Карынтыя (герцагства)
Герцагства Карынтыя (ням.: Kärnten, славенск.: Koroška, лац.: Carantania, Carantanum) — адно з тэрытарыяльных княстваў Свяшчэннай Рымскай імперыі і каронная зямля Аўстра-Венгрыі. З’яўлялася адным з тэрытарыяльных княстваў Свяшчэннай Рымскай імперыі ў 976—1806 гадах. Яго папярэднікамі былі славянскае княства Карантанія (VII—IX стст.) і Карантанская марка ў складзе імперыі Каралінгаў (IX—X стст.). Герцагства Карынтыя захоўвала незалежнасць да 1269 года, пасля чаго перайшло пад кіраванне спачатку каралёў Чэхіі, а затым графаў Ціроля. У 1335 годзе Карынтыя была далучана да аўстрыйскіх уладанняў Габсбургаў і пазней складала адну з каронных зямель Аўстрыйскай манархіі. У 1918 годзе на аснове герцагства Карынтыя была ўтворана федэральная зямля Карынтыя ў складзе Аўстрыйскай рэспублікі.
Герцагства Карынтыя | |
---|---|
Herzogtum Kärnten | |
Статус | Свецкае ўладанне |
Сталіца | Клагенфурт |
Год утварэння | 976 |
Кіруючыя дынастыі |
Эпенштайн, Шпангайм, Гарыцкая, Габсбург |
Імперская акруга | Аўстрыйская акруга |
Калегія князёў | 1 месца (з 1803 г.) |
Прыналежнасць (1792) | Аўстрыйская імперыя |
Страта незалежнасці | 1269 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Антычнасць
правіцьУ старажытнасці тэрыторыя Карынтыі ўваходзіла ў склад кельцкага каралеўства Норык з цэнтрам у Нарэі (у сучаснага Клагенфурта). Навукоўцы 19 стагоддзя спрабавалі вывесці назву «Карынтыя» з кельцкіх моў, і выводзілі яе або ад кельцкага carant — сябар, сваяк, або ад кельцка-ілірыйскага karn — камень, скала. У рымскі перыяд у Карынтыі жыло племя карнаў, якіх частка гісторыкаў адносіць да галаў,[1], частка — да адрыятычных венетаў, чыя мова знаходзілася ў аддаленым сваяцтве з італійскімі і кельцкімі.[2]. Па гэтым племі вобласць верагодна і атрымала назву Карынтыі[3].
У 16 годзе да н.э. гэтыя землі ўвайшлі ў склад Рымскай імперыі, а ў 40 годзе тут была сфарміравана правінцыя Норык. Адміністрацыйным цэнтрам правінцыі стаў горад Вірун (Клагенфурт). Пры імператары Дыяклетыяне (284—305 гады) правінцыя была падзелена на Прыморскі і Унутраны Норык, граніцай паміж якімі стала рака Драва ў Карынтыі.
У V стагоддзі на Норык абрынуліся плямёны германцаў. У 406 годзе вестготы Аларыха перайшлі Карнскія Альпы, але былі адкінуты рымскім палкаводцам Стыліхонам.
Пасля падзення ў 476 годзе Рымскай імперыі Карынтыя ўвайшла ў склад дзяржавы Адаакра, а затым — каралеўства остготаў. З сярэдзіны VI стагоддзя ў гэты рэгіён з усходу пачалі перасяляцца славяне, якія хутка выцеснілі мясцовае раманізаванае насельніцтва. Славяне у той час уваходзілі ў склад Аварскага каганата, ядро якога размяшчалася на тэрыторыі сучаснай Венгрыі. Да канца VI стагоддзя авары і славяне падпарадкавалі землі верхняга цячэння Дравы, што азначала пачатак шматвяковай барацьбы з Баварыяй, таксама прэтэндуючай на тэрыторыю Карынтыі. У 623 годзе славянскае насельніцтва Аварскага каганата падняло паўстанне Сама і ўтварыла ўласную незалежную дзяржаву на тэрыторыі Маравіі, Ніжняй Аўстрыі, Штырыі і Карынтыі.
Сярэднявечча
правіцьКняства Карантанія
правіцьДзяржава Сама ўяўляла сабой у сутнасці саюз славянскіх плямёнаў[4]. Ужо ў 630-х гадах у яе складзе сфарміравалася княства Карантанія, якое пасля смерці Сама ў 658 годзе атрымала незалежнасць. Тэрыторыя Карантаніі ахоплівала сучасныя Карынтыю, Штырыю і ўсходнюю Славенію. Гэта была славянская дзяржава з уласнай дынастыяй і асаблівым парадкам абрання князя. Сталіца размяшчалася ў горадзе Крнскі град (Карнбург) у Карынтыі.
У 745 годзе ў абмен на баварскую падтрымку супраць авараў, карантанскі князь Борут прызнаў сюзерэнітэт Баварыі. З гэтага часу пачалася інтэнсіўная хрысціянізацыя славянскага насельніцтва Карантаніі пад кіраўніцтвам Зальцбургскага архібіскупа. У 788 годзе Баварыя была заваявана войскамі Карла Вялікага і Карантанія таксама ўвайшла ў склад імперыі Каралінгаў.
Пад уладай франкаў княства захоўвала досыць шырокую аўтаномію, намінальна падпарадкоўваючыся маркграфам Фрыўлі, аднак пасля славянскага паўстання Людэвіта Пасаўскага ў 819—820 гадах улада славянскіх князёў была ліквідавана. Карантанія была падзелена на некалькі марак на чале з нямецкімі графамі. Гэта паслужыла штуршком да масавай раздачы зямель нямецкім феадалам і царкве.
У 870-х гадах карантанскія маркі былі аб’яднаны Арнульфам Карынтыйскім, які пазней (у 896 годзе) стаў імператарам. Але ўжо ў 895 годзе Карынтыя зноў была вернутая Баварыі.
Утварэнне герцагства Карынтыя
правіцьУ 976 годзе, пасля паўстання баварскага герцага Генрыха II Сварлівага, імператар Атон II аддзяліў ад Баварыі ўсходнія маркі і стварыў з іх адзіную дзяржаву — герцагства Вялікая Карантанія на чале з герцагам Генрыхам I Малодшым (976—978, 985—989) з дому Луітпольдзінгаў. У склад новай дзяржавы ўвайшлі тэрыторыі Карынтыі, Штырыі, Славеніі, Фрыўлі, Істрыі і Вероны. Ядром герцагства стала Карынтыя. Аднак гэта дзяржава адрознівалася крайняй нетрываласцю: уся яе тэрыторыя была падзелена на некалькі марак, на чале кожнай з якіх стаяла ўласная дынастыя, у той час як герцагі Карантаніі (ці Карынтыі, як іх сталі называць тым часам) часта змяняліся імператарамі, а часам наогул не прызначаліся. На гэты перыяд прыпадае новая хваля нямецкіх каланістаў, у выніку чаго славянскае насельніцтва было цалкам выцеснена з паўночнай Карынтыі. Адначасова ўзмацнілася ўлада каталіцкага духавенства, у Карынтыі былі заснаваны біскупствы Гурк і Лавант, якія набылі значныя зямельныя ўладанні ў герцагстве.
На перыяд кіравання дынастыі Эпенштайнаў (1073—1122) прыпадае пік паслаблення дзяржаўнай улады ў Карынтыі. У гэты перыяд Штырыйская, Крайнская і Істрыйская маркі цалкам аддзяліліся ад герцагства, якое захавала толькі тэрыторыю, якая прыкладна адпавядае сучаснай федэральнай зямлі Карынтыя. Аднак, пасля прыходу да ўлады ў Карынтыі ў 1122 годзе дому Шпангайм, герцагства, нягледзячы на памяншэнне яго тэрыторыі, пачало ўмацоўвацца. Скарыстаўшыся палітычным вакуумам у Крайне, герцагі Карынтыі падпарадкавалі значныя землі ў гэтым маркграфстве. Пры Германе Шпангайме (1161—1181) Клагенфурт стаў буйным горадам і фактычнай сталіцай дзяржавы. Герцагам удалося таксама вывесці біскупства Гурк з падпарадкавання Зальцбургу, што моцна ўмацавала аўтарытэт карынтыйскіх манархаў. У сярэдзіне XIII стагоддзя герцагі Карынтыі, абапіраючыся на трывалы саюз з Чэхіяй, разгарнулі барацьбу з Аўстрыяй за ўладу над Крайнай. Гэта барацьба завяршылася далучэннем Крайны да Карынтыі ў 1248 годзе Аднак у 1268 годзе сканаў апошні прадстаўнік дынастыі Шпангаймаў Ульрых III, які завяшчаў свае ўладанні чэшскаму каралю Пржэмыслу Отакару II.
Усталяванне ўлады Габсбургаў
правіцьУ 1269 годзе Карынтыя перайшла ва ўладанне караля Чэхіі. Аднак яго канфлікт з імператарам Рудольфам I завяршыўся паражэннем Пржэмысла Отакара II у 1276 годзе і падзелам яго зямель. Карынтыя была перададзена графам Цірольскім, саюзнікам імператара. Цірольская дынастыя ў герцагстве згасла ў 1335 годзе і паводле пагаднення з Баварыяй Карынтыя была перададзена Габсбургам. Такім чынам вобласць увайшла ў склад аўстрыйскіх уладанняў і заставалася пад уладай габсбургскага дому да 1918 года.
У другой палове XIV стагоддзя спадчынныя землі Габсбургаў неаднаразова былі падзелены паміж рознымі галінамі гэтай дынастыі. Карынтыя паводле падзелаў 1396 і 1411 гадоў была замацавана за штырыйскай лініяй. Толькі ў 1457 годзе герцагства было зноў уключана ў склад адзінай аўстрыйскай дзяржавы, а карынтыйскі герцаг Фрыдрых III у 1452 годзе стаў імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі.
Турэцкія ўварванні і Сялянскі саюз
правіцьУ канцы XV стагоддзя Карынтыя была спустошана працяглымі войнамі з Венгрыяй, а затым пачаліся турэцкія набегі на графства. Гэта катастрафічным чынам адбілася на эканоміцы Карынтыі: рэзка зменшылася колькасць насельніцтва, былі закінуты многія населеныя пункты, асабліва ва ўсходніх абласцях, пацярпела сельская гаспадарка і горныя промыслы. Няздольнасць Габсбургаў аказаць рэальнае супраціўленне туркам прывяла да ўзнікнення ў Карынтыі сялянскага руху, вядомага пад назвай Віндскага саюза, які арганізаваў адпор туркам і ў 1514—1515 гадах. Рух, аднак, неўзабаве быў задушаны Габсбургамі. Барацьба з туркамі паўплывала на асаблівы стыль крапасных збудаванняў Карынтыі, яркім прыкладам якіх стаў замок Гохастэрвіц. У 1500 годзе ў склад габсбургскіх уладанняў увайшло графства Гарыцкае, апошняе незалежнае свецкае ўладанне, якое мела лены на тэрыторыі Карынтыі.
Новы час
правіцьРэфармацыя і Контррэфармацыя
правіцьЗ пачатку XVI стагоддзя ў Карынтыю пачало пранікаць пратэстанцтва. Цэнтрам Рэфармацыі стаў Філах. У адпаведнасці з Аўгсбургскім рэлігійным мірам 1555 годзе пратэстанты атрымалі магчымасць свабоднага вызнання сваёй рэлігіі. З пратэстанцкіх цячэнняў у Карынтыі найбольшае распаўсюджанне атрымаў кальвінізм. У 1578 годзе герцаг Унутранай Аўстрыі Карл II зацвердзіў закон аб свабодзе веравызнання ў Карынтыі і Крайне. Аднак з прыходам да ўлады сына Карла II эрцгерцага Фердынанда ў канцы XVI стагоддзя ў краіну пракраліся езуіты, якія ўзначалілі барацьбу з Рэфармацыяй. Фердынанд у 1619 годзе стаў кіраўніком Аўстрыі і імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі. Гэта дало новы штуршок контррэфармацыі ў Карынтыі. У 1628 годзе краіну былі вымушаны пакінуць дваране-пратэстанты. У XVIII стагоддзі рэшткі пратэстантаў Карынтыі перасяліліся ў Трансільванію і Банат.
Асветны абсалютызм і Напалеонаўскія войны
правіцьУ другой палове XVIII стагоддзя ў Карынтыі, як і ў іншых уладаннях Габсбургаў, разгарнуліся рэформы асветнага абсалютызму. Урбарыяльныя патэнты Марыі Тэрэзіі 1771—1778 гадах зафіксавалі феадальныя павіннасці сялян, скарацілі паншчыну, усталявалі мінімум сялянскага надзелу і пацвердзілі права свабоды пераходу, дазволена таксама было выкупляць спадчынныя правы на зямлю. У 1775 годзе былі ліквідаваны ўнутраныя мытні паміж рознымі землям у складзе імперыі Габсбургаў. У 1779 годзе створана сістэма дзяржаўнай школьнай адукацыі. У 1781 годзе абвешчана свабода веравызнання хрысціянскіх канфесій. Пры Іосіфе II былі абмежаваны правы правінцыйных ландтагаў, а ўсе тэрыторыі імперыі аб’яднаны ў 13 правінцый. Карынтыя ўвайшла ў адну з такіх правінцый разам са Штырыяй і Крайнай, што азначала ліквідацыю самакіравання герцагства. Толькі ў 1790 годзе быў адноўлены стары адміністрацыйны падзел і Карынтыя зноў здабыла статус асобнай кароннай зямлі. У 1787 годзе князь-біскуп Гурка пераехаў у Клагенфурт і было ўтворана новая епархія, якая ўключала ў сябе ўсю тэрыторыі Карынтыі — біскупства Клагенфурт—Гурк.
У 1797 годзе тэрыторыя Карынтыі стала арэнай баявых дзеянняў паміж наступаючай арміяй Напалеона і войскамі аўстрыйскай імперыі. У 1805 годзе Штырыя зноў была акупавана французскімі войскамі, а паводле ўмоў Шонбрунскага міру 1809 годзе большая частка Карынтыі была перададзена новаму ўтварэнню, якое знаходзілася пад кіраваннем Францыі — Ілірыйскім правінцыям. У час французскага валадарства ў Карынтыі былі праведзены значныя буржуазныя рэформы, ажыццёўлена эмансіпацыя яўрэяў, падтрымлівалася ўжыванне славенскай мовы. У складзе Ілірыйскіх правінцый Карынтыя заставалася да 1813 года, калі была зноў заваявана Аўстрыяй.
Карынтыя ў XIX — пачатку XX стагоддзя
правіцьЗ 1849 года Карынтыя складала асобную каронную зямлю.
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ Gianna G. Buti e Giacomo Devoto, Preistoria e storia delle regioni d’Italia, Sansoni Università, 1974, pagina 56 [1].
- ↑ Wilkes, J. J. The Illyrians, 1992, ISBN 0631198075, page 183.
- ↑ Sir William Smith (ed.), Dictionary of Greek and Roman geography, Volume 1, p. 522
- ↑ Фредегар. Хроника, кн. IV / / The Fourth Book of the Cronicle of Fredegar with its continuations. — London: Thomas Nelson and Sons Ltd, 1960.
Спасылкі
правіцьКарынтыя (герцагства) на Вікісховішчы |