Георгій Хрысанфавіч Даўгяла

вучоны, урач, тэрапеўт

Георгій Хрысанфавіч Даўгя́ла (26 лістапада (9 снежня) 1902, Віцебск — 29 ліпеня 1974, Мінск) — беларускі вучоны-тэрапеўт. Доктар медыцынскіх навук (1955), прафесар (1956). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1966)[2]. Брат беларускага мастака Міхаіла Даўгялы (1908—1978).

Георгій Хрысанфавіч Даўгяла
Дата нараджэння 26 лістапада (9 снежня) 1902
Месца нараджэння
Дата смерці 29 ліпеня 1974(1974-07-29) (71 год)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці навуковец, урач, тэрапеўт, выкладчык універсітэта, ваенны ўрач, медыцынскі адміністратар
Навуковая сфера гематалогія, кардыялогія, рэўматалогія[d] і артэрыясклероз[d]
Месца працы
Навуковая ступень доктар медыцынскіх навук[1] (1955)
Навуковае званне
Альма-матар
Вядомыя вучні Іван Іосіфавіч Ганчарык
Член у
Узнагароды

Біяграфія

правіць

Нарадзіўся 26 лістапада (9 снежня) 1902 года. У якасці месца нараджэння розныя крыніцы называюць тры варыянты Віцебск[2][3], Веліж[4] або вёска Крутое[5][6] Веліжскага павета Смаленскай губерні. На карыць апошняга варыянта сведчыць тое, што там нарадзіўся ягоны брат Міхаіл.

Скончыў у 1928 годзе медыцынскі факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе вучыўся ў вядомых вучоных-тэрапеўтаў С. М. Мелкіх і Ф. А. Гаўсмана[7].

Пасля заканчэння ўніверсітэта малады ўрач быў накіраваны на працу ў вясковыя бальніцы Коханаўскага і Асвейскага раёнаў Віцебскай вобласці, потым працаваў у тэрапеўтычным аддзяленні Полацкай бальніцы чыгуначнікаў[7].

З 1935 года асістэнт кафедры шпітальнай хірургіі ў Віцебскім медыцынскім інстытуце. У гэты перыяд малады вучоны падрыхтаваў і абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Карэлятыўныя адносіны паміж функцыяй пячонкі і функцыяй кішэчніка ў вугляводным абмене»[7].

У 1939 годзе Даўгяла прызваны ў армію. Быў начальнікам палявога рухомага шпіталя падчас ваеннай аперацыі ў Заходняй Беларусі. У гады Вялікай Айчыннай вайны ўзначальваў тэрапеўтычныя аддзяленні шпіталяў Калінінскага, Беларускага і Прыбалтыйскага франтоў[7].

Пасля дэмабілізацыі ў 1946 годзе працаваў у Мінскім медыцынскім інстытуце дацэнтам кафедры шпітальнай тэрапіі, у 1955—1974 гадах загадчык кафедры. У 1955 годзе абараніў доктарскую дысертацыю па тэме «Эрытрацытатэрапія пры захворванні Адзісана-Гусерава-Бірмера». Высокая кампетэнцыя вучонага не абмяжоўвалася вузкай спецыялізацыяй, сярод яго навуковых інтарэсаў — кардыялогія, рэўматалогія, гастраэнтэралогія, гематалогія[7].

У 1953—1959 гадах галоўны тэрапеўт Міністэрства аховы здароўя БССР[2][8].

Рэдактар аддзелаў Беларускай савецкай і Вялікай медыцынскай энцыклапедый; член рэдакцыйнай калегіі часопіса «Тэрапеўтычны архіў»[9].

Старшыня праблемнай камісіі «Фізіялогія і паталогія сардэчна-сасудзістай сістэмы», старшыня Рэспубліканскага навуковага таварыства тэрапеўтаў у 1955—1974 гадах[9]. Член Прэзідыума Усесаюзнага навуковага таварыства тэрапеўтаў[8], Рэспубліканскага таварыства кардыёлагаў. Член Міжнароднага таварыства інтэрністаў[9].

Памёр 29 ліпеня 1974 года ў Мінску. Пахаваны на Усходніх могілках Мінска[8].

Навуковая дзейнасць

правіць

Аўтар больш за 150 навуковых прац, прысвечаных гематалогіі, кардыялогіі, рэўматалогіі, атэрасклерозу, хранічным пнеўманіям, гастраэнтэралогіі і інш. Сярод прац вучонага: «Клініка і лячэнне інфаркта міякарда» (1957), «Лячэбная фізічная культура пры сардэчна-сасудзістых захворваннях (стэнакардыя, інфаркт міякарда)» (1959), «Клінічная характарыстыка цячэння розных відаў рэўматызму» (1972) і інш[7].

Пад яго кіраўніцтвам былі распрацаваны новыя метады дыягностыкі і лячэння захворванняў крыві[7].

Шматгадовая навуковая і практычная дзейнасць Георгія Хрысанфавіча садзейнічала развіццю клінічнай гематалогіі ў краіне. Ён з’яўляецца аўтарам і суаўтарам прац «Да клінікі вострых лейкозаў» (1950), «Злаякаснае малакроўе» (1951), «Практычны дапаможнік па даследаванні згусальнай сістэмы крыві» (1969), «Сістэма гемастазу ў норме і паталогіі» (1973) і інш[7].

Пад кіраўніцтвам вучонага былі падрыхтаваны 52 дысертацыйныя працы, 12 з якіх — доктарскія. Многія вучні вучонага ў далейшым сталі вядомымі вучонымі-тэрапеўтамі, узначалілі кафедры тэрапеўтычнага профілю ў Мінскім і Гродзенскім медыцынскіх інстытутах, Беларускім інстытуце ўдасканальвання ўрачоў, навукова-даследчых інстытутах краіны[7].

Сачыненні

правіць
  • Злокачественное малокровие (болезнь Аддисона-Бирмера  (руск.)).—2 изд. — Мн., 1962
  • Практическое руководство по исследованию свёртывающей системы крови в клинике — Мн., 1969 (совм. с В. Л. Крыжановским)
  • Система гемостаза в норме и патологии — Мн., 1973 (совм. с В. Л. Крыжановским)

Узнагароды

правіць

У 1966 г. вучонаму было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч навукі БССР»[7]. Ён з’яўляецца кавалерам ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і «Знак Пашаны», узнагароджаны таксама медалямі[7][6], ганаровымі граматамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, значком «Выдатнік аховы здароўя»[7][8].

Зноскі

  1. а б http://unicat.nlb.by/opac/pls/dict.prn_ref?tu=r&tq=v0&name_view=va_aall&a001=BY-SEK-214243&strq=l_siz=20
  2. а б в т. 5. Биографический справочник. Мн: Издательство «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. 29 с.
  3. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — С. 66.
  4. Довгялло Георгий Хрисанфович (26.11(09.12).1902—29.07.1974) // Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт Архівавана 27 кастрычніка 2016. (руск.)
  5. Велиж помнит их имена // Сайт «Виртуальный Велиж» Архівавана 8 ліпеня 2010. (руск.)
  6. а б Содаты Победы. Велижский район. (руск.)
  7. а б в г д е ё ж з і к л Георгій Хрысанфавіч Даўгяла на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»
  8. а б в г Георгій Хрысанфавіч Даўгяла ў Зводным электронным каталогу бібліятэк Беларусі
  9. а б в Довгялло Георгий Хрисанфович. www.bsmu.by. Праверана 14 верасня 2024.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць