Генеральны камісарыят «Беларусь»

Генеральны камісарыят «Беларусь» (ням.: Generalkommissariat Weißruthenien) — вышэйшы орган акупацыйнай цывільнай адміністрацыі на тэрыторыі генеральнай акругі «Беларусь». Першапачаткова размяшчаўся ў будынку на плошча Свабоды, у чэрвені 1943 года пераехаў у дабудаваны будынак на цяперашняй вуліцы Карла Маркса[1].

Былы Дом прафсаюзаў у Менску, у якім размяшчаўся Генеральны камісарыят да 1943 года
З чэрвеня 1943 года Генеральны камісарыят размяшчаўся ў дабудаваным немцамі будынку, які да вайны будаваўся для ЦК КПБ
Генеральны камісарыят у 1943 годзе

Апісанне правіць

Генеральны камісарыят «Беларусь» створаны ў канцы ліпеня-жніўні 1941 года. Складаўся з 5 галоўных аддзелаў: палітыкі, упраўлення, гаспадаркі, тэхнікі, працы (з 1944). Склад апарата камплектаваўся з прадстаўнікоў нямецкай нацыянальнасці. Да 1944 года ў ім былі дзевяць аддзелаў:

  • аддзел палітыкі і прапаганды
  • аддзел прэсы
  • аддзел прамысловасці
  • аддзел сельскай гаспадаркі і харчу
  • аддзел лесу і драўніны
  • аддзел выкарыстання
  • аддзел рабочай сілы
  • аддзел права
  • аддзел культуры
  • аддзел аховы здароўя і ветэрынарыі.

Кіраўніком Генеральнага камісарыята Беларусь з 1 верасня 1941 быў былы гаўляйтар НСДАП з Брандэнбурга Вільгельм Кубэ. 22 верасня 1943 года Кубэ быў забіты ў выніку замаху, арганізаванага партызанамі, і яго пасаду часова заняў намеснік Вышэйшага начальніка СС і паліцыі Цэнтральнай Расіі, групенфюрар СС Курт фон Готберг (27 верасня 1943[2] — чэрвень 1944). Дэ-факта да 30 сакавіка 1944 года Генеральны камісарыят кіраваўся з Рыгі.

Генеральнаму камісарыяту непасрэдна падпарадкоўваліся абласныя камісарыяты, гарадскі камісарыят Менска, сілы паліцыі, бяспекі і СД. Яму падпарадкоўваліся пяць галоўных камісарыятаў (гаўпткамісарыяты), пяць гарадскіх (штаткамісарыяты) і 37 раённых (гебітскамісарыяты)[3]:

  • Галоўны камісарыят Мінск (Гарадскі камісарыят Мінск, раённыя камісарыяты Глыбокае, Вілейка, Барысаў, Слуцк, Старыя Дарогі, Мінск-Ланд і Глуск)
  • Галоўны камісарыят Баранавічы (Раённыя камісарыяты Гродна, Ліда, Юрацішкі, Навагрудак, Ваўкавыск, Слонім, Баранавічы, Стоўбцы, Ганцавічы, Целяханы і Бяроза-Картузская)
  • Галоўны камісарыят Віцебск (Гарадскі камісарыят Віцебск, раённыя камісарыяты Дрыса, Полацк, Лепель, Гарадок, Езярышча, Віцебск-Ланд, Бешанковічы, Талачын і Орша)
  • Галоўны камісарыят Магілёў (Гарадскія камісарыяты Магілёў і Бабруйск, раённыя камісарыяты Бабруйск-Ланд, Магілёў, Горкі, Клімавічы і Жлобін)
  • Галоўны камісарыят Смаленск (Гарадскі камісарыят Смаленск, раённыя камісарыяты Невель, Смаленск-Ланд, Ярцава, Рослаўль і Жукоўка)

Генеральны камісарыят «Беларусь» ажыццяўляў палітыку, скіраваную на найбольш эфектыўнае выкарыстанне эканамічнага патэнцыялу, людскіх і матэрыяльных рэсурсаў акупаванай тэрыторыі ў інтарэсах нацысцкай Германіі, праводзіў розныя палітычныя і ідэалагічныя мерапрыемствы, асабліва ў рамках палітыкі вайсрутэнізацыі.

Кіраўніцтва Генеральнага камісарыята мела дачыненне да злачынстваў супраць грамадзянскага насельніцтва, у тым ліку і да знішчэння яўрэяў: так, яно складала спісы жыхароў яўрэйскага паходжання і падавала іх генералу вермахта, барону Густаву фон Бехтальсгайму[de], які кіраваў масавымі расстрэламі. Некаторыя з членаў Генеральнага камісарыята не праследваліся: пасля вайны глава аддзела сельскай гаспадаркі і харчу Гайнц Рудальф[de] спакойна заняў пасаду сацыяльнага міністра ў Ніжняй Саксоніі, лічачы, што не здзейсніў нічога супрацьпраўнага, «змяніўшы пісталет-кулямёт на пяро»[4].

Спыніў сваё існаванне ў чэрвені 1944 года пасля вызвалення Беларусі савецкімі войскамі.

Зноскі