Геаграфія Кот-д’Івуара

(Пасля перасылкі з Геаграфія Кот-д'Івуара)

Рэспубліка Кот-д’Івуар (да 1986 назва афіцыйна перакладалася на беларускую мову як Бераг Слановай Косткі) — субсахарская дзяржава на поўдні Заходняй Афрыкі. Краіна мае прыкладна квадратную форму. Яе паўднёвай граніца, працягласцю 515 км, абмываецца водамі Гвінейскага заліва ў паўночна-ўсходняй частцы Атлантычнага акіяна. З трох іншых бакоў краіна дзеліць з пяццю іншымі афрыканскімі краінамі граніцу агульнай працягласці 3458 км: 778 км з Ліберыяй на паўднёвым захадзе, 816 км з Гвінеяй на паўночным захадзе, 599 км з Малі на паўночна-паўночным захадзе, 545 км з Буркіна-Фасо на паўночна-паўночным усходзе і 720 км з Ганай на ўсходзе.

Геаграфія Кот-д’Івуара


Частка свету Афрыка
Рэгіён Субсахарская Афрыка
Каардынаты 8°0'N, 500'W
Плошча
  • 322 463 км²
  • вада:  %
  • суша:  %
Берагавая лінія 515 км
Граніцы 3 458 км
Найвышэйшы пункт Німба (1 752 м)
Найніжэйшы пункт Гвінейскі заліў (0 м)
Найбуйнейшая рака Бандама
Найбуйнейшае возера Косу (1 855 км²)

Кот-д’Івуар займае плошчу 322 463 км², з якіх 318 003 км² займае суша і 4 460 км² водная роўнядзь, што робіць краіну супастаўнай з памерам Германіі.

Найвышэйшы пункт — гара Німба (1752 м). Галоўныя рэкі — Сасандра, Бандама, Камаэ. Клімат — трапічны.

Марскія ўладанні правіць

Кот-д’Івуар заяўляе марскія прэтэнзіі на 200 марскіх міль (370 км) у якасці выключнай эканамічнай зоны, 12 марскіх міль (22 км) тэрытарыяльнага мора і 200 марскіх міль (370 км) мацерыковай водмелі.

Рэльеф і тапаграфія правіць

 
Тапаграфія Кот-д’Івуара

Рэльеф Кот-д’Івуара ў цэлым можна апісаць як суцэльнае плато, якое плаўна падымаецца ад узроўню мора на прыбярэжным поўдні да вышыні амаль 500 м на поўначы. Прыродныя рэсурсы краіны зрабілі яе параўнальна квітнеючай дзяржавай у агульнаафрыканскай эканоміцы. Паўднёва-ўсходні рэгіён Кот-д’Івуара адзначаны прыбярэжнымі ўнутранымі лагунамі, якія пачынаюцца ля граніцы з Ганай і цягнуцца на 300 км уздоўж усходняй паловы ўзбярэжжа. Паўднёвы рэгіён, асабліва паўднёвы захад, пакрыты густым вільготным трапічным лесам. Усяго лясы займаюць 32,7 % тэрыторыі краіны.

Рэльеф у асноўным раўнінны або ўзгорысты, з гарамі на паўночным захадзе. Найніжэйшы пункт Кот-д’Івуара знаходзіцца на ўзроўні мора ля ўзбярэжжа. Найвышэйшы пункт — гара Німба вышынёй 1752 метра на крайнім захадзе краіны, на стыку граніц з Гвінеяй і Ліберыяй.

Біёмы правіць

 
Спадарожнікавы здымак Кот-д’Івуара

Так званы экарэгіён усходнегвінейскіх лясоў распасціраецца ад ракі Сасандра праз паўднёва-цэнтральную і паўднёва-ўсходнюю частку Кот-д’Івуара і на ўсход да Ганы, а заходнегвінейскія нізінныя лясы распасціраюцца на захад ад ракі Сасандра да Ліберыі і паўднёва-ўсходняй Гвінеі. Па гарах рэгіёну Дыз-юіт Мантань на захадзе краіны, недалёка ад граніцы з Гвінеяй і Ліберыяй, распасціраецца экарэгіён гвінейскіх горных лясоў.

Мазаічны пояс гвінейскай лесасаваны распасціраецца праз цэнтр краіны з усходу на захад і з’яўляецца пераходнай зонай паміж прыбярэжнымі лясамі і ўнутранымі саваннамі. Лесасавана, што зразумела з назвы, пераплятае ў сабе лясы, саваны і лугі. Паўночны Кот-д’Івуар з’яўляецца часткай экарэгіёна заходнесуданскіх саван біёма трапічных і субтрапічных лугоў, саван і хмызнякоў. Гэта зона латэрытных ці пяшчаных глеб з памяншэннем расліннасці з поўдня на поўнач.

Рэкі правіць

Амаль усе рэкі Кот-д’Івуара працякаюць з поўначы на поўдзень, упадаючы ў Гвінейскі заліў Атлантычнага акіяна.

Рака Кавала працякае па заходняй граніцы Кот-д’Івуара і ўсходняй Ліберыі. Яна ўтварае паўднёвыя дзве трэці міжнароднай граніцы паміж Ліберыяй і Кот-д’Івуарам.

Рака Сасандра ўтвараецца ў Гвінейскім сугор’і на паўночным захадзе і працякае праз амаль усю заходнюю частку краіны на ўсход ад ракі Кавала.

Рака Бандама — найдаўшая рака ў Кот-д’Івуары даўжынёй каля 800 км, якая цячэ праз цэнтральна-ўсходнюю частку краіны. У 1973 годзе на Бандаме, каля паселішча Косу, была пабудавана плаціна Косу, дзякуючы чаму ўтварылася аднайменнае возера-вадасховішча. Сталіца Ямусукра размешчана недалёка ад ракі на поўдзень ад вадасховішча.

Рака Камаэ бярэ пачатак на плато Сікаса ў Буркіна-Фасо[1] і некаторы час працякае па граніцы паміж Буркіна-Фасо і Кот-д’Івуарам, перш чым цалкам перайсці ў Кот-д’Івуар. Яна працякае праз паўночна-ўсходнюю і ўсходнюю часткі краіны, а затым упадае ва ўсходні ўскраек лагуны Эбры і, у канчатковым выніку, у Гвінейскі заліў. На рацэ знаходзіцца нацыянальны парк Камаэ.[2]

Клімат правіць

 
Кот-д’Івуар па класіфікацыі клімату Кёпэна.
 
Лівень у Абіджане (чэрвень)

Клімат Кот-д’Івуара ў цэлым цёплы і вільготны: ад экватарыяльнага на паўднёвым узбярэжжы да трапічнага ў сярэдняй паласе краіны і напаўзасушлівага на крайняй поўначы. Паводле класіфікацыі кліматаў Кёпэна, практычна ўся тэрыторыя Кот-д’Івуара падпадае пад пояс трапічнага клімату саван (Aw) і толькі паўднёва-заходні і крайне паўднёва-ўсходні «куты» краіны — пад клімат трапічных мусонаў (Am) і трапічных вільготных лясоў (Af). У годзе выдзяляюцца тры сезоны: цёплы і сухі (з лістапада па сакавік), гарачы і сухі (з сакавіка па май) і гарачы і вільготны (з чэрвеня па кастрычнік). Сярэдняя тэмпература складае ад 25 да 32 °C, а крайнія тэмпературы розняцца ад 10 да 40 °C.

Клімат Абіджана
Паказчык Сту Лют Сак Кра Май Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сне Год
Абсалютны максімум, °C 35,0 35,7 34,9 35,0 34,9 36,2 34,0 32,0 32,1 32,8 35,0 33,7 36,2
Сярэдні максімум, °C 30,5 31,0 31,1 31,2 30,4 28,7 27,4 26,9 27,6 29,2 30,5 30,3 29,6
Сярэдняя тэмпература, °C 26,8 27,7 27,9 27,7 26,9 25,8 24,7 24,5 25,6 26,8 27,4 27,0 26,6
Сярэдні мінімум, °C 23,5 24,6 24,9 24,9 24,6 23,7 22,9 22,1 22,3 23,6 24,4 23,8 23,8
Абсалютны мінімум, °C 14,7 16,0 19,0 15,9 18,5 18,6 17,1 17,2 15,2 17,5 19,5 16,5 14,7
Норма ападкаў, мм 16,3 48,9 106,7 141,3 293,5 561,8 205,7 36,8 80,5 137,7 143,3 75,1 1 847,6
Тэмпература вады, °C 27 27 28 28 28 27 26 24 25 25 27 27 27
Крыніца: Deutscher Wetterdienst[3] і Дацкі метэаралагічны інстытут[4]
Клімат Ямусукры
Паказчык Сту Лют Сак Кра Май Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сне Год
Сярэдні максімум, °C 31,5 33,5 33,5 32,9 31,7 30,1 28,6 28,5 29,3 30,1 30,7 30,1 30,9
Сярэдняя тэмпература, °C 25,2 27,3 27,6 27,3 26,5 25,6 24,5 24,5 24,8 25,2 25,5 24,5 25,7
Сярэдні мінімум, °C 18,9 21,2 21,8 21,8 21,3 21,1 20,4 20,6 20,4 20,4 20,3 19 20,6
Норма ападкаў, мм 13 42 108 126 155 165 88 83 170 125 36 15 1 126
Крыніца: Climate-Data.org, вышыня: 236 м[5]

Прыродныя рэсурсы правіць

Кот-д’Івуар мае буйную лясную прамысловасць дзякуючы вялікаму лясному покрыву. Экспарт цвёрдай драўніны ў краіне адпавядае экспарту Бразіліі. У апошнія гады існуе сур’ёзная занепакоенасць наконт хуткіх тэмпаў абязлесення. Тэмпы высечкі дажджавых лясоў, паводле некаторых ацэнак, з’яўляюцца найбуйнейшымі ў свеце. Адзіны лес у Кот-д’Івуары, які застаўся цалкам некранутым, рассціліўся ў нацыянальным парку Таі (фр.: Parc National de Taï) — тэрыторыя плошчай 3600 км² на крайнім паўднёвым захадзе краіны, дзе жыве больш за 150 эндэмічных відаў, сярод якіх і віды пад пагрозай знікнення, такія як карлікавы бегемот і 11 відаў малпаў.

Дзевяць працэнтаў тэрыторыі краіны займаюць ворныя землі. Кот-д’Івуар з’яўляецца найбуйнейшым у свеце вытворцам какавы, асноўнай нацыянальнай таварнай культуры. Іншыя асноўныя культуры ўключаюць каву, бананы і алейныя пальмы, з якіх вырабляюць пальмавы алей і ядры. Прыродныя рэсурсы нетраў уключаюць нафту, прыродны газ, алмазы, марганец, жалеза, кобальт, баксіты, медзь, золата, нікель, тантал, кварцавы пясок і гліну.

Стыхійныя бедствы правіць

Прыродныя небяспекі ўключаюць моцны прыбой і адсутнасць натуральных гаваняў на ўзбярэжжа. У сезон дажджоў небяспеку ўяўляюць праліўныя разводдзя.

Зноскі

  1. (англ.) Rupley, Lawrence A.; Bangali, Lamissa; Diamitani, Boureima (2013). "Sikasso Plateau". Historical Dictionary of Burkina Faso. Lanham, Maryland: Scarecrow Press. p. 197. ISBN 978-0-8108-6770-3.
  2. (англ.) Mepham, Robert (1991). IUCN Directory of African Wetlands. Pinter Pub. Ltd. ISBN 2-88032-949-3.
  3. (ням.) Klimatafel von Abidjan / Elfenbeinküste. Федэральнае міністэрства транспарту і лічбавай інфраструктуры. Праверана 8 лістапада 2016.
  4. (дацк.) STATIONSNUMMER 65578. Міністэрства энергетыкі, камунальных паслуг і клімату. Архівавана з першакрыніцы 16 студзеня 2013. Праверана 8 лістапада 2016.
  5. (англ.) Climate: Yamoussoukro – Climate graph, Temperature graph, Climate table. Climate-Data.org. Праверана 2 верасня 2013.

Крыніцы правіць