Глеб Янушавіч Сапега

Глеб Янушавіч Сапега (да 1510 — паміж 30 сакавіка 1574 і 21 студзеня 1579) — вялікалітоўскі арыстакрат, дваранін гаспадарскі (зг. 1568).

Глеб Янушавіч Сапега
дваранін гаспадарскі[d]
з 1568
Нараджэнне не пазней за 1510
Смерць не раней за 30 сакавіка 1574 і не пазней за 21 студзеня 1579
Месца пахавання
Род Сапегі
Бацька Януш Багданавіч Сапега[1]
Маці Ганна Канстанцінаўна Крошынская[d][1]
Жонка Кацярына Шымкаўна[d][2][1]
Дзеці Іван Сапега[d][3]
Дзейнасць дзяржаўны служачы, арыстакрат

Біяграфія правіць

З чарэйска-ружанскай лініі Сапегаў, старэйшы сын Януша Багданавіча Сапегі і Ганны Крошынскай, у сям’і было яшчэ тры сыны — маладзейшыя Дзмітр, Сцяпан, Міхаіл, і дзве дачкі — Таццяна і Настасся.

Пасля смерці Януша Сапегі каля 1530 года, сыны пэўны час дзейнічалі супольна. У 1532 годзе разам атрымалі судовы ліст па скарзе на закладанне каралевай Бонай мястэчка каля іх дзедзічнага маёнтка Лунна. А 15 кастрычніка 1533 года разглядалася скарга нейкага конюха Алешкі і яго сына Андрэя на крыўды ад ўсіх разам братоў Сапегаў. Аднак потым згоды паміж братамі не было. Урэшце, 25 мая 1541 года Глеб Янушавіч з прычыны варожых адносін паміж братамі ініцыяваў палюбоўны і роўны падзел бацькоўскай і матчынай спадчыны.[4] У выніку Глеб, Дзмітр, Сцяпан і Міхаіл, разам з сёстрамі, падзялілі на шэсць роўных частак маёнткі Лунна[-Чарлёна], Свіслач і Вайкелішкі з фальваркамі. На часткі, якая каму дастанецца, яны кідалі жэрабя.[5]

Падзел не задаволіў і не супакоіў братоў, пагатоў быў не поўны і не канчатковы, судовыя спрэчкі і наезды цягнуліся амаль 20 гадоў — не падзеленым яшчэ і ў 1555 годзе застаўся маёнтак Лунна-Чарлёна і яго браты трымалі сумесна, а таксама «людзі», на думку Сапегаў, прысвоеныя каралевай Бонай. На пачатку 1554 года памёр малодшы з братоў — Міхаіл, спадчынныя маёнткі ён запісаў у вена жонцы Марыне Яцкаўне Быстрыцкай, тая памянялася часткай непадзеленага Лунна[-Чарлёны] на іншы маёнтак са сваім братам Мацвеем Яцкавічам Быстрыцкім, каморнікам вялікага князя. З менай не пагадзіліся Сапегі, асабліва Дзмітр і Сцяпан, як праз непадзеленасць маёнтка, так, напэўна, і таму, што лічылі сябе першачарговымі нашчадкамі Лунна-Чарлёны і не хацелі каб маёнтак «аддаляўся» ад роду. Дзеянні іх былі агрэсіўнымі, удзел Глеба не згадваецца, але ён мог быць натхняльнікам малодшых.[5] Урэшце ў лістападзе 1557 года Быстрыцкі за 12 коп грошаў ад імя сястры і «людзей Лунненскіх» адмовіўся ад прэтэнзій на чарлёнскую долю па Міхаіле Сапегу.[6] Адначасова ў 1555—1561 гадах паміж Дзмітром і Сцяпанам, нягледзячы на супольныя дзеянні супраць Быстрыцкага, адбываўся востры канфлікт, які скончыўся жорсткім забойствам Дзмітра[7]. Неўзабаве, у 1561 годзе, памёр і Сцяпан.

Ужо ў 1561 годзе Глеб судзіўся са стрыечным братам Паўлам Сапегам за частку Лунна-Чарлёны па родным браце Дзмітры, якую Павел на думку Глеба самавольна захапіў. Глеб лічыў сябе паўнапраўным нашчадкам, але на суд не стаў, а выслаў сына Яна з паведамленнем пра сваю хваробу. Тым часам, Павел Сапега сцвярджаў, што ў 1558 годзе пазычыў нябожчыку Дзмітру 500 коп грошаў, а той аддаў сваю частку Лунна-Чарлёны ў арэнду да вяртання пазыкі. Гэта пацвярджаюць крыніцыі, у 1558 годзе службовец Паўла Сапегі не пусціў гарадзенскага яўрэя Мошку Дактаровіча спагнаць з Чарлёны пазыку ў суме 70 коп грошаў літоўскіх, паведаміў яму, што Дзмітр ужо нічога ў маёнтку не мае, а замяніўся ім на ўладанні «на Русі». Напэўна, Глеб прайграў справу за Дзмітраву частку Лунна-Чарлёны, бо пазней Павел з братам Міхаілам актыўна займаліся справамі гэтых уладанняў.[8]

На Попіс пад Радашковічамі, восенню 1567 года, з глебавай часткі маёнтка Лунна-Чарлёна, двух «коней» па-казацку і аднаго драба ставілі яго швагер Іван Словік і пляменнік Міхал Тышковіч[9]. У 1568 годзе гаспадарскі дваранін Глеб Сапега перадае ўчасткі зямлі са сваіх уласных маёнткаў Лунна-Чарлёна гаспадарскім зямянам Радзівановічам[10].

Апошні раз Глеб Янушавіч згадваецца ў дакументах 30 сакавіка 1574 года.[10]

Сям’я правіць

У 1538 годзе Глеб падпісаў умовы ўзяць шлюб з дачкой цівуна і гараднічага віленскага Шымкі Мацкавіча, з пасагам за ёй у 200 коп літоўскіх грошаў рухомасці і 100 коп літоўскіх грошаў на частцы маёнтка яе маці Соф’і ў Жамойці, пад зарукай 1000 коп Шымку і 1000 коп вялікаму князю.[11]

Быў жанаты з Катажынай Шымковічавай, у шлюбе нарадзіўся сын Ян, памерлы раней за бацьку.[10]

Свае ўладанні тастаментам запісаў пляменнікам — Мікалаю і Льву Міхайлавічам Сапегам.[12]

Зноскі

  1. а б в г Гісторыя Сапегаў : жыццяпісы, маёнткі, фундацыіМн.: Віктар Хурсік, 2017. — С. 50. — 586 с. — ISBN 978-985-7025-75-6
  2. Сліж Н. З дакументальнай спадчыны сям’і віленскага цівуна Шымка Мацковіча і Зафеі Паўлаўны: ад сямейных адносін да гісторыі дома Багдана Онкавіча ў Вільні // Białoruskie Zeszyty HistoryczneБеласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 2018. — вып. 49. — С. 240. — ISSN 1232-7468
  3. Гісторыя Сапегаў : жыццяпісы, маёнткі, фундацыіМн.: Віктар Хурсік, 2017. — С. 54. — 586 с. — ISBN 978-985-7025-75-6
  4. Семянчук 2014, с. 376.
  5. а б Семянчук 2014, с. 377.
  6. Семянчук 2014, с. 380.
  7. Семянчук 2014, с. 383.
  8. Семянчук 2014, с. 384.
  9. Семянчук 2014, с. 385.
  10. а б в Семянчук 2014, с. 386.
  11. Лаўрэш 2021.
  12. Семянчук 2014, с. 387.

Літаратура правіць

  • Лаўрэш Л. Л. Фундатар Маламажэйкаўскай царквы Шымка Мацкавіч і яго нашчадкі // Беларусь у кантэксце еўрапейскай гісторыі: асоба, грамадства, дзяржава : зб. навук. арт. / ГрДУ імя Янкі Купалы. — Гродна : ГрДУ, 2021. — С. 299—305.
  • Семянчук Г. М. Чарлёна — двор Сапегаў над Нёманам у XVI—XVII стст. // Магнацкі двор і сацыяльнае ўзаемадзеянне (XV—XVIII стст.) : зборнік навуковых прац / Установа "Музей «Замкавы комплекс „Мір“»"; пад рэд. А. М. Янушкевіча. — Мн.: Медысонт, 2014. — С. 372—394.