і поўдні невялікія ўчасткі спадзістахвалістага рэльефу доннай марэны. Схілы ўзвышша расчляняюць нешырокія, але глыбокія тэрасаваныя рачныя даліны. Рэльеф слаба падвергнуты працэсам эрозіі, але значна парэзаны, што абумоўлена нераўнамернай акумуляцыяй ледавіковага і водна-ледавіковага матэрыялу. Карысныя выкапні: керамічныя гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, торф, прэсныя і мінеральныя падземныя воды.

Рачная сетка належыць да басейна Заходняй Дзвіны: рэкі Усыса, Чарнаўка, Чарнуйка (прытокі Обалі), Лужаснянка, Аўсянка; на ўсходнім схіле ўзвышша пачынаецца рака Ловаць (басейн Нявы). Найбольшыя азёры: Езярышча, Лосвіда, Кашо, Вымна, Заронава.
Глебы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя і поймавыя[1]. Разарана 25 %, пад лесам 30 % тэрыторыі. Трапляюцца ўчасткі сфагнавых балот.

У межах Гарадоцкага ўзвышша знаходзяцца заказнікі мясцовага значэння Сурміно, Цёста, Паташэнскі і гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння «Карыценскі мох»[2].

Крыніцы

правіць

Літаратура

правіць
  • Санько А. Ф. Гарадоцкае ўзвышша // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — С. 44. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).
  • Гарадоцкае ўзвышша // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 209. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Геаграфія Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Мн.: БелЭн, 1992. — С. 54.
  • Беларуская ССР: Кароткая энцыклапедыя. У 5-і т. Т.2 / Рэд. кал.: П. У. Броўка і інш. — Мн.: Гал. рэд. БелСЭ, 1979. — Т. 2. — 752 с. — 15 000 экз.