Глеб Святаславіч (князь смаленскі)

(пам. 1399) князь смаленскі

Глеб Святасла́віч (? — 12 жніўня 1399) — князь смаленскі (1392—1395).

Глеб Святаславіч
Князь смаленскі
1392 — 1395
Папярэднік Святаслаў Іванавіч
Пераемнік Раман Міхайлавіч
Нараджэнне каля 1355
Смерць 12 жніўня 1399
Род Рурыкавічы
Бацька Святаслаў Іванавіч
Дзеці Дзмітрый Глебавіч[d][1] і Іван Глебавіч[d][1]
Веравызнанне праваслаўе
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Старэйшы сын вялікага князя смаленскага Святаслава Іванавіча. Упершыню Глеб згаданы пад 1386 годам, калі разам з бацькам, малодшым братам Юрыем і стрыечным братам Іванам Васілевічам, браў удзел у паходзе смаленскіх войскаў на Віцебск, Оршу і Мсціслаў. Летапісцы адзначаюць, што смаляне былі вельмі жорсткія да вялікалітоўскіх падданых, «кого где изъимавши, и мучаху нещадно различными казньми, мужеи, и жон, и детеи, а иных в ызбы насажавше, и запирающе, и зажигаху»[2]. Да Мсціслава смаленскае войска падышло 18.4.1386 года і аблажыла горад. На дапамогу абложаным 29.4.1386 года падышлі вялікалітоўскія войскі пад камандаваннем князя Скіргайлы. Смаляне знішчальна разбіты ў бітве на рацэ Віхры (29.4.1386[3]), вялікі князь Святаслаў і яго пляменнік Іван Васілевіч загінулі, параненыя Глеб і Юрый Святаславічы трапілі ў палон.[4]

З пад Мсціслава вялікалітоўскае войска прыйшло да Смаленска, горад здаўся і заплаціў выкуп. Скіргайла даў смаленскі сталец малодшаму брату Глеба — Юрыю, які 16.9.1386[3] года ў Вільні прысягнуў[5] на вернасць польскаму каралю і вярхоўнаму князю літоўскаму Уладзіславу Ягайле і яго вялікалітоўскаму намесніку Скіргайле, абавязаўся вайсковай падтрымкай і абяцаў не мець сувязяў з полацкім князем Андрэем Альгердавічам. Мяккасць стаўлення да Юрыя і наданне менавіта яму смаленскага стальца, напэўна, тлумачыцца яго шлюбам з пляменніцай Альгердавічаў. Глеб Святаславіч, напэўна, застаўся закладнікам пры двары Скіргайлы.[4]

Калі ў 1390 годзе Вітаўт пры падтрымцы Ордэна пачаў барацьбу за вялікалітоўскі сталец, Глеб Святаславіч браў удзел у гэтым канфлікце на баку Ягайлы і Скіргайлы. У верасні 1390 года ў баі з ордэнскімі войскамі на пераправе цераз Вілію паблізу Вейшышак літвіны пацярпелі паразу, сярод іншых князёў у палон трапіў і князь Глеб. Пазней ён стаў адным з закладнікаў, напэўна, як брат жонкі Вітаўта, якіх апошні даў Ордэну, і пэўны час знаходзіўся ў Прусіі.

У 1392 годзе Ягайла памірыўся з Вітаўтам і той стаў літоўскім намеснікам караля. У 1393 годзе яшчэ Юрый Святаславіч як князь смаленскі браў удзел у паходзе Вітаўта і Скіргайлы на Віцебск супраць Свідрыгайлы, тады Вітаўт пацвердзіў Юрыю трыманне смаленскага стальца. Аднак неўзабаве Юрый захапіў аршанскія воласці і раздаў іх смаленскім баярам. Пасля гэтага Вітаўт перадаў Смаленск Глебу Святаславічу, які вярнуўся з ім з Прусіі, а Юрыю даў Рослаўль.[4][6]

У 1395 годзе паміж сынамі Святаслава Іванавіча пачалася барацьба за перадзел уладанняў у непадуладнай Вялікаму княству Літоўскаму частцы Смаленскай зямлі. У верасні 1395 года Вітаўт падышоў да Смаленска і абвясціў, што хоча быць пасрэднікам паміж смаленскімі князямі і памірыць іх. Калі князі на чале з Глебам Святаславічам прыйшлі да Вітаўта ў шацёр для перамоў, ён захапіў іх у палон і заняў Смаленск. Паводле Супрасльскага (спіс 1520 года) і Слуцкага (спіс 1520-х гадоў) летапісаў, якія ўскосна апраўдваюць Вітаўта, у 1395 годзе быццам Глеб Святаславіч «нача не в послушани быти» і за гэта выведзены са Смаленска.[7]

Пасля захопу Смаленска ў 1396 года вялікім князем Вітаўтам князь Глеб з дзецьмі выведзены са Смаленскай зямлі, атрымаў маёнтак Палоннае на Валыні. Загінуў у бітве на Ворскле ў 1399 годзе. Ад нашчадкаў Глеба Святаславіча паходзяць княжацкія роды Жыжэмскіх, Шаховічаў і Саламярэцкіх.

Зноскі

  1. а б Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku / пад рэд. J. WolffWarszawa: 1895. — С. 179.
  2. ПСРЛ. Т. 35. С. 64, 70 і інш.
  3. а б Полехов 2014, с. 244..
  4. а б в Кузьмин 2006.
  5. Смоленские грамоты / Подг. к печ. Т. А. Сумникова и В. В. Лопатин, под ред. Р. И. Аванесова. — М., 1963. — С. 72-74.
  6. Полехов 2014, с. 245..
  7. ПСРЛ. Т. 35. С. 65, 72.

Літаратура

правіць