Гродна (станцыя)

Гродна

Гро́дна (трансліт.: Hrodna, руск.: Гродно)[1] — станцыя Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі ў Гродзенскай вобласці. Размешчана ў горадзе Гродна.

Станцыя
Гродна
Беларуская чыгунка
Аддзяленне чыг. Баранавіцкае аддзяленне
Аператар БЧ
Дата адкрыцця 1862
Код у «Экспрэс-3» 2100070
Гродна (Беларусь)
Гродна
Гродна
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя гродзенскага чыгуначнага вакзала

правіць

Чыгуначную станцыю «Гродна» адкрылі ў снежні 1862 года. Спачатку гэта быў драўляны пасажырскі будынак. У 1868 годзе адкрыты цагляны будынак вакзала ў стылі эклектыкі.

Будынак з цэнтральнай двухпавярховай часткай, злучанай галерэямі з двума флігелямі. У ім вылучаліся элементы класіцызму, строгая сіметрыя, галерэі, паўкалоны і пілястры. У цэнтральнай частцы вакзала размяшчаўся галоўны ўваход. На першым паверсе размяшчаўся вестыбюль і касы. На другім і ў бакавых крылах будынка — залі чакання.

 
Чыгуначны вакзал у Гродне (пачатак ХХ стагоддзя)

Падчас Другой сусветнай вайны будынак вакзала разбураны. У 1944—1948 гадах будынак цалкам аднавілі. У 1986 годзе будынак вакзала зруйнавалі, бо побач пабудавалі новы вакзальны комплекс.

Новы будынак прамавугольны ў плане. На першым паверсе цэнтральнай частцы размяшчаліся касы, зала дагляду замежных пасажыраў, медпункт, буфет, службовыя кабінеты. На другім паверсе — залы чакання, кафэ на 100 месцаў з банкетнай залай, кіёск, цырульня і службовыя памяшканні. На трэцім паверсе размяшчаліся пакоі адпачынку, пакой маці і дзіця. На цокальным паверсе былі камеры захоўвання. Акрамя гэтага, у будынку вакзала размяшчаліся памяшканні мытні і кантрольна-прапускнога пункта «Інтурыст».

У 2011—2013 гадах будынак чыгуначнага вакзала рэканструявалі. У гэты перыяд зала чакання размяшчалася ў пасажырскім вагоне побач вакзала.

Станцыя «Гродна» падчас паўстання 1863—1864 гадоў

правіць
 
Помнік паўстанцам 1863 года

Група 42 паўстанцаў пад камандаваннем капітана паўстанцкіх войск Лявона Кульчыцкага 2 (14) сакавіка 1863 года атакавала Гродзенскі чыгуначны вакзал. Іх мэтай быў захоп паравоза, з дапамогай якога яны планавалі прабіцца ў Парэчча да лагера атрада Людвіка Нарбута. Аднак рота рэгулярных расійскіх войск, якая ахоўвала вакзал, здолела ў некалькігадзінным баі адбіць напад паўстанцаў і перашкодзіць іх спробе захапіць транспарт. У выніку з 42 байцоў толькі 5 чалавек (у тым ліку Кульчыцкі) не загінулі ў баі або не трапілі ў палон і здолелі далучыцца да атрада Нарбута.

У 1995 годзе на будынку чыгуначнага вакзала паўстанцам устаноўлена памятная дошка. Яе аўтар гродзенскі скульптар Уладзімір Панцялееў[2].

У ліпені 2023 года дошку прыбралі. На яе месцы павесілі шыльду ў памяць савецкіх чыгуначнікаў-падпольшчыкаў, якія дзейнічалі са снежня 1941 да ліпеня 1944 года[3]. Пасля гэтага выпадку гродзенскіх чыноўнікаў пыталі куды знік памятны знак, з гродзенскага гарвыканкама адказалі, што не маюць звестак пра памятны знак паўстанцам[4].

Зноскі

Спасылкі

правіць