Генеральная канфедэрацыя (1812)
Генеральная канфедэрацыя — палітычнае аб'яднанне магнатаў і шляхты Варшаўскага герцагства, а таксама Беларусі і Літвы з мэтай абуджэння нацыянальна-вызваленчага руху і мабілізацыі матэрыяльных сіл у час вайны Францыі супраць Расіі.
Абвешчана па ініцыятыве Напалеона І надзвычайным сеймам герцагства 28.6.1812. Маршал канфедэрацыі — А. К. Чартарыйскі; пастаянны орган — Генеральны савет (складаўся з 11 членаў). Акт канфедэрацыі ад 28 чэрвеня аб'яўляў пра аднаўленне Каралеўства Польскага, заклікаў усіх палякаў далучацца да канфедэрацыі, а тых хто знаходзіўся на рускай службе, — пакінуць яе. На працягу ліпеня — кастрычніка да канфедэрацыі далучыліся амаль усе паветы Беластоцкай вобласці, Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губерняў, аднак рэальнай улады і ўплыву на Беларусі і Літве яна не атрымала. Часовы ўрад ВКЛ пасля адмовы Напалеона ад заснавання асобнай літоўскай канфедэрацыі 14 ліпеня таксама ўвайшоў у склад Генеральнай канфедэрацыі, але стварыў уласную сістэму ведамаснага кіравання краем, у цеснай сувязі з акупацыйнай адміністрацыяй. Пэўную ролю адыграла прамова Напалеона ў Вільні 11 ліпеня перад дэлегацыяй генеральнай канфедэрацыі, дзе ён па сутнасці ўхіліўся ад афіцыйнага прызнання адзінай Польска-Літоўскай дзяржавы. Наступныя акты тычыліся толькі тэрыторыі герцагства. У студзені 1813 Генеральны савет эвакуіраваўся з Варшавы ў Кракаў, у красавіку 1813 самараспусціўся. Матэрыялы Генеральнай канфедэрацыі публікаваліся ў перыядычным выданні «Dziennik Konfederacyi Krolestwa Polskiego».
ЛітаратураПравіць
- Антонаў В. В. Генеральная канфедэрацыя // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-142-0.