Глабалізацыя (англ.: globalization ці globalisation), працэс сусветнай эканамічнай, палітычнай і культурнай уніфікацыі і інтэграцыі. Асноўным наступствам гэтага з'яўляецца сусветны падзел працы, міграцыя ў маштабах усёй планеты капіталу, чалавечых і вытворчых рэсурсаў, стандартызацыя эканамічных і тэхналагічных працэсаў, уніфікацыя заканадаўства, збліжэнне культур розных краін. Гэта аб'ектыўны працэс, які носіць сістэмны характар, ахоплівае ўсе сферы жыцця грамадства.

McDonald’s як адзін з сімвалаў глабалізацыі.

Працэс стварэння сусветнага рынку пачаўся на світанку XX стагоддзя ў эпоху станаўлення буйных міжнацыянальных манаполіяў. Ён крыху прыпыніўся ў перыяд падзелу свету на варожыя лагеры і халоднай вайны паміж імі, калі эканамічнае і культурнае развіццё асобных краін, як то СССР і КНР, праходзіла адасоблена ад развіцця астатняга свету. Асаблівых тэмпаў глабалізацыя набрала ў апошнія дзесяцігоддзі XX стагоддзя і пачатку XXI стагоддзя. З аднаго боку гэта звязана з падзеннем жалезнай заслоны і інтэграцыяй Кітая ў сусветную эканоміку, з другога боку — з хуткім развіццём інфармацыйных тэхналогій, дзякуючы якім узраслі магчымасці доступу да любой інфармацыі ў свеце.

Не зважаючы на тое, што працэс глабалізацыі аб'ектыўны, вакол яго праходзіць палітычная барацьба. Глабалізацыя на сучасным этапе, гэта значыць, на пачатку XXI стагоддзя, мае як гарачых прыхільнікаў, гэтак і апанентаў.

У палітыцы глабалізацыя заключаецца ў аслабленні нацыянальных дзяржаў, змяненні і скарачэнні іх суверэнітэту. З аднаго боку, гэта адбываецца з-за таго, што сучасныя дзяржавы дэлегуюць усё больш паўнамоцтваў уплывовым міжнародным арганізацыям, такім як Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, Сусветная гандлёвая арганізацыя, МВФ, НАТА. З другога боку, за кошт скарачэння дзяржаўнага ўмяшальніцтва ў эканоміку і змяншэння падаткаў павялічваецца палітычны ўплыў прадпрыемстваў (асабліва вялікій транснацыянальных карпарацый). З-за больш лёгкай міграцыі людзей і свабоднага перамяшчэння капіталаў за мяжу змяншаецца ўлада дзяржаў і ў дачыненні да сваіх грамадзян.

Для культурнай глабалізацыі характэрна збліжэнне дзелавой і спажывецкай культуры розных краін свету і рост міжнародных зносін. Гэта прыводзіць як да папулярызацыі асобных відаў нацыянальнай культуры па ўсім свеце, так і да выцяснення асобных нацыянальных культурных з'яў папулярнымі міжнароднымі культурнымі з'явамі. Многія расцэньваюць гэта як страту нацыянальных культурных каштоўнасцей і змагаюцца за адраджэнне нацыянальнай культуры. У спалучэнні з адстойваннем эканамічных інтарэсаў асобных сацыяльных груп гэтая дзейнасць прывяла да фарміравання феномена антыглабалізму.

Спасылкі

правіць