Глыбоцкія скамарохі-мядзведнікі

Глыбоцкія скамарохі-мядзведнікі — промысел адлову і дрэсіроўкі мядзведзяў, заснаваны панамі Зяновічамі ў Глыбокім; адна са школ беларускіх скамарохаў[1].

«Мядзьведнік у Карпатах» Хіпаліт Ліпіньскі. Дрэварыт захоўваецца ў Глыбоцкай цэнтральнай бібліятэцы.

Мядзведзяў прывучалі танцаваць, выводзячы на гарачую падлогу-патэльню. Перад гэтым заднія лапы абувалі ў анучы або лапці, а пярэднія пакідалі голымі. Пры гэтым мядзведнік пачынаў іграць на скрыпцы, жалейцы або дудзе, а мядзведзь, адчуўшы ў пярэдніх лапах гарачыню, станавіўся на заднія лапы і пачынаў «танцаваць». Гэтая рэакцыя замацоўвалася і асацыіравалася мядзведзем з гукамі музыкі, адсюль таксама сувязь і ўзаемадапаўненне паміж двума ўменнямі. Ад 1 лістапада да 15 лютага «акадэмікі» пакідалі сваю alma mater і вандравалі па вёсках і мястэчках, забаўляючы мясцовае насельніцтва. Тэатральны талент прыцягваў увагу не толькі простага люду, але быў таксама надзвычай папулярным сярод магнатаў, якія запрашалі мядзведнікаў для выступленняў у свае замкі і палацы[2].

Гісторыя правіць

Паводле гарадскіх інвентароў у Глыбокім на пачатку XVIII ст. сярод рамеснікаў былі скамарохі і мядзведнікі (каля 10 чалавек) і каля 15 чалавек ва ўсім Глыбоцкім краі. Па колькасці згадак у літаратуры і актыўнасці мясцовых мядзведнікаў можна лічыць, што мядзведніцтва было пашыраным заняткам сярод глыбачан. Вядома, што з канца XV ст. і да пачатку XIX ст. Глыбокае і Смаргонь, дзе існавала знакамітая Смаргонская мядзведжая акдэмія належалі адным уладальнікам — спачатку Зяновічам, а з 1628 года Радзівілам. Раней прынята было лічыць, што мядзведжая акадэмія ў Смаргоні заснавана Радзівіламі, але навейшыя звесткі паказваюць на Зяновічаў, як заснавальнікаў і Радзівілаў, як пераемнікаў гэтай справы.

У працы «Сацыяльная тапаграфія м. Глыбокае» даследчыца Надзея Храпавіцкая піша: «Звяртае на сябе ўвагу таксама наяўнасць 9-12 гаспадароў, спецыялізацыя якіх у інвентары 1752 г. акрэсліваецца як „мядзведнікі“, а ў 1761 г. — „скамарохі“, а таксама існаванне і музыкаў. У сярэдзіне XVIII ст. майстры-хрысціяне не канцэнтраваліся ў нейкай адной частцы мястэчка, а былі досыць раўнамерна расселеныя на ўсіх вуліцах: і на Замкавай (там іх адсотак у адносінах да агульнай колькасці хрысціянскіх дворагаспадарак вуліцы складаў 80 %), і на Дворнай, што ішла ад Рынку да Двору, і на Віленскай, і на Друянскай (што цікава, менавіта ў канцы Друянскай купна сяліліся „скамарохі“). Скамарохі-мядзведнікі, магчыма, мелі дачыненне да „Смаргонскай акадэміі“, заснаванай Радзівіламі ў XVII ст. Па некаторых звестках, „акадэмія“ працягвала існаваць і ў XIX ст. Але ў XIX ст. згадак пра мядзведнікаў у інвентарах няма. Магчыма, скамарохі пакінулі Глыбокае, а можа быць, былі знішчаныя як група пад ціскам забароны расійскіх уладаў».

Пра мядзведнікаў у Глыбоцкім краі згадвае гісторык Отан Гедэман у кнізе «Dawne Puszcze i Wody» (Даўнейшыя пушчы і воды), Вільня, 1934.

 
Клетка для мядзведзя. Фота Ю. Клоса, змешчанае на паштоўцы з подпісам "Osobliwosci Ziemi Wilenskiej". Двор палацу ў Паставах.

«Іншы выпадак скончыўся для мядзведзя трагічна. Меў пан Антоні Дабрагост-Падбіпента з маёнка Пліса дваіх падданых, адмыслоўцаў па дрэсіроўцы мядзведзяў, якія вандравалі са сваімі любімчыкамі ад двору да двору, паказвалі розныя фокусы. Зайшлі яны з двума дарослымі мядзведзямі ў маёнтак пана Кубліцкага, ад каторага ўзялі маладога мядзведзіка на выхаванне на тры гады… Мядзведнікі аднак, мядзведзя таго ўзяўшы,… а вярнуўшыся дадому,… з суседам сваім, мядзведнікам Макрыцкім, на пэўны час перагандлявалі (на іншага) і з тым перагандляваным мядзведзем… са сваіх хат рушылі сваім звычайным шляхам,… калі праз вароты ўваходзілі ў двор пана Кубліцкага і таго перагандляванага мядзведзя збіраліся паказаць, пры той умове, што калі б паны Кубліцкія не ўпадабалі сабе новавыгандляванага мядзведзя,… тады б прыставілі б ім таго малога. Фінал быў такі, што пан Кубліцкі сапраўды не ўпадабаў сабе той замены сваёй уласнасці, што праявілася выкарыстаннем двуручнай нагайкі на мядзведніках, якія ратаваліся ўцёкамі пакідаючы свой звярынец. А паколькі Кубліцка мядзведзіка не аддаў, а з дваіх старых злупіў  скуру, таму пан Падбіпента заступіўся за сваіх мядзведнікаў і запатрабаваў выплаты 30 талераў за скуры, вяртанне мядзведзіка, і кампенсацыі за крыўды і г.д. Увогуле мядзведнікаў сустракаем ў актах нярэдка; па іх бачна, што гэта не было сур’ёзнае рамяство. Адзін пан, на прыклад, загадвае сваім падданым пільнаваць „каб па воласцях жыды, прыблуды, цыганы і мядзведнікі для сваёй выгады не путаліся“. Або таксама, калі зза Лівонскай вайны ўвялі новы падатак — „пагалоўшчыну“, то і тут адмыслова ападаткавалі мядзведнікаў: калі на прыклад парабкі плацілі па два грошы за галаву, шынкары па 4, мяшчане-гандляры па 6, то людзі без акрэсленай прафесіі, то бок „свабодныя валацугі — дудары, скрыпакі, мядзведнікі — па 8 грошай“. Смаргонскім прафесарам законы Рэчпаспалітай не спагадалі»[2].

Краязнавец Кастусь Шыталь тлумачыць, што Антоні Падбіпента валодаў Плісай станам на 1765 год. То бок, інцыдэнт, пра які згадвае Гедэман, здарыўся ў сярэдзіне ці другой палове 18 ст. Гэта быў залаты час для мядзведніцтва — бо свае мядзведнікі былі і ў Глыбокім і ў Плісе, і ўсім заробку хапала. Варта згадаць, што тыя Пліскія мядзведнікі самі таго мядзведзя і дрэсіравалі. Значыць, рабілі гэта на месцы — і, відаць, у Глыбокім таксама мядзведзяў на месцы вучылі, а не імпартавалі са Смаргоняў. «Смаргонскі прафесар» устойлівы, прысмешлівы выраз, які абазначаў мядзведнікаў. Отан Гедэман можа памыляцца, што Рэчпаспалітая абкладвала дудароў-мядзведнікаў вялікімі падаткамі таму, што іх не паважала. Наадварот, вялікія падаткі спаганялі з тых хто найбольш зарабляў. Ва ўсёй Польшчы дудары плацілі высокія падаткі, бо прафесія і заробак лічыліся прэстыжнымі. Пра гэта піша ў сваіх кнігах прафесар Збігнеў Пшэрэбскі.

У кнізе «Литовские епархиальные ведомости» № 23 за 1869 год пра візітаванне ў грэкакаталіцкіх цэрквах, у 1784 годзе, напісана, што ў Глыбокім была царква Святой Тройцы, якая мела філіяльную царкву на вуліцы Дворнай (вядомая па інвентарах царква Святога Пятра). Пры царкве Святога Пятра было брацтва Святога Антонія, якое падзялася на тры аддзелы: св. Антонія (шаўцоў і гарбароў), Трох Свяціцеляў (краўцоў) і св. Мікалая — мядзведнікаў. Паводле інвентароў — мясцовых скамарохаў хавалі разам са схізматыкамі на пагорку каля возера Глыбокага (пазней Кагальнага), які цяпер мае неафіцыйную назву Капітаніха (цяпер там усталяваны самалёт Су) — у той час ускраіна горада.

Паводле спісу Рамеснікаў-хрысціян прыватнаўласніцкага мястэчка Глыбокага 1752—1820 гг. (па звестках інвентароў) у Глыбокім налічвалася наступная колькасць скамарохаў-мядзведнікаў: 1752 (9 асоб), 1761 (12 асоб), а ў 1783 ужо толькі адзін чалавек. У той жа час разам са знікненнем скамарохаў нязначна павялічваецца колькасць музыкаў (3 асобы), што можа ўказваць на сувязць мядзеднікаў з музыкамі, верагодна дударамі. У інвентарах 1807 года няма ўжо згадах ні пра адных ні пра другіх[2]. Дзякуючы інвентарам ведаем прозвішчы глыбоцкіх скамарохаў-мядзведнікаў: Даніэль Іраховіч, Ян Таўкач, Васіль Галецкі, Ян Сарока, Ян Вяхляцкі, Ян Лідніковіч, Антоні Маркевіч, Ян Пашкевіч, Сымон Людніковіч, Юзэф Грындзюк, Ян Галецкі. Таксама вядомыя імёны музыкаў: Ян Блашэвіч, Мацей Блашэвіч, Ян Блашэвіч, Грыгор Сядуновіч, Аляксандар Сейдановіч[3].

 
Кніга Яна Ходзькі «Пан Ян са Свіслачы, вандроўны крамнік» у якой згадваюцца глыбоцкія скамарохі-мядзведнікі

Адсутнасць згадак у інвентарах аднак не сведчыць пра поўнае знікненне скамарохаў-мядзведнікаў. Кастусь Шыталь спасылаецца на кнігу Яна Ходзькі «Pan Jan ze Swisłoczy, kramarz wędrujący (Пан Ян са Свіслачы, падарожны крамнік)», якая была напісаная ў 1821 годзе і рэкамендаваная для навучання ў парафіяльных школах. Паводле сюжэту, галоўны герой ездзіць па кірмашах і прадае кніжкі, а па дарозе пры сустрэчах з людзьмі дае ім розныя маральныя, грамадскія, гаспадарчыя, медыцынскія настаўленні. Шлях галоўнага героя пралягаў і праз Глыбокае, і частка дзеяння і дыялогаў у кнізе адбываецца ў Глыбокім. Але перад тым, недзе ў ваколіцах Кублічаў, герой сутыкаецца з мядзведнікамі — махлярамі, якія вадзілі па вёсках мядзведзяў, і прапаноўвалі гаспадарам, у чые хаты «адмаўляўся» заходзіць дрэсіраваны мядзведзь, за пэўную аплату «зняць чары» з хаты. Аўтар выкрывае гэтую з’яву. Відаць, гэта была адна з прычын адмыслова нізкага статуса мядзведнікаў і скамарохаў у мясцовым грамадстве — яны не займаліся карыснай працай, а то смяшылі людзей, каб зарабіць, а то дурылі сялянаў.

Краязнаўца Кастусь Шыталь піша: «Быў на карце горада такая тапанімічная адзінка як „Мядзведзеўка“ („Niedźwiedziówka“). У 1921 годзе гэта быў адзін дом, які належаў ўрачу Мікалаю Палікоўскаму. Знаходзіўся ён на цяперашняй вуліцы 3 Ліпеня — або на месцы дома № 14, які стаіць пры самай дарозе, або гэта і быў той дом (у вайну ён не згарэў, бачны на аэрафотаздымку). У 1931 годзе гарадская рада Глыбокага надала дарозе, якая ішла ад вуліцы Варшаўскай да Мядзведзеўкі назву вуліца Мастовая[4]. Дом, які ў 1921 годзе быў пазначаны ў спісах як Мядзведзеўка, у 1935 годзе меў адрас Мастовая, 10». Мядзведзеўка — не адзіна тапанімічная адзінка звязаная з мядзведніцтвам на Глыбоччыне. У Галубіцкай пушчы быў засценак Мядзвежы Отступ. А на карце-«трохвёрстцы» 1865 года пазначаныя засценкі Недзвядка (Мядзведка) каля дарогі з Глыбокага на Лаўцы, а побач бліжэй да паштовай дарогі на Докшыцы, паміж Глыбокім і Прыпернам — засценак Каменка. У спісе паселішчаў Віленскай губерні 1905 года фігуруе засценак Каменка-Медведка. У міжваенны час на картах і ў спісах паселішчаў пазначаецца толькі Мядзведка (Niedźwiadka). Цяпер няма і яго. Мясцовымі краязнаўцамі Кастусём Шыталем і Юрым Калбасічам была выкупленая пячатка з надпісам «Каменко Недзвядскаго поземельнаго товарищества Глубокской волости Дисненскаго уезда». Пячатка захоўваецца ў Глыбоцкім гісторыка-этнаграфічным музеі. Засценкі Каменка і Мядзведка былі заснаваныя на землях, якія належалі да маёнтка Глыбокае, які ў ХІХ стагоддзі належаў спачатку Радзівілам, потым Вітгенштэйнам, потым князям Гогенлое. Падобна, што якраз Гогенлое, якія ў 1880-я і 1890-я актыўна распрадавалі свае маёнткі, якія дасталіся ад Радзівілаў, прадалі сялянам і зямлю ў Каменцы і Нядзведцы, праз куплю якой і было заснаванае «поземельное товарищество»[5].

Паўстанне 1830—1831 гадоў прынята лічыць пачаткам заняпаду мядзведніцтва. Мядзведжая акадэмія была фармальна забаронена царскім указам толькі 30 снежня 1866 году і ліквідаваная з дапамогай паліцыі, жандармэрыі і нават войска. Паводле розных крыніц трэніроўка вялася падпольна і мядзведнікаў дзе-нідзе можна было сустрэць у канцы XIX і нават у першай палове XX  ст. Магчыма, глыбоцкія і смаргонскія мядзведнікі, якія засталіся без працы і хлеба ўдзельнічалі ў каланізацыі Свянцянскага павета. Глухія лясы вакол Свянцян маглі быць ідэальным сховішчам як для мядзьведнікаў так і для мядзведзяў. Такую здагадку, прынамсі, выказвае літоўская даследчыца Рута Жарскене. Вандроўкі дудароў, у пошуках працы, у гісторыі Еўропы былі нярэдкія. Не выключана, што такім чынам беларуская дуда магла трапіць, пашырыцца і замацавацца на тэрыторыі Аўкштайціі і Дзукіі.[2]

Танцы дрэсіраваных мядзведзяў звычайна адбываліся ў суправаджэнні дуды або іншых інструментаў. Нагадаем беларускую прыказку — «Мядзведзь здох — складай дуды ў мех» і польскага паэта XVII ст. Вацлава Патоцкага «Пляша мядзьведзь пад дуду, хоць не хоча, хоць вуркоча». Першыя тэатральныя дзеянні былі карагодамі, народнымі гульнямі, прадстаўленнямі скамарохаў. З гэтым мастацтвам таксама звязаная пашыраная на Глыбоччыне традыцыя батлейкі, а таксама творчасць першай беларускай тэатральнай трупы Ігната Буйніцкага. Імаверна, што мядзведніцтва ў Глыбокім спрычынілася таксама да пашырэння дударскіх традыцый у Глыбоцкім краі. Памяць пра сувязь дуды з мядзведніцвам падтрымліваецца ў межах фэсту «Дударскі рэй»[6]. Майстрыха Юлія Арэхава з Глыбоцкага дому рамёстваў прысвяціла тэме глыбоцкіх дудароў-мядзведнікаў карціну ў тэхніцы саломкі.

Адмыслова для дударскай калекцыі ў Глыбоцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы захоўваецца выкупленая гравюра (дрэварыт) XIX стагоддзя, аўтарства якой належыць вядомаму польскаму мастаку Хіпаліту Ліпіньскаму. У гэтай копіі дрэварыту малюнак падпісаны «Мядзведнік у Карпатах». У наш час мядзьведжую тэму на Глыбоччыне развівае аграсядзіба «Мядзведжы кут», якая штогод ладзіць мясцовы фэст «Мядзведзь».

Крыніцы правіць

Літаратура правіць

  • Храпавіцкая Н. Сацыяльная тапаграфія м. Глыбокае.
  • Воранаў В. Дудары Глыбоцкага краю. — Глыбокае: ТБМ, 2018.