Горацка-Мсціслаўскае ўзвышша
Горацка-Мсціслаўская ўзвышаная раўніна — фізіка-геаграфічны раён Усходне-Беларускай правінцыі, размяшчаецца ў Магілёўскай вобласці Беларусі. Тэрытарыяльна супадае з геамарфалагічным раёнам, які носіць назву Горацкая раўніна.
Займае найбольш высокую частку Аршанска-Магілёўскай раўніны. Абмяжоўваецца далінай ракі Сож на поўдні і вярхоўямі ракі Проні на захадзе. Мяжуе з Аршанскім і Смаленскім узвышшамі, Лучоскай нізінай.
Найбольшая вышыня 239 м. Працягваецца ў напрамку з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход на 100 км. Шырыня складае 40—50 км, плошча — больш за 2400 км².
Аснову тэктанічнай будовы складае Аршанская ўпадзіна, запоўненая магутнымі адкладамі дэвонскіх і мелавых глін і вапнякоў. Адклады антрапагену прадстаўлены невялікай магутнасці марэнай сожскага ўзросту. Характэрная асаблівасць раўніны — магутныя адклады лёсападобных карбанатных суглінкаў і супескаў таўшчынёй да 5—10 м, якія займаюць водападзелы рэчак і ствараюць плоскахвалістую платопадобную паверхню раўніны з суфазійнымі ярамі і лагчынамі глыбінёй да 20—30 м. На дне некаторых з іх цякуць ручаі. Часта трапляюцца сподкападобныя паніжэнні дыяметрам да 50 м і глыбінёй 1—1,5 м.
Глыбока ўрэзаныя даліны рэк Сож, Віхра і Проня асіметрычныя, шырынёй 0,6—1 км, з добра выражанай поймай і дзвюма надпоймавымі тэрасамі на вышыні 5-6 і 7-8 м.
Глебы ўрадлівыя, дзярнова-палева-падзолістыя, часам дзярнова-карбанатныя з наяўнасцю гумусу ў ворным слоі да 2,5 %. Яны спалучаюцца з перагнойна-ілавата-глеевымі глебамі суфазійных сподкаў. Тарфяна-балотныя глебы па днішчах лагчын. Торф абагачаны вапнай, якая ўтварае вапнавыя туфы і тарфатуфы.
Частка глебаў моцна эрадзіраваныя. Пад ворывам 60 %, натуральнай расліннасцю — 10 % тэрыторыі. Захаваліся невялікія ўчасткі ялова-дубовых лясоў пераважна кіслічнага тыпу, маюцца хваёвыя і драбналістыя лясы. Пашырана лугава-балотная расліннасць.
Літаратура
правіць- Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 2. Гатня — Катынь / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 522 с. — 10 000 экз. — С. 108.
- Горацка-Мсціслаўская раўніна // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 237. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Якушка В. П. Горацка-Мсціслаўская ўзвышаная раўніна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).
- Скороходов М. И. География Горецкого района. — Горки, 1995. — С. 11—12.