Геркулесавы слупы

Геркулесавы слупы (лац.: Columnae Herculis) — назва, якой карысталіся ў Антычнасці для азначэння вышынь, якія атачаюць уваход у Гібралтарскі праліў. Паўночная скала (з боку Еўропы) — гэта Гібралтарская скала (размешчаная ў валоданні Вялікабрытаніі Гібралтар), а ў якасці паўднёвага слупа (з боку Паўночнай Афрыкі) выступае альбо гара Джэбель-Муса ў Марока, альбо гара Ача, размешчаная побач з Сеутай.

Геркулесавы слупы — Гібралтарская скала (на пярэднім плане) і горы Паўночнай Афрыкі (на заднім)
Меркаваны выгляд страчанай заходняй часткі Пейтынгеравай табліцы  (руск.), на якой паказаны Геркулесавы слупы (Columne Ercole)

Грэчаскія міфы, пазней запазычаныя рымлянамі, апавядаюць пра 12 подзвігаў Геракла, адным з якіх было выкраданне кароў волата Герыёна. Са слоў Страбона, які цытаваў Піндара, вынікае, што падчас свайго падарожжа на захад Геракл адзначыў самую далёкую кропку свайго маршруту. Гэтая кропка і служыла мяжой для мараплаўцаў у антычную эпоху, таму ў пераносным сэнсе «Геркулесавы слупы» — гэта край, мяжа свету і выраз «дайсці да Геркулесавых слупоў» азначае «дайсці да мяжы»[1].

Некаторыя рымскія крыніцы[2] сцвярджаюць, што калі на шляху ў Геракла паўсталі Атласкія горы, ён не стаў узбірацца на іх, а прабіў сабе шлях наскрозь, такім чынам праклаўшы Гібралтарскі праліў і злучыўшы Міжземнае мора з Атлантычным акіянам. Дзве гары, якія ўтварыліся па берагах праліва, сталі называцца імем героя. Дыядор Сіцылійскі жа, наадварот, сцвярджаў [3], што Геракл не прабіў пярэсмык, а наадварот, звузіў ужо існуючы канал, каб пачвары з акіяна не маглі патрапіць у Міжземнае мора.

Калі верыць Платону, міфічная Атлантыда размяшчалася за Геркулесавымі слупамі.



Зноскі

  1. Большой Энциклопедический словарь (руск.)
  2. Seneca,Hercules Furens235ff.; Seneca,Hercules Oetaeus1240; Pliny,Nat. Hist. iii.4.
  3. Diodorus 4.18.5.