Гродзенскі абласны драматычны тэатр

Гродзенскі абласны драматычны тэатр — прафесійны тэатр горада Гродна.

Гродзенскі абласны драматычны тэатр
Заснаваны 20 кастрычніка 1947
Будынак тэатра
Месцазнаходжанне Гродна, вул. Маставая, 35
Дырэктар Ігар Гедзіч
Галоўны рэжысёр
Сайт drama-grodno.by/by

Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

Утвораны ў верасні 1947 г. на аснове трупы Бабруйскага абласнога драматычнага тэатра, які ў той час быў пераведзены ў Гродне. Галоўным рэжысёрам стаў М. Кавязін. Адкрыўся тэатр 20 кастрычніка 1947 года спектаклем А. М. Астроўскага «Праўда добра, а шчасце лепш». У 1950—1960 гг. ставіліся п’есы вядомых у той час драматургаў Б. Рамашова, К. Сіманава, В. Сабко. Найбольш значная праца таго часу — п’еса П. Паўленка «Шчасце».

У 1960—1970 гг. аснову рэпертуару складалі пастаноўкі гісторыка-рэвалюцыйных п’ес: «Дзеля сваіх блізкіх» У. Лаўрэнцьева, «Салдаты» В. Шаўрына, «Перад вячэрай» В. Розава, «Якарная плошча» І. Штока і інш. Найбольш значнай была пастаноўка п’есы «Порт-Артур» па рамане А. Сцяпанава. У 1971 годзе быў пастаўлены спектакль «Дні Турбіных» М. Булгакава.

Росту майстэрства садзейнічаў класічны рэпертуар. Былі пастаўлены п’есы «Абрыў» па І. Ганчарову, «На дне», «Васа Жалязнова», «Дачнікі» і «Варвары» М. Горкага, «Улада цемры» Л. Талстога, «Тры сястры» А. Чэхава. Сярод замежнай драматургіі вылучаліся «Слуга двух гаспадароў» К. Гальдоні, «Антоній і Клеапатра» У. Шэкспіра.

Тэатр звяртаецца да беларускай драматургіі: «Калі заквітаюць сады» У. Палескага (1950), «Спяваюць жаваранкі» К. Крапівы (1951), «Год здзяйсненняў» П. Васілеўскага (1957), «Трыбунал» і «Таблетка пад язык» А. Макаёнка (1973), «Апошні шанец» В. Быкава (1974) і інш.

 
Паштовая марка Беларусі. Гродзенскі абласны драматычны тэатр. Спектакль «Наш гарадок»

Да несумнеўных поспехаў тэатра варта аднесці «Сабакі» Л. Палешчанкавай па аповесці К. Сергіенка «Да пабачэння, яр» (прэмія Рэспубліканскага фестывалю творчай моладзі «Надзея-2001» за лепшае афармленне і прэмія імя І. Ушакова ў 2002 г. за лепшую сцэнаграфію), «Афінскія вечары» П. Гладзіліна, «Самотны захад» М. Мак-Донага. Сярод пастановак сучаснай беларускай драматургіі цікавыя спектаклі «Навука кахання» С. Кавалёва і «П’емонцкі звер» А. Курэйчыка. На фестывалі нацыянальнай драматургіі ў Бабруйску (2001) ролю Уршулі Радзівіл ў выкананні А. Гайдуліс (спектакль «Навука кахання») адзначана як лепшая жаночая роля года ў Беларусі, а С. Кавалёў і А. Жугжда як лепшыя аўтар і рэжысёр.

У рэпертуар тэатр прыйшлі такія значныя працы, як «Выкруты кахання» Лопэ дэ Вега, «Палёт над гняздом зязюлі» Д. Васэрмана, «Тарас на Парнасе» С. Кавалёва, «Раскіданае гняздо» Я. Купалы.

У 2011 годзе тэатру прысвоена званне «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь» — за дасягненні ў галіне тэатральнага мастацтва і значны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры.

Тэатр часта гастралюе, паказваў спектаклі ў Балгарыі, Германіі, Расіі, Польшчы.

2020 правіць

Пасля масавых фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, жорсткага разгону акцый пратэстаў, збіцця і катаванняў затрыманых пратэстоўцаў, сем дзясяткаў супрацоўнікаў тэатра, у тым ліку галоўны рэжысёр Генадзь Мушперт, падпісалі зварот да ўладаў, у якім заклікалі спыніць гвалт[1]. Раніцай 15 жніўня над будынкам тэатра быў спушчаны дзяржаўны чырвона-зялёны сцяг і ўзняты нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг, які стаў галоўным сімвалам пратэстаў[2]. Па гэтым факце спачатку распачалі адміністрацыйную справу, якую перавялі ў крымінальную па артыкуле 370 КК РБ за здзек над дзяржаўнымі сімваламі. Акцёраў тэатра па аднаму выклікалі на допыты па справе ў Следчы камітэт[3].

20 верасня акцёры спынілі спектакль «Вельмі простую гісторыю» пасля першага акту, калі ў антракце даведаліся пра тое, што былі затрыманыя іх калегі заслужаны артыст Беларусі, рэжысёр-пастаноўшчык і акцёр Сяргей Курыленка і яго жонка Валянціна Харытонава. Пра гэта са сцэны гледачам заявіў акцёр Ігар Уланаў[3]. Дырэктар тэатра Ігар Гедзіч выклікаў да сябе акцёраў, задзейнічаных у спектаклі, прымусіўшы пісаць тлумачальную запіску, прыгразіўшы звольніць тых, хто адмовіцца. Артыстка Лізавета Мілінцэвіч адмовілася гэта зрабіць, пасля чаго была звольненая 22 верасня. Пасля з тэатра сышла мастачка-пастаноўшчыца Вольга Шчарбінская[4], звольнены акцёр Ігар Уланаў, а Васіль Мініч і Наталля Лявонава пазбаўлены прэмій і ўсіх даплат[5].

22 верасня быў адменены спектакль «Беларуская камедыя» ў сувязі з прыездам у тэатр новага старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка і начальніцы ўпраўлення культуры аблвыканкама Алены Клімовіч у суправаджэнні АМАПа[4]. Пасля стала вядома, што драматычны тэатр «праз эпідэмічную сітуацыю» перавялі ў рэжым рэпетыцый, адмяніўшы ўсе спектаклі[5].

27 кастрычніка па закліку Святланы Ціханоўскай да агульнанацыянальнай забастоўкі далучыліся галоўны рэжысёр тэатра Генадзь Мушперт і рэжысёр-пастаноўшчык Сяргей Курыленка. У адказ дырэктар драмтэатра Ігар Гедзіч прапанаваў ім звольніцца па ўласным жаданні, але, пасля таго як яны адмовіліся, звольніў іх па артыкуле за «невыкананне працоўных абавязкаў»[6].

28 кастрычніка 11 артыстаў тэатра ў знак салідарнасці са зволенымі рэжысёрамі запісалі відэазварот і далучыліся да бестэрміновай забастоўкі[7]. 29 кастрычніка стала вядома пра звальненне акцёраў Валянціны Харытонавай і Наталлі Лявонавай. 30 кастрычніка звольнілі яшчэ 6 акцёраў: Анастасію Мучко, Аляксандра Дзям’янава, Натэлу Бялугіну, Марыю Мялешка, Марыю Бутрымовіч і Васіля Мініча. Да страйку далучыліся акцёр Аляксей Станога і артыстка аркестра Паліна Левіна[8], якія праз некалькі дзён былі звольнены. Агульным чынам было звольнена 14 чалавек. Сцэна тэатра засталася пустой, з афішы зніклі ўласныя спектаклі дарослага рэпертуара[9].

Будынак тэатра правіць

Спачатку спектаклі праходзілі ў будынку тэатра гродзенскага старасты А. Тызенгаўза, пабудаваным у 1780-я гг. У 1859 годзе ён быў павялічаны за кошт прыбудоў, у 1940 годзе надбудаваны 3-ці паверх, у 1975 годзе праведзена рэканструкцыя, павялічана сцэна.

У 1984 гозе для тэатра пабудаваны новы будынак (арх. Г. Мачульскі) з цэглы і зборнага жалезабетону: глядзельная зала з амфітэатрам і балконам на 700 месцаў, вестыбюлем і фае і адміністрацыйны корпус з малой глядзельнай залай на 216 месцаў на першым паверсе. У цокальным паверсе рэпетыцыйная зала, акцёрскія пакоі, апаратная, склад дэкарацый. Ля ўваходу ў тэатр — трохфігурная скульптурная кампазіцыя скульптара Л. Зільбера.

Кіраўніцтва правіць

Мастацкія кіраўнікі і галоўныя рэжысёры правіць

Галоўныя мастакі правіць

Акцёры правіць

Заўвагі правіць

  1. «Ваяваць з уласным народам — шлях у нікуды». Горадзенскі драмтэатар выступіў з адкрытым зваротам да ўладаў. 13 жнівень 2020
  2. Бел-чырвона-белы сцяг з’явіўся над будынкам драмтэатра ў Гродне ФОТА. 15.08.2020
  3. а б «Сустракалі нас як герояў — плакалі ўсе». У Гродне акцёры тэатра спынілі спектакль, калі даведаліся, што іх калег затрымаў АМАП. 21.09.2020
  4. а б У гродзенскім драмтэатры пасля звальнення актрысы адмянілі спектакль. Да тэатру прыехаў Каранік і АМАП. 22.09.2020
  5. а б У драмтэатры ў Гродне адмянілі ўсе спектаклі. 25.09.2020
  6. Двух рэжысёраў гродзенскага драмтэатра звольнілі па артыкуле. Раней яны абвясцілі страйк // nashaniva.by 27 кастрычніка 2020
  7. Артисты драмтеатра записали видеообращение и присоединились к забастовке
  8. З Гродзенскага драмтэатра звольнілі яшчэ шэсць акцёраў. Два супрацоўнікі далучыліся да страйку // nashaniva.by 30кастрычніка 2020
  9. У Гродзенскім драмтэатры звольнілі яшчэ двух супрацоўнікаў пасля далучэння да страйку // nashaniva.by 4 лістапада 2020

Літаратура правіць

  • Няфед У. І. Гісторыя беларускага тэатра. ― Мн., 1982;
  • Чарнатоў В. М. Архітэктура тэатраў // Помнкі гісторыі і культуры Беларусі, 1973, № 1.

Спасылкі правіць