Генеральная канфедэрацыя (1812)
Генеральная канфедэрацыя — ваенна-палітычнае аб’яднанне магнатаў і шляхты Варшаўскага герцагства, а таксама шляхты дэпартаментаў генерал-губернатара Хогендорпа з мэтай абуджэння нацыянальна-вызваленчага руху і мабілізацыі матэрыяльных сіл у час вайны Францыі супраць Расіі.
Абвешчана па ініцыятыве Напалеона І надзвычайным сеймам герцагства 28 чэрвеня 1812 года. Маршал канфедэрацыі — А. К. Чартарыйскі; пастаянны орган — Генеральны савет (складаўся з 11 членаў). Акт канфедэрацыі ад 28 чэрвеня аб’яўляў пра аднаўленне Каралеўства Польскага, заклікаў усіх палякаў далучацца да канфедэрацыі, а тых хто знаходзіўся на рускай службе, — пакінуць яе. На працягу ліпеня — кастрычніка да канфедэрацыі далучыліся амаль усе паветы Беластоцкай вобласці, Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губерняў. Камісія часовага ўрада ў ВКЛ пасля адмовы Напалеона ад заснавання асобнай літоўскай канфедэрацыі 14 ліпеня таксама ўвайшла ў склад Генеральнай канфедэрацыі, але стварыла уласную сістэму ведамаснага кіравання краем у цеснай сувязі з акупацыйнай адміністрацыяй. Пэўную ролю адыграла прамова Напалеона ў Вільні 11 ліпеня перад дэлегацыяй генеральнай канфедэрацыі, дзе ён па сутнасці ўхіліўся ад афіцыйнага прызнання адзінай Польска-Літоўскай дзяржавы. Наступныя акты тычыліся толькі тэрыторыі герцагства. У студзені 1813 года Генеральны савет эвакуіраваўся з Варшавы ў Кракаў, у красавіку 1813 года самараспусціўся. Матэрыялы Генеральнай канфедэрацыі публікаваліся ў перыядычным выданні «Dziennik Konfederacyi Krolestwa Polskiego».
ЛітаратураПравіць
- Антонаў В. В. Генеральная канфедэрацыя // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.