Грамадзянскае ўпраўленне Усходніх зямель

Грамадзянскае ўпраўленне Усходніх зямель (ГУУЗ; польск.: Zarząd Cywilny Ziem Wschodnich) — орган улады пры Галоўным камандаванні польскай арміі на занятай ёю тэрыторыі Беларусі і Літвы ў 1919—1920 гадах. Пачало фарміравацца ў адпаведнасці з дэкрэтам начальніка Польскай дзяржавы Юзафа Пілсудскага ад 8 лютага 1919 года. Рада міністраў Польшчы 8 сакавіка 1919 года ператварыла Літоўска-Беларускі дэпартамент Міністэрства замежных спраў у Дэпартамент па справах Усходніх зямель на чале з грамадзянскім камісарам Людвікам Калянкоўскім[ru]. У час наступлення палякаў на Вільню ў лютым 1919 года генеральным камісарам упраўлення назначаны афіцэр з былога корпуса Доўбар-Мусніцкага Ежы Асмалоўскі. Размяшчалася ў Вільні, мела ў Варшаве прадстаўніцтва на чале з графам С. М. Касакоўскім.

Тэрыторыі пад Грамадзянскім ўпраўленнем Усходніх зямель

Адміністрацыйна прастора «Усходніх зямель» падзялялася на 3 акругі: Віленскую, Брэсцкую, Валынскую, пасля захопу Мінска ў жніўні 1919 года была ўтворана Мінская акруга на чале з намеснікам генеральнага камісара У. Рачкевічам. Акругі падзяляліся на паветы на чале са старастамі (у асноўным гэта былі пераапранутыя ў цывільнае польскія афіцэры). Адміністрацыя ўпраўлення камплектавалася пераважна з мясцовых палякаў, пераважна нацыянал-дэмакратычнай арыентацыі. Як палітычныя праціўнікі Ю. Пілсудскага, яны тарпедавалі ўсе яго пачынанні, накіраваныя нават на фармальнае ажыццяўленне (хоць бы для палітычнага камуфляжу) абяцанняў, выказаных у яго адозве да насельніцтва былога Вялікага Княства Літоўскага  (бел. (тар.)). Ваенныя абставіны і вузкаэгаістычная класаваная палітыка адміністрацыі не спрыялі нацыянальна-культурнаму і эканамічнаму развіццю беларускага народа. Часам карысныя для мясцовага насельніцтва пачынанні ўпраўлення разбіваліся аб самавольства вайсковых улад, што павялічвала цяжар акупацыі і спрыяла росту антыпольскіх настрояў. Летам 1920 года, разам з адступаючымі польскімі войскамі, упраўленне эвакуіравалася ў г. Быдгашч, дзе спыніла сваё існаванне.

Літаратура правіць