Мсціслаў
Мсцісла́ў[3] (трансліт.: Mscislaŭ, руск.: Мстислав[4]) — горад раённага падпарадкавання ў Магілёўскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Мсціслаўскага раёна, на рацэ Віхра. За 95 км ад Магілёва, за 19 км ад чыгуначнай станцыі Ходасы на лініі Орша — Крычаў. Вузел аўтамабільных дарог на Магілёў, Горкі, Крычаў, Чавусы; Хіславічы (Расія). Насельніцтва 10 370 чал. (2017)[5].
Горад
Мсціслаў
| ||||||||||||||||||||||||||||
ЭтымалогіяПравіць
Тапонім «Мсціслаў» утварыўся ад імя Мсціслаў (напэўна, ад асновы мост — масціць, ці месць (помста) — месціць, на што ўказвае адсутнасць каранёвага /о/)[6][7] і з’яўляецца адной з назваў гарадоў ранняй феадальнай эпохі, якая сваім ўзнікненнем абавязана рэальнай гістарычнай асобе[8]. Летапісны заснавальнік горада, князь смаленскі Расціслаў Мсціслававіч, унук Уладзіміра Манамаха, ушанаваў у яго назве памяць пра свайго бацьку Мсціслава Вялікага[9]. Каб засведчыць факт валодання князем горадам, да яго імя быў дададзены старажытны суфікс прыналежнасці -j (-ёт), перад якім пасля губных зычных паяўляўся -л (Мстислав + j — Мстиславль). Назваў з падобным паходжаннем амаль не захавалася, і таму яе адносяць да катэгорыі рэліктавых[8].
Форма Мсціслаў з’яўляецца традыцыйна-пісьмовай і больш блізкай па структуры да старажытнай формы (Мстиславль), у адрозненне ад формы Амсціслаў, якая адлюстроўвае адну з характэрных фанетыка-арфаграфічных асаблівасцей беларускай мовы (наяўнасць прыстаўных галосных), і таксама можа прэтэндаваць на нарматыўную[8].
ГісторыяПравіць
Першы пісьмовы ўспамін пра Мсціслаў змяшчаецца ў грамаце князя смаленскага Расціслава, якая датуецца 1136—1150[10] гг., хоць у пазнейшай летапіснай крыніцы падаецца больш ранняя дата заснавання паселішча — 1135[9]. Пад 1156 г. Мсціслаў згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе як горад Смаленскага княства. Старажытнае паселішча ўзнікла на Замкавай гары (даследчыкі ў 1959—1969 гг. выявілі тут культурны пласт з прадметамі ХII—XVII стст., драўлянымі пабудовамі, маставымі) і складалася з замка, умацаванага ровам і валамі, і вакольнага горада. У 2-й пал. ХII ст. Мсціслаў, імаверна, з’яўляўся другой рэзідэнцыяй смаленскіх князёў. У 1180 Раман Расціслававіч адпісаў паселішча ў валоданне свайму сыну Мсціславу, які пераўтварыў яго ў сталіцу ўдзельнага княства. Расціслаў Раманавіч — першы князь мсціслаўскі.
У сярэдзіне XІV ст.[10] Мсціслаў далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага, дзе застаўся ва ўладанні тутэйшай княжацкай дынастыі. Тагачаснае Мсціслаўскае княства яднала ў сваім складзе воласці ўздоўж сярэдняга цячэння Сажа і Дняпра: Магілёў, Цяцерын, Княжыцы, Дрокаў, Крычаў, Папова Гара і Мглін, а таксама далучаную Вітаўтам воласць Малохву ўздоўж правага берага ракі Віхра і яе прытока Малохвы.
У XІV—XV стст. Мсціслаў быў гандлёва-рамесным цэнтрам, цесна звязаным эканамічна з Магілёвам, Вільняй, Кракавам, Ноўгарадам, Разанню і іншымі местамі. У 1359 годзе вялікі князь Альгерд пасадзіў у Мсціславе свайго намесніка, а пазней перадаў горада свайму сыну Лугвену, заснавальніку роду князёў Мсціслаўскіх[10]. У 1386 годзе каля горада адбылася Мсціслаўская бітва. 15 ліпеня 1410 года мясцовая харугва ўзяла ўдзел у Грунвальдскай бітве.
У 1501 годзе пад Мсціславам адбылася бітва паміж войскамі ВКЛ і Масковіі, у якой перамогу атрымала маскоўскія войскі. Апошнія, аднак, не здолелі захапіць горад. З 1527[10] Мсціслаў перайшоў у валоданне вялікага князя Жыгімонта Аўгуста і стаў цэнтрам староства. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) горад атрымаў статус сталіцы Мсціслаўскага ваяводства, у склад якога ўвайшла тэрыторыя колішняга Мсціслаўскага княства, Крычаўскай воласці і прыватных маёнткаў, папярэдне вылучаных з іхняга складу[11]. У 1614 г. у Мсціславе збудавалі першы касцёл па фундацыі старосты Пятра Паца.
- Геральдычныя сімвалы Мсціслаўшчыны
Гістарычны герб горада, 1634
Герб Мсціслаўскага княства, 1672
Гарадскі герб часоў Расійскай імперыі, 1781
16 жніўня 1634 г. кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў Мсціславу Магдэбургскае права і гарадскі герб: «у залатым полі збройная рука з мячом — Малая Пагоня»[12]. У 1637 насупраць Замкавай гары збудавалі касцёл і кляштар кармелітаў, з 1654 пачаў дзейнічаць кляштарны комплекс дамініканцаў. У 1641 недалёка ад Мсціслава браты Москавічы заснавалі Тупічэўскі мужчынскі манастыр. У 1690 у месце аселі езуіты, якія трымалі тут місію, пазней — рэзідэнцыю і калегіум[10]. 22 ліпеня 1654 у пачатку Трынаццацігадовай вайны маскоўскія захопнікі на чале з А. Трубяцкім учынілі ў Мсціславе крывавы гвалт, у выніку якога загінулі амаль 15 000 чалавек, у жывых засталіся толькі каля 700 мяшчан[13]. Места знаходзілася пад акупацыяй да 1661.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Мсціслаў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам правінцыі (з 1773 цэнтр павета Магілёўскай губерні). У гэты час тут дзейнічалі 6 мураваных цэркваў, 4 каталіцкія кляштары і адна драўляная ўніяцкая царква. У 1781 расійскія ўлады даравалі месту новы герб: у ніжняй частцы шчыта знаходзілася выява чырвонай лісіцы («каковыми зверьми окрестности сего города весьма изобилуют»), у верхняй частцы — палавіна герба Расійскай імперыі, аднак у 1797 імператрыца расійская Кацярына II унесла змены ў герб: «червлёный волк голова влево». У 1791 г. у Мсціславе адкрылася дваранскае, а ў 1810 — духоўнае вучылішча. У 1802 г. у горадзе збудавалі свечачны завод. На 1852 г. у Мсціславе дзейнічалі двухкласнае народнае вучылішча, дваранскае вучылішча, прыватная жаночая школа і 2 яўрэйскія вучылішчы. Неўзабаве з-за вялізных пажараў (у 1858 і 1863 гг.), якія ўшчэнт знішчылі Мсціслаў, пачаўся эканамічны заняпад горада.
- Даўнія графічныя выявы Мсціслава
«Трубяцкая разня», учыненая акупантамі
Панарама горада, гравюра сяр. XIX ст.
Манастыр Св. Духа, малюнак сяр. XIX ст.
Паводле перапісу (1897) у Мсціславе дзейнічалі гарадская, духоўная і прыходская вучэльні, 17 дробных прадпрыемстваў, 3 лякарні. Станам на 1914 г. тут было 1048 будынкаў, з іх 25 — мураваныя, мелася 28 фабрык і заводаў з агульнай колькасцю ў 120 работнікаў, якія перапрацоўвалі сельскагаспадарчую сыравіну (вінакурня, паравы і вадзяны млыны, крупадзёрні, маслабойні, ваўначоска, мылаварня, цагляныя і ваннавыя прадпрыемствы, шкіпідарна-дзягцярны завод). У месце была адна бальніца на 28 месцаў, амбулаторыя, аптэка, тры аптэкарскія магазіны, тры лекары, чатыры аптэкары, 6 акушэрак і 6 фельчараў на ўвесь павет. Па колькасці шынкоў Мсціслаў займаў другое месца ў губерні пасля Магілёва. Места асвятлялася 82 газавымі ліхтарамі, вадой жыхары карысталіся з ракі і калодзежаў.
1 студзеня 1919 г. згодна з пастановай І з’езду КП(б) Беларусі Мсціслаў увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала горад разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Мсціслаў вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёна Калінінскай акругі (з 1938 г. у Магілёўскай вобласці). У Другую Сусветную вайну 14 ліпеня 1941 да 28 верасня 1943 горад знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.
2 снежня 2000 г. на чарговым пасяджэнні ўлады Мсціслава зацвердзілі герб горада і раёна, распрацаваны Дзяржаўнай геральдычнай службай.
- Мсціслаў на старых здымках
Колішні касцёл бернардзінцаў пасля перабудовы
НасельніцтваПравіць
- XIX стагоддзе: 1897 — 8514 чал.[14]
- XX стагоддзе: 1939 — 10,5 тыс. чал.[14]; 1995 — 12,3 тыс. чал.[14]
- XXI стагоддзе: 2006 — 11,7 тыс. чал.; 2008 — 11,6 тыс. чал.; 2015 — 10 437 чал.[15]; 2016 — 10 376 чал.[16]; 2017 — 10 370 чал.[5]
ЭканомікаПравіць
У 12—19 ст. буйны цэнтр ганчарных вырабаў і архітэктурна-дэкаратыўнай керамікі. Прадпрыемствы харчовай, лёгкай прамысловасці. Гасцініца.
КультураПравіць
Анатоль Наліваеў «Мсціслаў, сінагога»
- Мсціслаўскі гісторыка-археалагічны музей.
АрхітэктураПравіць
Архітэктурна-планіровачная структура Мсціслава фарміравалася на працягу стагоддзяў. Горад узнік на Замкавай гары. Складаўся з замка, умацаванага ровам і валамі, і вакольнага горада. Архітэктурнае аблічча сярэдневяковага горада вызначалі драўляныя храмы і нерэгулярная жылая забудова ўздоўж р. Віхра. У 1778 г. створаны рэгулярны план, які прадугледжваў прамавугольную сетку вуліц і сістэму плошчаў[17].
Сучасны Мсціслаў забудоўваўся паводле генпланаў, распрацаваных у 1961 г. інстытутам «Белдзяржпраект» і ў 1977 г. Беларускім навукова-даследчым і праектным інстытутам горадабудаўніцтва, з захаваннем гістарычнаіі сеткі вуліц і архітэктурных помнікаў. Развіваецца ўздоўж р. Віхра, пераважна ў паўночным напрамку. У раёне плошчы Пятра Мсціслаўца (створана на перакрыжаванні вуліц Варашылава і Савецкай) і вуліц Леніна (галоўная кампазіцыйная вось), Калініна, Пралетарскай сфарміраваўся адміністрацыйна-грамадскі цэнтр горада. Тут знаходзяцца будынкі райкама КПБ, райвыканкама, Дома культуры, Палаца шлюбаў і ўрачыстасцей (былога кінатэатра), рэстарана, гасцініцы, універмага, магазінаў і інш. Значнае месца ў архітэктурна-нланіровачнай кампазіцыі горада займаюць помнікі архітэктуры, а таксама гістарычныя зоны — Замкавая, Троіцкая і Дзявочая горы. Новы раён капітальнай жылой забудовы створаны ўздоўж аўтамабільнай дарогі Мсціслаў — Магілёў. Аднапавярховыя драўляныя дамы сядзібнага тыпу размешчаны на ўсёй гарадской тэрыторыі[17].
Вуліцы і плошчыПравіць
З урбананімічнай спадчыны Мсціслава да нашага часу гістарычныя назвы часткова захавалі вуліцы Кармеліцкая і Пірагоўская (афіцыйна гэтыя назвы вярнулі 2 верасня 2016 года[18]). Гістарычны Рынак атрымаў назву ў гонар Пятра Мсціслаўца.
Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
Варашылава вуліца | Шамаўская вуліца |
Калініна вуліца | Красная вуліца |
Камсамольская вуліца | Бернардзінская вуліца |
Камунарная вуліца | Манастырская вуліца |
Карла Маркса вуліца | Правальная-Слабадская вуліца |
Кірава вуліца | Кармеліцкая вуліца |
Леніна вуліца | Кіеўская вуліца |
Пралетарская вуліца | Смаленская вуліца |
Рэспубліканская вуліца | Пустынская вуліца |
Савецкая вуліца | Парадная вуліца |
Урыцкага вуліца | Пірагоўская вуліца |
Юрчанкі вуліца | Спаская вуліца[19] |
СлавутасціПравіць
Гістарычныя будынкіПравіць
- Будынак былога дваранскага сходу і гасцініцы «Парыж» (канец XIX — пачатак XX ст.) — помнік архітэктуры эклектыкі, Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г001062
- Будынак былой ваеннай установы (канец XIX ст.) — помнік архітэктуры эклектыкі, Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г000511
- Будынак былой гасцініцы «Лондан» (канец XIX — пачатак XX ст.) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г001063
- Будынак былой земскай управы (канец XIX — пачатак XX ст.) — помнік архітэктуры неакласіцызму, Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г000506
- Будынак былой мужчынскай гімназіі (1908 год) — помнік архітэктуры эклектыкі, Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г000509
- Будынак былой пошты (пачатак XX ст.) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г001059
- Будынак казначэйства (канец XIX — пачатак XX ст.) — помнік архітэктуры эклектыкі, Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г000512
- Будынак павятовага вучылішча (1-я пал. XIX ст.) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г001064
- Будынак пажарнай каланчы (XX ст.) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г001060
- Былы дом ліхвяра В. Віленкіна (пачатак XX ст.) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г001065
- Гандлёвыя рады (пачатак XX ст.) — помнік архітэктуры эклектыкі, Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г000503
- Лямус (канец XIX — пачатак XX ст.) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г001061
- Паравы млын (пачатак XX ст.) — помнік прамысловай архітэктуры, Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г000508
Культавае дойлідстваПравіць
- Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар кармелітаў (1614, 1746—1750 гады) — помнік архітэктуры барока, Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 511Г000504
- Касцёл Святога Міхаіла Арханёла і кляштар езуітаў (1730—1738 гады) — помнік архітэктуры барока, Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 512Г000510
- Сабор Святога Аляксандра Неўскага (1870 год) — помнік архітэктуры эклектыкі, Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 512Г000507
- Свята-Троіцкая царква (1834 год) — помнік архітэктуры класіцызму.
- Спаса-Праабражэнская царква (2-я палова XIX ст.) — помнік народнага дойлідства, Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г000513
- Царква ў гонар абраза Божай Маці «Тупічоўскі» (1871 год) — помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю.
Помнікі археалогііПравіць
- Дзявочая гара (1-е тысячагоддзе да н.э. — 1-е тысячагоддзе н.э.) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 512В001058
- Замкавая гара (XII—XIII ст.) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 512В001057
- Селішча (XVI—XVIII ст.) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513В000910
- Селішча (XVI—XVIII ст.) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513В000911
Помнікі гісторыіПравіць
- Брацкая магіла савецкіх воінаў (1943 год) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Д000505
- Брацкая магіла савецкіх воінаў, на вуліцы Дзяржынскага.
- Кагальны калодзеж — гідралагічны помнік прыроды мясцовага значэння.
- Магіла ахвяр фашызму
- Помнік Пятру Мсціслаўцу (1986 год), пастаўлены каля езуіцкага касцёла.
- Помнік Пятру Мсціслаўцу (2001 год), пастаўлены на цэнтральнай плошчы горада.
- Помнікі на магіле ўдзельніка Кастрычніцкай рэвалюцыі і старшыні Мсціслаўскага павятовага выканкама А. Л. Юрчанкі і чырвонаармейца П. К. Цырыкава[17].
Страчаная спадчынаПравіць
- Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі Анёльскай і кляштар бернардзінцаў (XVIII ст.) — скасаваны ў 2-й палове XIX ст.
- Тупічэўскі манастыр (XVII — пачатак XX ст.) — зруйнаваны ў 1950—1960-х гадах.
- Сінагога (знесена ў 2022 годзе) і дом рабіна па вуліцы Леніна.
Зоны адпачынкуПравіць
У цэнтры горада знаходзяцца паркі імя Н. К. Крупскай і Піянерскі, зона адпачынку на р. Віхра, прылеглыя лясныя масівы[17].
Вядомыя асобыПравіць
- Ізраіль Басаў (1918—1994) — беларускі жывапісец і графік.
- Ларыса Аляксандраўна Жуніна (1914—1981) — вучоны ў галіне тэхналогіі шкла, доктар тэхнічных навук.
- Уладзілен Лазаравіч Калер (нар. 1925) — біяхімік, доктар біялагічных навук[20].
- Абрам Аншэлавіч Маневіч (1881—1942) — беларуска-амерыканскі мастак.
- Пётр Мсціславец — друкар і гравёр XVI ст.
- Уладзімір Пятровіч Пакроўскі (1929—1987) — Герой Сацыялістычнай Працы (1974).
- Адрыян Віктаравіч Прахаў (1846—1916) — гісторык мастацтва, археолаг, мастацкі крытык.
- Яўген Якаўлевіч Рэмез (1896—1975) — вучоны, доктар фізіка-матэматычных навук, член-карэспандэнт АН УССР.
- Міхаіл Аляксандравіч Ткачоў (1942—1992) — археолаг, гісторык.
- Алег Анатолевіч Трусаў (нар. 1954) — археолаг і грамадскі дзеяч.
- Кусіэль Саламонавіч Шыфрын (1918—2011) — геафізік.
- Якаў Саламонавіч Шыфрын (нар. 1920) — доктар тэхнічных навук, заслужаны дзяч навукі і тэхнікі Украіны.
- Яўген Станіслававіч Зайцаў (нар. 1970) — беларускі палітык.
Гл. таксамаПравіць
ЗноскіПравіць
- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU). Сустракаюцца таксама варыянты Мсці́слаў, Мсцісла́ўль, Амсці́слаў
- ↑ Шырока распаўсюджаны, у тым ліку ў афіцыйных дакументах, варыянт напісання Мстиславль, які, аднак, не з'яўляецца нарматыўным
- ↑ а б Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 246.
- ↑ Этымалагічны слоўнік Макса Фасмэра: от мстить и сла́ва, собственно "мсти за славу
- ↑ а б в Лемцюгова В. П. : Прадмова да даведніка «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь»
- ↑ а б Алег Трусаў. Старажытны Мсціслаў — сэрца беларускай Смаленшчыны // Ткачоў М. А., Трусаў А. А. Старажытны Мсціслаў. — Мн.: Полымя, 1992.
- ↑ а б в г д Батвіннік М. Мсціслаў // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 321. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- ↑ Насевіч В. Мсціслаўскае ваяводства // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 321. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- ↑ Мсціслаў // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
- ↑ Нашэсце // Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667 / Генадзь Сагановіч. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995.
- ↑ а б в Беларусь, 1995
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2015 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2014 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (31 сакавіка 2015). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ а б в г Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл.
- ↑ В Мстиславле переименовали улицы и площадь Архівавана 8 верасня 2016. // «Святло Кастрычніка», 2.09.2016.
- ↑ План з гістарычна-археалагічнага музея
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7). — С. 462.
ЛітаратураПравіць
- Мсціслаў // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — С. 536—537. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).
- Мсціслаў // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 501. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Ткачоў М. А., Трусаў А. А. Старажытны Мсціслаў — Мн.: Полымя, 1992. — 109 с.
- Караткевiч У. С. Мсціслаў: Эсэ пра гісторыю і людзей адной зямлі — Мн.: Беларусь, 1985. — 140 с.
- Мстиславль // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
СпасылкіПравіць
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Мсціслаў
- Геаграфічныя звесткі па тэме Мсціслаў на OpenStreetMap
- Надвор’е ў горадзе Мсціслаў