Глябовічы
Глябо́вічы — вялікалітоўскі арыстакратычны род герба «Ляліва». Адзін з багацейшых і ўплывовых родаў Вялікага Княства Літоўскага. З роду паходзяць многія выдатныя дзяржаўныя дзеячы. Згас 18 красавіка 1669 года са смерцю Юрыя Мікалаевіча Глябовічы.
Паводле падання, род паходзіць ад ваяводы смаленскага і дарагабужскага Глеба Вяжэвіча, які жыў у XV стагоддзі. Некаторыя даследчыкі выводзяць паходжанне роду ад Гедзіміна або ад маршалка Манівіда. Імаверна, Глеб паходзіў з баяр Смаленскай або Полацкай зямель[1].
Глябовічы валодалі землямі ў Мазырскім, Ігуменскім, Аршанскім і Новагародскім паветах, а таксама на Смаленшчыне, Віцебшчыне і ў Польшчы. Глябовічам належалі гарады Дуброўна і Заслаўе, палацы ў Вільні і Менску[1].
Пасля смерці Глеба Вяжэвіча ў яго засталіся ўдава Ганна Мілохна Рачкоўна, імаверна, менавіта дзецьмі Глеба Вяжэвіча былі Юрый, Станіслаў і Пётр, якія займалі ў Вялікім Княстве Літоўскам высокія ўрады[2].
Вядомыя асобы
правіць- Юрый Глябовіч (? — паміж 1520 і 1524) — намеснік смаленскі ў 1492—1499, аршанскі і аболецкі ў 1500—1501, віцебскі ў 1503—1508 і смаленскі ў 1508—1514 гадах. Староста мерацкі з 1514 і ваўкавыскі з 1520[1] (1518?[2]) года.
- Мікалай Юр’евіч (? — 1514) — староста дарагічынскі і слонімскі.
- Ян Юр’евіч (каля 1480[2] — 23 красавіка 1549) — маршалак гаспадарскі ў 1516—1542, дзяржаўца мсціслаўскі з 1527 і радунскі, ваявода віцебскі з 1528, полацкі з 1532, віленскі з 1542, канцлер вялікі літоўскі з 1546 года[1]. Быў даверанай асобай каралевы Боны[2].
- Ян Янавіч (1544 — ліпень 1590) — дзяржаўца анікштанскі ў 1571—1585, кашталян менскі ў 1571—1585, староста анікштанскі (1575—1590), староста радашковіцкі (1576—1590), падскарбі земскі літоўскі і піпісар у 1580—1586, дзяржаўца ўпіцкі з 1584, кашталян троцкі з 1585, ваявода троцкі з 1586 года.[1].
- Мікалай Янавіч (? — 18 лістапада 1632) — падстолі вялікі літоўскі з 1605, ваявода смаленскі з 1611, кашталян віленскі з 1621 года[1].
- Юрый Мікалаевіч (? — 18 красавіка 1669) — староста анікштанскі і радашковіцкі з 1633, падстолі вялікі літоўскі з 1639, стольнік вялікі літоўскі з 1643, ваявода смаленскі з 1643, староста жамойцкі з 1653, ваявода віленскі з 1668 года. Апошні мужчынскі прадстаўнік роду[1].
- Станіслаў Глябовіч (? — пасля 1513) — намеснік мерацкі ў 1492—1495, маршалак гаспадарскі ў 1492—1511, намеснік віцебскі ў 1495—1501, браслаўскі з 1501, полацкі з 1502, ваявода полацкі з 1502 года. Вядомы дыпламат. Удзельнічаў у пасольствах да вялікага князя маскоўскага ў 1492, 1499, 1503, 1504 і 1511 гадах[1].
- Пётр Глябовіч (? — пасля 1522) — намеснік наваградскі ў 1502 і крэўскі у 1511—1522 гадах[1].
Крыніцы
правіцьЛітаратура
правіць- Рыбчонак С. Да праблемы паходжання магнатаў Глябовічаў — уладальнікаў Заслаўскага замка ў XVI ст. // Магнацкі двор і сацыяльнае ўзаемадзеянне (XV—XVIII стст.) : зб. навук. пр. / Уст. "Музей «Замкавы комплекс „Мір“»"; пад рэд. А. М. Янушкевіча. — Мінск: Медысонт, 2014. — С. 79-104.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Глябовічы