Геранім Кеневіч (1867—1925)

1867-1925
(Пасля перасылкі з Геранім Казімір Кеневіч)

Геранім Кеневіч, Геранім Геранімавіч Кеневіч (польск.: Hieronim Kieniewicz; руск.: Иероним Иеронимович Кеневич; 23 лютага 1867, маёнтак Дарашэвічы, Мазырскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя — 15 студзеня 1925, Варшава, Польшча) — буйны землеўласнік, прадпрымальнік, палітычны дзеяч Расійскай імперыі, Беларусі і Польшчы, член палітычнага руху краёўцаў-кансерватараў.

Геранім Кеневіч
Равіч
Равіч
Нараджэнне 23 лютага 1867(1867-02-23)
Смерць 15 студзеня 1925(1925-01-15)[1] (57 гадоў)
Месца пахавання
Род Кеневічы
Бацька Геранім Кеневіч
Маці Ядвіга з Горватаў[d]
Жонка Адэля Наркевіч-Ёдка[d]
Член у

Паходжанне і сям'я правіць

Належаў да маянтковага шляхецкага роду Кеневічаў герба «Равіч». Нарадзіўся 23 лютага 1867 г. у родавай сядзібе ў маёнтку Дарашэвічы (Мазырскі павет, Мінская губерня) у сям’і Гераніма Кеневіча (1830—1911), мазырскага павятовага маршалка, і яго жонкі Ядвігі Аляксандраўны Горват. Быў хрышчаны ў каталіцтва.

У 1894 г. ажаніўся з Адэляй Антоніеўнай Наркевіч-Ёдкай (1870—1935), з якой нашчадкаў не пакінуў.

Адукацыя правіць

Вучыўся ў школах у Рызе, скончыў юрыдычны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта (Расійская імперыя).

Маёнткі і гаспадарчая дзейнасць правіць

Супольна з братам Антонам Геранімавічам Кеневічам (1877—1960) валодаў буйнымі родавымі маёнткамі Брынёў і Дарашэвічы ў Мазырскім павеце Мінскай губерні, дзе арганізаваў на высокім узроўні традыцыйную сельскагаспадарчую вытворчасць (земляробства, жывёлагадоўля, паравыя млыны), броварства (выган гарэлкі і спірту), пілаванне, сплаў па мясцовым рачным каналам і продаж лесу. А таксама індустрыялізаваў свой лясны маёнтак, заснаваўшы ў 1902 ці 1904 г. лесапільна-фанерную фабрыку у сваім маёнтку Капцэвічы Мазырскага павета (па вытворчасці фанеры і дошак, якія прадаваліся пераважна ў Англію[2]), пашыраючы сетку лясных калеек (28 км) і правёўшы тэлефонную сетку (64 км), якая злучала палацы ў Брынёве і Дарашэвічах з усімі сваімі фабрыкамі, фальваркамі, большасцю леснічовак і гаёвак[3].

Сам Геранім жыхарстваваў са сваёў сям'ёй у сядзібе Брынёў[4].

У 1889 г. стаў членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ).

Палітычная дзейнасць правіць

Уваходзіў у палітычны рух краёўцаў-кансерватараў.

У 1904 г. як прадстаўнік дваранства Мазырскага павета (разам з Раманам Скірмунтам з Пінскага павета) стаў членам Мінскай губернскай нарады па пераглядзе заканадаўства пра сялян. Гэтыя губернскія нарады ствараліся па загадзе міністра ўнутраных спраў Расійскай імперыі Плеве з нагоды ўвядзення Палажэння пра земскіх начальнікаў[5].

У часы кіравання Часовага ўрада Расіі, 21 мая 1917 г. ён узначаліў Польскую раду Мінскай зямлі, якая складалася з выбраных 74 дэлегатаў, у тым ліку з засцянковай шляхты, і прадстаўляла інтарэсы буйных уласнікаў. У канцы мая 1917 г. у Мінску адбыўся сход павятовых маршалкаў і дэпутатаў дваранства Мінскай губерні. Сход стварыў часовы камітэт з 12 асоб (граф Ежы Чапскі (1861—1930), Эдвард Вайніловіч (1847—1928), Леў Львовіч Ваньковіч (1842—1949), Геранім Кеневіч (1867—1925), Раман Скірмунт (1868—1939), Эдвард Горват (1866—1935) і інш.), вылучаных прысутнымі для часовага вядзення ўсіх дваранскіх спраў і апекі над рухомай і нерухомай маёмасцю дваран Мінскай губерні. Пратакол паседжання быў накіраваны мінскаму губернскаму камісару Часовага ўрада Расіі для распараджэння аб законнай перадачы маёмасці і спраў часоваму дваранскаму камітэту Мінскай губерні. Адразу пасля гэтага на агульным сходзе МТСГ была створана арганізацыя «Саюз маянткоўцаў Мінскай губерні», кіраўніком якой быў выбраны граф Ежы Чапскі (бо сам Вайніловіч не захацеў узначаліць саюз), а яго намеснікам — Людвік Уняхоўскі, і быў зацверджаны яе статут[6].

 
Сям'я Кеневічаў са сваякамі ў родавай сядзібе ў маёнтку Дарашэвічы. Геранім Кеневіч (1867—1925) стаіць другім справа са сваёй жонкай Адэляй, а яго бацька Геранім Кеневіч (1830–1911) сядзіць трэцім справа — па правую руку са сваёй жонкай Ядвігай з роду Горватаў. Фота 14 лістапада 1907 г.

Разам з іншымі членамі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі шчыра падтрымліваў ідэю палітычнай суб'ектнасці Беларусі. 16 чэрвеня 1918 г. у Мінску т.зв. «група Вайніловіча» звярнулася з Дэкларацыяй да камандзіра 10-й нямецкай арміі нямецкага генерала Эрыха фон Фалькенгайна, у якой прасіла паспрыяць прызнанню незалежнасці Беларускай дзяржавы: «Агульны сход Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, які складаецца з верных сыноў і грамадзян гэтай краіны, выказвае гарачае пажаданне, што багатая гістарычнымі, дзяржаўнымі традыцыямі і этнаграфічнай адметнасцю Беларусь, краіна з уласнай культурай з дапамогай магутнага Германскага Рэйха будзе прызнана незалежнай дзяржавай па прыкладу Літвы і Украіны і расквітнее ў саюзе з Цэнтральна-еўрапейскімі дзяржавамі». Гэтая Дэкларацыя была падпісана прадстаўнікамі МТСГ (Эдвард Вайніловіч, Мечыслаў Пароўскі, Вітальд Лопат, Зыгмунт Рэвенскі, Ігнат Віткевіч), Саюза землеўласнікаў Мінскай губерні (граф Ежы Чапскі, Аляксандр Любанскі, Леў Львовіч Ваньковіч, Міхал Валовіч) і Саюза Мінскага дваранства (Людвік Уняхоўскі, Геранім Кеневіч, Юзаф Свянціцкі)[7]. У ліпені 1918 г. кіраўнік Прадстаўніцтва Рэгенцыйнай Рады Каралеўства Польскага ў Берліне граф Адам Ронікер атрымаў распараджэнне з дапамогай друку пазнаёміць грамадства Германскай Імперыі і Аўстра-Венгерскай імперыі з гэтым дакументам. У суправаджальным лісце да распаражэння ўказвалася, што мінскія землеўласнікі падтрымліваюць незалежнасць Беларусі, абвешчаную Радай БНР, і іх пазіцыя не звязана з польскім нацыянальным рухам[8].

 
Адэля Антоніеўна Наркевіч-Ёдка (1870—1935), жонка Гераніма Кеневіча (1867—1925). Фота раней 1900 г.

У 1918 г. працягваў сваю дзейнасць старшыні Польскай рады Мінскай зямлі пад нямецкай акупацыяй.

У канцы 1918 г. выехаў у Варшаву, дзе кіраваў Саюзам палякаў з беларускіх ускраін (6 снежня 1918 г.), браў удзел у працы Камітэта абароны Крэсаў, Польска-беларускім таварыстве для палітычнага і культурнага супрацоўніцтва на Беларусі (31 мая 1919 г.) і іншых арганізацый для палітычнай падтрымкі ідэі федэрацыйнага саюза Беларусі і Польшчы[9].

Летам 1919 г. быў створаны Саюз абароны землеўласнікаў, што з’яднаў землеўладальнікаў, якія выступалі ў абарону прыватнай уласнасці і бачылі пагрозу для яе ў праекце польскай аграрнай рэформы, што прадугледжваў парцэляцыю буйных зямельных ўладанняў. Геранім Кеневіч разам Эдвардам Вайніловічам, Раманам Скірмунтам і Янам Нямцэвічам быў выбраны ў прэзідыум гэтага Саюзу[10].

Уваходзіў у лік заснавальнікаў Польскага Белага Крыжы[pl], які апекваўся польскімі салдатамі, у 1920 г. стаў яго старшынёй, пасля адстаўкі з пасады Гэлены Падарэўскай[pl]. Разам з братам Антоніем у красавіку 1920 г. ахвяраваў 2,8 млн марак (17 тыс. долараў) на розныя грамадскія мэты пад лозунгам: «Крэсы Варшаве» (польск.: Kresy Warszawie). З гэтай сумы між іншым пазней было заснавана Таварыства «Дапамога для ітэлігенцыі».

Пасля заключэння Рыжскага міру ў 1921 г., Кеневіч быў уцягнуты ў розныя няўдалыя камерцыйныя і прамысловыя праекты ў Польшчы.

1 мая 1921 г. на агульным сходзе членаў МТСГ у Варшаве ў зале Цэнтральнага таварыства сельскай гаспадаркі (у доме № 30 на вуліцы Каперніка) Эдвард Вайніловіч зачытаў пратакол аб самаскасаванні Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, які быў па зместу своеасаблівым «тастаментам» арганізацыі і быў ухвалены пад апладысменты прысутнымі. Падпісалі 54 асобы. Палітычная частка пратакола з асуджэннем Рыжскага мірнага дагавора (1921), які падзяляў Беларусь на часткі, была апублікавана ў газетах. Кеневіч быў сярод падпісантаў гэтага пратакола[11].

Смерць і пахаванне правіць

Скончыў жыццё самагубствам 15 студзеня 1925 года ў Варшаве пад уплывам сямейных разладаў. Пахаваны ў Варшаве (Польшча) на Старых Павонзках (сектар 194, рад 4, месца 7).

Зноскі

  1. https://www.ipsb.nina.gov.pl/a/biografia/hieronim-kieniewicz
  2. Urbański, A. Memento kresowe. — Warszawa, 1929. — С. 92.
  3. Urbański, A. Memento kresowe. — Warszawa, 1929. — С. 92.
  4. Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. — 1991. — Cz. 1. — T. 2. — С. 38.
  5. Смалянчук, А.Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю / А.Ф. Смалянчук. — Мн.: Выдавец Зміцер Колас, 2018. — С.91.
  6. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 189; Tarasiuk, D. Między nadzieją a niepokojem … С. 124.
  7. Смалянчук, А.Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю / А.Ф. Смалянчук. — Мн.: Выдавец Зміцер Колас, 2018. — С.451—452.
  8. Смалянчук, А.Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю / А.Ф. Смалянчук. — Мн.: Выдавец Зміцер Колас, 2018. — С.452.
  9. Смалянчук, А.Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю / А.Ф. Смалянчук. — Мн.: Выдавец Зміцер Колас, 2018. — С.517.
  10. Смалянчук, А.Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю / А.Ф. Смалянчук. — Мн.: Выдавец Зміцер Колас, 2018. — С.505.
  11. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 328-332.

Літаратура правіць

  • Адреса членов Минского общества сельского хозяйства. ― Минск : Паровая типолит. Х. Дворжец, [1889―1897?]. ― 34 с.
  • Грыцкевіч, А. Беларуская шляхта / А. Грыцкевіч // Спадчына. — 1993. № 1. — С. 11—16.
  • Памятные книжки Минской губернии на 1906—1917 гг.
  • Смалянчук, А.Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю / А.Ф. Смалянчук. — Мн.: Выдавец Зміцер Колас, 2018. — 700 с.
  • Kieniewicz, S. Dereszewicze. 1863 / S. Kieniewicz. — Wroclaw-Warszawa-Kraków-Gdańsk-Lodź : Ossolineum, 1986. — 192 s.
  • Kieniewicz, A. Nad Prypecią dawno temu… Wspomnienia zamierzchłej przeszłości / A. Kieniewicz. – Wrocław etc. : Ossolineum, 1989. — 558 s.
  • Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa. Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich na ziemiach litewsko-białoruskich w latach 1904—1939 / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 1999. — 357 s.
  • Tarasiuk, D. Między nadzieją a niepokojem. Działalność społeczno-kulturalna i polityczna Polaków na wschodniej Białorusi w latach 1905—1918 / D. Tarasiuk. — Lublin : Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2007. — 211 s.
  • Urbański, A. Memento kresowe / A. Urbański. — Warszawa : Drukarnia St. Niemiry syn i S-ka, 1929. — 156 s.
  • Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Woyniłłowicz. — Wilno : Józef Zawadzki, 1931. — cz. 1. — 368 s.