Гарма́та (лац.: armatus узброены[1]) — від ствольнай агнястрэльнай зброі калібрам 20 мм і больш, прызначанай для кідання снарадаў (мінаў).[2] Гарматы ў Еўропе ўжываліся з ранняга 14 ст. (гл.далей гісторыя артылерыі). У старабеларускіх дакументах гарматы называюцца таксама «дзеламі» (дело, пар. польск. działo).

81-мм мінамёт. Італія 1944

Гарматы ўжываюцца для знішчэння і падаўлення жывой сілы і агнявых сродкаў праціўніка, разбурэння абарончых збудаванняў і выканання іншых задач на сушы, моры і ў паветры. Асноўнымі баявымі якасцямі з’яўляюцца: магутнасць снарадаў, цэльнасць стральбы, дальнабойнасць, хуткастрэльнасць, агнявая манеўранасць (хуткасць адкрыцця агню і гнуткасць агню), рухомасць на маршы і на полі бою, авіятранспартабельнасць, надзейнасць у эксплуатацыі, прастата і зручнасць абслугоўвання.

Асноўныя сучасныя тыпы гармат: пушка, гаўбіца, марціра, мінамёт, безадкатная гармата, камбінаваныя (напр., гаўбіца-пушка) і універсальныя.

Гл. таксама: ваза, бамбарда, фоглер, гуфніца, тарасніца, арган.

Гарматы падраздзяляюцца паводле месца дзеяння і характару цэляў, што паражаюцца — наземныя, зенітныя, авіяцыйныя, танкавыя, карабельныя і берагавыя; паводле будовы каналу ствала — нарэзныя і гладкаствольныя; паводле ступені рухомасці (манеўранасці) — стацыянарныя (стацыянарная артылерыя), буксаваныя (буксаваная артылерыя), самарухомыя, самаходныя, уюкавыя[няпэўнае слова] (звычайна горныя), чыгуначныя (чыгуначная артылерыя). Паводле калібраў, у дачыненні да наземнай артылерыі, выдзяляюць гарматы малога (20 — 75 мм), сярэдняга (75 — 155 мм) і буйнога (больш за 155 мм).

Прынцып дзеяння гарматы заснаваны на фізіка-хімічным працэсе ператварэння энергіі гарэння кідальнага (найчасцей, парахавога) зараду ў ствале ў энергію руху снараду (бач стрэл). Сучасная казённазарадная гармата складаецца з ствала (рулі) з казённай часткай і дульным тормазам, затвора (замка) і лафета (ложа); ранейшыя, дульназарадныя, мелі ствол з запальным прыстасаваннем і лафет. Дзеля дакладнага навядзення на цэль існуюць прыцэльныя прыстасаванні.

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. У Польшчы і Рэчы Паспалітай 16—17 ст. словам armata азначалі і самі гарматы, і ўвесь артылерыйскі арсенал (Stanisław Kobielski. Polska broń palna, 1975. — 201 с.: іл.). На землях Русі слова «армата» вядомае з 2-й пал. 14 ст., ім тут азначалі тагачасныя жалезна-каваныя гарматы на брусавым станку (Военный энциклопедический словарь / Пред. Гл. ред. комиссии Н. В. Огарков. — М.: Воениздат, 1983. — 863 с. (руск.) С.43; Гл. таксама бамбарда).
  2. Военный энциклопедический словарь / Пред. Гл. ред. комиссии Н. В. Огарков. — М.: Воениздат, 1983. — 863 с. (руск.) С.522,523.

Спасылкі правіць