Грэка-уніяцкая духоўная калегія
Грэка-уніяцкая духоўная калегія — установа па кіраванню справамі грэка-каталіцкіх цэркваў у Расійскай імперыі. Існавала з 1828 па 1843 гг. у Санкт-Пецярбургу.
Грэка-уніяцкая духоўная калегія | |
---|---|
![]() Будынак Грэка-уніяцкай калегіі ў 1846 г. | |
Агульная інфармацыя |
|
Дата стварэння | 22 красавіка (4 мая) 1828 года |
Папярэдняе ведамства | Другі дэпартамент Рымска-каталіцкай духоўнай калегіі |
Дата скасавання | 26 (14) жніўня 1843 года |
Штаб-кватэра | Санкт-Пецярбург 8-ая лінія[1] |
Першы Старшыня | Іасафат Булгак |
Апошні Старшыня | Іосіф Сямашка |
Гісторыя Правіць
Пасля Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай грэка-каталікі ў Расійскай імперыі адміністрацыйна не вылучаліся ўрадам з агульнага складу каталіцкай царквы. Па наказе імператара Аляксандра I ад 12 ліпеня 1804 года ў Рымска-каталіцкай духоўнай калегіі пачалі засядаць нароўні з рыма-каталікамі адзін уніяцкі епіскап і тры прадстаўнікі ад уніяцкага духавенства па адным ад трох епархій: Полацкай, Брэсцкай і Луцкай. Каталіцкая частка гэтай калегіі, ставіліся да ўніяцкіх прадстаўнікоў пагардліва і непрыязна, марудзілі іх справы і не хавалі свайго варожага пачуцця да ўніятаў зусім. Архіепіскап Лісоўскі скардзіўся імператару Аляксандру I на становішча ўніяцкіх прадстаўнікоў у рымска-каталіцкай калегіі. Праз год, 16 ліпеня 1805 года, Імянным указам у рымска-каталіцкай калегіі быў утвораны ўніяцкі дэпартамент на чале з архіепіскапам Лісоўскім[2]. Аднак у агульных сходах абодвух дэпартаментаў, пад старшынствам каталіцкага мітрапаліта, у якіх вырашаліся найважныя справы, галасы ўніяцкіх членаў не мелі аніякага значэння[3].
Ініцыятыва агульнага вяртання уніятаў у межах Расійскай імперыі ў праваслаўнае веравызнанне цалкам належала мітрапаліту Іосіфу (Сямашка). Заяву аб тым, што Унія можа быць скасаваная, змяшчаецца ў яго запісцы ад 5 лістапада 1827 г. «О положении в России Униатской Церкви и средствах возвратить оную на лоно Церкви Православной». Тут жа змяшчалася апісанне шэрагу мерапрыемстваў, якія, на думку аўтара, вялі да поўнага спынення дзеяння Брэсцкай уніі на тэрыторыі Расіі. Першым пунктам у спісе мерапрыемстваў было патрабаванне ліквідаваць ўніяцкі дэпартамент Рымска-каталіцкай духоўнай калегіі, а замест яго заснаваць асобнае вышэйшае кіраванне Уніяцкай Царквы ў выглядзе Грэка-уніяцкай духоўнай калегіі[4]. Праект прэлата Іосіфа быў ухвалены імператарам Мікалаем I 14 лістапада 1827 г.
22 красавіка 1828 года быў выдадзены ўказ Сената «Аб заснаванні Грэка-уніяцкай духоўнай калегіі», які ўвабраў у сябе амаль усе прапановы І.Сямашкі[5]. Калегія складалася пад старшынствам мітрапаліта грэка-уніяцкіх цэркваў, з аднаго епіскапа і аднаго архімандрыта па Найвышэйшым прызначэнні і 4-х протаіерэяў па абранні мясцовых грэка-уніяцкіх епархіяльных архірэяў і кансісторыі[6]. Старшынёй быў прызначаны ўніяцкі мітрапаліт Іасафат Булгак.
Для гэтай калегіі загадана было купіць новы прасторны дом[7], на што Імператар дараваў 150 тысяч рублёў. Восенню 1828 г. у купца М.С.Бабкова быў куплены дом, пабудаваны некалькі раней па 8-й лініі архітэктарам М. А. Аўсяннікавым[1]. Дом быў перабудаваны і ў 1831 годзе калегія пераехала ў новы будынак, дзе была ўладкавана дамавая царква з прыходам у 600 чалавек[8]. Праз год царкву асвяцілі ў імя Свяціцеля Мікалая, Свет Лікійскіх Цудатворцы[9]. У студзені 1834 года ў гэтай царкве хіратанісавалі ў епіскапы Васіля Лужынскага, Іасафата Жарскага і Антонія Зубко.
Да 1837 года калегія падпарадкоўвалася Дэпартаменту духоўных спраў іншаземных веравызнанняў Міністэрства ўнутраных спраў. Напачатку 1837 года Грэка-уніяцкая калегія была афіцыйна падначалена нагляду і кіраўніцтву обер-пракурора[10] Свяцейшага Сінода.
Пасля смерці І.Булгака ў пачатку 1838 года, Імянны ўказ Мікалая I ад 2 сакавіка 1838 г. узвёў Іосіфа Сямашку на пасаду старшыні Грэка-уніяцкай духоўнай калегіі. 12 лютага 1839 года, па ініцыятыве Праасвяшчэннага Іосіфа ў Полацку з'ехаліся ўсе тры ўніяцкія архірэі і больш за 20 чалавек, найславутага па службовым становішчы ўніяцкага святарства. Сярод іх былі таксама і прадстаўнікі Грэка-уніяцкай духоўнай калегіі, протаіерэі: Ігнат Пульхоўскі, Ян Канюшэўскі, Леў Панькоўскі[2]. Па выніках Полацкага сабору Уніяцкая Царква на тэрыторыі Расійскай імперыі была скасаваная, Грэка-уніяцкая калегія 23 чэрвеня 1839 года была перайменавана ў «Беларуска-Літоўскую» і перададзена Свяцейшаму Сіноду (а не обер-пракурору, як было раней) з такімі ж, прыблізна, адносінамі, у якіх знаходзіліся Маскоўская і Грузіна-Імярэцінская Сінаідальныя канторы[6][11]. Каля года захоўваліся пад абодвума ранейшымі назвамі ўніяцкія епархіі, дзейнасць калегіі паступова скарачалася і ціха згасла «за непатрэбнасцю»[12].
Афіцыйна Беларуска-Літоўская духоўная калегія ліквідавана 14 жніўня 1843 года.
Гл. таксама Правіць
Зноскі
- ↑ а б Упраздненная церковь свт. НИКОЛАЯ ЧУДОТВОРЦА при греко-униатской Духовной коллегии (руск.) // "Энциклопедия Санкт-Петербурга"
- ↑ а б Афанасий Мартос «Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни» (руск.)
- ↑ И. А. Чистович «Пятидесятилетие (1839–1889) воссоединения с православной церковью западно-русских униатов: обзор событий воссоединения в царствование имп. Николая І» (руск.) // Православная Богословская энциклопедия или Богословский энциклопедический словарь
- ↑ ПРОЕКТ ОБЩЕГО ВОССОЕДИНЕНИЯ БЕЛОРУССКО-УКРАИНСКИХ УНИАТОВ С ПРАВОСЛАВНЫМИ (1828–1839) И СТЕПЕНЬ ЕГО САМОСТОЯТЕЛЬНОСТИ (руск.) // Мінская духоўная акадэмія
- ↑ Романчук А.А. ГЕНЕРАЛ П. О. БОБРОВСКИЙ И ЕГО КНИГА «РУССКАЯ ГРЕКО-УНИАТСКАЯ ЦЕРКОВЬ В ЦАРСТВОВАНИЕ ИМПЕРАТОРА АЛЕКСАНДРА I» (руск.)
- ↑ а б Коллегия духовная греко-униатская (руск.) // Православная Богословская энциклопедия или Богословский энциклопедический словарь. Том XII. Книги символические – Константинополь
- ↑ КОЛЛЕГИЯ ДУХОВНАЯ ГРЕКО-УНИАТСКАЯ (руск.) // Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў (РГИА)
- ↑ Католики есть только на Западе? (руск.) // РУСКАТОЛИК.РФ
- ↑ Церковь свт. НИКОЛАЯ ЧУДОТВОРЦА Благовещенского синодального подворья (руск.) // "Энциклопедия Санкт-Петербурга"
- ↑ Проф. И.ШАБАТИН «ИЗ ИСТОРИИ ВОССОЕДИНЕНИЯ БЕЛОРУССКИХ УНИАТОВ» (руск.) // «Журнал Московской Патриархии» 1949 г. № 8, стр. 37—49; 1951 г. № 2, стр. 35—47 и № 6 стр. 59—63, №11 с. 51—60
- ↑ ГРУЗИНО-ИМЕРЕТИНСКАЯ СИНОДАЛЬНАЯ КОНТОРА (руск.) // Праваслаўная энцыклапедыя
- ↑ Проф. И.ШАБАТИН «ИЗ ИСТОРИИ ВОССОЕДИНЕНИЯ БЕЛОРУССКИХ УНИАТОВ» (руск.) // «Журнал Московской Патриархии» 1949 г. № 8, стр. 37—49; 1951 г. № 2, стр. 35—47 и № 6 стр. 59—63, №11 с. 51—60
Грэка-уніяцкая духоўная калегія на Вікісховішчы |