Глінішча (Хойніцкі раён)

аграгарадок у Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці Беларусі

Глі́нішча[1] (трансліт.: Hlinišča, руск.: Глинище) — аграгарадок у Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Алексіцкага сельсавета.

Аграгарадок
Глінішча
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
1591 год
Ранейшыя назвы
Глін
Насельніцтва
513 чалавек (2021)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2346
Паштовыя індэксы
247607
Аўтамабільны код
3
СААТА
3254804006
Глінішча на карце Беларусі ±
Глінішча (Хойніцкі раён) (Беларусь)
Глінішча (Хойніцкі раён)
Глінішча (Хойніцкі раён) (Гомельская вобласць)
Глінішча (Хойніцкі раён)

Знаходзіцца за 26 км у напрамку на захад ад горада Хойнікі, за 133 км ад Гомеля[2].

Гісторыя правіць

Вялікае Княства Літоўскае правіць

У «Вялікім гістарычным атласе Беларусі» найранейшая згадка пра вёску Глін датаваная 1591 годам[3]. Належала да Мазырскага павета Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.

 
Герб уласны роду Абуховічаў (паводле апісання К. Нясецкага).

30 жніўня 1658 года права на ленныя маёнткі Алексічы і Глінішча (лац.: bona Olexicze et Hliniszcze) было пацверджана мазырскаму харунжаму Рыгору Круневічу[A] лістом караля Яна Казіміра[5]. У 1671 годзе пісар гродскі мазырскі Базыль Абуховіч абвінавачваў у судзе стрыечнага брата Дамініка Абуховіча ў памкненні на забойства і ўчыненні пагрозаў на шляхецкі гонар і здароўе. Валодаў у Мазырскім павеце спадчыннымі маёнткамі Абухаўшчына, Глінішча, Сядзельнікі, Трасцяніца і часткай Шарэек[6].

 
Герб Мурдэліо зменены роду Аскеркаў.

19 чэрвеня 1789 года адразу па нараджэнні ахрышчаны «з вады» (ex aqua) грэка-ўніяцкім святаром Іаанам Транцэвічам, парохам Алексіцкай царквы, Гервазі Антоні, сын шляхетных Севярына і Францішкі з дому Яшэўскіх Лянкевічаў з вёскі Глінішча, а 4 лістапада т. г. з усімі ўжо касцёльнымі цырымоніямі — айцом Янам Казіцкім, парохам Юравіцкага касцёла, вікарыем канвенту ордэна братоў-прапаведнікаў (дамініканаў). 15 ліпеня 1791 года ксяндзом Я. Казіцкім ахрышчаны Юзаф Антоні, сын тых жа сужэнцаў Лянкевічаў de villa Liniszcza[7].

Расійская імперыя правіць

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Глінішча — у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[8]. Згодна з крыніцай, заснаванай на звестках рэвізіі 1795 года, «село Глинище с двором Станиславовым[B]» належала мазырскаму чашніку Станіславу Аскерку. Згадана капліца Юравіцкага парафіяльнага касцёла[11]. Дзедзічны ўладальнік паведаміў рэвізорам, што ў яго фальварку жылі шляхцічы Юзаф, сын Яна, Анцыпаровіч, «учителем для детей», Севярын Ленкевіч з жонкай Францішкай, «на чинше», іх сыны Ян, Гервазі і дачка Зофія[12]. Паводле энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі», у вёсцы Глінішча на той час было 26 двароў, 138 жыхароў. 21 сакавіка 1795 года ксяндзом-дамініканам Антоніем Блажэвічам ахрышчаны Іосіф Рыгор, сын Данілы і Клары Кудрыцкіх з Глінішча, кумамі былі Станіслаў Аскерка і Францішка Лянкевічава, Севярын Лянкевіч і Катарына Кулешына. 26 красавіка ксёндз Я. Казіцкі ахрысціў Леона Вінцэнта, сына Станіслава і Францішкі з дому Грабскіх Аскеркаў, кумамі — Амброзі Аскерка, генерал польнай булавы войск літоўскіх, і Тэадора Аскерчына, Фларэнцін Аскерка, суддзя земкі мазырскі, і Францішка Лянкевічава de willa Liniszcze[13]. 7 красавіка 1799 года ксяндзом-дамініканам Гіяцынтам Бачынскім ахрышчана Агнета, дачка шляхетных Вінцэнта і Ганны з дому Транцэвічаў Шэлянгоўскіх, кумамі — Станіслаў Аскерка і Францішка Лянкевічава de villa Hliniszcze[14].

Паводле шляхецкай рэвізіі 1811 года, уладальнік сяла Глінішча, у якім рэвізоры папярэдне, у 1795 годзе, налічылі 93 душы прыгонных «мужеска пола», Станіслаў Аскерка (55 гадоў) з сынамі Рыгорам (20 г.) і Леонам (16 г.) жыў у двары Азярын. Двор Станіславаў з Глінішчам трымаў у арэндзе паручнік «бывших войск польских» Францішак, сын Юзафа, Каперніцкі (35 г.). Таксама тут жылі яго сыны Юзаф (3 г.) і Нарцыз (2 г.), брат Адам (19 г.). Эканомам і «приказчиком» у фальварку служылі адпаведна Вінцэнт, сын Мацея, Кулеша (24 г.) і Ігнацы, сын Паўла, Шарфановіч (27 г.). Абодва — з ліку «шляхетства беспоместного»[15].

 
Вёска і двор Глінішча на карце Ф. Ф. Шуберта 1826—1840 гг.
 
Глінішча, Азярын (Азяраны) і Алексічы на карце Ф. Ф. Шуберта. 1850 г.

Згодна з інвентарамі 1845 і 1846 гадоў, у маёнтку Глінішча і Азярын пана Рыгора, сына Станіслава, Аскеркі пражывала 6 дваран, 2 аднадворцы, 9 вольных аратых. У аднаіменных вёсках — 22 двары, 75 цяглых сялян мужчынскага і 83 жаночага полу, 9 мужчын з ліку сялян дваровых. Прозвішчы сталых жыхароў: Кудрыцкі (прозвішча-лідар), Бондар, Бунчак (Банчак), Ліпніцкі, Казачонак (Казачэнка), Мележ, Чарняк, Грыцкевіч, Дубадзел. Частка маёнтку Глінішча з 35 прыгоннымі належала пану Солтану — 16 мужчын, 19 жанчын[16].

У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело] : 1857 г.» сказана, што 129 жыхароў Глінішча і 31 жыхар Азярына абодвух полаў былі прыхаджанамі Свята-Мікалаеўскай царквы ў Алексічах, 8 жыхароў двара Глінішча, 7 жыхароў двара і 21 жыхар вёскі Азярын з’яўляліся парафіянамі Юравіцкага касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі[17].

У парэформенны перыяд Глінішча — у Юравіцкай воласці. На пачатак 1870 года ў вёсцы налічвалася 64 мужчынскія душы з ліку сялян-уласнікаў, прыпісаных да Глінішчанскага сельскага таварыства, 8 душ аднадворцаў, прыпісаных да воласці; у засценку Азярын — 3 аднадворцы[18]. Пасля смерці бяздзетнага Рыгора Аскеркі[G] добры дасталіся нашчадкам яго дзядзькі Леапольда, сына Багуслава, Аскеркі. Згодна са звесткамі 1876 і 1879 гадоў, жыхары Глінішча — сярод прыхаджанаў Алексіцкай Мікалаеўскай царквы[21]. У 1889 годзе Фелікс (Шчасны), сын Эміля, Аскерка[H] валодаў маёнткамі Глінішча (300 дзесяцін), Азярын (32 дз.), Дзеравішча (2788 дз.) і Маканавічы (8764 дз.)[23].

Паводле перапісу 1897 года, у вёсцы Глінішча — 61 двор, 270 жыхароў, школа граматы, хлебазапасны магазін, карчма. На 1903/4 год сярод зямельных уласнікаў Мінскай губерні, якія мелі 500 і болей дзесяцін, уладальнікам маёнтка Глінішча названы Станіслаў, сын Фелікса, Аскерка[24]. У 1909 годзе ў вёсцы налічвалася 77 двароў з 542 жыхарамі, у аднаіменным фальварку — 1 двор, 21 жыхар[25]. У 1913 годзе маёнтак Глінішча[I] ў 2380 дзесяцін угоддзяў быў уласнасцю Эміля, сына Фелікса, Аскеркі[J][27].

Найноўшы час правіць

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Глінішча ў складзе Юравіцкай воласці, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[28].

 
Глінішча і наваколлі на карце 1924 г.

1 студзеня 1919, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Юравіцкая воласць Рэчыцкага павета ўвайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі была далучаная да РСФСР.

Пасля другога ўзбуйнення БССР з 8 снежня 1926 года Глінішча — цэнтр сельсавета ў Юравіцкім раёне Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 года ў складзе Мазырскай акругі. 10 лістапада 1927 года сельсавет скасаваны, а яго тэрыторыя далучана да Алексіцкага сельсавета. У 1930 годзе ў вёсцы 159 двароў, 903 жыхары. У 1931 годзе арганізаваны калгас «Рассвет», правалі вятрак і кузня. З 8 ліпеня 1931 года Глінішча ў складзе Хойніцкага раёна. З 20 лютага 1938 года ў Палескай вобласці з цэнтрам у Мазыры.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Глінішчы было 182 двара з 538 жыхарамі. У вайну акупанты спалілі 93 двары і загубілі 101 жыхара. 25 вяскоўцаў угналі на катаргу[29].

З 8 студзеня 1954 года — у складзе Гомельскай вобласці. Паводле перапісу 1959 года, — 879 жыхароў, сярэдняя школа.

З 15 жніўня 1974 года Глінішча — цэнтр Алексіцкага сельсавета[30]. Цэнтральная сядзіба калгаса «Ленінскі шлях».

У 1986—1990 гадах пабудаваныя мураваныя дамы на 50 кватэраў, у якіх размясціліся перасяленцы з забруджаных у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС месцаў. Працуюць сярэдняя школа, дзіцячы садок, бальніца, дом культуры, бабліятэка, крама, аддзяленне сувязі, мемарыяльны музей народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа.

Насельніцтва правіць

  • 2021 год — 199 гаспадарак, 513 жыхароў[31].

Асобы правіць

Заўвагі правіць

 
Надмагільная пліта з фамільнага склепа Аскеркаў паблізу двара Глінішча.
 
Фрагмент надмагільнай пліты.
 
Элементы дэкора труны Альфрэда Абуховіча.
 
Фрагменты дэкора труны.
  1. Прывілей на Алексічы і Авадовічы паны Круневічы атрымалі яшчэ ў 1568 годзе[4], а Глінішча было адным з іх выселкаў.
  2. Ці не ўпершыню згаданы ў метрычных кнігах Юравіцкага касцёла ў 1785 годзе[9], пасля таго, як Багуслаў Аскерка раздзяліў свае добры паміж сынамі (1782 г.). Надалей пра двор Станіславаў ёсць запісы ад 6 кастрычніка 1799 г. з нагоды шлюба Феліцыяна Ясэвіча з Элеанорай Цеханьскай і хросту 20 кастрычніка 1799 г. Уршулі, дачкі Томаша і Юстыны Крушэўскіх[10].
  3. Усяго ў Багуслава ад дзьвюх жонак было сямёра сыноў — Зыгмунт, Леапольд, Фларэнцін, Філіп, Станіслаў, Амброзі, Міхал (гл.: Гербоўнік беларускай шляхты. Т. 1. А. / Т. Капіца, А. Леўчык, С. Рыбчонак і інш. – Мінск, 2002. С. 328–334).
  4. Год смерці паручнікавай Евы з Дамброўскіх запісаны асобна ад імя, у ніжняй частцы тэксту, побач з годам суддзёвай рэчыцкай (жонкі Альбіна). У тым жа 1811 г. нарадзіўся іх малодшы сын Эразм Антоні. Магчымая сувязь нараджэння і спачыну.
  5. Паводле С. Урускага, жонкай Альбіна была дачка барона Остэн-Сакэна, імя якой засталося невядомым[19]. Ці не быў то генерал-фельдмаршал Фабіян Готліб фон дэр Остэн-Сакэн, які меў некалькіх дзяцей, народжаных па-за шлюбам? Альбін скончыў вайсковую службу ў чыне маёра, а іх з N сын Альфонс стаў палкоўнікам Генеральнага штаба расійскіх войск...
  6. Яе сястра Францішка была жонкай Аляксандра, сына Альбіна і N з Остэн-Сакэнаў Аскеркаў[20]
  7. Адбылося гэта ў 1872 годзе, што засведчана надпісам на пліце з фамільнага склепа нашчадкаў харунжага мазырскага Багуслава Аскеркі і яго дзвюх жонак Ганны з дому Бандынэлі, Крыстыны, з дому Лянкевічаў[C]. Тут пахаваныя Рыгор, яго бацька Станіслаў (†1839), маці Ганна Францішка з дому Грабскіх (†1841), сястра Барбара (†1835), а таксама дзядзька Міхал (†1823), уладальнік маёнтку Міхалёў, яго жонка Ева з Дамброўскіх (†1811[D]), іх сын Альбін (1782—1845), неназваная жонка Альбіна[E], суддзі рэчыцкага, (†1882), дачка Альбіна Ганна (1827—1843). Надмагільная пліта вядомая здаўна; 2 ліпеня 2019 г. навуковым супрацоўнікам аддзела археалогіі і аховы гісторыка-культурнай спадчыны Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Ю. В. Панковым і галоўным захавальнікам фондаў Хойніцкага раённага краязнаўчага музея А. Ю. Эсауленкам быў складзены адпаведны «Акт абследавання» помніка. 12 кастрычніка 2021 г. пры правядзенні сельгасработ быў знойдзены і 19 кастрычніка абследаваны склеп з адным пахаваннем, якое належала 67-гадоваму Альфрэду, сыну Каятана, Абуховічу, памерламу 1 ліпеня 1913 г. У спісах землеўладальнікаў Мінскай губерні 1889, 1903, 1911, 1913 (ідэнтычны спісу 1911) гадоў ён названы ўласнікам добраў Абухаўшчына і Засценак. Мог даводзіцца родзічам пані Мальвіне[F], дачцэ Зыгмунта Абуховіча, жонцы Шчаснага Аскеркі, а адпаведна і іх сынам – Станіславу і Эмілю Аскеркам, астатнім уладальнікам маёнтку Глінішча. Напэўна, тут былі ўладкаваныя старыя каталіцкія могілкі, асобныя ад колішніх могілак праваслаўных, зніклых пад больш познімі пахаваннямі. Сёння іх разбурае сельскагаспадарчая тэхніка.
  8. Гэта пра яго казаў вясковы музыка Іван Бурак з Гарошкава[22]:
    Ніхто так чудна не грае на картапляні, як маканавіцкі пан. Калі глядзіш на яго пальцы, то падчас здаецца, што іх няма, да толькі нешта балванее. А як бы табе вочы хусткаю завязаў, то б, слухаючы, не ведаў, у што ён грае, бо там абзываюцца ўсе прыправы, якія ты калі-небудзь чуў або ў сьне бачыў, да толькі не чутно абычнаго картапляна. Раз здаецца, што ета негдзе салавейкі або жаваранкі пяюць, то між німі зязюля кукае, а далей робіцца ўсё галасьней, усё весялей, і ты радуешся, але не доўга, бо ось быццам то хмарыцца, гудзе злавешча, тоўпіцца, тоўпіцца ў неперастаючы гром. І ты, здаецца б, прапаў, як бы не распагодзілося, начэ як бы зноў не пашлі з-пад яго пальцаў весялейшыя ігры да не абрадавалі...
    Часлаў Пяткевіч удакладніў:
    Гаворка ідзе пра светлай памяці Ш. Аскерку, уладальніка Маканавічаў,.. вядомага шапэніста. У яго доме я бачыў сялянскія вяселлі з вясковым скрыпачом, які іграў пад танцы і якому ён сам акампанаваў на фартэп'яна, калі вясельнікі танцавалі ў яго пакоях. Зрэшты,.. нічога дзіўнага, што Іван Бурак, запрашаны больш заможнымі гаспадарамі, меў магчымасць чуць самых розных выканаўцаў на фартэп'яна і скласці сабе крытычны погляд.
  9. Ёсць блізкае ў часе сведчанне Ч. Пяткевіча пра прыроднае асяроддзе рэгіёна[26]:
    У 1912 г., знаходзячыся ў доме паноў Аскеркаў у маёнтку Глінішча,.. на вялізным поплаве, зрэдку усеяным таполямі (сокарамі), за якім цягнуцца бязмежныя балоты за ракою Віцю (прыток Прыпяці), як можна было ахапіць вокам, я налічыў да 200 гнёздаў [бусліных], па адным на кожным дрэве, без боранаў, колаў і розных прыстасаванняў з боку чалавека.
  10. Да яго малодшага брата Станіслава, які раней валодаў Глінішчам, перайшоў маёнтак Маканавічы.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5. — С. 296. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0.
  3. Вялікі гістарычны атлас Беларусі ў 3-х тамах: Т. 1. — Мінск: Белкартаграфія, 2009. С. 149
  4. Литовская метрика. Книга записей 51 (1566—1574). — Вильнюс, 2000. С. 177—179
  5. Metryka Litewska. Księga wpisów. Nr. 131. Opracował Andrzej Rachuba. — Warszawa, 2001. S. 157—158, 234
  6. Рыбчонак С., Свяжынскі У. Абуховічы гербу Ключ раздвоены. // Спадчына. 6/1998. С. 215
  7. НГАБ. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 36адв., 39
  8. Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
  9. НГАБ. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 31адв.
  10. НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 241, 243
  11. Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 71, 74
  12. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 181. А. 189
  13. НГАБ. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 43адв., 44
  14. НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 284адв.
  15. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 110, 112, 172
  16. НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1400. А 1-34, 1406. А. 1-13
  17. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 379адв., 725
  18. Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 68
  19. Uruski S. Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. – Warszawa, 1916. Tom XIII. S. 45
  20. Żychliński T. Złota księga szlachty polskiej. Rocznik XIX. / T. Żychliński – Poznań, 1897. S. 96
  21. Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 456; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 13
  22. Пяткевіч Ч. Рэчыцкае Палессе / Уклад., прадм. У. Васілевіча. Пер. з пол. Л. Салавей і У. Васілевіча. — Мінск: «Беларускі кнігазбор», 2004. С. 523
  23. Список зелевладельцев Минской губернии. 1889 г. — Минск, 1889. С. 372
  24. Памятная книжка Минской губернии на 1904 г. — Минск: Издание Минского губернского статистического комитета, 1903. Приложение. С. 58
  25. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 37
  26. Пяткевіч Ч. Рэчыцкае Палессе. С. 318
  27. Spis ziemian mińskich, posiadających 100 i więcej dziesięcin ziemi. // Kalendarz Miński na 1914 r. / pod redakcją W. Dworzaczka. — Mińsk, 1913. S. 108 «Nad Świsłoczą» Kalendarz Miński na 1914 r.
  28. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
  29. Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; М.: Фонд «Историческая память», 2021. С. 288, 499
  30. Рашэнне выканаўчага камітэта Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 15 жніўня 1974 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1974, № 25 (1435).
  31. Звесткі пра колькасць насельніцтва на тэрыторыі Алексіцкага сельсавета на 01.01.2021 г. Архівавана 20 кастрычніка 2021.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць