Гомельскі палацава-паркавы ансамбль (гісторыка-культурная ўстанова)
Гомельскі палацава-паркавы ансамбль (да 2006 года Гомельскі абласны краязнаўчы музей) — гісторыка-культурная ўстанова ў Гомелі. Адна з найстарэйшых музейных устаноў у Беларусі. Размешчаны ў Гомельскім палацы, помніку архітэктуры XVIII—XIX стст., па адрасе плошча імя Леніна, 4
Гомельскі палацава-паркавы ансамбль | |
---|---|
Профіль | краязнаўчы музей |
Заснаваны | 1918 |
Адкрыты | 7 лістапада 1919 |
Месцазнаходжанне | |
Памеры фонду | 155 812 |
Агульная плошча | 3256 кв.м |
Выставачная плошча | 782 кв.м |
Плошча запаснікаў | 563 кв.м |
Праезд | 246050, г. Гомель, плошча імя Леніна, 4 |
palacegomel.by | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьЗаснаваны ў 1918 годзе паводле рашэння аддзела народнай асветы Магілёўскай губерні[1]. Адкрыты 7 лістапада 1919 года. Экспазіцыя створана на базе калекцый князя І. І. Паскевіча, нацыяналізаваных у 1917 годзе, мела мастацкі профіль. У 1928 годзе ў музеі адкрыты аддзелы гісторыі СССР і УКП(б), у 1929 годзе — сацыялістычнага будаўніцтва, у 1939—1941 гадах на яго базе створаны музей атэізму.
Да 1941 года ў Гомельскім дзяржаўным гістарычным музеі захоўвалася каля 7,5 тыс. экспанатаў, у тым ліку творы мастакоў У. Баравікоўскага, Б. Залескага, скульптараў А. Кановы, Б. Тарвальдсена і інш[2]. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны частка экспанатаў эвакуіравана ў г. Урупінск (Сталінградская вобласць РСФСР), большая частка разрабавана нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў перыяд акупацыі Гомеля. Страты музея ў гады вайны склалі 46 млн руб. (у цэнах 1946 года)[2].
У 1945 годзе музей аднавіў работу як гісторыка-краязнаўчы. 3 1952 года — абласны краязнаўчы музей[2]. У асобных будынках былі размешчаны: мастацкая экспазіцыя музея (Домік паляўнічага, вул. Пушкіна. 32) і выставачная зала (вул. Савецкая, 8)[1].
У сувязі з рэарганізацыяй у 2006 годзе Гомельскі абласны краязнаўчы музей быў паэтапна ператвораны ў дзяржаўную гісторыка-культурную ўстанову «Гомельскі палацава-паркавы ансамбль». Краязнаўчы музей стаў структурным падраздзяленнем новай дзяржаўнай гісторыка-культурнай установы[3].
Пасля перадачы зямельнага ўчастку разам з паркам установе распараджэннем упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама № 5 ад 23 лютага 2007 года яму быў перададзены і «Зімовы сад» разам з назіральнай вежай[3].
Рашэннем Гомельскага аблвыканкама № 623 ад 9 чэрвеня 2008 года Паляўнічы домік быў перададзены ў камунальную ўласнасць Гомеля. У лютым 2009 года мастацкі аддзел музея пераведзены ў палац Румянцавых і Паскевічаў. У Паляўнічым доміку ў 2009 годзе быў створаны Музей гісторыі горада Гомеля[3].
Сёння музей Гомельскага палацава-паркавага ансамбля з’яўляецца навукова-метадычным і кансультацыйным цэнтрам па арганізацыі працы музеяў Гомельскай вобласці, гэта адзін з найбуйнейшых і найбольш аўтарытэтных музеяў Беларусі[3].
Экспазіцыя
правіцьМае 16 экспазіцыйных залаў, плошча экспазіцыі 1013 м², каля 195 тысяч экспанатаў (1992). Аддзелы: прыроды (узоры расліннага і жывёльнага свету, карысныя выкапні вобласці), гісторыі і мастацкі[2].
У аддзеле гісторыі дасавецкага перыяду матэрыялы з археалагічных раскопак на Гомельшчыне, нумізматычная калекцыя, у складзе якой манеты XIV—XIX стст., старадрукі XVI—XIX стст., калекцыі бронзы, этнаграфічныя, культавых прадметаў, матэрыялы, прысвечаныя ўладальнікам Гомельскага маёнтка П. А., М. П. і С. П. Румянцавым, І. Ф. Паскевічу, гарадскому архітэктару С. Д. Шабунеўскаму[2].
Збор прадметаў з калекцый былых уладальнікаў палаца князёў Паскевічаў (мастацкая бронза: кандэлябры, гадзіннікі, мемарыяльныя рэчы, шкатулкі, халодная і агнястрэльная зброя, абразы, дробная пластыка і інш.) з’яўляецца найбольш значнай калекцыяй[1].
Адлюстраваны рэвалюцыйны рух у краі ў канцы XIX — пачатак XX стагоддзя, дзейнасць сацыял-дэмакратычных арганізацый на чале з Палескім камітэтам РСДРП(б), падзеі рэвалюцыі 1905—1907 гадоў і інш. У аддзеле гісторыі савецкага перыяду матэрыялы аб кастрычніцкіх падзеях 1917 года і ўстанаўленні савецкай улады на Гомельшчыне, пра падзеі грамадзянскай вайны, Рудабельскую рэспубліку і яе кіраўнікоў А. Р. Салаўя, М. Ф. Уса, пра стракапытаўскі мяцеж 1919 года і інш[2].
Экспанаты раздзела «Вялікая Айчынная вайна» расказваюць пра абарону Гомеля ў 1941 годзе, дзейнасць Гомельскіх патрыятычнага і камсамольска-маладзёжнага падполля, Гомельскага і Палескага падпольнага абкамаў КП(б)Б, Гомельскага і Палескага партызанскага злучэнняў, пра вызваленне краю ў ходзе Гомельска-Рэчыцкай, Мазырска-Калінкавіцкай і Беларускай аперацый, экспануюцца дыярама «Азарыцкія лагеры смерці», дакументы, асабістыя рэчы партызан і воінаў Чырвонай Арміі, военачальнікаў К. К. Ракасоўскага, П. І. Батава і інш. Праводзяцца мастацкія выстаўкі[2].
Філіялы
правіцьМузей мае філіялы: мемарыяльны музей П. М. Лепяшынскага у вёсцы Ліцвінавічы Кармянскага раёна; аддзел адкрытага захоўвання фондаў у вёсцы Хальч Веткаўскага раёна[2].
Крыніцы
правіць- ↑ а б в Гомельскі абласны краязнаўчы музей // Музеі Беларусі=Мuseums Belarus: Інфармацыя аб музеях сістэмы Мін-ва культуры Рэсп. Беларусь / Склад. А.Б. Сташкевіч і інш.; Пер. з бел. мовы А.Б. Сташкевіч, В.У. Мірончык.. — Мн.: Беларусь, 2001. — 272 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-01-0308-6.
- ↑ а б в г д е ё ж Муза Агай. Гомельскі абласны краязнаўчы музей // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- ↑ а б в г Государственное историко-культурное учреждение «Гомельский дворцово-парковый ансамбль». История
Літаратура
правіць- Муза Агай // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Гомельскі абласны краязнаўчы музей // Музеі Беларусі=Мuseums Belarus: Інфармацыя аб музеях сістэмы Мін-ва культуры Рэсп. Беларусь / Склад. А.Б. Сташкевіч і інш.; Пер. з бел. мовы А.Б. Сташкевіч, В.У. Мірончык.. — Мн.: Беларусь, 2001. — 272 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-01-0308-6.
- Алейникова М. «… Для обозрения публикой» // Гомельская праўда. — 1999. — 6 лістап.
- Анісковіч У. Палац над Сожам // Беларуская мінуўшчына. — 1995. — № 3. С. 59−62.
- Бароўскі A. Расчыні, музей, дзверы! // Чырвоная змена. — 1989. — 18 студз.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Гомельскі палацава-паркавы ансамбль (гісторыка-культурная ўстанова)
- Афіцыйны сайт