Грэнландскія інуіты
Грэнла́ндскія інуі́ты, калаалі́т (саманазва: kalaallit) — эскімоскі народ, карэннае насельніцтва Грэнландыі. У 2016 г. эскімоскае насельніцтва Грэнландыі складала каля 44000 чал. Яшчэ каля 15000 грэнландскіх інуітаў жылі ў Даніі[1].
Грэнландскія інуіты (kalaallit) | |
![]() | |
Фота 1903 г.
| |
Агульная колькасць | 59 000 (2016) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Грэнландыя, Данія |
Мова | калаалісут |
Рэлігія | анімізм, лютэранства |
Блізкія этнічныя групы | іншыя інуіты |
ГісторыяПравіць
Інуіты Грэнландыі з'яўляюцца нашчадкамі прадстаўнікоў археалагічнай культуры Туле, якія трапілі ў Грэнландыю праз Канадскі Арктычны архіпелаг у XIII ст.[2] У той перыяд Грэнландыя была населена палеаэскімосамі, прадстаўнікамі археалагічнай культуры Дорсет, і нарманамі, выхадцамі з суседняй Ісландыі. Прыход інуітаў прывёў да знікнення культуры Дорсет, прычым генетыкі выявілі, што інуіты не асімілявалі сваіх папярэднікаў[3]. У XIV ст. двойчы пісьмова фіксаваліся напады інуітаў на нарманскія паселішчы[4], аднак роля інуітаў у знікненні грэнландскай еўрапейскай калоніі канчаткова не высветлена. Да канца XV ст. інуіты засталіся адзінымі насельнікамі найбуйнейшага ў свеце вострава. Рух інуітаў з тэрыторыі Канады ў Грэнландыю працягваўся да 1864 г.[5]
З канца XVI ст. марскія воды на поўдзень ад Грэнландыі наведвалі еўрапейскія піраты, даследчыкі і кітабоі, якія часам уступалі ў кантакт з мясцовым насельніцтвам. Фармальна правы на валоданне Грэнландыяй належылі Даніі. Аднак толькі ў 1721 г. нарвежскі лютэранскі місіянер Ханс Эгедэ ўпэўніў каралеўскія ўлады даслаць туды місію[6]. У выніку на поўдні Грэнландыі было заснавана лютэранскае біскупства з цэнтрам у Готхабе, якое распаўсюджвала еўрапейскую культуру і адукацыю.
Сапраўдная цікавасць у каланізацыі Грэнландыі ўзнікла толькі пасля Кільскага мірнага дагавора 1814 г., калі тэрыторыя вострава была канчаткова замацавана за Даніяй. У XIX - пачатку XX стст. Грэнландыю наведаў шэраг навуковых экспедыцый, якія разам з геаграфічнымі даследаваннямі вывучалі культуру і мову інуітаў, пераймалі ў іх вопыт выжывання ў складаных арктычных умовах. Дацкія місіянеры пераклалі на мову калаалісут Біблію. З 1861 г. на ёй выдаваліся сродкі масавай інфармацыі. У 1859 г. грэнландскія інуіты фармальна атрымалі роўныя правы з грамадзянамі Даніі[7]. Але імі доўгі час маглі карыстацца толькі насельнікі невялікай часткі Грэнландыі, дзе распаўсюджваўся ўплыў лютэранскай царквы і дацкай адміністрацыі.
Пасля II Сусветнай вайны Грэнландыя актыўна асвойвалася амерыканскімі ваеннымі, тут былі пабудаваны 2 ваенныя базы, пачалі развівацца камерцыйнае рыбалоўства, прадпрымальнікі Даніі зацікавіліся мясцовымі горнымі рэсурсамі. Развіццё пасляваеннай эканомікі і паступовая ўрабанізацыя з аднаго боку садзейнічалі паляпшэнню ўмоў жыцця інуітаў, але найбольш перспектыўныя пасады размяркоўваліся паміж дацкімі і замежнымі спецыялістамі. Гэта стымулявала рух за незалежнасць Грэнландыі. У 1979 г. была абвешчана аўтаномія, у якой грэнландская мова набыла афіцыйны характар. У 1980 г. была заснавана Прыпалярная рада інуітаў[8] — найбуйнейшая неўрадавая арганізацыя, што займаецца развіццём розных бакоў жыцця грэнландскіх інуітаў, а таксама каардынацыяй агульных дзеянняў з эскімосамі Канады і ЗША.
Традыцыйная культураПравіць
Грэнландскія інуіты падзяляюцца на 3 асноўныя групы:
- Інуіты Заходняй Грэнландыі, якія складаюць абсалютную большасць
- Прыпалярныя інуіты — малая група жыхароў паўночнага захаду і поўначы Грэнландыі, з якімі еўрапейскія даследчыкі ўсталявалі кантакт толькі ў 1818 г.[9]
- Інуіты Усходняй Грэнландыі
Асноўнымі заняткамі ўсіх трох груп былі паляванне і рыбалоўства, прычым паляванне на кітоў і ластаногіх мела галоўнае значэнне. На захадзе Грэнландыі здабыча кітоў інуітамі ўжо ў XIX ст. набыла камерцыйны характар. Прыпалярныя інуіты часцей палявалі на ластаногіх. На ўсходзе Грэнландыі, дзе наземных і марскіх звяроў было мала, пераважала рыбалоўства. Разам з гэтым, грэнландскія інуіты палявалі на карыбу, аўцабыкоў, белых мядзведзяў, пясцоў, зайцоў і інш. Улетку лавілі птушак, збіралі яйкі. Для палявання на марскіх звяроў выкарыстоўвалі гарпуны з рухомым навершам. Кітоў палявалі з каякаў — лёгкіх каркасных лодак, пакрытых скурамі жывёл. На гарпуны для кітоў чаплялі паплаўкі, якія не дазвалялі параненай жывёле сысці пад ваду. Птушак лавілі з дапамогай сетак. Транспартыроўка адбывалася на каяках па мору, на санках, якіх цягнулі самастойна або з дапамогай сабак. Узімку карысталіся снегаступамі.
Сабака фактычна быў адзінай свойскай жывёлай. У Грэнландыі распаўсюджана мясцовая парода, якая адрозніваецца ад сабак канадскіх інуітаў малой вагой і большым ростам, цягавітасцю і агрэсіўнасцю[10]. У нашы дні ўрад Грэнландыі забараняе ўвозіць у краіну іншыя пароды. Інуіты выкарыстоўвалі сабак пераважна як транспартны сродак, высока цанілі іх вартасці. Але ўжыванне сабачага мяса ў ежу лічылася звычайным.
У ранні перыяд культуры Туле пераважалі вялікія паселішчы[11]. Інуіты будавалі так званыя доўгія зямлянкавыя хаціны на каменнай платформе, крытыя скурамі. Каркас хацін рабіўся з драўнянага плаўніка і кітовых костак. На ранніх стаянках асобна вылучаюць мужчынскія хаціны qasse. З XVII ст. назіраліся сезонныя і сталыя перасяленні, што прывялі да драбнення буйных паселішчаў. Улетку сем'і звычайна пакідалі зямлянкі, паколькі там назапашвалася адталая вада, і перасяляліся ў лагеры з намётаў. Падобныя летнікі маглі мець ад аднаго сямейнага намёта да некалькіх. Часам у летніх лагерах спыняліся сем'і з розных зімовых паселішчаў[12].
Традыцыйная вопратка выраблялася са скур. Мужчынскае і жаночае адзенне ўключала футра, штаны і боты. Вырабам вопраткі займаліся жанчыны. У інуітаў нават існавала прыказка: "Мужчына такі, якім робіць яго жонка"[13]. З XVII - XVIII стст. для пашыву выкарыстоўваліся еўрапейскія тканіны. Тады ж пачалі выкарыстоўвацца шкляныя каралі, якімі ўпрыгожвалі жаночую вопратку. Сучасныя народныя строі ўключаюць як традыцыйнае скураное адзенне, так і запазычаныя элементы з тканін і шкла.
З сярэдзіны XIX ст. пераважалі малыя нуклеарныя сем'і, аднак захоўвалася сістэма цеснага сваяцтва ilaqutariit, якая ўключала родных і стрыечных сваякоў некалькіх пакаленняў па мужчынскай і жаночай лініі[14]. Сваяцкія сувязі адыгрывалі вельмі значную ролю ва ўзаемаадносінах жыхароў аднаго паселішча і цэлых мясцовасцяў. Яны прадухілялі магчымыя варожыя сутычкі і рэгулявалі кіраванне абшчынай. Жыхары пэўнай мясцовасці карысталіся правам сумеснай маёмасці прыроднымі рэсурсамі, аказвалася суседская і сваяцкая ўзаемадапамога. Старыя людзі заўсёды карысталіся значнай павагай. Існаваў звычай самазабойства падчас невылечнай хваробы, голаду або ў іншых абставінаў. Нават у нашы дні ў Грэнландыі захоўваецца высокі ўзровень самазабойстваў на душу насельніцтва[15].
Інуіты маюць багаты вусны фальклор — казкі, міфы, легенды, байкі. У мінулым танцы пад барабан выконваліся ў рэлігійных мэтах[16]. Пасля прыняцця хрысціянства яны былі забаронены і адрадзіліся толькі ў канцы XX стагоддзя. На захадзе Грэнландыі пры хрысціянскіх абшчынах развівалася традыцыя харавых спеваў. Грэнландскія інуіты — выдатныя разьбяры. Асаблівым попытам карыстаюцца невялікія касцяныя скульптуры жывёл і людзей.
РэлігіяПравіць
Старажытныя рэлігійныя вераванні грэнландскіх інуітаў засноўваліся на веры ў існаванне шматлікіх духаў прыроды. Чалавек лічыўся толькі часткай агульнага свету. Нават пасля хрысціянізацыі захоўваліся вера ў магію і ахоўныя магічныя абрады. Лекаваннем хворых і параненых займаліся старыя людзі, якія практыкавалі шаманізм.
З XVIII ст. у Грэнландыі актыўна распаўсюджвалася лютэранства. У нашы дні большасць вернікаў належаць да лютэранскай царквы.
МовыПравіць
Грэнландскія эскімосы размаўляюць на 3 асноўных мовах:
- калаалісут, або заходнегрэнландская
- тунумуііт, або ўсходнегрэнландская
- інуктун — мова прыпалярных эскімосаў паўночнага захаду і поўначы Грэнландыі
Толькі калаалісут мае афіцыйны характар, хаця грэнландскія законы не забараняюць мясцовым уладам выкарыстоўваць іншыя мовы ў афіцыйных дакументах.
Выбітныя грэнландскія інуітыПравіць
Зноскі
- ↑ Eskimo, Greenlander
- ↑ Migration to Greenland Архівавана 18 жніўня 2016.
- ↑ Paleo-Eskimo mtDNA Genome Reveals Matrilineal Discontinuity in Greenland
- ↑ Гренландия: Конец европейского мира Архівавана 17 лістапада 2016.
- ↑ History of Greenland
- ↑ Hans Egede
- ↑ Robert Petersen, COLONIALISM AS SEEN FROM A FORMER COLONIZED AREA Архівавана 31 кастрычніка 2017.
- ↑ Home: ICC
- ↑ John Ross
- ↑ Fridtjof Nansen, The North Greenland Dog
- ↑ Prehistory of Greenland Thule Архівавана 6 ліпеня 2015.
- ↑ Robert Petersen, Settlements, Kinship and Hunting Grounds in Traditional Greenland, p. 96 - 97
- ↑ Traditional Dress Архівавана 13 ліпеня 2016.
- ↑ Greenland - Importance of Kinship
- ↑ Suicide--a challenge in modern Greenland
- ↑ Music in Greenland Архівавана 11 жніўня 2016.
СпасылкіПравіць
- Greenland: Countries and Their Cultures
- Inuit Culture Архівавана 28 студзеня 2016.
- The Inuits View of Life Архівавана 1 жніўня 2016.
- Ethnology of the Greenland Eskimos