Гарадцоўскае княства

Гарадцоўскае, Гарадзецкае, або Гарадзенскае княства — гіпатэтычнае ўдзельнае княства Полацкай зямлі.

Існаванне княства выводзяць з таго, што ў 1162 годзе адзін з менскіх князёў Валадар Глебавіч разам з літоўцамі вытрымаў аблогу полацкага войска ў нейкім умацаванні, якое з гэтай прычыны лічаць значным, а ўжо з гэтай прычын лічаць цэнтрам удзельнага княства Валадара. У летапісе гэтае месца названа «горад» або сапсавана, некаторыя даследчыкі лічаць яго проста Менскам, напэўна першым да такой высновы прыйшоў В. Тацішчаў. Аднак у літаратуры часта сустракаецца называнне гэтага ўмацавання Гарадцом, сустракаюцца нават спробы атоесніць яго з Гроднам (гл. Гарадзенскае княства), што зусім неімаверна, а таксама звязаць з іншымі падобнымі тапонімамі.

В. Данілевіч змяшчаў меркаванае княства ў паўночна-заходняй частцы Полацкай зямлі, на мяжы з Літвой, бо з Валадаром былі літоўцы і перад гэтым ён знаходзіўся на літоўскім памежжы[1]. Л. Аляксееў атаясняў Гарадзец з сучаснай Гарадзеяй (на паўночны захад ад Нясвіжа) або з гарадзішчам на поўнач ад Баранавічаў[2].

Другое з'яўленне Гарадцоўскага, або Гарадзенскага княства ў літаратуры звязана са згадкай «Словам пра паход Ігараў» трублення «труб гарадзеньскіх» следам за смерцю князя Ізяслава Васількавіча, «прытрапанага літоўскімі мячамі». Некаторыя даследчыкі лічаць, што трубы па смерці Ізяслава трубілі ў сталіцы яго ўдзела -- Гарадзене, а датычнасць да смерці літоўцаў дазваляе ім дапусціць, што Гарадзен знаходзіўся дзесьці на мяжы з Літвой. Праз тое, што недзе на літоўскім памежжы меркавана знаходзіўся меркаваны Гарадзец, меркаваная сталіца ўдзела Валадара Глебавіча, некаторыя даследчыкі атаясняюць гэтыя два горада.

Аднак, і існаванне гарадоў у абодвух выпадках, і княстваў вакол іх, і іх лакалізацыя з'яўляюцца толькі гіпотэзамі даследчыкаў з рознай ступенню абгрунтаванасці і дапушчэнняў.

Зноскі

  1. Данилевич В. Е. Очерк истории Полоцкой земли до конца XIV столетия. — С. 256.
  2. Алексеев Л. В. Полоцкая земля (очерки истории северной Белоруссии) в IX — XIII вв. — С. 184.

Літаратура правіць