Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі

беларускі геолаг, географ, эканаміст
(Пасля перасылкі з Гаўрыла Гарэцкі)

Гаўры́ла Іва́навіч Гарэ́цкі (28 (10) красавіка 1900, вёска Малая Багацькаўка Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерні[1] — 20 лістапада 1988, Мінск) — беларускі геолаг, географ, эканаміст, дэмограф, археолаг, грамадскі дзеяч; адзін з заснавальнікаў і акадэмік (1928) Беларускай акадэміі навук. Доктар геолага-мінералагічных навук (1946), заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1972). Малодшы брат класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага[2].

Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі
альтэрн.: Гаўрыла Гарэцкі
Дата нараджэння 28 сакавіка (10 красавіка) 1900
Месца нараджэння
Дата смерці 20 лістапада 1988(1988-11-20) (88 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Дзеці Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі
Род дзейнасці эканаміст, геолаг, географ, дэмограф, археолаг, грамадскі дзеяч, лексікограф
Навуковая сфера геалогія
Месца працы
Навуковая ступень доктар геолага-мінералагічных навук
Навуковае званне акадэмік НАНБ
Альма-матар
Прэміі
Дзяржаўная прэмія СССР Дзяржаўная прэмія БССР
Узнагароды
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Паходжанне і дзяцінства правіць

 
Бацькі Іван Кузьміч і Ахрасіння Міхайлаўна Гарэцкія

Нарадзіўся 28 сакавіка (10 красавіка паводле новага стылю) 1900 ў вёсцы Малая Багацькаўка[2] Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерні ў сялянскай малазямельнай сям’і. Бацька — Іван Кузьміч Гарэцкі (1856—1945), многія гады служыў кухарам у пана Цэкерта ў Лонніцы на Смаленшчыне. Маці — Ахрасіння Іванаўна, у дзявоцтве Папова (1864—1935), дачка панскага ткача з сяла Слаўнае, сям’я лічылася заможнай. Калі адбыўся шлюб, Івану Кузьмічу было 28 гадоў, а Ахрасінні Іванаўне 20. Абое былі непісьменнымі. Іван, які ўвесь час працаваў у паноў, стараўся і навучыўся размаўляць па-руску, Ахрасіння гаварыць па-руску саромелася, і так і не навучылася. Праз кароткі час пасля шлюбу Іван зноў паехаў служыць да пана Цэкерта. Ахрасіння ездзіла да мужа толькі ў госці, але зрэдку, бо было далёка[3].

У Івана і Ахрасінні нарадзіўся першы сын, якому далі імя Васіль, але крыху больш чым праз год ён памёр. Праз два гады нарадзіўся Іван (1880—1939). Наступнай была Марына, але хутка памерла з водры. У 1893 годзе нарадзіўся Максім. Пасля нарадзіліся блізняты Панас (памёр праз 4 тыдні) і Парфір (1896—1980), Гаўрыла (1900—1988), Ганна (1902—1922)[4].

Адукацыя правіць

Адзіны з пяці дзяцей атрымаў вышэйшую адукацыю. Пасля вучобы ў школе, земскім і двухкласным вучылішчах у 1914 паступіў у Горы-Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча[5], якое закончыў у 1919. Працаваў ва Уфімскім губземаддзеле (каморнікам-аграномам) і вучыўся ва Уфімскім інстытуце народнай адукацыі  (руск.) (1919-20). У 1920 паступіў на эканамічны факультэт Ціміразеўскай (тады Пятроўскай) сельскагаспадарчай акадэміі (г. Масква)[2], якую закончыў у 1924, атрымаўшы спецыяльнасць «аграном». Двойчы арыштоўваўся Дзяржаўным палітычным упраўленнем (1920 і 1922).

Маладыя гады правіць

У 1925 з сям’ёй пераязджае ў Беларусь, у Горкі, дзе Г. Гарэцкі працуе дацэнтам, загадчыкам кафедры сельскагаспадарчай эканоміі і эканамічнай геаграфіі ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі сельскай гаспадаркі (да 1927)[2]. 3 1925 — член Інстытута беларускай культуры, з 1927 — член Прэзідыума і Навуковай Рады гэтай установы. У 1926 годзе ІБК накіроўвае Г. Гарэцкага ў камандзіроўку ў Германію, Польшчу і Данію.

У 1927 Г. Гарэцкага прызначаюць дырэктарам новага Беларускага навукова-даследчага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі пры СНК БССР[2]. На гэтай пасадзе ён займаўся арганізацыяй сельскагаспадарчай навукі і практыкі. Летам 1927 г. Гарэцкі зноў едзе ў камандзіроўку ў Польшчу і Германію. У канцы 1928 28-гадовага дырэктара інстытута выбіраюць правадзейным членам Беларускай акадэміі навук, у якую рэарганізавалі Інбелкульт. Ён быў самым маладым сярод акадэмікаў-заснавальнікаў акадэміі і застаецца дагэтуль наймаладзейшым сярод абраных акадэмікаў.

Арышт і зняволенне правіць

24 ліпеня 1930 года Г. Гарэцкі арыштаваны ДПУ БССР па справе «Працоўнай сялянскай партыі»  (руск.). 6 снежня пазбаўлены звання акадэміка. Асуджаны паводле пастановы калегіі АДПУ СССР 30 мая 1931 як «кіраўнік контррэвалюцыйнай арганізацыі „Працоўная сялянская партыя“» да вышэйшай меры пакарання. 6 чэрвеня 1931 прысуд заменены на 10 гадоў ППК. Этапаваны  (руск.) ў Беламорска-Балтыйскі лагер НКУС  (руск.) Карэла-Фінскай АССР. Вызвалены датэрмінова 5 кастрычніка 1934. Зноў арыштаваны ў кастрычніку 1937, праз тры месяцы вызвалены. У 1938 годзе арыштаваны яшчэ раз. 8 мая 1938 асуджаны да расстрэлу. Больш за год ён прабыў у турме, але застаўся жывым.

Гаўрыла Гарэцкі ў ГУЛАГу трапіў у Беламорска-Балтыйскі камбінат НКУС (пас. Мядзведжая Гара ў Карэліі), дзе ў 1931-39 гадах працаваў навуковым супрацоўнікам і інжынерам-геолагам[2] на ўзвядзенні Беламорска-Балтыйскага канала і звязаных з ім гідратэхнічных збудаванняў, такіх як Туломскія ГЭС  (руск.), Рыбінскі гідравузел  (руск.) Валгабуда  (руск.) і інш. У 1939-42 гадах ён — галоўны геолаг у сістэме Галоўпрамбуда і Наркамата абароны НКУС (у прыватнасці, у 1939-40 гадах — галоўны геолаг Салікамскага гідравузла НКУС), з 1942 — у арганізацыях Гідрапраекта  (руск.) НКУС, дзе працаваў па 1968 на пасадах ад галоўнага геолага да намесніка начальніка аддзела і галоўнага спецыяліста аддзела інжынернай геалогіі (г. Дзедаўск Маскоўскай вобласці)[2], пазней — галоўным кансультантам (да 1973).

У часы вайны працаваў на ўзвядзенні абарончых збудаванняў. Пасля ўдзельнічаў у геолага-інжынерных вышуканнях і будоўлях амаль усіх найбуйнейшых ГЭС у еўрапейскай частцы Расіі і Украіны (Горкаўская  (руск.), Куйбышаўская  (руск.), Саратаўская  (руск.), Канеўская  (руск.), Кахоўская, Цымлянская  (руск.) і інш.), каналаў (Волга-Данскі, Сальскі  (руск.), Азоўскі і інш.), вадасховішчаў, абвадняльных, арашальных і шлюзавых сістэм.

Пасля вызвалення правіць

У 1954 годзе пастановай Прэзідыума ВС СССР з Г. Гарэцкага знятая судзімасць, а 22 красавіка 1958 ён рэабілітаваны  (руск.) ваенным трыбуналам БВА і яго справа за адсутнасцю складу злачынства спынена. У званні акадэміка АН БССР адноўлены 28 верасня 1965 года. У 1966—1969 гадах працаваў па сумяшчальніцтве старшым навуковым супрацоўнікам Лабараторыі геахімічных праблем АН БССР. На сталае пражыванне і пастаянную працу ў Беларусь здолеў вярнуцца з сям’ёй у 1969, на пасаду загадчыка сектара палеагеаграфіі і антрапагенавага перыяду Лабараторыі геахімічных праблем АН БССР (з 1970 Інстытута геахіміі і геафізікі АН БССР)[2]. У 1971—1985 гадах — загадчык аддзела палеагеаграфіі антрапагену гэтага інстытута (з 1973 — аддзел, з 1978 — лабараторыя геалогіі і палеапатамалогіі антрапагену), у 1985—1988 гадах — кансультант ІГіГ АН БССР.

Памёр 20 лістапада 1988 года ў Мінску. Пахаваны ў Мінску на Паўночных могілках.

Навуковая дзейнасць правіць

Навуковыя даследаванні Г. Гарэцкага прысвечаныя эканамічнай геаграфіі, геалогіі антрапагену  (руск.), інжынернай геалогіі і інш[2].

У 1926 годзе выйшлі з друку яго даследаванні аб народным (нацыянальным) прыбытку Беларусі, а таксама аб сельскай гаспадарцы і насельніцтве Гомельскай губерні (апошнія паспрыялі вырашэнню пытання аб уключэнні Гомельшчыны ў склад БССР). У працы аб нацыянальным прыбытку Беларусі (1927) паказаў, як можна зрабіць яе заможнай краінай з рацыянальна арганізаванай прыбытковай сельскай гаспадаркай накшталт развітай у гэтых адносінах Даніі, прыродныя ўмовы якой (глебы, клімат) падобныя да беларускіх. Ім напісана кніга «Межы Заходняй Беларусі ў Польшчы» (1928).

За час працы ў Гідрапраекце Г. Гарэцкі стаў аўтарытэтным інжынерам-геолагам і геолагам-чацвярцічнікам. 3 1948 — член Бюро, а ў 1967-83 г. — старшыня Камісіі АН СССР па вывучэнні чацвярцічнага перыяду  (руск.) і савецкай секцыі INQUA  (руск.)[2]. Ім закладзены асновы новай у СССР галіны ведаў — палеапатамалогіі[2], вучэння аб старажытных рэках, адклады якіх ён вывучаў пры будаўніцтве гідратэхнічных аб’ектаў і апісаў у грунтоўных манаграфіях аб алювіі вялікіх антрапагенавых прарэк Рускай раўніны (1964), аб фарміраванні даліны ракі Волгі ў антрапагене (1966). Г. Гарэцкі супрацоўнічаў з геолагамі-чацвярцічнікамі, палеантолагамі, археолагамі і іншымі спецыялістамі ў СССР, каб апрацаваць і ўсебакова вывучыць зборы палявых даследаванняў, якія ён праводзіў пры геолага-інжынерных вышуканнях. Паводле багатага матэрыялу, сабранага на Кольскім паўвостраве, у 1945 годзе абараніў кандыдацкую, а праз год — аб неагенавых і чацвярцічных адкладах Сярэдняй Камы — доктарскую дысертацыі (1946).

Напісаў больш за 80 навуковых артыкулаў па палеапатамалогіі і чацвярцічнай геалогіі Беларусі і выдаў манаграфіі «Аллювиальная летопись великого Пра-Днепра» (М., 1970), «Особенности палеопотамологии ледниковых областей (на примере Белорусского Понеманья)» (Мн., 1980) і «Палеопотамологические эскизы Палео-Дона и Пра-Дона» (Мн., 1982).

Г. Гарэцкі — член рэдкалегіі часопісаў «Бюллетень Комиссии по изучению четвертичного периода» і «Инженерная геология», Карты чацвярцічных адкладаў СССР маштаба 1 : 2 500 000, галоўны рэдактар Карты чацвярцічных адкладаў БССР маштаба 1 : 500 000, старшыня Беларускай антрапагенавай камісіі, член рэдакцыйнага савета «Беларускай савецкай энцыклапедыі», член рэдкалегій некалькіх энцыклапедычных выданняў і член тэрміналагічнай камісіі, рэдактар многіх манаграфій геолагаў, намеснік акадэміка-сакратара Аддзялення хімічных і геалагічных навук АН БССР і інш.

Апублікаваў больш за 160 навуковых прац — у т. л. па фальклоры, дэмаграфіі, эканоміцы сельскай і лясной гаспадаркі, археалогіі[2]. Адзін са стваральнікаў руска-беларускага слоўніка[2]. У друку з’явіліся яго артыкулы і ўспаміны пра Максіма Горкага, Якуба Коласа, Янку Купалу, Максіма Гарэцкага і інш.

Выбраныя працы правіць

  • Ложбины ледникового выпахивания и размыва в их связи с краевыми ледниковыми образованиями. — В кн.: Ледниковый морфогенез. Рига, 1972;
  • О некоторых проявлениях унаследования в антропогеновых образованиях Белорусского Понеманья. — В кн.: Стратиграфия и палеогеография антропогена. Мн., 1975;
  • Основные задачи палеопотамологических исследований в СССР. — В кн.: Речные системы и мелиорация. Новосибирск, 1977, ч. 1;
  • Особенности палеопотамологии ледниковых областей (на примере Белорусского Понеманья). — Мн., 1980.

Грамадская дзейнасць правіць

У 1919 Г. Гарэцкі супрацоўнічаў з Беларускай секцыяй студэнтаў Горацкага сельскагаспадарчага інстытута. Падчас вучобы ў Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэміі  (руск.) стварыў і ўзначальваў Беларускую культурна-навуковую асацыяцыю студэнтаў, вёў актыўную грамадскую працу, выкладаў эканамічную геаграфію ў Камуністычным універсітэце нацыянальных меншасцей Захаду (да 1925). Вучоба і праца былі падпарадкаваны ідэі падрыхтоўкі нацыянальнай беларускай інтэлігенцыі для эканамічнага, асветніцкага і культурнага будаўніцтва ў Беларусі. Неаднаразова арыштоўваўся.

Пасля вяртання ў Мінск (1969) Г. Гарэцкі шмат займаўся арганізацыйнай, грамадскай і асветніцкай працай. Спрыяў адраджэнню беларускамоўнага асяродку на працы, вывучэнню чацвярцічнай геалогіі Беларусі, узгадаванню калектыву нацыянальных вучоных, стварэнню школы спецыялістаў у розных галінах чацвярцічнай геалогіі. Ён арганізаваў выданне шматлікіх манаграфій і зборнікаў навуковых прац сваіх супрацоўнікаў на беларускай і рускай мовах.

Кандыдат у слены ЦВК БССР у 1927-28, член ЦВК БССР у 1929-30.

Дамогся вяртання імя і творчасці Максіма Гарэцкага: выданне збору твораў пісьменніка, прызнанне яго класікам беларускай літаратуры. У гэтай справе намаганні акадэміка Гарэцкага, жонкі і дачкі Максіма Іванавіча былі вырашальнымі.

Прэміі і ўзнагароды правіць

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1971) за манаграфіі «Алювіяльны летапіс вялікіх антрапагенавых прарэк Рускай раўніны. Прарэкі Камскага басейну» (1964), «Фарміраванне даліны р. Волгі ў раннім і сярэднім антрапагене. Алювій Пра-Волгі» (1966), «Алювіяльны летапіс вялікага Пра-Дняпра» (1970)[2], Дзяржаўнай прэміі БССР (1986).

Г. Гарэцкі ўзнагароджаны трыма Ганаровымі граматамі ВС БССР, 14 медалямі і ордэнамі, сярод якіх ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР (1930), два ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга (1952, 1971), ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1979).

Сям’я правіць

 
Гаўрыла Гарэцкі (злева) разам са сваім братам Максімам Гарэцкім, 1926

Малодшы брат пісьменніка Максіма Гарэцкага.

З жонкай Ларысай (у дзявоцтве Парфяновіч) меў двух сыноў: Усяслава (1924—2009) і Радзіма (нар. 1928); Радзім Гарэцкі — вучоны-геолаг, акадэмік НАН Беларусі.

Падчас Другой сусветнай вайны загінулі тры пляменнікі Гаўрылы Гарэцкага: Уладзімір Парфіраў, Віктар Iванаў i сын Максіма Гарэцкага Леанід.

Ушанаванне памяці правіць

Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі пахаваны на Паўночных могілках у Мінску. На яго магіле на помніку-валуне змешчаны барэльефны партрэт работы Валяр’яна Янушкевіча.

У гонар яго названы 13 відаў выкапнёвых раслін і жывёл, дзеля ўшанавання памяці Гаўрылы Іванавіча штогод праводзяцца навуковыя канферэнцыі. Заір Азгур стварыў скульптурны партрэт акадэміка Г. Гарэцкага, на будынку былога Інстытута геахіміі і геафізікі НАН Беларусі змешчана мемарыяльная дошка работы Аляксандра Шатэрніка.

Зноскі

  1. цяпер у Мсціслаўскім раёне Магілёўскай вобласці
  2. а б в г д е ё ж з і к л м н Горецкий Гавриил Иванович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 163. — 737 с.
  3. Гарэцкі Р. 2008, с. 12.
  4. Гарэцкі Р. 2008, с. 12—13.
  5. Сяргей Макарэвіч. Архіўная копія(недаступная спасылка). Гісторыя. Сайт горада Вілейка. Архівавана з першакрыніцы 18 студзеня 2012. Праверана 30 кастрычніка 2011.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць