Гладыёлус чарапіцападобны

від раслін

Шпажнік (гладыёлус) чарапіцавы, гладыёлус чарапіцападобны[3] (Gladiolus imbricatus) — шматгадовая травяністая клубнецыбульная расліна, від роду шпажнік (Gladiolus) семейства Касачовыя.

Шпажнік (гладыёлус) чарапіцавы
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Gladiolus imbricatus L., 1753


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
NCBI  1007780
EOL  5867978
IPNI  437527-1
TPL  kew-328505

Апісанне

правіць
 
Батанічная ілюстрацыя Якаба Штурма з кнігі «Deutschlands Flora in Abbildungen», 1796

Шматгадовая клубнецыбульная травяністая расліна вышынёй 40—80 см з тонкімі прамымі сцёбламі[3]. Сцябло прамое, простае, даволі тонкае, пакрыта лісцем, 50-70 см у вышыню[3].

Клубнецыбуліна шарападобная, дыяметрам 1—1,5 см. Лісце плоскае, ланцэтна-лінейнае, з некалькімі прадольнымі жылкамі, на верхавіне завостранае, у ліку 2-3[3]. Ніжняе лісце лускападобнае, сцябловае — мечападобнае.

Суквецце — аднабаковы густы колас, складзены з 3—7 (10)[3] буйных ружавата- або пурпурова-фіялетавых кветак даўжынёй 2,5—3,5 см. Калякветнік няправільны, амаль дзвюхгубы. Кветкі добра прыстасаваныя для перакрыжаванага апылення. У маладых кветках слупок і песцікі размешчаны над пылавікамі і прыціснутыя да верхніх пялёсткаў, а ў больш сталых — слупок нахілены ўніз, а лычыкі перакрываюць шлях да нектару. Насякомыя, пераважна пчолы, у адных кветках пэцкаюцца пылком, пераносяць яго на песцікі больш сталых кветак, апыляючы іх.

Плод — кароткая зваротнаяйкападобная, зверху ўціснутая сухая каробачка з крылом і авальным насеннем[3].

Цвіце ў чэрвені[3].

Пашырэнне

правіць

Пашырэнне: Сярэдняя Еўропа і Міжземнамор’е. У Беларусі знаходзіцца паблізу ўсходняй мяжы арэала, трапляецца зрэдку па ўсёй тэрыторыі, але на поўначы краіны часцей[3].

Месцы росту: нізінныя і пойменныя лугі, лугавіны, зараснікі хмызняку, лясныя паляны ў ельніках, дубравах і альшаніках; расце асобнымі экзэмплярамі і невялікімі, часам буйнымі групамі.

Хімічны склад

правіць

Шпажнік чарапіцавы ўтрымлівае ірыдзін — гліказід ізафлавон іргеніну, алей, крухмал, цукар, эфірны алей.

Асаблівасці біялогіі

правіць

Цвіце ў чэрвені—ліпені, пладаносіць у жніўні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.

Выкарыстанне

правіць
 
Кветка

Дэкаратыўная, лекавая і харчовая расліна.

У лекавых мэтах нарыхтоўваюць і надземныя, і падземныя часткі расліны: лісце перад цвіценнем, клубні — увосень.

Прэпараты шпажніку ўжываюцца як адхарквальны сродак пры бранхітах, болях у кішачніку, спазме, як сімптаматычны (у складзе збору М. М. Здрэнкі) пры лячэнні папіламатозу  (англ.) мачавога пузыра і анацыдных гастрытаў. Здробненае і працёртае карэнішча ўваходзіць у склад прысыпак, пудраў. Настой карэнішча выкарыстоўваецца як вонкавы сродак пры раздражненні скуры.

У народнай медыцыне водны адвар п'юць пры катары страўніка, перапуду. Здробненыя цыбуліны прыкладваюць да ран і язваў для іх гаення і ўжываюць для прыпарак пры зубным болі. Спіртавой настойкай расціраюцца пры рэўматызме[3].

Шпажнік чарапіцавы аддае перавагу багатым перагноем глебам, добра асветленым вільготным участкам, аднак застою вады не пераносіць. Размнажаецца вегетатыўна і насеннем.

Від уключаны ў Чырвоныя кнігі Малдавіі, Беларусі, Украіны, Казахстана, многіх абласцей і рэспублік Расіі. Ахоўваецца таксама ў Літве, Латвіі, Эстоніі і Польшчы.

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісванай у гэтым артыкуле групы раслін да класа аднадольных гл. раздзел «Сістэмы APG» артыкула «Аднадольныя».
  3. а б в г д е ё ж з Шпажник черепитчатый // Лекарственные растения и их применение. — 5-е, перераб. и. доп.. — Мн.: «Наука и техника», 1974. — С. 95. — 592 с. — 120 000 экз.

Літаратура

правіць
  Гэты від занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі і ахоўваецца законам.
IV катэгорыя (NT) 

Спасылкі

правіць
  • Шпажник черепитчатый: інфармацыя пра таксон у праекце «Плантариум» (вызначальнік раслін і ілюстраваны атлас відаў). (руск.)