Нясвіж

горад у Беларусі
(Пасля перасылкі з Горад Нясвіж)

Нясві́ж[3] (трансліт.: Niasviž) — горад на паўднёвым захадзе Мінскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Нясвіжскага раёна, каля вытокаў ракі Ушы, на балтыйска-чарнаморскім водападзеле. За 112 км на паўднёвы захад ад Мінска, за 14 км ад чыгуначнай станцыі Гарадзея на лініі Мінск — Баранавічы, аўтамабільнымі дарогамі звязаны з Баранавічамі, Клецкам, Навагрудкам і аўтадарогай Мінск — Слуцк. Насельніцтва 15 557 чал. (2017)[4].

Горад
Нясвіж
Ратуша
Ратуша
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Краіна
Вобласць
Раён
Каардынаты
Першая згадка
Вышыня цэнтра
182 м[1]
Насельніцтва
  • 15 968 чал. (1 студзеня 2024)[2]
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1770
Паштовыя індэксы
222603 і 222620
Аўтамабільны код
5
СААТА
6242501000
Афіцыйны сайт
Нясвіж на карце Беларусі ±
Нясвіж (Беларусь)
Нясвіж
Нясвіж (Мінская вобласць)
Нясвіж

Назва Нясвіж гідранімічнага паходжання, ад назвы не лакалізаванай на сёння ракі *Нясвіжа.

Тапонім утварыўся так жа сама, як ад назвы дзвінскага прытока ракі Вяліжы (> Вяліжка) утварылася назва горада Веліж.

Корань *Nes-ṷ- (варыянт старой ṷ-асновы ад кораня *Nes-) у назвах *Нясвяча (> Нясвячка[5], ад *Nes-v-int-a, злучае Сяргееўскае возера з ракой Пціч) і *Несва (> Несвіца[6], прыток Брагінкі, у міжрэччы Дняпра і Прыпяці перад самымі іх сутокамі).

Корань *Nes- таксама ў назвах Неса[ru][7] (у басейне дзесенскай ракі Нярусы), *Несла (< *Nes-l-, тры прыпяцкія ракі, адна верхнедняпроўская), *Нясета (< *Nes-et-, прытокі дняпроўскай Бярэзіны і прыпяцкай Пцічы)[8].

Меркаваная нясвіжская рака мусіла знаходзіцца зусім паблізу пціцка-прыпяцкага агмяня рэк з назвамі ад кораня *Nes- (тры пціцкія, тры прыпяцкія), працягваючы яго на нёманскія вярхі.

Пашыральнік тыпу -iž- як у літоўскіх гідронімах тыпу Gabìžis, Gumýža[9], у назве дзвінскай ракі Буліжа (цячэ побач з Вяліжай)[10]. Пашыральнік -ž- выкарыстоўваецца ў літоўскім слова- і назваўтварэнні для вытворных формаў (varlė «жаба» — varlėža «жабка, жабуля»)[11].

Імаверны фанетычны варыянт таго ж кораня *Nas- у назвах літоўскай ракі Nas-upis[12], ракі Насва[ru] (у басейне Ловаці, на поўначы старабалцкай тэрыторыі)[13].

Нягледзячы на папулярнасць гідронімаў ад кораня *Nes- на ўсходзе старабалцкай тэрыторыі (больш за дзясятак), семантыка яго застаецца непрасветленай.

Гісторыя

правіць

Ёсць думка, што першая ўскосная згадка Нясвіжа звязана з удзелам нясвіжскага князя Юрыя ў бітве на Калцы (1223) і менавіта яго нашчадкамі былі нясвіжскія князі Грыгорый і Іван, згаданыя пад 1388 годам. Аднак, датычнасць князёў Юрыя, Грыгорыя і Івана менавіта Нясвіжа, як і іх радавод, пакуль пэўна не вызначаны. Імаверна з канца XIII ст. Нясвіж у складзе Вялікага Княства Літоўскага. У 1430-я гады згадваецца князь Федзька Нясвіжскі, але і яго датычнасць менавіта Нясвіжа пэўна не вызначана.

Першы пэўна вядомы ўладальнік Нясвіжа — Клаўка, ён атрымаў паселішча ад вялікага князя ў 1430-я гады. Першая пісьмовая згадка Нясвіжа датавана 1445 годам і тычыцца яго перадачы пасля Клаўкі пану Мікалаю Няміравічу[14]. Потым належаў Мантыгердавічам, у 1492 годзе перайшоў да роду Кішак, у 1513 годзе Ганна Кішчанка ўзяла шлюб з Янам Радзівілам Барадатым, Нясвіж як пасаг перайшоў да роду Радзівілаў. Пад 1499 годам згадваецца Нясвіжскі фальварак[15]. У 1533 годзе на месцы гарадзішча быў пабудаваны драўляны Нясвіжскі замак. З 1547 года — цэнтр Нясвіжскага княства.

У XVI ст. Нясвіж становіцца адным з галоўных цэнтраў Рэфармацыі (кальвінізму) у Вялікім Княстве Літоўскім. Імёны дзеячаў гэтага часу, што жылі ў Нясвіжы, набылі шырокую вядомасць: Сымон Будны, Лаўрэнцій Крышкоўскі, Мацей Кавячынскі, Саламон Рысінскі, Даніэл Набароўскі і інш. пісьменнікі, паэты, філосафы. Каля 1560 года ў Нясвіжы Мікалаем Радзівілам Чорным была заснаваная друкарня, дзе выдаваліся творы Сымона Буднага і іншых філосафаў, друкарамі былі Д. Лянчыцкі, В. Цяпінскі (М. Радзівіл Чорны таксама валодаў Брэсцкай друкарняй). Сын і пераемнік М. Радзівіла Чорнага — М. К. Радзівіл Сіротка адмовіўся ад кальвінізму і перайшоў у каталіцтва, паводле яго загаду «вучоных-ерэтыкоў» выгналі з горада, на плошчы былі спаленыя кнігі С. Буднага і інш. асветнікаў. Пасля падарожжа ў Сірыю, Палесціну і Егіпет М. Радзівіл Сіротка ў 1586 годзе стварыў ардынацыі Радзівілаў з цэнтрам у Нясвіжы, тады ж гораду было нададзена магдэбургскае права і герб. З імем М. Радзівіла Сіроткі, які запрасіў у Нясвіж італьянскіх архітэктараў і з іх удзелам нанова збудаваў каменны замак і іншыя каменныя збудаванні ў горадзе, што зберагліся да нашіх дзён — Нясвіж пераўтвораны ў горад-крэпасць і ў канцы XVI ст. стаў даволі буйным горадам, у XVI—XVIII ст. дзейнічаў езуіцкі калегіум. Тады за Слуцкай брамай, на супрацьлеглым беразе Ушы, быў пабудаваны Новы горад (Новае места). У 1625 годзе ўзнікла яшчэ адно прадмесце — «Казімеж», у паўночна-заходнім баку ад Старога горада.

У XVIII ст. Нясвіж быў значным культурным цэнтрам, тут дзейнічалі: кадэцкі корпус для прыватнага войска Радзівілаў і школа флоцкіх афіцэраў (у Альбе), балетная і музычная школы, капэла і тэатр Радзівілаў. Спусташэнні прынеслі Нясвіжу шматлікія войны. У Паўночнай вайне (1700—1721) Радзівілы выступалі саюзнікамі Расіі, у сакавіку 1706 года шведскія войскі пасля аблогі занялі замак і горад, ўзарвалі ўмацаванні і бастыёны, знішчылі большую частку ваеннай амуніцыі, утапілі гарматы, раскапалі валы, разрабавалі гарадскія кляштары і касцёлы, перакапалі склеп Радзівілаў. У 1720-я Нясвіж адбудаваны М. К. Радзівілам Рыбанькай. У 1724 годзе ў Нясвіжскім замку была створана капэла, але толькі пасля 1726 года Нясвіжскі замак быў адноўлены і перабудаваны — вакол сцен узвялі новыя валы. У 1726—1736 гадах дзейнічаў чыгуналіцейны завод (спачатку як плавільня альбо ліцейня), які выпускаў гарматы для арміі Радзівіла. За ўвесь час на заводзе працавала каля 50 чал. У 1740—1791 гадах дзейнічаў прыгонны тэатр. У 1750—1791 у горадзе працавала друкарня, дзе выдаваліся падручнікі і мастацкія творы на польскай і лацінскай мовах. У 1755 годзе ў парку «Альба» пабудавалі летні палац пад назвай «Кансаляцыя».

У 1793 годзе горад быў акупаваны Расійскай імперыяй і стаў цэнтрам Нясвіжскага павета (1793—1796). У 1793—1796 Нясвіж быў цэнтрам Мінскага, Ізяслаўскага (Валынскага) і Брацлаўскага генерал-губернатарства, бо генерал-губернатар Цімафей Туталмін выбраў горад сваёй рэзідэнцыяй, з якой было зручна кіраваць трыма губернямі. З 1796 года стаў пазаштатным горадам Слуцкага павета.

Падзеі 1812 года прынеслі гораду разбурэнні і заняпад, вынікі якіх адчуваліся доўгія дзесяцігоддзі.

Толькі ў 1875 годзе Радзівілы вярнуліся ў Нясвіж, быў адрамантаваны замак, закладзены, які зараз з’яўляецца помнікам ландшафтнай архітэктуры.

Таксама ў 1875 годзе была створаная Нясвіжская настаўніцкая семінарыя[16], якая праіснавала да 1919 года.

21 снежня 1906 года было зарэгістравана Польскае таварыства «Асвета» ў Нясвіжы, якое займалася падтрымкай польскамоўнай адукацыі; расійскія ўлады ліквідавалі яго ў 1909 або ў 1910 годзе[17]. Падчас выбараў да самакіравання 1909 года ў гарадскую раду была абраны 11 палякаў, 3 рускіх і 1 яўрэй[18].

У час Першай сусветнай вайны Нясвіж з 1915 года з’яўляецца прыфрантавым горадам. Тут размясціўся штаб расійскай 2-й арміі Заходняга фронту, знаходзіліся рэзервовыя часці. У 1917 годзе ў горадзе размяшчаліся паштова-тэлеграфная кантора, паліцэйскі прыстаў, гарадское грамадскае кіраванне, натарыус, сіроцкі суд, мужчынская і жаночая гімназіі, настаўніцкая семінарыя, мужчынскае пачатковае вучылішча, аддзяленне Расійскага таварыства Чырвонага Крыжа, пажарнае таварыства, хрысціянскія таварыствы дапамогі бедным і ўзаемнай дапамогі рамеснікаў «Попечение», таварыства дапамогі бедным яўрэям.

У сакавіку 1917 года ў Нясвіжы створаны Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Пад канец красавіка адбыўся з’езд салдацкіх камітэтаў 2-й арміі. З 27 па 29 верасня (з 10 па 12 кастрычніка) у горадзе праходзіла 1-я канферэнцыя РСДРП(б) 2-й арміі. 29 кастрычніка (11 лістапада) адбыліся перавыбары Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, створаны Ваенна-Рэвалюцыйны камітэт (ВРК). Дзейнасць ВРК пачалася пасля таго, як з Нясвіжа была выведзена Уральская казацкая дывізія. У горад увайшлі салдаты 32-га Сібірскага стралковага палка, пры іх удзеле блізу горада былі разгромлены некаторыя маёнткі. ВРК прызначыў сваіх камісараў у паштова-тэлеграфную кантору і ваенны тэлеграф. 1-3 (14-16) лістапада ў замку Радзівілаў адбыўся 2-гі надзвычайны з’езд 2-й арміі, на якім быў створаны ВРК арміі. 10 лістапада ў горадзе ўстаноўлена ўлада Савета салдацкіх, рабочых і сялянскіх дэпутатаў, старшыня ВРК абраны кіраўніком выканкама Савета, а нясвіжская гарадская Дума прызнала савецкую ўладу.

У пачатку снежня 1917 года ў Нясвіжы ў палацы Радзівілаў, які на той момант быў заняты рознымі часовымі рэвалюцыйнымі арганізацыямі, адбываецца З’езд беларусаў-вайскоўцаў 2-й арміі, які прымае рэзалюцыю  ў падтрымку Вялікай беларускай рады і Усебеларускага з’езду.[19]

7 (20) лютага 1918 года горад заняла германская пяхота, якая рушыла далей на Слуцк і Бабруйск. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У пачатку красавіка 1918 года дэлегацыя Нясвіжа разам з дэлегацыямі іншых гарадоў наведвае Народны сакратарыят БНР. Нясвіжская міліцыя была пад кіраўніцтвам прабеларускі настроенага камандзіра - намесніка старшыні Беларускай Рады 2-й арміі А. Шляхто, які ў чэрвені 1918 года нават прасіў Народны Сакратарыят залічыць яго ў Раду БНР.[19]

У снежні Нясвіж заняты Чырвонай Арміяй. З 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай I з’езда КП(б)Б у складзе БССР, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. 14 сакавіка 1919 года пачалося Нясвіжскае паўстанне, у часе якога польскія жыхары вызвалілі горад ад бальшавікоў; 5 дзён пазней яно было задушана, а арганізатары расстраляныя[20].

З 6 жніўня 1919 года да ліпеня 1920 года ў ходзе вайны Нясвіж заняты польскімі войскамі. Пасля аднаўлення савецкай улады Нясвіжскі павет з 31 ліпеня 1920 года ў складзе БССР. У кастрычніку ў горад ізноў увайшлі польскія войскі.

Падчас Слуцкага збройнага чыну, у лістападзе-снежні 1920 г., Нясвіж выкарыстоўваўся ў якасці тылавой базы паўстання: тут праходзілі перамовы з польскімі ўладамі, сюды накіроўвалі ў шпіталь параненых. Пасля сканчэння баявых дзеянняў, на Нясвіжчыну адступіла частка паўстанцаў — 2-і Грозаўскі полк. Былымі паўстанцамі апякуецца Булак-Балаховіч. У 1921 годзе у Нясвіжы ўзнікае мясцовы аддзел партызанскай арганізацыі "Зялёны дуб", чый штаб размясціўся на Новым Месце, у мяшчанскай хаце на Браварнай вуліцы (цяпер Камсамольская).[21]

У 1921—1939 гадах горад у складзе Польшчы, цэнтр павета Навагрудскага ваяводства. У 1921—1923 гадах дзейнічала Нясвіжская беларуская гімназія пад кіраўніцтвам Язэпа Шнаркевіча, затым пераведзеная ў Клецк. 25 кастрычніка 1926 года ў Нясвіжы ў палацы Радзівілаў адбыўся з’езд прадстаўнікоў «віленскіх кансерватараў» і сустрэча з маршалам Юзафам Пілсудскім (1867—1935).

У пачатку Другой сусветнай вайны 17 верасня 1939 года Нясвіж заняты Чырвонай Арміяй. З 2 лістапада 1939 года ў складзе БССР, з 15 студзеня 1940 года цэнтр раёна Баранавіцкай вобласці.

З 28 чэрвеня 1941 года па 4 ліпеня 1944 года акупіраваны войскамі гітлераўскай Германіі. Акупанты загубілі ў Нясвіжы больш за 6000 чалавек.

27 сакавіка 1978 года ў склад горада ўключана вёска Альба Нясвіжскага сельсавета[22].

26 кастрычніка 1991 года на Нясвіжскім біяхімічным заводзе (сёння Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў) адбыўся радыяцыйны інцыдэнт, у выніку якога аператар прамысловай стэрылізацыйнай устаноўкі атрымаў смяротную дозу апраменьвання.[23]

Насельніцтва

правіць
  • 1673 год — 2,4 тыс. чал.[24]
  • 1880 год — 8177 чал., з іх каля 5 тыс. іўдзеяў і 1 тыс. каталікоў[25];
  • 1.1.1896 года — 10 237 чал. (5448 мужчынаў і 4789 жанчын), з іх паводле веры: праваслаўных 2890, каталікоў 1545, пратэстантаў 32, іўдзеяў 5692, іншых 78; паводле саслоўя: шляхты 165, духоўнага саслоўя 59, ганаровых грамадзян і купцоў 63, мяшчан 7885, ваеннага саслоўя 791, сялян 1180, іншых 94[26];
  • 1897 год — 8446 чал.[27]
  • 1921 год — 6840 чал.;
  • 1959 год — 6,7 тыс. чал.[27];
  • 1973 год — 9,6 тыс. чал.[28];
  • 1989 год — 14,0 тыс. чал.;
  • 1991 год — 15 тыс. чал.[29];
  • 1995 год — 15 тыс. чал.[30] (15,2 тыс. чал[27]);
  • 2006 год — 14,3 тыс. чал.;
  • 2007 год — 12 684 чал.;
  • 2008 год — 14,3 тыс. чал.;
  • 2009 год — 14 033 (перапіс)[31];
  • 2016 год — 15 434 чал.[32];
  • 2017 год — 15 557 чал.[4];
  • 2023 год — 15 907 чал.

Эканоміка

правіць

Прадпрыемствы медыцынскай (завод медыцынскіх прэпаратаў), харчовай, швейнай прамысловасці, рыбхоз «Альба». Гасцініца «Нясвіж». Сядзіба «Нясвіжская» (турыстычныя паслугі). Нясвіж — перспектыўны цэнтр турызму міжнароднага значэння.

Культура і адукацыя

правіць

Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей. У 1996 годзе заснаваны Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж». З 1995 у горадзе праводзіцца нацыянальны фестываль старажытнай і камернай музыкі «Музы Нясвіжа». Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа.

Славутасці

правіць
Помнікі
  • расстраляным бальшавікамі арганізатарам нясвіжскага паўстання, Мечыславу Валністаму, Палікарпу Календзе, Юзафу Янушкевічу, Канстанціну Шыдлоўскаму, Станіславу Іваноўскаму на гарадскіх могілках (1926);
  • на брацкай магіле салдат Чырвонай Арміі і партызан у гарадскім парку;
  • вызваліцелям Нясвіжа 2 ліпеня 1944 г. (вул. Савецкая);
  • ахвярам Халакосту ў Нясвіжы, знішчаным 30 кастрычніка 1941 года (у гарадскім парку, на вул. Сноўскай і на гарадскіх могілках);
  • паўстанню ў Нясвіжскім гета (вул. 1 Мая);
  • Сымону Буднаму (вул. Ленінская);
Іншае

Страчаная спадчына

правіць

Вядомыя асобы

правіць

Заўвагі

правіць
  1. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  2. Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаБелстат, 2024.
  3. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
  4. а б Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  5. П. Л. Маштаков. Список рек днепровского бассейна. С.-Петербург, 1913. С. 150.
  6. П. Л. Маштаков. Список рек днепровского бассейна. С.-Петербург, 1913. С. 160.
  7. Топоров В. Н. Балтийский элемент в гидронимии Поочья III // Балто-славянские исследования 1988—1996. Москва, 1997. С. 281—282.
  8. В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 198—199.
  9. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 101, 127.
  10. В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 169.
  11. P. Skardžius. Rinktiniai raštai. T. 1. Vilnius, 1996. C. 391.
  12. Vanagas A. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. Vilnius, 1981. С. 224.
  13. Р. А. Агеева. Гидронимия Русского Северо-Запада как источник культурно-исторической информации. Москва, 2004. С. 193.
  14. Ліцкевіч А. Яшчэ раз пра «Пачаткі Нясвіжа»: першая пісьмовая згадка і асоба нобіля Клаўкі // Герольд Litherland, № 19. — Горадня-Менск, 2013. — С. 44-53.
  15. Лойка, П. А. Прыватнаўласніцкія сяляне Беларусі: Эвалюцыя феадальнай рэнты ў другой палове XVI—XVIII ст. / П. А. Лойка; АН БССР, Інстытут гісторыі; Пад рэд. В. І. Мялешкі. — Мн.: Навука і тэхніка, 1991. — 111 с. — С. 24. — ISBN 5-343-00563-2. Са спасылкай на: ЦГДА БССР. — Ф. 1747. — Воп. 1. — Спр. 36. — Арк. 44—46.
  16. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
  17. Życie społeczno-kulturalne. Oświata. W: Między nadzieją…. Ss. 37-38.
  18. W walce o prymat w kraju. Samorząd lokalny. W: Między nadzieją…. S. 169.
  19. а б Быль В.А. Абуджэнне заштатнага горада: зараджэнне нацыянальных рухаў у Нясвіжы ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. // Прыватнаўласніцкія гарады Вялікага Княства Літоўскага: лёс праз ста годдзі : зборнік мат-лаў міжнар. навук.-практ. канф. (Нясвіж, 23–24 красавіка 2014 г.). — Мн.: А.М. Янушкевіч, 2014. — С. 221.
  20. Месцы памяці ахвяр камунізму ў Беларусі c. 211—213
  21. ARCHE - Нясвіжскі рубеж Слуцкага паўстання. web.archive.org (29 сакавіка 2013). Архівавана з першакрыніцы 29 сакавіка 2013. Праверана 15 студзеня 2024.
  22. Рашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета народных дэпутатаў Беларускай ССР ад 27 сакавіка 1978 г. // Зборнік законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1978, № 13 (1567).
  23. International Atomic Energy Agency The Radiological Accident at the Irradiation Facility in Nesvizh(англ.). — International Atomic Energy Agency, 1996. — С. 1–76.
  24. Пазднякоў В. Нясвіж // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т.. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя. — С. 368. С. 368
  25. Nieśwież // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat (польск.). — Warszawa, 1886. S. 118
  26. Несвиж // Нясвіж // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
  27. а б в Беларусь 1995.
  28. Несвиж // Большая советская энциклопедия : ([в 30 т.]) / гл. ред. А. М. Прохоров. — 3-е изд.. — М. : Советская энциклопедия, 1969—1978. (руск.)
  29. Несвиж // Большой энциклопедический словарь (руск.) / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. — ISBN 5-85270-262-5.
  30. Niaśviž // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. P. 166.
  31. Перепись населения — 2009. Минская область (руск.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  32. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць