Генрык Жавускі (польск.: Henryk Rzewuski; 3 мая 1791, Славута, цяпер Хмяльніцкая вобласць, Украіна — 28 лютага 1866 Чуднаў, Жытомірская вобласць, Украіна) — польскі пісьменнік, публіцыст, палітык і масон. Адзін з найбольш вядомых прадстаўнікоў кансерватыўнай думкі 30—50-х гадоў XIX стагоддзя ў Беларусі, Літве і Польшчы.

Генрык Жавускі
Henryk Rzewuski
Асабістыя звесткі
Псеўданімы Jarosz Bejła
Дата нараджэння 3 мая 1791(1791-05-03)[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 28 лютага 1866(1866-02-28)[1] (74 гады) ці 26 лютага 1866(1866-02-26)[2] (74 гады)
Месца смерці
Грамадзянства
Бацька Адам Ваўжынец Жавускі
Маці Юстына з Рдултоўскіх[d]
Жонка Julia Grocholska[d]
Дзеці Countess Marianne Rzewuska[d]
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці журналіст, пісьменнік
Кірунак кансерватызм
Подпіс Выява аўтографа
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

Біяграфія

правіць

Належаў да вядомага магнацкага роду Жавускіх. Быў сынам Адама Ваўжынца Жавускага — вядомага ў свой час палітычнага дзеяча і публіцыста, маршалка шляхты Магілёўскай губерні і расійскага сенатара, які быў праціўнікам Канстытуцыі 3 мая.

Хоць нарадзіўся Генрык Жавускі на Валыні, значную частку сваіх маладых гадоў ён правёў у сваёй бабкі Марыяны Рдултоўскай у Валамечцы Менскага ваяводства.

Вучыўся ў розных краях, служыў у войску Варшаўскага княства. Шмат падарожнічаў, жыў у Варшаве, Рыме, Парыжы, Пецярбургу, адпачываў з Адамам Міцкевічам у Крыме. Сваё жыццё скончыў у фамільным маёнтку ў Чуднаве на Валыні.

Палітычныя і філасофскія погляды

правіць

Генрык Жавускі быў адным з адметных прадстаўнікоў краёвай ідэі, літоўскага (ліцвінскага) патрыятызму. У свой час ён напісаў:

  Калі я пакінуў любімую Літву, Украіна здалася мне прывабнай краявідамі, прыгажосцю сваіх сёлаў, але ўсё ж спосаб існавання жыхароў не быў па сваёй натуры такім, каб я мог так хутка забыць Літву…  

А. Мальдзіс лічыць, што сярод мемуарыстаў Беларусі ён адным з першых спрабаваў абгрунтаваць свой патрыятызм. «Літва» для яго ўжо нешта цэласнае, шматграннае — не толькі зямля, але і яе людзі, гісторыя, легенды. Аднак імя сваёй гістарычнай радзімы ён браў не этнічнае, а гістарычнае. «Беларускі» патрыятызм пакуль што не выдзеліўся з больш агульнага — «літоўскага»... Аднак пройдуць гады і з «краёвага» патрыятызм стане беларускім[4].

Генрык Жавускі быў адным найбольш вядомых прадстаўнікоў кансерватыўнай думкі 30—50-х гадоў XIX стагоддзя ў Беларусі, Літве і Польшчы. Яго філасофскія і грамадска-палітычныя погляды складаліся пад уплывам такіх вядомых прадстаўнікоў заходнееўрапейскага традыцыяналізму як Луі дэ Банальда (1754—1840) і Жазеф дэ Местр (1753—1821).

Пасля вяртання ў 1832 годзе з эміграцыі ён пасяліўся ў Чуднаве на Валыні. У 1832—1836 гг. знаходзіўся на пасадзе маршалка Жытомірскага павета. Уласна там ён ініцыяваў стварэнне «Пецярбургскага гуртка» — літаратурна-палітычнай групоўкі кансерватыўнага кірунку, які сучаснікі жартам называлі «Пентархіяй» (у перакладзе азначае «ўлада пяці»), таму што духоўнае жыццё гэтай суполкі ліцвінскіх патрыётаў вызначалі пяць вядомых у той час пісьменнікаў, публіцыстаў, мысляроў, ураджэнцаў беларускіх і ўкраінскіх зямель — Генрык Жавускі, Юзаф Працлаўскі, Ігнат Галавінскі, Людвік Штырмер і Міхал Грабоўскі. Друкаваным органам кансерватараў быў «Тыднёвік Пецярбургскі» («Tygodnik Petersburski») (1830—1856).

У 1830-я гг. ідэалагічныя прынцыпы «Tygodnika Petersburskiego» амаль не выклікалі пярэчанняў у грамадстве. Уплыў групоўкі штотыднёвіка, у якую ўваходзіў і Г. Жавускі, быў такі аўтарытэтны, што іншы погляд на літаратуру і грамадскае жыццё прысутнічаў толькі ў непадцэнзурных выданнях. Сітуацыя змянілася, калі Генрык Жавускі, пачаў прэтэндаваць на ролю галоўнага ідэолага групоўкі. Калі ён выдаў двухтомныя «Mieszaniny obyczajowe» («Мешаніна традыцый»), пратэсты супраць гэта кнігі прывялі да таго, што нават Юзаф Крашэўскі, які напачатку падтрымліваў групоўку, выступіў з рэзкаю крытыкаю аўтара і антыпатрыятычнай накіраванасці яго «Mieszanin».[5]

У сваіх творах Г. Жавускі выступаў перакананым апалагетам феадальна-прыгонніцкіх адносін. Разумеючы, што нацыянальна-вызваленчы рух у краі ўсё болей зліваецца з антыфеадальным, набывае антыпрыгонніцкі характар, што ўзмацняюцца яго сувязі з рэвалюцыйнай барацьбой іншых народаў, ён лічыў, што захаванне прыгонніцтва на літоўскіх (беларускіх) і польскіх землях магчыма толькі ў тым выпадку, калі гэтыя землі будуць заставацца інтэгральнай часткай Расійскай імперыі. Як прыхільнік абсалютызму ён лічыў, што менавіта самадзяржаўе прызначана забяспечыць нармальнае традыцыйнае развіццё гэтых зямель.

  «Дзякуючы волі Бога сталі мы часткай Расійскай дзяржавы і, як частка славянскага племя, аб’яднаныя пад скіпэтрам цара, можам развівацца і ўносіць уклад у агульную скарбніцу», — пісаў Г. Жавускі.  

У палітычных поглядах Г. Жавускага дамінавала ідэя нязменнасці грамадскага быцця, супрацьстаяння ўсялякім пераменам усталяваных сацыяльных адносін, усялякім зменам традыцыйных формаў існавання грамадства.

Вядома таксама, што ён з’яўляўся сябрам пецярбургскай масонскай ложы «Белы арол».

У 1850—1856 Жавускі з’яўляўся чыноўнікам па асобых даручэннях царскага намесніка князя Івана Паскевіча.

Літаратурная дзейнасць

правіць

Дзіцячыя ўражанні, як сам потым сцвярджаў, паўплывалі на ўсё яго жыццё. Г. Жавускі пазнаёміўся і пасябраваў з Адамам Міцкевічам. Менавіта Міцкевіч у канцы 1820-х падштурхнуў Жавускага да напісання першых шляхоцкіх «гавендаў» — гутарак, створаных на падставе сапраўдных мясцовых аповедаў, сямейных паданняў, з якіх пазней паўсталі знакамітыя «Успаміны пана Севярына Сапліцы, парнаўскага чашніка». А сам Міцкевіч прызнаваўся Юльяну Фалькоўскаму, што «ўзяў з апавяданняў Жавускага першапачатковую задуму „Пана Тадэвуша“, увесь гістарычны каларыт гэта паэмы, нават прозвішча Сапліцы».

З дапамогай А. Міцкевіча «Успаміны» былі выдадзены ў 1839—1841 гадах на эміграцыі ананімна (першае выданне 1844 г. у межах Расійскай імперыі было моцна «папраўленае» цэнзурай)[6]. Першыя 20 частак цыкла апавяданняў пабачылі свет у Парыжы, а яшчэ пяць пазней у Вільні.

Кніга пабудаваная як шэраг не звязаных сюжэтна «абразкоў», падзеі ў якіх адбываюцца ў Навагрудскім ваяводстве, храналагічна яны ахопліваюць перыяд 1760—1780 гг., а цэнтральная постаць у творы — нясвіжскі князь Караль Радзівіл (Пане Каханку). Кожная старонка аповядаў пана Севярына Сапліцы Генрыка Жавускага прасякнутая непрыхаваным захапленнем бессмяротным сармацкім духам старой літоўскай (беларускай) шляхты. Яскравым прыкладам з’яўляецца апавяданне пад назвай «Тадэвуш Рэйтан», які з’яўляецца адным з «успамінаў» міфічнага старасвецкага шляхціца Сапліцы.

Літаратурны талент і замілаванасць аўтара ў сваіх героях, сакавіты мясцовы каларыт надалі твору Г. Жавускага «Успаміны пана Севярына Сапліцы, парнаўскага чашніка» незвычайную папулярнасць. У хуткім часе і сапраўдныя гістарычныя постаці ўбачыліся многімі вачыма Севярына Сапліцы, а яго гутаркі сталі ўспрымацца як біяграфічныя крыніцы. Але Жавускі ствараў літаратурныя, дакладней, менавіта міфічныя вобразы.

Кансерватар і мараліст, ён меў на мэце праз свае творы адраджаць «народ шляхоцкі», які з’яўляецца сапраўднай квінтэсэнцыяй нацыі. Ідэалам для яго заставаліся шляхоцкая рэспубліка, «залатая вольнасць», рымская вера і шляхоцкая годнасць. Але лепшыя героі — гэта звычайна людзі высокай хрысціянскай маралі, патрыёты, а саслоўныя правілы застаюцца як бы на другім месцы. Паводзіны іх прапануюць тую мадэль, якой павінны ў прынцыпе трымацца ўсе, незалежна ад паходжання, канфесіі і нават эпохі, людзі з годнасцю і сумленнем. Такім менавіта быў і Тадэвуш Рэйтан. Рэйтан Жавускага амаль замяніў гістарычнага, хаця дэталі біяграфіі значна «падпраўленыя» пісьменнікам. Але асноўнае — мужны адпор, пра які піша Жавускі ў сваім творы, які ставілі здрадзе Айчыны наваградскія паслы Тадэвуш Рэйтан, Самуэль Корсак і пасол Менскага ваяводства Станіслаў Багушэвіч — чыстая праўда.

Пісьменнік Жавускі стварыў узор, як трэба паводзіць сябе патрыёту края, калі радзіма ў смяротнай небяспецы. Ключавым момантам тут ёсць спрэчка з Аскеркам: ці можна ўваходзіць у змову з захопнікамі Айчыны. Канчатковы доказ пазіцыі Рэйтана (і, вядома, Жавускага) дае нашая гісторыя: падзеламі, рабаваннем і знішчэннем дзяржавы скончыліся змовы і кампрамісы для Рэчы Паспалітай. Сучасныя змовы і спадзяванні на шчырасць і справядлівасць тых самых «партнёраў» вядуць да тых самых вынікаў.[6]

У 1851 годзе Генрык Жавускі пачаў выдаваць «Dziennik Warszawski», які стаў значным этапам у летапісе польскай прэсы: гэта было першае польскае выданне, якое рабілася па заходнееўрапейскім узоры. Чытачы, аднак, хутка адвярнуліся ад «Dziennika», бо рэдактар ​​з сваёй прамалінейнасцю развіваў у выданні свае арыстакратычна-клерыкальныя погляды.

  • «Pamiątki JPana Seweryna Soplicy, cześnika parnawskiego» («Успаміны яснавяльм. пана Севярына Сапліцы, чашніка парнаўскага»). T. I—IV. Парыж, 1839. (Пераклад твору на беларускую мову М. П. Кенькі: «Успаміны Сапліцы». — Мінск, «Лімарыус», 2005. 366 с ISBN 985674041X 9789856740414.)
  • «Pamiętniki starego szlachcica litewskiego». Вільня, 1844—1845.
  • «Mieszaniny obyczajowe» («Мешаніна традыцый»). T. I—II. Вільня, 1841—1843 (пад псеўд. Jarosz Bejła).
  • «Listopad» («Лістапад»). T. I—III. 1845—1846. (Аповесць перакладзена на рускую, чэшскую, нямецкую і англійскую мовы).
  • «Маральныя і палітычныя эсэ», 1847.
  • «Zamek krakowski» («Кракаўскі замак»), 1847—1848.
  • «Adam Śmigielski» («Адама Смігельскі»). СПб., 1851.
  • «Łaska i przeznaczenie» («Ласка і прызначэнне»). Варшава, 1851.
  • «Teofrast polski» («Польскі Тэафраст)». СПб., 1851.
  • «Nie-bajki» («Не байкі»), 1851.
  • «Rycerz Lizdejko» («Рыцар Ліздзейка»), 1852.
  • «Zaporożec» («Запарожац»), 1854.
  • «Wędrówki umysłowe» («Інтэлектуальныя падарожжы»), 1855.
  • «Pamiętniki Bartłomieja Michałowskiego» («Успаміны Баўтрамея Міхалоўскага»). СПб. і Варшава, 1857.
  • «Paź złotowłosy, czyli Wieczory sułtana» («Залатавалосы паж, або Вечары султана»). Львоў, 1858.
  • «Próbki historyczne» («Гістарычныя спробы»), 1868.
  • Uwagi o dawnej Polsce przez starego Szlachcica Seweryna Soplicę Cześnika Parnawskiego napisane 1832 r. (Рукапіс, выдадзены ў 2003).

Зноскі

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць