Гродзенская павятовая рада

Гродзенская павятовая Рада — орган улады ў снежні 1918 — красавіку 1919 ў Гродне.

Утворана 15—16.12.1918 Гродзенскім беларускім сялянскім з'ездам. У Раду ўваходзілі А. Якубецкі (старшыня), Я. Натусевіч, У. Курбскі, З. Качан, А. Грыкоўскі, Л. Дзекуць-Малей, А. Алексючанка, Я. Міхайлоўскі, П. Міськевіч, М. Сарока, Р. Злоцкі, А. Сініма, С. Гайко, А. Ламашэвіч. Прадугледжвалася, што ў Раду ўвойдзе па аднаму прадстаўніку ад тых воласцяў, якія не мелі сваіх дэлегатаў на з'ездзе. Дзейнасць Рады праходзіла ва ўмовах германскай акупацыі Гродзенскага павета, які фармальна належаў Літоўскай Рэспубліцы, таму германскія ўлады чынілі ёй перашкоды. Адначасова ў Гродне і яго ваколіцах дзейнічалі польскія арганізацыі і ўзброеныя атрады, якія рыхтавалі глебу для ўстанаўлення польскай улады і амаль не сустракалі процідзеяння з боку немцаў. Гродзенская павятовая Рада працавала ў цесным кантакце з Радаю Народных Міністраў БНР, якая 27.12.1918 пераехала з Вільні ў Гродна, а таксама з камісарам Гродзенскага павета ад Міністэрства беларускіх спраў Літвы П. Крачэўскім. Спыніла дзейнасць пасля акупацыі Гродна польскімі войскам.

Літаратура правіць